Эмбіентны перформанс як план “Б”

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Юбілей у прапанаваных абставінах
Кіраўнік пластычнага тэатра InZhest Вячаслаў Іназемцаў, які здаецца вечна маладым праз сваю творчую ва ўсіх сэнсах слова пластычнасць, непрадказальнасць і здольнасць да трансфармацыі, не так даўно нечакана для ўсіх дасягнуў шасцідзесяці гадоў — прынамсі, паводле пашпарта. З гэтай нагоды 21 красавіка ў мінскім Палацы чыгуначнікаў была запланаваная вялікая дзея. Калектыў рыхтаваўся да яе ледзь не палову года, але… ход агульных падзей аказаўся куды больш непрадказальным за любы спектакль. Як і з мінулым “Генэзісам” — ён шматкроць пераносіўся па розных прычынах і ўрэшце быў паказаны ўсяго пару разоў, — тэатру ізноў не пашчасціла з абставінамі. І тым не меней, імпрэза ў запланаваны дзень адбылася…

/i/content/pi/cult/796/17126/027.JPG— Зразумела, мер перасцярогі прытрымлівацца неабходна, але гэта не значыць, што трэба скласці рукі і нічога не рабіць, — кажа Вячаслаў Іназемцаў. — Эпідэміі бывалі і куды больш жорсткімі — скажам, тая ж “іспанка” ў пачатку ХХ стагоддзя. Але ж ход мастацкага працэсу яна не спыніла.

З пункту гледжання бяспекі публікі, усё было належным чынам прадумана. Зала Палаца чыгуначнікаў змяшчае амаль 800 чалавек, але ў продаж паступіла толькі 200 квіткоў. Ды і тыя па зразумелай прычыне ўсе не разышліся — што аўтаматычна забяспечвала сацыяльную дыстанцыю.

Здавалася, у халодным і спусцелым палацы нічога не можа адбыцца па вызначэнні. І каб заслона ў той вечар не ўзнялася — думаецца, ніхто б не здзівіўся, зважаючы на агульную не надта аптымістычную атмасферу. Але раптам святло згасае…

50-годдзе Іназемцава адзначалася ў той самай зале пры аншлагу. Грандыёзны палімпсест “Доступ да цела” ўражваў размахам і эклектычнасцю. Праз дзесяць гадоў тэатр намерыўся яго паўтарыць. Але пасля таго, як паадмяняліся ўсе замежныя гастролі, якія павінны былі стварыць своеасаблівую “падушку бяспекі” (паказ спектакляў у Мінску нярэдка бывае для тэатра стратным), было вырашана скарыстацца планам Б. 

— Я ўжо ўнутрана рыхтаваўся выступаць адзін, — кажа Вячаслаў Іназемцаў. — Але ўрэшце прыкладна палова трупы пагадзілася пайсці на рызыку і ўзяць удзел у гэтай дзеі. За што ёй вялікі дзякуй.

/i/content/pi/cult/796/17126/026.JPG“Х-традыцыя” — гэта серыя перформансаў “ІнЖэста”, якія тэатр ставіць у розных лакацыях, зазвычай у рамках “зборных” імпрэзаў. То-бок, у прапанаваных абставінах: ідэйных, прасторавых і тэхнічных. У іх трэба ўплішчыцца ды выкарыстаць на ўласную карысць. Для калектыву, які любіць маштабнасць, вынаходлівасць, экстрэмальнасць, гэта свайго кшталту выклік. І кожнага разу ён спраўляецца, выдаючы, па сутнасці, паўнавартасны міні-спектакль — які, на жаль, зазвычай больш не паўтараецца.

Гэтым разам дзея пачынаецца з эфектнай сцэны, якую можна лічыць “негатывам” вядомага іканаграфічнага сюжэта Узнясення: постаць апускаецца долу галавой уніз з вышэзных каласнікоў. А ўнізе ўжо віруе мора, населенае нейкімі прывідныя паўіснымі постацямі — уласна, такімі яны застаюцца да канца, так і не набыўшы нейкую больш выразную экзістэнцыю.

У цэнтры ўвагі — фігура самога Іназемцава. Апошнім часам ён удзельнічае ў сваіх спектаклях рэдка, абмяжоўваючыся роляй рэжысёра. Але з нагоды юбілею ўсё ж зрабіў выключэнне. Мяккая павольная пластыка спараджала гіпнатычны эфект — разам з гукавой інсталяцыяй, прысвечанай навадненню ў Галандыі. Перформанс атрымаўся ва ўсіх сэнсах слова эмбіентны. У ім не было разгортвання сюжэта і падзейных калізій — толькі атмасфера.

— Я ніколі не маю дакладнай трактоўкі таго, што мы паказваем, — кажа Іназемцаў. — Але, зразумела, у аснове — нейкія базавыя рэчы: наша жыццё, смерць, памкненні, блуканні… Матыў катастрофы, канешне, таксама прысутнічае. Эпідэмія — выклік прыроды, якая канкурыруе з чалавецтвам. Як і герой Пушкіна ў “Піры падчас чумы”, ты задаешся пытаннем, што з гэтым рабіць? Змагацца з прыродай — альбо шукаць гармоніі? Зрэшты, тэатр не абавязаны даваць адказы — хутчэй ён выяўляе эмацыйную рэакцыю на тое, што адбываецца.

…Ці будзе мець працяг каранцінны тэатр, пакуль сказаць цяжка — праз агульную непрадказальнасць ходу падзей. Каб спрагназаваць, што лакдаўн спародзіць новыя сюжэты мастацкіх твораў, да бабкі хадзіць не выпадае. Але цалкам магчыма, што яго вынікам стане і з’яўленне новых фарматаў камунікацыі паміж аўтарам і гледачом — зразумела, праз Сеціва. Вось і сёння ўся тэатральная актыўнасць перакачавала ў віртуальную сферу. Аднак Іназемцаву такі варыянт не па душы:

— Мне ўжо шмат разоў прапаноўвалі зрабіць што-небудзь анлайн. Але я ў той анлайн пакуль не веру. Тэатр — гэта ўсё ж месца сустрэчы. Гэта абмен энергіяй, непасрэдныя імпульсы ад чалавека да чалавека. Гэта тое самае, як нашы продкі збіраліся ля вогнішча і разам цюкалі ў бубен, узіраючыся ў зорнае неба. Ніякім Інтэрнэтам такога не заменіш.

 Фота Анатоля КАСЯНЧУКА