Бэз для дзядулі

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

...Набліжаецца 9 Мая, а для нашай сям’і гэта свята непарыўна звязана з дзядуляй. Наш Мікалай Сцяпанавіч, у час вайны малады партызан, проста абагаўляў Дзень Перамогі. Даставаўся гармонік, апранаўся касцюм і медалі, “мабілізоўваліся” ўнучкі (гэта я і мая сястра Вольга), — і ўсе ішлі гуляць у горад. А ўвечеры, па вяртанні, як і ўва многіх сем’ях, — хатнія пасядзелкі.

/i/content/pi/cult/797/17134/04.JPGЗгадваю адзін з такіх дзён, калі дзядуля нас малых з сястрой узяў “на парад”. Адна справа, калі глядзіш на шэсце ветэранаў здалёк, па тэлевізары, ці з боку публікі, а іншая — калі ты сам ідзеш сярод яго ўдзельнікаў. Ветэраны рухаліся ў калоне па тады яшчэ праспекце Скарыны, а паабапал дарогі стаялі людзі з кветкамі ды віталі іх. Мы, малыя, трымалі дзядулю за рукі, і гэта было незабыўнае ўражанне — гонар і засмучэнне адначасова. Нашы бацькі, вырашыўшы “падагрэць” дзіцячыя эмоцыі, беглі ўздоўж шэсця, махалі кветкамі, і крычалі “ўра!” Дзядуля смяяўся, і мы разам з ім.

Потым былі вітанні нашага Мікалая Сцяпанавіча з сябрамі, вядомымі і невядомымі. Інтэрв’ю з карэспандэнтамі, — караценькія і не вельмі. Ды, вядома, спевы пад гармонік у парку. “А навошта тады было мне браць інструмент?” — казаў дзед. Адчувалася, што свята 9 Мая — цалкам яго стыхія, штосьці важнае, што было істотна дзяліць з кожным.

Памятаю да гэтай пары агульны настрой тых майскіх выхадных. Цэнтр Мінска. Парк Горкага. Усё навокал зацвітае. Людзі з нарцысамі і цюльпанамі. Цюльпанамі і нарцысамі. І амаль кожны сустрэчны віншуе ветэранаў. А хтосьці раз — і падарыў дзядулі бэз. І ён так рады, бо гэта яго любімая кветка.

А потым трапляем у парк на частаванне салдацкай кашай, ды ядзім яе, шчаслівыя.

А яшчэ ёсць і другі бок медаля — бабуля, якая чакае нас дома і рыхтуе стол. Яна не любіць “вось гэта вось усё” — і тое, што дзед балагурыць, і яго бясконцыя спевы, і тое, што ён “дае лішку”. “Ого”, — расчаравана цягне дзядуля, крыўдуючы на яе строгасць. Але, відавочна, што 9 Мая для нашай Кацярыны Мамантаўны таксама знакавы дзень, — за яе плячыма партызанскае мінулае і свой досвед вайны.

Мы з сястрой Вольгай выраслі на перакрыжаванні гэтых двух прыкладаў: Дзень Перамогі як момант калектыўнага святкавання і персанальнага сямейнага свята.

Мікалай Сцяпанавіч сышоў ад нас дванаццаць гадоў таму. Ці варта казаць, што пасля яго смерці многае беззваротна змянілася. І ў першую чаргу, — наша 9 Мая пераўтварылася ў, відавочна, яго свята. У Дзень Перамогі больш выразна адчувалася, што дзядулі няма, а тое, як гаравала бабуля — гэта не апісаць словамі. Яна і так па жыцці добры і працавіты чалавек, раптам адкрылася як бясконца кахаючая, адданая жанчына, якая смерць мужа перажывала з неверагоднай цяжкасцю. І гэта быў таксама вялізарнейшы ўрок ад родных, — умець кахаць так, як бабуля, і радавацца, і жартаваць, як дзед. Яшчэ невядома, хто ў гэтай пары быў святлейшым.

Сёння для мяне 9 Мая — гэта дзень іх памяці. Калі ад нас сышла і Кацярына Мамантаўна, другі наш ветэран, прамы ток далучанасці да Дня Перамогі канчаткова перастаў ісці. Засталося пачуццё светлага смутку і ўдзячнасці — і за тое, што твае родныя ў страшныя гады змагаліся і выжылі, і за тое, чаму навучылі ў мірны час. Ды, вядома, вялікае дзякуй за свята, якое раней дзялілі разам. Аказалася — што гэта таксама важны ўклад у наша выхаванне.

Калі яшчэ жыва была наша Кацярына Мамантаўна, мая бабуля, я неяк папрасіла яе на 9 Мая сфатаграфавацца. Яна ўсё адмаўлялася, а потым кажа: “Калі ўжо здымацца, то толькі з дзедам”. І мы пайшлі ў залу, дзе стаяла фатаграфія дзеда ў маладосці, і бабуля дастала медалі, і вось так, разам, яны і сфатаграфаваліся.

Час мінае, і мы змяняемся разам з ім, але, напэўна, калі хтосьці спытае мяне пра маіх ветэранаў, я пакажу яму ці ёй вось гэта фота. Там і смутак, і каханне, і гонар.

Нарцысы. Цюльпаны. Цюльпаны. Нарцысы. А хтосьці раз — і падарыў дзеду бэз.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"