“Не ўстаючы з канапы”, або Маеш сайт — маеш і імпрэзы

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

На нашу рэдакцыйную пошту працягваюць прыходзіць лісты з нагоды правядзення тых ці іншых культурных імпрэз. Праўда, прызнаюся, пісьмаў цяпер трапляе ў рэдакцыйную скрынку значна менш, чым яшчэ два ці тры месяцы таму. І гэта зразумела: неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, перасцярога з правядзеннем масавых мерапрыемстваў і гэтак далей. Але ж культурнае жыццё ў рэгіёнах ідзе сваёй хадой, хай сабе часцяком нават не ў рэальным, а ў віртуальным свеце анлайн-парталаў, сацыяльных сетак ды сайтаў устаноў культуры.

/i/content/pi/cult/796/17123/020.JPGІнтэрнэт як сродак сувязі

У мінулым нумары “К” я згадваў пра Гомельскую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя А. І. Герцэна, чые супрацоўнікі сёння актыўнічаюць у інтэрнэце з дапамогай свайго сайта: ладзяць віртуальныя віктарыны і конкурсы, прапануюць чытачам пакарыстацца бясплатнымі анлайн-рэсурсамі, прэзентуюць кніжныя навінкі праз Сеціва... Падобным шляхам пайшлі, натуральна, і іншыя ўстановы культуры краіны, прычым, не толькі бібліятэчныя.

Напрыклад, як паведамілі супрацоўнікі Палаца культуры горада Ліды, нягледзячы на часовае абмежаванне правядзення масавых мерапрыемстваў, яны актыўна асвойваюць новыя формы ўзаемадзеяння з аўдыторыяй на сайце ўстановы і ў сацыяльных сетках. Гэта, на думку мясцовых культработнікаў, дазваляе заставацца на сувязі з наведвальнікамі, а таксама прыцягнуць новых карыстальнікаў.

— Спланаваць культурныя прагляды дапамагае віртуальная афіша, — пішуць нам у лісце супрацоўнікі Палаца культуры. — Набірае папулярнасць новая відэарубрыка “Не ўстаючы з канапы”, дзе рэгулярна размяшчаюцца відэазапісы спектакляў, канцэртных і гульнявых праграм, літаратурна-музычных вечарын. Атрымаць новыя навыкі дапамагаюць разнастайныя майстар-класы ў рубрыцы “Творчы АРТ-прамоўшэн”.

/i/content/pi/cult/796/17123/021.JPGНатуральна, у новым фармаце ладзіцца цяпер праца некаторых клубных фарміраванняў. Засваенне матэрыялу для ўдзельнікаў праводзіцца ў індывідуальным і аддаленым рэжыме — хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць відэаўрокі і заданні па тэлефоне, выконваюць іх самастойна ды дасылаюць відэазапісы для выпраўлення памылак і карэкціроўкі кіраўніком.

Да таго ж, напярэдадні Дня Перамогі ў Лідзе стартаваў літаратурна-патрыятычны марафон-акцыя “На всю оставшуюся жизнь”. У яго рамках вядзецца відэазапіс выступленняў удзельнікаў творчых калектываў установы. Пасля з гэтага матэрыялу будуць сфарміраваны сімвалічныя 75 відэаролікаў. Лепшыя выканаўцы стануць удзельнікамі тэматычных мерапрыемстваў да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Марафон-акцыю падтрымалі не толькі супрацоўнікі і ўдзельнікі клубных фарміраванняў установы, але і прафесійныя артысты, вядучыя і жыхары Лідчыны.

Без увагі не засталася і абласная акцыя “Зорка герояў”. У фае Палаца культуры ўсталявана аднайменная фотазона-інсталяцыя, на якой размешчаны фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — знакамітых ветэранаў-землякоў. Акрамя таго, калектыў Палаца культуры далучыўся да абласной інтэрнэт-эстафеты “Галасы Перамогі”.

Як бачна, стварэнне ўласнага сайта сёння — не прыхамаць, а надзённая патрэба, пра што ўжо не раз згадвала і нагадвала ў сваіх матэрыялах “К”. Відавочна, што тыя ўстановы, якія паспелі стварыць свае віртуальныя старонкі ў Сеціве, апынуліся сёння ў выйгрышы. Так што пасля таго, як каранавірусная эпідэмія сыдзе, падобных інтэрнэт-парталаў на культурную тэматыку ў беларускім сегменце інтэрнэту, мяркую, значна паболее.

Ад Пінска да Свіслачы

Дырэктар Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц Алена Анташук, з якой мы, дарэчы, ужо не першы год знаёмы, расказала ў лісце да “К” аб працы адной з бібліятэк сістэмы — сельскай бібліятэкі вёскі Калаўравічы.

Узначальвае ўстанову Алена Марчук. Сама бібліятэка месціцца ў будынку мясцовай сярэдняй школы, у фондах налічваецца звыш 6,5 тысячы экзэмпляраў бібліятэчных дакументаў ды 11 назваў перыядычных выданняў.

— Характэрная асаблівасць бібліятэкі — правядзенне сумесных мерапрыемстваў са школай, — адзначае Алена Анташук. — Так, з пачатку года прайшлі канцэрт-справаздача “Зямля бацькоўская, святая”, час цікавых паведамленняў “З гісторыі Пінскага раёна”, тэматычная гадзіна “Героі жывуць побач” ды многія іншыя.

Дадам, што ў Пінскім раёне, акрамя традыцыйных бібліятэк, дзейнічаюць і спецыялізаваныя: напрыклад, Дамашыцкая бібліятэка сямейнага чытання, Лапацінская бібліятэка-музей Аляксандра Блока, Азарыцкая бібліятэка народнай медыцыны ды іншыя. Такім чынам, сельскія бібліятэкі Піншчыны не проста з’яўляюцца культурнымі цэнтрамі сваіх паселішчаў, а і маюць свае адметныя кірункі дзейнасці, непадобныя да іншых “кніжніц” вобласці.

А вось чарговы ліст з Гродзеншчыны. Пра дзейнасць свайго калектыву нам расказала кіраўнік узорнага ансамбля народных інструментаў “Калінка” Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Вайцяхоўская.

— Музычная калектыўная творчасць — гэта вельмі цікава і захапляльна, асабліва для дзяцей, — адзначае на самым пачатку свайго ліста Таццяна Вайцяхоўская. — Не кожнае дзіця можа праявіць сябе ў сольным выкананні. А калі каманда, група музыкантаў, хай яшчэ зусім юных, робіць адну агульную справу, ствараючы музычны вобраз твора — гэта грандыёзна, гэта як скласці карціну з пазлаў, дзе кожная дэталь павінна быць сапраўды на сваім месцы!

Калектыў, піша кіраўнік “Калінкі”, быў створаны яшчэ ў 2006 годзе, яго ўдзельнікі — навучэнцы і выкладчыкі Свіслацкай ДШМ. Інструментальны склад застаецца з тых часоў нязменным: цымбалы, домры, баяны, балалайка-кантрабас, флейта, фартэпіяна і ўдарныя інструменты. Рэпертуар — інструментальныя апрацоўкі народных мелодый, песень розных этнічных рэгіёнаў Беларусі, п’есы беларускіх, рускіх, еўрапейскіх кампазітараў.

За дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную дзейнасць у 2015 годзе ансамблю народных інструментаў “Калінка” было прысвоена ганаровае званне “Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Ансамбль з’яўляецца дыпламантам, лаўрэатам, гран-прызёрам міжнародных, рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных конкурсаў і фестываляў, прымае актыўны ўдзел у школьных, раённых і абласных святочных канцэртных мерапрыемствах. Толькі за апошнія два гады “Калінка” была абвешчана лаўрэатам І ступені ІІ Адкрытага рэспубліканскага творчага фестывалю-конкурсу “Талісман удачы” (Мінск), Залатым Дыпламантам, а таксама ўладальнікам Кубка Мэра горада Супрасль IV Міжнароднага Фестывалю Маладых Талентаў “PolshaPrivet” (г.Белосток, Польшча), Лаўрэатам I ступені VI Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Новыя вяршыні” (г. Мінск) ды заваявала ганаровыя месцы ў многіх іншых конкурсах па ўсёй Беларусі. Што ж, зычым “калінкаўцам” новых перамог!

Тэатральная кніга

І апошняе. Сталы чытач “К” Васіль Ткачоў паведаміў “К”, што днямі ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына “Слонімскі драматычны тэатр”. Выданне прымеркаванае да 30-годдзя з дня заснавання калектыву.

— Гэта ўжо другая кніга пісьменніка і краязнаўца са Слоніма, — адзначае Васіль Ткачоў. — У 2008 годзе Сяргей Чыгрын выдаў кнігу “Тэатр у Слоніме”, прысвечаную гістарычнаму шляху развіцця тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне, пачынаючы з часоў Льва Сапегі.

Арыгінальная кніга Сяргея Чыгрына “Слонімскі драматычны тэатр” — гэта фотаальбом тэатра. З 1 студзеня 1990 года ў райцэнтры, як вядома, існуе Слонімскі драматычны тэатр. Пра яго і распавёў Сяргей Чыгрын. Найперш, гэта гісторыя тэатра ў фотаздымках: у кнізе апублікаваны сцэны са спектакляў, лепшыя афішы да імпрэз, фотаздымкі артыстаў і рэжысёраў… Атрымаўся, можна сказаць, своеасаблівы гістарычны папяровы дакумент-справаздача тэатра за 30 гадоў свайго існавання.

Напрыканцы нашага традыцыйнага агляду пісем хачу, зноў жа па традыцыі, пажадаць усім чытачам “К”, усім супрацоўнікам сферы культуры Беларусі не толькі творчага імпэту, але і моцнага здароўя. І нагадаць усім, што мы, як і заўжды, чакаем вашых лістоў пра рэальныя і віртуальныя падзеі культурнага жыцця краіны ў сваёй рэдакцыйнай пошце па адрасе kultura@tut.by.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"