Модна-годна-карагодны...гадзіннік

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Увечары 14 верасня гадзіннік Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” у Гомелі пачаў адлік месяцаў, дзён, хвілін да пачатку 6-га танцавальнага форуму. Наступным разам тут будуць “карагодзіць”, паводле традыцыі, праз два гады — дастатковы тэрмін, каб крыху адысці ад эйфарыі сёлетняга свята і спакойна, без залішняй мітусні, падрыхтаваць наступнае па самых высокіх міжнародных стандартах, але без “стандартызацыі”, што губіць вольны палёт творчасці.

“Пяцёрка”, ацэненая на “чацвёрку”
На “Сожскім карагодзе”, адпаведна з яго назвай, адзін за адным рушаць розныя напрамкі харэаграфіі і нават віды мастацтваў. Фестываль спалучаецца з турнірам па спартыўных бальных танцах. А выплёскваючыся на вуліцы, становіцца папраўдзе народным, натуральна ўліваецца ў Свята горада, насычанае тэатралізаванымі дзеямі, выстаўкамі, іншымі творчымі праектамі ды вулічным гандлем. Цалкам заканамерна, што сёлета свята завяршаў канцэрт Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, дзе побач з харэаграфічнымі калектывамі выступалі нашы эстрадныя зоркі: Тэатр песні Ірыны Дарафеевай, Тарыел Майсурадзэ, гурт “Пяты сезон”, шматлікія гомельскія салісты.Але стрыжнем фестывалю застаюцца яго конкурсныя праграмы, у якіх удзельнічаюць дарослыя аматарскія харэаграфічныя калектывы. На “круглым стале”, што папярэднічаў цырымоніі ўрачыстага ўзнагароджвання пераможцаў, народны артыст Беларусі, старшыня журы Валянцін Дудкевіч ацаніў пятае па ліку спаборніцтва на моцную “чацвёрку”, пагадзіўшыся з усхваляванымі арганізатарамі, што адзнака выстаўлена па пяцібальнай сістэме.
Сапраўды, узровень конкурсу быў далёка не самым высокім за яго гісторыю, пра што сведчыць ужо тое, што не ўсе прэміі былі прысуджаны. Асабліва слабымі аказаліся прадстаўленыя балетмайстарскія работы, бо ў іх, па вялікім рахунку, не было ніводнай арыгінальнай ідэі, а тым больш — лексічнай знаходкі, годнай не тое што міжнароднага — нават рэспубліканскага спаборніцтва. Няўжо фантазія “падвяла” адначасова і нашых, і замежных творцаў? Ды не!
Штогадовыя справаздачныя канцэрты той жа кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў дэманструюць такое суквецце цудоўных нумароў, што ледзь не кожны з іх мог бы прэтэндаваць на Гран-пры. Дый у рэгіёнах сустракаецца шмат добра падрыхтаваных калектываў, якіх у Гомелі мы чамусьці не бачым. Што ж, калі патэнцыйныя ўдзельнікі па розных прычынах не выяўляюць дастатковай актыўнасці, пра моцны склад канкурсантаў павінны клапаціцца самі арганізатары. У практыцы многіх міжнародных спаборніцтваў— свядомае запрашэнне тых калектываў, якія і ўстановяць належную планку. Чаму б і нам не пераняць гэты вопыт?
Трапяткая душа танца і “суперперамога”
У цяперашняй праграме вылучаўся “Гадзіннік”, чамусьці не заяўлены народным ансамблем “Кордэс” Слуцкага ГДК на конкурс балетмайстарскіх работ у галіне эстраднага танца. А між тым, у гэтым нумары была яркая вобразная і філасофская ідэя, цудоўнае пластычнае вырашэнне, што ўдала спалучалася з уласцівымі мадэрну сцэнічнымі строямі і музыкай: кожная фаза мінімалісцкай кампазіцыі для ўдарных выклікала новы варыянт добра адрэпеціраваных механічных рухаў, якімі “маскіравалася” трапяткая душа няўмольнага “гадзінніка гісторыі”. Журы, у складзе якога мне давялося працаваць, было ў разгубленасці.
На мінулым “Сожскім карагодзе” ў падобных выпадках мы самі дадавалі ў балетмайстарскі конкурс найбольш адметныя нумары, папярэдне ўпэўніўшыся, што яны з’яўляюцца аўтарскай пастаноўкай, а не пераносам. Сёлета зрабіць гэтага не змаглі, бо не мелі аніякіх звестак пра калектывы, пра выстаўленыя на конкурс кампазіцыі: ні імёнаў балетмайстраў і аўтараў музыкі, ні года стварэння.
У выніку “Кордэс” на чале з Наталляй Мартыновіч заняў ІІ месца — выканальніцкае (калі ўлічыць, што ансамбль не мае аніякага фестывальнага вопыту, а ў яго складзе — не моладзь з добрай харэаграфічнай школай, а ўсе, хто ні пажадае, гэтую прэмію трэба прыраўняць да “суперперамогі”).
Радавала, што ў эстраднай групе не было колішняга засілля безгустоўных “танцаў жывата”. І хаця па-ранейшаму пераважвалі “падтанцоўкі да песень”, пачалі з’яўляцца сюжэтна разгорнутыя ці філасофска асэнсаваныя кампазіцыі, то спалучалі розныя віды эстраднай лексікі з элементамі мадэрна. Але ж Першая прэмія сярод балетмайстарскіх работ гэтай намінацыі так і не знайшла свайго ўладальніка. На ІІ месца выйшлі “Гарадзенскія карункі” Гродзенскага каледжа мастацтваў з нумарам “Зорка”, дзе Лунай і Юрыем Зябкінымі была зроблена спроба спалучыць гістарычны танец, неакласіку, эстраду, фольк, элементы акрабатыкі (на жаль, пастаноўка была недастаткова адрэпеціраваная: сказаўся пачатак навучальнага года, а пацвярджэнне аб удзеле ў конкурсе калектыў атрымаў у канцы ліпеня). Трэцяя прэмія дасталася “Капрызу” з Бранска за нумар “Расія” з пераканальнай вобразнасцю.Сярод народна-сцэнічных пастановак былі адзначаны “Шалёны зэдлік” ансамбля “Гомій” з Гомеля (за выкарыстанне, хай і далёка не першае, табурэтак) і “Як у горадзе Арле” расійскага ансамбля “Вясёлая слабада” (за каларытныя арлоўскія рухі).
Пра стылізацыю і эмансіпацыю
Не ўсе прэміі былі падзелены і ў выканальніцкіх намінацыях. У эстрадным танцы найбольш падрыхтаваным, безумоўна, быў знакаміты “Алексіс” з Мазыра (Першая прэмія). У народна-сцэнічным — “Калінка” з Сургута. Залатая статуэтка бусла (Гран-пры з гравіроўкай “2008”) таксама “паляцела” ў Расію: “Калінка” з Навазыбкава скарыла тонкім густам, някідка “акварэлевай” жаноцкай лірычнасцю без звыклай лубачна-скамарохавай пярэстасці строяў.
Трэцюю прэмію за два жаночыя карагоды ў стылі вядомага маскоўскага ансамбля “Бярозка” атрымаў “Салют” з Мурманска.
Другое ж месца падзялілі дзве супрацьлегласці. “Іверыя”, заснаваная 50 гадоў таму грузінскай суполкай у Маскве, прадэманстравала адпаведны эмансіпацыі зварот да энергічнай мужчынскай лексікі ў жаночым танцы. Літоўскі ж ансамбль “Балтабеле”, удзельнікам якога — ад 50-ці да 80-ці (!), захапіў не толькі своеасаблівай пластыкай і партнёрскай чуласцю людзей сталага веку, але і тым, калі адчуваеш: сама душа танчыць. Таго ж напрамку народных танцаў у іх натхнёна-побытавым варыянце, ды яшчэ з гістарычным адценнем, прытрымліваецца польская група “Малэ Падлясе”, узнагароджаная прызам “За вернасць традыцыям”. Ці ж гэта не адна з сусветных тэндэнцый — займацца мастацтвам сабе на радасць і дарыць тую радасць людзям?Конкурс брэйк-данса сёлета з’явіўся на “Сожскім карагодзе” ўпершыню, замест былога мадэрна. Заяўлены як міжнародны, ён стаўся, па сутнасці, міжрэгіянальным: тры калектывы з Гомеля і адзін з Гродна. Лепей за іншых сябе паказалі гродзенскі “Адэпт” і мясцовы “Sky Move”. Але і іх танцы нагадвалі, хутчэй, “набор практыкаванняў”, чым завершаную па форме і сэнсе кампазіцыю. Міжволі ўзгадаўся міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC).Распачаўшыся 20 гадоў таму з брэйк-данса, ён прыйшоў да больш гнуткага ў стылёвых адносінах мадэрна. І быццам завёўшы гадзіннік сваёй гісторыі, неяк запрасіў у гасцявую праграму шведаў — тыя прывезлі канцэптуальна філасофскі аднаактовы балет, цалкам заснаваны на брэйк-дансе.
З “...рыссю” — да золата
Стала ўжо традыцыяй праводзіць у межах “Сожскага карагода” адкрыты Міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах на кубак Гомеля “Залатая рысь” (выява гэтай жывёліны ўпрыгожвае герб горада). Пераможцамі ў лацінаамерыканскай праграме сталі Ганна Лапцева і Яўген Фірсаў з Ніжняга Ноўгарада, у еўрапейскай — масквічы Кацярына Фядоткіна і Мікалай Дарын.
— Сёлетні турнір, — падвёў вынік суддзя вышэйшай міжнароднай катэгорыі, спартыўны сакратар Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту, дацэнт кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Парахневіч, — прайшоў, як і раней, на высокім арганізацыйным узроўні. Таму не дзіва, што ад саміх танцораў давялося пачуць: маўляў, хай бы такія турніры праводзіліся тут штогод і нават па два разы на год. Дадам, што гомельскі турнір не адзіны ў нашай краіне: супастаўляльныя спаборніцтвы праходзяць у Віцебску, Гродне — у Лядовым палацы, у лістападзе чарговы турнір прыме мінскі Палац спорту. “Залатая рысь” карыстаецца папулярнасцю ў нас і ў замежных краінах, а тыя пацвярджаюць сваю прыхільнасць непасрэдным удзелам. Дастаткова сказаць, што на спаборніцтва з’ехалася каля 250 пар розных узростаў з Беларусі, Італіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Эстоніі. У адной толькі дарослай групе, што мае сусветную катэгорыю, было ажно 62 пары ў лацінаамерыканскай праграме і 38 — у еўрапейскай. Прычым сярод іх — шмат выдатных маскоўскіх пар, а Масква, асабліва ў лацінаамерыканскай праграме, — гэта ж увогуле асобная танцавальная “дзяржава”! Затое ў еўрапейскай праграме, больш блізкай нам па менталітэце, беларусы склалі годную канкурэнцыю пераможцам.
Рэжысёрская даліна
Як і раней, галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам “Сожскага карагода” выступіў Пётр Свярдлоў. Гучалі афіцыйныя прамовы, прывітанне фестывалю ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука зачытаў начальнік
Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці міністэрства Васіль Чэрнік.
Адкрыццё фестывалю нагадвала алімпійскую цырымонію ў Кітаі. Чаго тут толькі ні было! Заўсёдны парад-прэзентацыя ўдзельнікаў, агнявое шоу, выступленне паветраных гімнастаў на будаўнічым кране, трыбуна з “жывымі малюнкамі”, што ствараліся студэнтамі і навучэнцамі, гімнастычная кампазіцыя “Ваза”, традыцыйная “Лявоніха”, у якой скакала “зборная” з удзелам Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі і мясцовых калектываў, цыганскае шоу “Алюр”, песня “Гэй, Гомель!” на музыку “Дзікіх танцаў” Русланы, “Рысавая даліна” — стылізаванае кітайскае відовішча, створанае навучэнцамі гомельскай харэаграфічнай школы, якой кіруе ўсё той жа П.Свярдлоў. Убачанае так спадабалася гасцям свята, асабліва расійскім, што тыя навыперадкі сталі запрашаць рэжысёра ўрачыстасці зрабіць што-небудзь і ў іх. А яшчэ ўсе прасілі DVD з запісам канцэрта. У адказ Гомельскае тэлебачанне паабяцала ўдзельнікам наступнага фестывалю падарыць зманціраваную дакументальную стужку пра цяперашні, юбілейны. Між тым, на многіх замежных фестывалях (а ў Беларусі — на Рэспубліканскім конкурсе эстрадных спевакоў “Белазаўскі акорд”) існуе завядзёнка рабіць конкурсныя запісы літаральна “з колаў” і тут жа распаўсюджваць іх сярод удзельнікаў і зацікаўленай публікі. Чаму б і не?
Вулічная гісторыя
Пад час Свята горада, якое прыпадала на трэці дзень фестывалю, цэнтр Гомеля ператварыўся ў “гістарычную сцяжынку”. Нябачны гадзіннік імгненна круціў стрэлкі эпох. За лічаныя хвіліны можна было трапіць і ў Сярэднявечча(праводзіўся конкурс касцюмаў той пары: іх з любоўю і руплівасцю выраблялі настаўнікі і выхаванцы школ), і на мяжу XVIII — ХІХ стагоддзяў (да прысутных выходзіў “сам” Пётр Румянцаў), і ў часы Вялікай Айчыннай (па вуліцы Пушкіна былі разгорнуты пераносная радыёстанцыя, палявы шпіталь, выступленне агітбрыгады), і ў сучасны “Горад майстроў”, і нават у будучыню (выступленне дзятвы і дзіцячы пленэр).
Без сучкоў, але з “задзірынкай”...
Гадзіннік VI “Сожскага карагода” ўжо заведзены. Невыпадкова на “круглым стале” арганізатары заклікалі прысутных выказваць прапановы, пажаданні, вызначаць, што і дзе можна палепшыць. Не памыляецца той, хто нічога не робіць. Ды ўсё ж лепей рабіць без прыкрых недарэчнасцей, якія, на жаль, сустракаліся.
Замест Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра класічнага балета на сайце, у буклеце, праграмах фестывалю і ў СМІ згадваўся зусім іншы піцерскі тэатр — славуты Марыінскі, на брэнд якога і “купляліся” падманутыя гледачы. Хапала і іншых недакладнасцей, выкліканых, пэўна, звычайнай мітуснёй. Каб гэтага пазбегнуць, давайце прадумваць канцэпцыю “...карагода-2010” ужо зараз.

Надзея БУНЦЭВІЧ,
наш спецкар.
Мінск — Гомель — Мінск