Мастацкі экстракт тэатральнай геапалітыкі

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

“Белая вежа”, прэстыжны форум, у якім сёлета прынялі ўдзел 28 калектываў з 16 краін свету, па-ранейшаму застаецца самым буйным тэатральным фестывалем на Беларусі. Ды і ў еўрапейскай тэатральнай прасторы ён ужо стаўся не проста адным са шматлікіх “іміджавых” тэатральных фестываляў, якія сёння ладзяцца ў многіх гарадах нашых краін-суседак для таго, каб сцвердзіць найперш наяўнасць і жыццяздольнасць уласнага тэатральнага калектыву. Сёння тэатральны форум у горадзе над Бугам відавочна перарос гэтыя задачы і паўстаў перад пытаннем: куды ж, у які бок гэты магутны творчы “арганізм” будзе развівацца далей?

У пошуках фармату
Як вядома, творчае жыццё ў мастацтве падпарадкоўваецца сваім унутраным законам цыклічнасці. І нягледзячы на тое, штоБелая вежазяўляецца ці не адзіным беларускім тэатральным фестывалем, які ў складаных эканамічных умовах здолеў сёння не проста выжыць, але захаваць свой унутраны патэнцыял, яму таксама не ўдалося пазбегнуць наступстваў тэорыі цыклічнасці, згодна з якой для нармальнай жыццядзейнасці творчае абнаўленне таго ці іншага тэатральнага калектыву, ідэі мусіць адбывацца прыкладна праз кожныя сем гадоў.
 /i/content/pi/cult/175/1711/Belaya-vezha.jpg

Сцэна са спектакля “Іванаў” Невялікага драматычнага тэатра (Санкт-Пецярбург, Расія).

Першы пераломны этап, які супаў для фестывалю са зменай тысячагоддзяў, паставіў перад ім не проста праблему выжывання, але і вострае пытанне вызначэння ўласнага творчага крэда. Тады шляхам пошукаў, спроб і памылак выкрышталізавалася форма фестывалю-прэзентацыі: “Белая вежасталася той платформай, куды штовосень зязджаліся тэатральныя калектывы з розных краін свету, практычна недаступныя ў нашым будзённым жыцці не толькі для простага беларускага гледача, але нават і для тэатралаў са стажам.
Галоўнай задачай гэткага тэатральнага шматгалосся арганізатары бачылі далучэнне беларускага тэатра (прычым не толькі ўласна брэсцкага, але менавіта беларускага) да тых тэндэнцый і накірункаў, што існуюць у сучаснасці. І натуральна, што на фестывальнай сцэне на працягу не аднаго года зяўляліся калектывы, якія, з аднаго боку, давалі нам уяўленне пра накірункі пошукаў сучасных тэатральных дзеячаў, а з іншагазнаёмілі беларусаў з далёкімі і невядомымі для нас традыцыямі нацыянальных тэатраў свету.

Але сёлетняя, трынаццатая па ліку, “Белая вежа” паказала, што “азнаямляльная” праца фестывалю задаволіла першапачатковы тэатральна-культуралагічны голад. Далейшае ж яе развіццё мусіць дакладна скарэкціравацца і са змяніўшыміся патрэбамі сённяшняга гледача.

Знайсці разумныя суадносіны густоўных, добра “згатаваных” пастановак, якія, акрамя простага знаёмства з калектывам той ці іншай краіны, папоўняць багаж глядацкага вопыту брэстаўчан новымі ўражаннямі, і тэатральных “далікатэсаў” — спектакляў-эксперыментаў, якія, магчыма, будуць цікавыя толькі невялікаму колу прафесіяналаў, — вось тая задача, якая на дадзеным этапе стаіць перад “Белай вежай”.

Бо не сакрэт, што фестывальным арыенцірам з’яўляецца не толькі іміджавая дзейнасць на стварэнне цэнтра фестывальнага руху, але і выхаванне ўласнага гледача, праца на далучэнне яго да тых тэатральных працэсаў, што адбываюцца сёння ў свеце.

На шляху да сінтэзу

Калі ў мінулыя гады “Белая вежа” ўяўляла сабой дзве галіны моцнага дрэва — на пляцоўках гарадскіх тэатраў паралельна ладзіліся лялечная і драматычная праграмы, сёлета з-за таго, што будынак тэатра лялек зачыніўся на рэканструкцыю, фестывальная праграма ўпершыню за час існавання фестывалю злілася ў адно. І хаця лялечная праграма пры гэтым відавочна збяднілася, жанрава-відавое пашырэнне спектакляў-удзельнікаў пашырылася: з’явілася вялікая колькасць музычна-пластычных відовішчаў, пачынаючы ад узораў сучаснай харэаграфіі, пантамімы і завяршаючы класічным балетам — спектаклем “Шчаўкунок” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Зрэшты, гэтае імкненне да сінтэтычнага фестывалю, які аб’яднаў бы пад сваёй эгідай не проста сучасныя тэатральныя пастаноўкі з розных краін свету, але спектаклі самых розных тэатральных спосабаў існавання, “Белая вежа” выяўляла даўно.

Трывала прыжыліся на фестывалі вулічныя пастаноўкі і заваявалі не толькі непадробную глядацкую любоў, але летась і Гран-пры дастаўся “Вішнёваму саду” Львоўскага тэатра “Уваскрашэнне”, які гледачы глядзелі на плошчы Леніна пад адкрытым небам, не зважаючы на праліўны дождж.

 /i/content/pi/cult/175/1711/Belaya-vezha2.jpg

Сцэна са спектакля “Ілля прарок” Тэатро татро
(Нітра, Славакія).

Сёлета ж у фестывальнай праграме такіх пастановак было ажно тры.

Падобная варыятыўнасць форм і дэманстрацыя фестывальнай публіцы таго, што тэатральнае прадстаўленне можа мець самыя нечаканыя формы, не прымусіла доўга чакаць рэзанансу і сёлета. Адным з самых яркіх уражанняў фестывалю стаў спектакль “Ілля прарок” славацкага Тэатра з Нітры, сыграны акцёрамі ў шатры. Чатыры гады таму гэты калектыў ужо наведваў брэсцкі фестываль са спектаклем “Б’янка Брасэлі — жанчына з дзвюма галовамі”, і тое прадстаўленне, сыгранае ў стылістыцысярэднявечнага цыркавога балагана, зазнала такі рэзананс сярод гараджан, што акцёры сыгралі для брэстаўчан яшчэ адзін спектакль па-за праграмай “Белай вежы”.

Сёлетні “Ілля прарок” прадэманстраваў, што, акрамя раскручанай сёння новай драмы з яе маргінальнымі персанажамі, нецэнзурнай лексікай і корпаннем у жыццёвым брудзе, існуе новая драматургія, якая, у адрозненне ад першай, дае акцёрам магчымасць гаварыць з гледачамі на тэмы жорсткія і не заўсёды прывабныя, але — без залішняга фізіялагічнага паталагізму, проста і адкрыта, так, што ад гэтай прастаты, бывае, мурашкі бягуць па скуры. І менавіта гэтай прастаты, а да яе — глядацкага адчування непасрэднай уключанасці ў сцэнічную дзею, як аказалася, мацней за ўсё не хапае сучаснаму тэатральнаму “спажыўцу”. Якраз падобны інтэрактыў прапанавалі нам славацкія акцёры, разыграўшы гісторыю няўдалага распяцця мясцовага святара ў стылістыцы балаганнага прадстаўлення з адкрытымі прыёмамі містэрыяльнага тэатра. Але пры гэтым самым уражальным сталася акцёрская ігра, якая, балансуючы ў прасторы балагана, выявіла каранёвую сутнасць… школы акцёрскага перажывання, што палягае ў аснове сістэмы Станіслаўскага. Без аніякай дэманстрацыі ўласнага прафесійнага майстэрства і ўласных уяўленняў пра сцэнічнае перажыванне, акцёры проста існавалі на пляцоўцы, прыцягваючы да сябе ўвагу нават тады, калі не знаходзіліся ў цэнтры падзей. Так што ўжо да сярэдзіны спектакля сталі для гледачоў блізкімі, амаль што роднымі, і моўны бар’ер знік абсалютна. Таму тайная вячэра ў фінале вакол каструлі духмянага гарохавага супу не толькі “фізічна” адагрэла ўсіх, хто знаходзіўся ў гэты час у шатры, але і з’яднала ў агульным жаданні бываць разам часцей.

Дзялянка маладых Беларускія тэатры на сёлетняй “Белай вежы” як ніколі раней маглі не толькі на іншых паглядзець, але і сябе паказаць: у гэтым годзе айчынных калектываў, заяўленых у конкурснай афішы фестывалю, было больш, чым у мінулыя гады. І гэта, безумоўна, стварыла пэўны інтарэс да іх, даючы магчымасць зірнуць на развіццё беларускага тэатральнага мастацтва скрозь іншую сістэму каардынат.

Адметна, што сёлета арганізатары фестывалю зрабілі стаўку на маладых, запрасіўшы ў Брэст студэнцкі мюзікл “Ах, Галівуд, Галівуд, Галівуд...” Тэатра-студыі Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Тэатр сучаснай харэаграфіі “D.O.Z.SK.I.” з серыяй аднаактовых танцавальных спектакляў, “Па шчупаковым загадзе” Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, у якім заняты цікавыя маладыя акцёры, а таксама “Шчаўкунка” Рэспубліканскага тэатра юнага гледача з Мінска. Ды і брэсцкі спектакль “Злачынства і пакаранне”, якім гаспадары фестывалю адкрылі конкурсную праграму, прадэманстраваў нам шэраг цікавых работ менавіта маладых акцёраў, і ў першую чаргу — Віктара Піскуна, выканаўцы ролі Радзівона Раскольнікава.
 /i/content/pi/cult/175/1711/Bel-vezha2.jpg

Сцэна са спектакля “Паўдзённы падзел” Цэнтра драматургіі і рэжысуры (Масква, Расія).

Безумоўна, параўноўваць гэтыя спектаклі паміж сабой надзвычай складана ды і наўрад ці патрэбна — кожны з іх асвойвае сваю тэатральную “дзялянку”: класіку, народную ці літаратурную казку, мюзікл… Але кожны з гэтых спектакляў па-свойму прадэманстраваў нам яркі маладзёжны патэнцыял, імкненне да таго, каб сучасны айчынны тэатр быў не проста прыгожым, але жывым, дзейсным і цікавым сучаснаму гледачу.
Што возьмем з сабой?
Яшчэ адным нечакана яркім уражаннем фестывалю стаўся прыезд у Брэст тэатральнага калектыву з Венесуэлы. Тумбаранчо тэатр з Каракаса са спектаклем “Што Курт Кабэйн узяў з сабой” брэстаўчане чакалі больш за год: ён быў заяўлены ў фестывальнай праграме яшчэ летась. Тады калектыў так і не змог завітаць у горад над Бугам, але сёлета, дзякуючы таму, што паміж урадамі Беларусі і Венесуэлы існуе пагадненне, якое прадугледжвае супрацоўніцтва і ў культурнай сферы, маладыя творцы з гэтай далёкай краіны пазнаёмілі беларусаў з тым, што ж адбываецца сёння ў тэатральным жыцці Венесуэлы. Спектакль “Што Курт Кабэйн узяў з сабой ?” аказаўся надзвычай цікавым для маладога пакалення гледачоў, адгукнуўшыся ў іх тым шчымлівым пошукам жыццёвых арыенціраў і духоўнага апірышча, якога сучаснаму пакаленню трыццацігадовых так не хапае.
І пасля спектакля на імправізаванай прэс-канферэнцыі з акцёрамі тэатра жывая гутарка выявіла акурат тое, што многія працэсы, якія адбываюцца сёння ў тэатрах Венесуэлы, шмат у чым падобныя да таго, што маем мы на Беларусі. А творчасць сучасных венесуэльскіх драматургаў і, у прыватнасці, аўтаркі прывезенай п’есы — Карын Валекілас, якая, дарэчы, таксама наведала Брэст, выклікала такі інтарэс, што пісьменніца атрымала прапановы аб супрацоўніцтве і пастаноўцы яе твораў у нашых тэатрах. Тым больш, што тэмы, якія закранае яна ў сваіх п’есах, не маюць геаграфічных і палітычных межаў, бо гэта вечныя пытанні: дабра і зла, вайны і міру, душэўных пошукаў чалавека на шляху да гармоніі і палкае жаданне зрабіць мір дабрэйшым, чысцейшым, лепшым, чым ён ёсць.
Жыццё ёсць сон?
Сёлетняя фестывальная праграма выявіла наступны факт: сусветнае тэатральнае мастацтва ўсё настойлівей заяўляе пра сваё жаданне і права размаўляць з людзьмі пра тое, што адбываецца навокал — быць актуальным і сацыяльна актыўным. І, у адрозненне ад пераважнай большасці беларускіх тэатральных пастановак, арыентаваных, у першую чаргу, на задавальненне эстэтычных патрэб публікі, шэраг фестывальных спектакляў прадэманстраваў, што са сцэны можна весці гаворку не толькі пра абстрактныя паняцці, але і пра наша з вамі жыццё-быццё, ускрываючы і агаляючы праблемы сучаснага грамадства.
Кіеўскі акадэмічны Малады тэатр для таго, каб распавесці пра сённяшнюю Украіну, звярнуўся… да творчасці Фрыдрыха Шылера. Спектакль “У маім завяршэнні — пачатак мой” паводле “Марыі Сцюарт” стаўся для тэатра нагодай для размовы пра тое, што ж на самой справе ўяўляе сабой барацьба за ўладу, і ці можа ў гэтай бітве быць пераможца. Смецце з пустых пластыкавых бутэлек, каралева Лізавета, надзвычай падобная знешне да адной з сучасных жанчын-палітыкаў на ўладнай арэне сённяшняй Украіны, усё тая ж палітычная валтузня, якая нават у момант сваёй развязкі (але ці канца?) не прыносіць яе ўдзельнікам ні задавальнення, ні простага заспакаення.
 /i/content/pi/cult/175/1711/Bel-vezha1.jpg

Сцэна са спектакля “Дні Адэля” Тэатральнай кампаніі Псік (Іерусалім, Ізраіль).

Галоўны герой спектакля “Дні Адэля” іерусалімскай Тэатральнай кампаніі Псік — малады мусульманін, які на глебе шызафрэніі ўяўляе сябе… яўрэем. Неверагоднае, няўцямнае для звыклай свядомасці сучаснага жыхара ізраільскіх земляў “перасяленне” ў цела свайго зацятага ворага, настойлівае імкненне апынуцца на яго месцы, адчуць сябе “ў чужой скуры” — тое, да чаго акцёры з Іерусаліма заклікаюць кожнага з нас. Расповеды героя пра сваё жыццё, яго настойлівае імкненне хаця б ва ўласнай душы ссунуць сацыяльныя “палюсы” і зняць той напал, які пануе паміж людзьмі, што адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі веравызнаннем, мусяць успрымацца выключна як трызненне хворага.
Але чым далей мы ідзём за Адэлем, тым больш пэўна разумеем: гэта — адзіны шлях для далейшага жыцця, і толькі прымірэнне здольнае даць душы чалавека мір і спакой.
А ў перадапошні фестывальны дзень на брэсцкую сцэну выйшлі акцёры з Абхазіі, якія прадставілі гледачам свой спектакль “Жыццё ёсць сон” паводле твора Кальдэрона — гісторыю трагічнай немагчымасці “спыніць імгненне” і прывіднасці ці не ўсяго таго, што нас акаляе. Ці ж не паказальна тое, што нават у такі складаны час для свайго краю акцёры Абхазскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Самуіла Чанба менавіта праз тэатр спрабуюць размаўляць з людзьмі пра свет і пра сябе? Пра тое, што хвалюе ці не кожнага чалавека на свеце: неабходнасць захоўваць годнасць і чалавечае аблічча ў любых абставінах.
Дыялог культур
Дык якім жа быць нацыянальнаму мастацтву і, у прыватнасці, тэатру ў эпоху сусветнай глабалізацыі? Як знайсці сваё месца пад сонцам, не адкідваючы цывілізацыйныя здабыткі, але і не забываючыся на ўласныя карані? Акурат пра гэта распавёў спектакль “Улейскія дзяўчыны” Бурацкага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя Хоца Намсараева — яшчэ адна “перліна” сёлетняй “Белай вежы”. На прасторы сцэнічнай пляцоўкі сутыкнуліся разам дзве культуры: сучасная, будзённая, з яе зручным, рацыянальным побытам, і традыцыйная, каранёвая, якая, нягледзячы на сваю “старадаўнасць”, не перастае кіраваць светам і дыктаваць свае правілы, адрозныя ад прыдуманых людзьмі. У знаёмы кожнаму ЗАГСаўскі шлюбны рытуал раптам “укліньваецца” старадаўняя легенда, спрадвечная бурацкая культура сутыкаецца з сучаснасцю і… Спектакль вырашае гэтую праблему выжывання малых народаў і іх культур, не вылучаючы і не супрацьпастаўляючы іх сучаснай цывілізацыі. Павага і пашана да іншых традыцый, да іншага культурна-эстэтычнага досведу — вось тое, што, мусіць, і ўратуе чалавецтва.
Пасля бурацкага спектакля з асабліва шчымлівай горыччу падумалася, што часам нашмат прасцей паразумецца з прадстаўнікамі іншай культуры, чым з людзьмі, якія жывуць побач з табою. Але ж, між тым, нельга адмаўляць: само жаданне быць разам, узірацца ў вочы сваіх калег і сяброў, — гэта ўжо палова перамогі перад глабалістычнай прагай рацыяналізацыі і уніфікацыі ўсяго жывога. І гэтую пачэсную місію нясе сёння Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”.

Таццяна КОМАНАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Брэст — Мінск

Фота аўтара