Класіка — не постаць Камандора

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Ці не наспеў час фестывалю Станіслава Манюшкі?
5 мая — дзень нараджэння знакамітага кампазітара-класіка Станіслава Манюшкі. Леташняе 200-годдзе гэтага сусветнавядомага музыканта суправаджалася ў нас шэрагам самых розных канцэртных і даследчых мерапрыемстваў (якіх, дарэчы, усё роўна магло б быць больш). Сёлетняе “зацішша” выклікана, здавалася б, аб’ектыўнымі прычынамі. Але ж ці распрацаваны ўсе магчымыя захады па далейшай папулярызацыі яго імя і творчасці? Падаецца, карысным будзе вопыт Польшчы, дзе Манюшка прызнаны заснавальнікам нацыянальнай оперы. Пра гэта і многае іншае мы пагутарылі з вядомай даследчыцай творчасці кампазітара — памочнікам мастацкага кіраўніка “Беларускай капэлы”, кандыдатам мастацтвазнаўства Святленай НЕМАГАЙ.

/i/content/pi/cult/796/17117/011.JPG— Святлена, вы неаднойчы бывалі на Міжнародным фестывалі Станіслава Манюшкі ў Кудова-Здруй. Ушанаванне нацыянальнай класікі — у невялічкім курортным гарадку з гаючай мінеральнай крыніцай. Як такое магчыма?

— Чаму б і не? Летась фестываль праходзіў у 57-мы раз, публіка цудоўна спалучае прыемнае з карысным. Заўважу, што некаторы час таму Манюшка ў Польшчы быў недаацэнены, “губляўся” ў ценю Шапэна. Дый добрых выканаўцаў яго музыкі знайсці было не так проста. Але сітуацыя зрушыла, у тым ліку і праз гэты фестываль.

— Вы ездзілі туды і як арганістка, выконваючы рэлігійную музыку Манюшкі разам з выдатным оперным салістам Юрыем Гарадзецкім, і як даследчыца — з прэзентацыяй “віртуальнай вандроўкі” па мясцінах дзяцінства кампазітара.

— Беларускія карані Манюшкі, той этап яго творчасці, што праходзіў у нас, — вельмі актуальная для Польшчы тэма. Да таго ж, апошнія гады галоўнай “разыначкай” фестывалю становяцца паказы малавядомых ранніх опер кампазітара. Робіцца гэта намаганнямі дырэктара фестывалю, дырыжора Станіслава Рыбарчыка і той ініцыятыўнай групы, якую ён стварыў у Вроцлаве. Летась былі выкананы адразу тры такія малыя оперы: нямецкамоўная “Швейцарская хатка”, напісаная ў Берліне, куды Манюшка выправіўся на вучобу (менавіта гэта опера, а не “Канторшчыкі”, як памылкова лічылася, з’яўляецца ў яго першай), і дзве, напісаныя пазней у Вільні: “Начлег у Апенінах” і “Ідэал, альбо Новая Прэцыёза”. Як ні дзіўна, але найбольш складаная з іх — “… Хатка”, бо была разлічана на вельмі добрых выканаўцаў. Калі ж кампазітар вяртаецца ў Вільню, дзе на той час не было высокапрафесійнай опернай трупы, яго стыль змяняецца: свае наступныя творы ў гэтым жанры ён пачынае пісаць больш проста. У іх лібрэта шмат сентыментальнасці, узятыя за аснову п’есы зусім не шэдэўры, але рэжысёр Рабэрта Скальмоўскі, які ставіў оперы для фестывалю, скіраваў меладраматычны пафас у сферу гумару: тыя ж цыгане выязджалі на сцэну ў вялізным рэтра-аўтамабілі, у ролі ўяўнай цыганкі выходзіў барадаты хлапец двухметровага росту. Выканаўцы, якімі выступілі студэнты Музычнай акадэміі ва Вроцлаве, выпраменьвалі папраўдзе шалёную энергетыку. І не дзіва, што цікавасць публікі была неверагоднай. Першыя два спектаклі паказваліся ў тэатральным будынку курорта, а трэці выклікаў такі ажыятаж, што быў перанесены на адкрытае паветра і сабраў амаль 2000 гледачоў.

— А што з фінансаваннем? Наколькі я разумею, уваход на ўсё вольны.

— Дапамога не менш як 30-ці спонсараў, галоўным з якіх з’яўляецца банк. Максімальна выкарыстоўваюцца аматарскія калектывы — тыя ж хары. Так, канцэрты бываюць рознымі па мастацкім узроўні, але вабіць іх разнастайнасць і тое, што творчасць кампазітара паўстае шматбакова.

/i/content/pi/cult/796/17117/012.JPG— Няўжо арганізатары столькі гадоў запар адшукваюць штосьці новае?

— Цікавосткі можна знайсці заўсёды. Да прыкладу, трэці год працягваецца праект кампазітара Эмільяна Мадэя, дзе ён прэзентуе песенную творчасць Манюшкі на розных мовах. Дарэчы, сярод сабраных ім перакладаў другі год запар гучаць беларускамоўныя. Асаблівую ўвагу прыцягнула Манюшкава песня на верш Юзафа Крашэўскага ў перакладзе Янкі Купалы “Ці ты знаеш старонку?” А сам гэты верш — парафраза Гётэ “Ці ведаеш край”. І ў кожным з варыянтаў — свае адценні сэнсу. Мэта такога праекта — не толькі дэманстрацыя разнамоўных версій для публікі, але і выкананне песень Манюшкі ва ўсім свеце. А як вам тая ж музыка, праспяваная контр-тэнарам пад акампанемент гітары? Атрымалася штосьці накшталт бардаўскіх песень. Заключны канцэрт фестывалю — творы Манюшкі ў джазавай апрацоўцы. Фантазія, майстэрства — неверагодныя! Калі класіка гучыць і ў строгай акадэмічнай манеры, і ў такіх пераўвасабленнях, яна становіцца не велічна застылай, бы статуя Камандора, а жывой, сучаснай, узбуджае мысленне слухачоў, бо тыя пачынаюць параўноўваць, абмяркоўваць, дыскутаваць. Ці такая “фішка” — манюшкаўскі карагод. Арганізатары прывозяць сцэнічныя строі з манюшкаўскіх спектакляў, кожны жадаючы можа апрануць штосьці з той калекцыі і прыняць удзел у шэсці оперных герояў па цэнтры горада — на чале з самім Манюшкам і яго шматлікай сям’ёй. Атмасфера свята!

— І гэта пры тым, што сам Манюшка ў Кудова-Здруй ніколі не завітваў. А ў нас ёсць наўпрост звязаныя з кампазітарам мясціны — тыя ж Смілавічы, зусім побач з Мінскам. І ўжо адна наяўнасць такой гістарычнай асновы можа стаць добрай падставай для “раскручвання” імя нашага класіка і яго музыкі.

— Цалкам згодна. Бо калі паглядзець вопісы Смілавіцкага палаца, паўсюль сутыкаешся з тымі дэталямі, што знайшлі адлюстраванне ў Манюшкавых операх. І гэта не толькі знакаміты гадзіннік-куранты, які мы сустракаем у оперы “Страшны двор”. У тым жа творы ёсць і згадкі салона са старадаўнімі партрэтамі, які быў у палацы. Была там і шыкоўная бальная зала з люстэркамі — акурат у такой зале адбываецца дзеянне оперы “Графіня”. Ці вось яшчэ: бацька кампазітара быў напалеонаўскім легіянерам, потым нават напісаў паэму “1812 год”. І шмат распавядаў пра гэта свайму сыну. А цяпер звярніце ўвагу, колькі той французска-ваеннай тэматыкі ў творах Станіслава: опера “Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць”, балет “На пастоі”, нарэшце, згаданая вышэй самая першая опера ды іншыя творы, дзе таксама дзейнічаюць жаўнеры і дзе добра экспануецца гэтая тэма. Іншымі словамі, усё, што кампазітар успрымаў у сваім дзяцінстве, адбілася ў ягонай далейшай творчасці. Акурат паводле тэорыі Зігмунда Фрэйда! І калі тое дзяцінства Манюшкі праходзіла на нашых землях, мы можам і мусім тым ганарыцца, выкарыстоўваць гэтыя веды і знойдзеныя артэфакты для вывучэння і больш глыбокага разумення творчасці кампазітара. Бо менавіта тут, у нас, складалася сістэма вобразных і, шырэй, эстэтычных каардынатаў ягонага таленту. З аднаго боку, моцная шляхецкая традыцыя, прадстаўленая постацямі яго дзеда і іншых продкаў, той культурай, што існавала ў маёнтках, уключаючы Убель, дзе ён нарадзіўся. З другога боку, не менш моцная рэлігійная аснова яго творчасці, дзе прысутнічае лінія не толькі каталіцкага мастацтва. У тых жа Лядах, што непадалёк ад Смалявічаў, стаяла ўніяцкая царква, пры ёй існавала невялічкая школа. Усё гэта было пад апекай сям’і Манюшкаў і фундавалася імі. Станіслаў бываў там, чуў гэтыя ўніяцкія песняспевы — іх водгукі не цяжка знайсці ў яго кантаце “Прывіды”. У яго ўвогуле было па-дзіцячы вельмі чыстае, шчырае стаўленне да рэлігіі і ўсяго, што яго атачала. Такое адценне некаторай наіўнасці і разам з тым сардэчнасці, уласцівае правінцыі (а Беларусь на той час, будзем памятаць, была не самастойнай дзяржавай, як цяпер, а правінцыяй тагачаснай Расійскай імперыі), стала ягоным “плюсам”. Бо ён не саромеўся сваёй “правінцыйнасці” ў добрым сэнсе гэтага слова, не імкнуўся хутчэй пазбавіцца ўсяго, што звязвала яго з дзяцінствам, а зрабіў тое адметнай рысай сваёй творчасці. І гэта адразу вылучала яго сярод іншых кампазітараў, бо тыя ж Варшава, Вільня ўжо ўвабралі ў сябе прыкметы ўрбанізму і гублялі сувязі з зямлёй, прыродай, шляхецкім мінулым Рэчы Паспалітай. А ў Манюшкі ўсё гэта было, таму яго творчасць і выклікала такі патрыятычны ўздым і стала адным з нацыянальных сімвалаў Польшчы.

— Давайце паспрабуем уявіць, што фестываль Манюшкі ў Смілавічах стаў не марай, а рэальнасцю. Наколькі ён можа быць прывабным не толькі для беларусаў, але і для замежных турыстаў?

— Трэба набрацца цярпення і не страчваць апантанасці. Бо за год — два, нават за пяць — ператварыць такі фестываль у турыстычную меку нерэальна. Неабходна як мінімум дзесяцігоддзе, прычым падобны фестываль павінен быць рэгулярным, ладзіцца абавязкова штогод у азначаны час. Пэўна, мы пакуль не гатовы да такіх захадаў, але гэта таго варта.

— Многія замежныя фестывалі становяцца магутным штуршком да развіцця інфраструктуры. На сёння ў тых жа Смілавічах палац не дабудаваны, няма ні сцэнічнай пляцоўкі для такіх мерапрыемстваў, ні побытавых умоў для знаходжання ўдзельнікаў і гасцей. Фестываль здольны вырашыць гэтыя праблемы?

— Канешне, не. Ён можа стаць хіба каталізатарам, паскорыць тое будаўніцтва. Як бы там ні было, а пачынаць нейкія захады па больш актыўнай папулярызацыі нацыянальнай спадчыны трэба — асабліва ў тых выпадках, калі яна ў стане атрымаць яшчэ і замежнае прызнанне. Наша свядомасць павінна даспець да такіх асоб, як Манюшка. Пакуль жа ў нас замала нават асэнсавання таго факту, што родам з Беларусі не толькі сам кампазітар, але і ўся ягоная творчасць. А менавіта на гэта трэба рабіць акцэнт.

Слухаю Святлену і думаю пра тое, што многія нашы акцыі ў гэтай галіне застаюцца “разавымі”, не маюць працягу, сувязі між сабой — нарэшце, рэгулярнасці. Дастаткова згадаць раннюю оперу Станіслава Манюшкі “Латарэя”, пастаноўка якой была ажыццёўлена ў Камернай зале філармоніі і прайшла толькі аднойчы. Оперы “Слова гонару” пашанцавала больш: яе ўвасабленнем займаўся прыватны Музычны дом “Класіка”, і спектакль паказвалі не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах. Узгадаю і конкурс вакалістаў, які калісьці праходзіў у Чэрвені, непадалёк ад радзімы Станіслава ў Убелі. Гэтае спаборніцтва магло б дарасці да фестывалю, стаць культурным брэндам горада, але для гэтага, зразумела, патрабавалася добра спраектаванае і больш трывалае развіццё конкурснай ідэі. У нас, на жаль, многія перспектыўныя і ўжо здзейсненыя праекты не атрымліваюць далейшай “раскруткі”. Больш прывабным становіцца “ўпершыню”, а не закладанне трывалых традыцый, бо апошняе і сапраўды рабіць куды складаней. Чым не праблема?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"