Будзённыя факты і нягучныя падзеі

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

“Шматгранная гісторыя Вялікай Айчыннай вайны складаецца з будзённых фактаў, нягучных падзей, з жыцця і побыту радавых салдат”. Гэта фраза з успамінаў маёй бабулі Алены Васільеўны, якія і дасюль, да майго сораму, існуюць толькі ў рукапісным выглядзе — два тоўстыя сшыткі, аддадзеныя мне на захаванне. Але вельмі важна, што існуюць. Што бабуля — заўсёды маўклівая — знайшла адвагу падзяліцца сваімі ўспамінамі з паперай. Бо каштоўнасць такіх шчырых прыватных гісторый, праз якія самым нязмушаным чынам праяўляецца партрэт пакалення пераможцаў, будзе толькі ўзрастаць. Разам са шкадаваннем, што своечасова было занатавана далёка не ўсё.

/i/content/pi/cult/797/17143/022.JPG

Другая мая бабуля, Раіса Міхайлаўна, успамінаў не пакінула. Ды і вусна не надта любіла распавядаць пра той час. Яно і зразумела: для яе гэта была суцэльная траўма. Муж-вайсковец згінуў без вестак у адным з катлоў 41-га, малеча-сын памёр, не вытрымаўшы цяжкасцей жыцця ў эвакуацыі…

Але гісторыя ў кожнага свая. У тым ліку, і гісторыя вайны.

Рамантычная камсамолка Лена Кабіна, дзяцінства якой прайшло ў пакойчыку ленінградскай камуналкі, заўсёды мела ўзнёслыя мары. У прамым сэнсе слова: вобраз жанчын-лётчыц, растыражаваны тагачасным друкам, не даваў ёй спакою. А калі ёй не стаць лётчыцай (бо пра гэта ж марыла не толькі яна!)  — то, прынамсі, трэба бліжэй да неба. І вось… “у нядзельны сонечны дзень, поўная светлых надзей, я паехала ў Інстытут авіяцыйнага прыладабудаўніцтва даведацца аб правілах прыёму. Вуліцы былі ажыўленыя, поўныя людзьмі: засяроджанымі, заклапочанымі, абыякавымі, сумна-маўклівымі, захоплена-усмешлівымі…” І раптам усе яны стоўпіліся ля рэпрадуктараў, адкуль гучаў голас Левітана.

Васямнаццацігадовая Лена ледзь не адразу рушыла ў ваенкамат. Аднак у войска маленькую хударлявую дзяўчыну, зразумела, не ўзялі. Што стала прычынай… ледзь не да згрызотаў сумлення: “Я не магла зразумець, чаму наша армія адступае. Мы былі так заідэалагізаваныя, так упэўненыя ў непераможнасці нашай арміі, што мне здавалася, быццам яна адступае, бо мяне там няма”.

І ўрэшце яна дамаглася свайго. Закончыўшы ў сібірскай эвакуацыі курсы сувязістаў, у маі 42-га яна апынулася ў батарэі супрацьпаветранай абароны ва Украіне. “Яшчэ не адчуваючы ўсю драматычнасць моманту, у першыя дні мы адчувалі сябе бы школьніцы ў піянерскім лагеры…” — піша бабуля. Між тым, акурат сканчалася Харкаўская аперацыя, больш вядомая ў постсавецкай гістарыяграфіі як “катастрофа”. І дзяўчаты-навабранцы, апранутыя ў пярэстыя сукенкі (гімнасцёркі ім выдалі толькі праз пару месяцаў), былі змушаныя адступаць пад рокат нямецкіх бамбавікоў.

Варта адзначыць, што жахлівых сцэн у тых успамінах няма. Іх бабуля не бачыла. На перадавую яна не трапляла: служыла на суперпрагрэсіўнай па тым часе станцыі гарматнай наводкі, толькі што атрыманай з Брытаніі па ленд-лізу. Няма і гераічных выпадкаў — не кожнаму ж лёсіць здзейсніць подзвіг. Дый гераізм аднымі толькі подзвігамі не вымяраецца.

Ёсць проста будні вайны. І тонкія псіхалагічныя перажыванні. Бо вайна вайной, а маладосць — маладосцю.

У тыя часы, калі немцы набліжаліся да Сталінграда, камандзір батарэі правёў сход, прысвечаны пытанням маралі: “Абстаноўка настолькі трывожная, што у вас, дзяўчат, натуральнае жаданне падабацца павінна быць падпарадкаванае аднаму — дысцыпліне”. Дзяўчаты слухалі, але… Калі той самы камандзір праз нейкі час паведаміў, што яго пераводзяць у іншае месца, бабуля не змагла стрымаць слёз.

Так, ёсць у гэтых мемуарах і пра каханне — крохкае і нешчаслівае. Ёсць пра стасункі ў калектыве — часам даволі няпростыя. Ёсць пра штодзённы побыт. Ёсць пра ежу: арганізм жа малады: “Па начах мне сніліся смачныя сны: то мама пячэ пірагі, то бачыла стол, застаўлены стравамі. А прачыналася — і зноў: раніцай гарбата з кавалкам хлеба, на абед вадкі суп і лыжка бульбянога пюрэ без масла”.

Затое няма ў гэтых успамінах і самалюбавання — якім не грэбавалі ў сваіх мемуарах і выбітныя палкаводцы. Няма “прычасанасці” і дзяжурных слоў пра ролю партыі ва ўсім на свеце — якія тым палкаводцам, пэўна, дадавалі руплівыя рэдактары. Хаця бабуля да канца жыцця была камуністкай.

У яе ўспамінах усё шчыра, без прыхарошвання. Здавалася б, нічога асаблівага… Ніякіх пакручастых сюжэтаў, ніякіх здатных узбудзіць свядомасць сенсацый. Але такая гісторыя вайны — у чалавечым вымярэнні — будзе больш зразумелай тым, хто вайны, на шчасце, не бачыў.