Бацька, мір і футбол

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Я нарадзіўся пасля вайны, але памятаю пра яе… Самы праўдзівы, як падаецца, фільм пра Вялікую Айчынную вайну — “Беларускі вакзал”. Ніводнай батальнай сцэны, дзея адбываецца ў мірны час, але гаворка пра тое, што з намі зрабіла і робіць нядаўняя вайна. Я не бачыў усяго гэтага ліхалецця, але паспрабую распавесці пра той след яго, які нашу ў сваёй душы. Дзесьці пасля сарака пачаў хваравіта адчуваць настальгію па тым часе, калі нашы бацькі былі маладымі. Можна назваць гэты боль фантомным.

/i/content/pi/cult/797/17135/05.JPGЮнацтва ў бацькі не было. Калі пачалася вайна, яму было 14. Дзед пайшоў на фронт 22 чэрвеня 1941-га, а сям’ю адправіў у эвакуацыю, у Казахстан. Бацька, самы старэйшы з трох братоў і сястры, працаваў там на гусенічным трактары. Я шмат пісаў пра тое, як ён збег на вайну і паспеў паваяваць. Цікавіць мяне цяпер іншае. Ці адпусціла Вялікая Айчынная сваіх хроснікаў? Нават пасля іх смерці?

З войска бацька вярнуўся ў 1948 годзе. Быў яму 21-шы год. Ці разумеў я штосьці ў свае 20 з гакам? А ў бацькі за плячыма была вайна. Ён, як і многія яго равеснікі, і думаць не думаў, што пераможцы могуць жыць горш, чым пераможаныя. У Ветку ён прывёз фанерны чамадан. Не было там нават запасной сарочкі. Але дыхтоўная ёмістасць была філасофіяй новага жыцця, у старым нібыта заставалася бязлітасная ваеннай навала. Гэтая філасофія не дазволіла яму спіцца, хоць “Голубые Дунаи” трапляліся ці не на кожным кроку і па-ранейшаму выдавалі ахвотным звыклыя “франтавыя” сто грамаў. Не! Прыярытэты былі іншыя. Не выключаю, што ў тым славутым чамадане захоўваўся скамечаны парэпаны футбольны мяч — сімвал новай пасляваеннай рэлігіі. Не ведаю, з якой канкрэтна еўрапейскай краіны прывёз яе бацька, але на вайсковых фотакартках футбольныя баталіі займалі ці не галоўнае месца армейскіх варункаў.

Вельмі сцісла пра мяне. Вельмі хутка бацька сустрэўся з маёй мамай. Яна прымусліа “любага Колю” стаць настаўнікам. Потым з’явілася мая сястра. Бацька пачаў будаваць уласны дом і садзіць сад. Праз шэсць гадоў пасля сястры ў настаўніцкай сям’і нарадзіўся я. І гэта ўсё пра мяне.

Ветка хварэла футболам. Дарэчы, менавіта так называўся тады і сам футбольны мяч. “Пацан, хутчэй падай сюды футбол!” — крычаў мне хаўбек Юрка. Казалі, ён узяў у палон фашысцкага генерала. А для мяне ён быў проста Юркам — хударлявым, дрыганым і чарнявым, як цыган.

Футбол для нас быў нават больш за рэлігію. Гэта была вера ў тое, што перамогі павінны быць штодзённымі. У адваротным выпадку старое жыццё вернецца. Разведчыкі, лётчыкі, танкісты і пагранцы рэзаліся ў футбол, як у апошні раз. Я сядзеў на заўжды поўных трыбунах і шукаў на полі бацьку, які, падавалася, адначасова быў у розных месцах спартыўнай пляцоўкі. І хіба ж дзіва, што ў 1949 годзе футбольная каманда Веткі абараняла гонар Гомельшчыны на рэспубліканскім турніны. У фінале нашы гулялі з маладзёжным складам Мінскага “Дынама” і выйгралі — 7:2. Ветка ледзь не захлынулася ад шчасця. Цяпер мы ўжо не знойдзем сведкаў тых слаўных падзей. А ў сем сваіх гадоў я чуў гісторыю перамогі на рагу кожнай веткаўскай вуліцы. Нашы бацькі былі маладымі ды дзёрзкімі і дзеля новага жыцця не лічыліся ні з чым.

Матчы на гарадскім стадыёне адбываліся штотыднёва. Калі не было футбола, бацька цягнуў мяне ў цір ці на рыбалку. А па святах за круглым дубовым сталом збіраліся аматары веткаўскага футбола: дзед, родныя дзядзькі, сябры бацькі. Яны яшчэ не былі ветэранамі. А з юбілейных узнагарод, якія мелі аўтарытэт, заставаўся хіба толькі медаль “20 гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі”. Дый 9 Мая тады было працоўным днём. Збіраліся за сталом для таго, каб пад чарку згадаць тых, хто не дажыў. Збіраліся, да слова, пастаянна, бо ў дзеда Сцяпана 9 Мая быў дзень нараджэння. А пасля пачыналіся размовы, якія я быў гатовы слухаць бясконца. А гаварылі не пра арміі і франты, не пра накірункі галоўных удараў і не пра Жукава, які, дарэчы, ніколі не быў у маіх старэйшых знаёмых у пашане. Гаварылі пра тое, пра што пасля пісаў Васіль Быкаў. Пра выбар, які вельмі цяжка зрабіць. Пра здраду, якую вельмі лёгка патлумачыць высакароднасцю абавязку. Пра несправядлівасць, якую вельмі лёгка апраўдаць мэтазгоднасцю… А яшчэ гаварылі ў ахвоту, што ППШ хоць і выкошваў варожыя акопы, а Судаеў быў больш лёгкім і зручным. Што “Пешку” лёгка было выводзіць з піке (самае галоўнае — не патрапіць пад уласны бомбавы ўдар). І што трафейны шнапс па ступені ўплывовасці на гвардзейскі арганізм не ішоў ні ў якое параўнанне з савецкім “сучком”. І самае, бадай, яркае ўражанне. Дзед Сцяпан, артылерыйскі маёр, робіць жартаўлівую заўвагу дзядзьку Раману, пяхотнаму капітану, за тое, што той з сябрамі пасля захопу рэйхсканцылярыі, пачаў ля ганку ці не галоўнай фашысцкай установы імправізаваны футбольны матч, дзе мячом была пустая бляшанка амерыканскай тушонкі. Маўляў, ці ж можна было так абыякава паставіцца да другога фронту?

І апошні футбольны акцэнт. У Пінску, калі 9 Мая быў яшчэ рабочым днём, з рэстарана цёплым веснавым надвячоркам выйшлі Героі Савецкага Саюза — маладыя віхрастыя хлопцы ў цяжкіх габардзінавых пінжаках з Залатымі Зоркамі. Заўважылі на набярэжнай мальцаў з мячом, скінулі на іх рукі афіцыйныя пінжакі і пачалі рэзацца ў футбол. Якое гэта было шчасце мірнага разняволення і для хлопцаў, і для дзяўчат, якія імгненна сабраліся наўкола! Праз доўгія гады віхрастыя летуценныя юнакі сталі сівымі нямоглымі ветэранамі, якія не надта любілі бязважкія юбілейныя ўзнагароды. Іх футбольная рэлігія адышла ў нябыт разам з імі.

Цяпер у Ветцы ў футбол амаль не гуляюць. Але мае сыны ў Мінску робяць гэта з зайздроснай рэгулярнасцю. Значыць, мы яшчэ не ўсё згубілі і неўзабаве выйграем у якой-небудзь разбэшчанай увагай бразільскай футбольнай каманды.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"