Бенька і Чабурашкі

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Бадай што любімыя словы Святланы Бень — “цудоўны, цудоўная”. Так яна кажа пра мастакоў, паэтаў, музыкантаў, рэжысёраў — асабліва пра тых, з кім працуе, — пра песні, кнігі, карціны, спектаклі… Многа цудоўнага і чароўнага яна бачыць навокал, але і сама яго стварае — і як музыкант, спявачка, аўтар песень, і як актрыса, рэжысёр. Праз усё жыццё разам з Бенькай — так ласкава яе называюць — ідуць музыка і тэатр. 15 гадоў таму пачаўся музычны праект кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба”, які стаў папулярным у многіх краінах і займеў вялізную армію прыхільнікаў, — але у 2016-м ён скончыўся. І неўзабаве Святлана выйшла на публіку як актрыса і рэжысёр спектакля “Из жизни насекомых” паводле вершаў Мікалая Алейнікава. Прайшло чатыры гады, вялікія сцэны канцэртных залаў і клубаў засталіся ў мінулым. Магчыма, камусьці нават падаецца, што Бенька некуды знікла. Насамрэч, проста не так многа людзей зараз бачыць яе творчасць. Але якраз гэтаму Бенька і радая.

/i/content/pi/cult/796/17118/013.JPG

— Як чатыры гады таму група спыніла існаванне, то і не ўсе ведаюць, чым займаецца іх любімая Бенька…

— У першую чаргу я атрымліваю асалоду ад жыцця: мне вельмі добра нікуды не бегчы, я цудоўна сябе адчуваю, калі нічога не раблю. І ўвогуле думаю, што цікавасць да самога жыцця ва ўсіх яго праявах больш важнае за любое мастацтва.

— У цябе ж заўсёды было сто спраў, ты ні секунды не сядзела на месцы. Як раптам атрымалася перайсці ў зусім іншы рэжым?

— Ёсць такі выдатны прыём, якому вучаць ва ўсіх тэатральных школах, — чалавека прымушаюць вельмі моцна напружыцца, каб потым ён больш яскрава адчуў розніцу з разняволеннем. Разняволены чалавек — найкаштоўнейшы акцёр. Я думаю, што ў маім жыцці было вельмі многа напружанасці, і гэта стала разумным рашэннем — адмяніць сто спраў, і пакінуць, напрыклад, дзве. Мінулым летам я пабывала на цудоўнай Лабараторыі фігуратыўнага тэатра, якая штогод ладзіцца на базе Karlsson haus у Санкт-Пецярбургу: гэта ўнікальны лялечны тэатр з выключна добрым густам, які не цураецца эксперыментаў і не баіцца элітарнасці. У ім, дарэчы, ставяць і нашы Анатоль Ляляўскі, Яўген Карняг. Дык вось, там былі сустрэчы з харэографам Таццянай Гардзеевай, якая апроч іншага многа расказвала нам пра сваю філасофію мастацтва, і тая цалкам адпавядала таму, што некалькі гадоў адчувала ўжо і я. Таццяна казала пра поўную свабоду мастака: “Мастак мае права на ўсё, у тым ліку і на маўчанне. Бо ён нават маўчыць як мастак. Не смейце рабіць нешта супраць сваёй волі і жадання. Інакш вы становіцеся прадуктам капіталістычнага свету!” (смех) У тым сэнсе, што слова павінна нарадзіцца з маўчання, а рух з бяздзейнасці. І ў мяне адбыўся нейкі пералом у свядомасці. Да таго я многа гадоў адчувала жаданне бяздзейнічаць, але не магла сабе гэтага дазволіць, увесь час прымушала сябе, бегла і старалася ўсё паспець. А цяпер я проста ўпіваюся спакоем. Канешне, гэта не значыць, што я нічога не раблю. Проста я раблю толькі тое і толькі тады, калі адчуваю патрэбу і радасць.

/i/content/pi/cult/796/17118/014.JPG— Калісьці ты сышла з мінскага Тэатра лялек, у якім адпрацавала тры гады і паставіла шэраг даволі папулярных у гледачоў спектакляў, каб шчыльна заняцца “Серебряной свадьбой”. Атрымліваецца, калі групы не стала, ты вырашыла ізноў заняцца тэатрам?

— Тэатрам я займалася заўсёды — і да “Свадьбы”, і пад час яе. Ды і сама група нарадзілася з тэатра (калі я яшчэ вучылася ў Акадэміі мастацтваў), і ўся была ім напоўнена. Паралельна з музыкай у мяне існаваў і мой маленечкі тэатр “Картонка”, які і зараз працягвае жыць і весяліцца. Зразумела, я на многа гадоў выпала з кантэкста вялікага тэатра. Таму і паехала ў Санкт-Пецярбург, каб аднавіць і павысіць сваю кваліфікацыю, каб перайсці на ступеньку вышей. А пасля Лабараторыі мне прапанавалі паставіць у Karlsson haus дзіцячы спектакль, і я згадала, што даўно хацела зрабіць гісторыю паводле адной цудоўнай кнігі, у якой літаральна толькі дзесяць фраз і многа карцінак — “Мой дом” Дэльфіны Дзюран. Але ў выніку я напісала сваю гісторыю, інспіраваную гэтай кніжкай: прыдумала свой дом і сваіх незвычайных і цікавых істот, якія ў ім жывуць. Ідэю мы ўвасобілі разам з маёй цудоўнай сябровачкай мастачкай Лінай Хесінай, якая зараз жыве ў Берліне. Яна зрабіла ўсё ў яркіх колерах, з канструктывісцкімі дэкарацыямі і дзіўнымі лялькамі. Вось так і нарадзіўся спектакль “Домашние монстры”, прэм’ерныя паказы якога адбыліся сёлета на пачатку лютага. Лепшы камплімент, які я атрымала за “Домашних монстров”: “Мы ніколі не бачылі такога вясёлага спалучэння Гогаля, Фрэйда і Хармса!” (смех)

— Пасля спектакля “Из жизни насекомых” гэта першая твая пастаноўка на сцэне?

— Так. Але зараз я пачала работу над спектаклем паводле беларускай народнай казкі — вельмі дарослай, загадкавай і даволі рэдкай: яна пра такія рэчы, як жаночы свет, разуменне жанчынай сваёй сутнасці. І яшчэ адну пастаноўку рыхтую вось ужо некалькі гадоў, не спяшаюся — калі адчую ў сабе дастаткова сіл, калі змагу — і калі зможа цудоўная мастачка Марыя Пучкова — спектакль з’явіцца. А пакуль мы падсілкоўваемся прыгажосцю свету, каб рэалізаваць ідэю максімальна дакладна. А спектакль “Из жизни насекомых” і зараз часта паказваецца — не знік з афіш, мы з ім многа ездзім.

— А не сумуеш па вялікай сцэне, па стабільнай працы ў тэатры?

— Ой, не-не-не. Я абсалютна некамфортна пачуваю сябе ў сітуацыі, калі ёсць графік і нейкія планы, мяне гэта прыгнятае. І справа не ў дысцыпліне - гэта я магу. Але ж пачынаю рэфлексіраваць з-за адказнасці, мне робіцца страшна не апраўдаць чыйсьці давер, я нават заўважаю, што пачынаю дэфарміравацца як творца — міжволі імкнуся падладзіцца пад нечыя патрабаванні, каб нікога не расчараваць. Насамрэч гэта страшна, так нельга. Таму болей я не стаўлю сябе ў падобнае становішча. Дарэчы, найвялікшае задавальненне я атрымліваю ад тайнай творчасці — калі нешта раблю-раблю, але нікому гэта не паказваю. І толькі калі я ўжо дакладна ва ўсім упэўнюся, магу захацець гэтым падзяліцца. Але нейкі час мая творчасць жыве ў маім патайным лесе.

— Давай пагаворым пра такую пакуль дзіўную для нас справу, як папяровы тэатр “Картонка”. Найбольш часта ты выступаеш менавіта з ім.

— Калісьці “Картонка” пачыналася без разліку на нешта сур’ёзнае, а цяпер дазваляе нам вандраваць і бачыць прыгажосць свету. Бо яна змяшчаецца ў чамадан, з ёй лёгка ездзіць, лёгка лятаць — і ўсё гэта ў такім няспешным рытме, цёплым і радасным. Мяне заўсёды вабілі малыя формы, камерныя спектаклі, якія маглі б паказвацца і дома, і ў любых палявых умовах. А прыгнятала залежнасць ад тэатральнай вытворчасці — ад гэтага вялікага святла, памяшкання, тэхнічнага персаналу і да таго падобнае. І аднойчы ў Мюнхене ў выдатным музейным аддзеле тэатра лялек я пабачыла старадаўнія папяровыя тэатры. Іх магла сабраць любая сям’я, а сам тэатр мог быць памерам са стол ці нават меней. Гэта рэальна такая кардонная каробка — з кулісамі, падугай, персанажамі на палачках. Я проста захварэла. І вось недзе сем гадоў таму галерэя “Ў” у Мінску ладзіла вялікае каляднае свята, і мая сяброўка Антаніна Слабодчыкава — цудоўная мастачка — прапанавала прыдумаць нейкае дзейства для дзяцей на гэтым свяце. І мы прыдумалі — з актрысай Зояй Кенько і Тоняй у якасці мастака падрыхтавалі спектакль “Был бы у меня дракон…”, разлічаны літаральна на 20—30 чалавек, — душэўны, цёплы і крыху хуліганскі. У той дзень нам давялося паказаць яго двойчы, каб усіх задаволіць. А потым нас пачалі ўсюды запрашаць. І адразу ж запрасілі на фестываль у Мюнхен — увогуле, за сем гадоў мы праехалі фестываляў 20.

— А многа пастановак у вашага тэатра?

— У дзяцінстве мяне дзікай жарсцю хваляваў чароўна абсурдысцкі раман нарвежскай пісьменніцы Сінкен Хоп “Волшебный мелок”. І вось нарэшце з’явілася поле для эксперымента, я магла гуляцца ў гэтую гісторыю, жыць у ёй. І з яшчэ адной цудоўнай мастачкай Наталляй Ісакавай, якая малюе неверагодныя фантазійныя рэчы, мы зрабілі спектакль. З цягам часу “Картонка” абрасла многімі іншымі цудамі — былі і пастаноўкі, што рыхтаваліся за адну ноч і паказваліся толькі тры дні, былі бясконцыя эксперыменты, былі лабараторыі і майстар-класы, якія мы ладзілі ў тым ліку і ў маладзёжных тэатральных лагерах. Нават пачаўся нейкі рух лялечнага кардоннага тэатра, і цяпер я атрымліваю мноства запрашэнняў не толькі паказаць, але і расказаць, навучыць.

— А ці многа ў свеце падобных тэатрыкаў?

— Многа, ладзяцца цэлыя фестывалі. А ў Беларусі, у Расіі да пэўнага часу гэта было не вельмі распаўсюджана, і, мабыць, менавіта мы сталі пачынальнікамі жанру ў нашай частцы свету (калі і быў нехта да нас, дык я проста не ведаю). А цяпер такіх тэатраў і спектакляў ужо нямала, і, думаю, што многія даведаліся і натхніліся менавіта праз спектаклі “Картонки” — пабачылі, які гэта свежы, невясомы, крэатыўны спосаб тварыць тэатр. Але я пайшла далей — з Лінай Хесінай мы прыдумалі і тэатр для аднаго чалавека, такі “тэатральны аўтамат” — таксама пабывалі ўжо на многіх фестывалях.

— Хоць “Серебряной свадьбы” больш і няма — дарэчы, чаму? — але і спяваць жа ты не перастала.

— Я не люблю нічога доўга. І я стамілася яшчэ за некалькі гадоў да таго, як мы афіцыйна закрылі праект, — бо гэта графікі, абавязкі, вялізны калектыў у 11 чалавек, дэкарыцыі... Усё такое грувасцкае і непазбежнае. А ў мяне ў творчасці ўсё крохкае, залежыць ад нейкіх павуцінак, ад крылаў матылька… А не спяваць я, канешне ж, не магу, гэта мая прырода. І з Арцёмам Залескім, музыкантам і маім мужам, што іграў у “Свадьбе”, а цяпер з’яўляецца часткай тэатра “Картонка”, мы выступалі як мікра-кабарэ — бо людзі ўсё роўна пастаянна прасілі паспяваць. Рыхтуюцца і дзве новыя песенныя праграмы — адна з вельмі камернымі песнямі, а другую я хачу зрабіць у падкрэслена светлым настроі — яна павінна будзе аказваць псіхатэрапеўтычны эфект на трывожную свядомасць сучаснага слухача.

— Вось так і атрымліваецца — пачыналі мы размову з таго, што ты зараз амаль нічога не робіш, а ў выніку пра многія твае заняткі і не паспяваем расказаць у межах аднаго інтэрв’ю…

— (смех) Але гэта ж ўсё “па фану”, для радасці! Інакш я ўжо і не хачу.

У мяне ёсць тэрмін — “Чабурашкі”. Гэта такія даверлівыя прастадушныя людзі, з пяшчотнай душой, адкрытыя свету, якія лёгка чым-небудзь захапляюцца, радуюцца цудам — імі могуць быць і дзеці, і дарослыя. Я такіх людзей параўноўваю з Чабурашкай — а гэта мой любімы персанаж. Я і жыць хачу пасярод такіх людзей, і спектаклі стаўлю для Чабурашак. Шапакляк мае спектаклі не спадабаюцца, я ўпэўнена.