Таямніцы Манюшкаў

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Частка VI.
Пуцявіны жыцця даволі непрадказальныя, і лёс Манюшкі — таму сведчанне. Калі ягонае з’яўленне ў Вільні можна вытлумачыць самім фактам нараджэння на беларускіх землях, дык з’ехаць на пару гадоў вучыцца ў Берлін, як мы ўжо пісалі раней, яго прымусіла знаёмства з будучай жонкай Аляксандрай Мюлер — а дакладней, яе патрабавальнымі бацькамі. І таму можна сказаць, што варшавянін Караль Штурм не толькі быў гэткім “злобным геніем” нашага земляка, але аказаў на Станіслава Манюшку і станоўчае ўздзеянне. Бо наяўнасць ворага-зайздросніка, патаемнага ці адкрытага, прымушае творцу быць у баявым тонусе. Хоць, вядома, гэта каштуе і нерваў, і здароў’я, а часам і жыцця. Таму мне не зусім зразумела, чаму асоба Штурма не заслужыла на асобны раздзел у “манюшказнаўстве”. Тым больш, ён быў далёка не “шараговым выкладчыкам музыкі ў Вільні”, як яго часам падаюць у адпаведнай літаратуры.

На разагрэве ў Ліста

Хоць звестак пра “варшаўскі перыяд” (1817 — 1846 гг.) Караля Штурма вельмі мала, тым не менш, сёе-тое знайсці ўдалося. Раней я ўжо распісаў ягоны радавод і згадаў, што яго брат і жонка брата былі тэатральнымі акцёрамі добрага ўзроўню. Не выключана, што сваяцкае і сяброўскае варшаўскае кола Штурма было досыць патрыятычным, бо сястра Караля Апалонія-Юльяна стала жонкай афіцэра-паўстанца (1830 — 1831 гады) Юльяна Мазаракі. Які, праўда, потым “аднавіў прысягу цару”.

Дзе вучыўся музыцы Караль, не маем нават уяўлення. А вось ягоны брат-тэатрал Ігнат-Юзаф скончыў варшаўскую драматычную школу. Адна з першых, ускосных, згадак Штурма прыпадае на 1843 год, калі ў Варшаву завітаў з намерам даць некалькі канцэртаў сам Ферэнц Ліст. Імя гэтага піяніста, патрыёта паняволенай Венгрыі грымела па ўсім свеце. І таму натоўпы аматараў музыкі чатыры разы запаўнялі канцэртныя пляцоўкі Варшавы. Іграў Ліст і на мерапрыемстве, мэтай якога быў збор грошай для беднякоў.

А пакуль сам маэстра адпачываў з дарогі, на імпрэзе ў канцэртнай зале палаца Паца і выступіў нейкі Штурм, які віртуозна выканаў транскрыпцыю Ліста на тэмы з папулярнай оперы “Роберт Д’ябал” Джакома Маербера. Я так няпэўна кажу, бо ў гэты самы час у Варшаве жыў іншы Штурм — Адам (1800? — 1872), і быў ён даволі вядомым музыкантам, кампазітарам, дырэктарам аркестра, але, нібыта, скрыпачом. І паходжання яўрэйскага. Тады іх прозвішчы пісаліся аднолькава: STURM. А вось пасля перасялення Караля ў Вільню ён стаў SZTURM. Не ведаючы гэтай розніцы, не так шмат знойдзеш пра і без таго таямнічае мінулае Караля.

Другая згадка, больш дакладная, і тычыцца яна менавіта Караля Штурма. Як пісала польская даследчыца Яніна Сіўкоўска, аднойчы ў новапабудаваным Вялікім тэатры адбыўся вечар “пры саўдзеле пана Караля Штурма, піяніста, які выклікаў захапленне выкананнем “Вялікага храматычнага галопа” Ліста…” Гэта можа быць сведчаннем высокага ўзроўню выканальніцкага майстэрства — як казалі ў тыя часы крытыкі, “яго Храматычны галоп такі шалёны, такі складаны” .

Зразумела, што для Штурма, які першую палову жыцця правёў у Варшаве, Нікола Паганіні, Фрэдэрык Шапэн, Ферэнц Ліст былі не проста імёнамі з перыядычнага друку. Славутага скрыпача ён мог бачыць у 1829 годзе, калі той наведаў Варшаву. Зрэшты, яго мелі гонар чуць жыўцом і Чэслаў Манюшка з малым Стасем, якія акурат у гэты час былі ў тым горадзе. У альбоме малюнкаў Манюшкі-старэйшага нават з’явіўся малюнак Паганіні. На гэтых канцэртах бываў і Шапэн, які толькі вярнуўся з Вены — ён адгукнуўся пра маэстра так: “Сама дасканаласць!” Паганіні, у сваю чаргу, зафіксаваў яго прозвішча ў сваім нататніку. Дарэчы, Паганіні быў у захапленні і ад будучай цешчы Адама Міцкевіча — Марыі Шыманоўскай. На памяць у яе альбоме ён пакінуў такія радкі: “У знак прызнання боскага таленту спадарыні Шыманоўскай”.

Але шукальнік прыгодаў Штурм кідае “вось гэта ўсё” і перабіраецца ў нашу Вільню, каб упісаць сваё імя чорнай фарбай у гісторыю жыцця Станіслава Манюшкі.

Пачаткі “працоўнай дзейнасці”

Узімку 1847-га, праз паўгады суіснавання ў Вільні Манюшкі і Штурма, наш зямляк тройчы пракляў той дзень, калі ў польскай сталіцы нехта пазнаёміў яго са “спадаром з Варшавы”. У чым жа справа?

Як пісаў вядомы манюшказнаўца Вітальд Рудзінскі, пачаліся іх адносіны з супрацоўніцтва. Штурм павінен быў шукаць для Манюшкі вучняў. Але, замест гэтага заняўся цалкам супрацьлеглым. Сітуацыя бязлітаснай канкурэнцыі ўскладнялася тым, што Манюшка быў творцам, які марыў пра самарэалізацыю, займаючыся кампазітарскай дзейнасцю. Але каб жыць, мусіў зарабляць — ціснуць на педалі аргана, і за “1 рубель або 10 злотых у гадзіну, як пашанцуе” вучыць віленска-падвіленскіх паненак і панічоў музыцы. Апошняе і складала галоўны артыкул даходаў сям’і. А яна год ад года прыбывала.

Да ўсяго, справы роду Манюшкаў на Міншчыне ішлі абыяк. Быў бы жывы дзед Станіслаў, вайсковы суддзя, які на розных афёрах зарабіў больш як мільён злотых — усё было б выдатна. Але ён памёр у далёкім 1807 годзе. А яго сыны — годныя, між іншым, людзі — не маючы такога спрыту і марачы аб удасканаленні Сусвету, паступова прывялі зямныя справы ў заняпад.

Таму жыццё кампазітара Станіслава Манюшкі нагадвала заўчасныя пакуты ў пекле з карціны Ераніма Босха. Хоць зразумела, што вялікім грэшнікам Манюшка не быў і быць не мог. Каб грашыць, у яго проста не ставала вольнага часу.

Праўда, пакуты тыя перамяжоўваліся з прыемнымі момантамі. Цешылі дзеткі, кахала яго ўсім сэрцам жонка. Па ўласным прызнанні, яна “як ліцьвінка” гатовая была змагацца за свайго мужа з усім варожым светам. У творчасці таксама ўсё ішло належным чынам. Слава паціху прырастала. Манюшку шанавалі і любілі і сябры, і вучні. Сярод калегаў — што на Радзіме, што ў Польшчы, што ў Расіі — ён карыстаўся вялікай пашанай.

“Свае” столькі не каштуюць

/i/content/pi/cult/795/17109/021.JPGА Штурм? А Штурм даваў урокі музыкі як прафесійны выкладчык. Зорак з неба не хапаў, думаў, як добры рамеснік, толькі пра грошы. Так, ёсць згадкі пра нейкія “галопы і мазуркі”, якія ён нібыта напісаў, жывучы ў Вільні, але следу іх пакуль ніхто не знайшоў. Дзяцей у сям’і Штурмаў не было.

Так, Караль Штурм, мяркуючы па ўсім, быў даволі добрым музыкантам. Адна з апошніх згадак аб ім у СМІ таго часу — у артыкуле Ежы Ляскарыса ў “Teka Wilenska” (4/1858) — на 1857 год яго называюць першым з нешматлікіх выбітных віленскіх выканаўцаў — “...паміж якімі панове, што заслужыл на ўдзячнасць многіх сем’яў: Штурм, Ляўковіч, Міцкевіч (нядаўна памерлы), Навіцкі, Слабадзінскі і іншыя”. Без перабольшвання магу сказаць, што такая характарыстыка Штурма ў нечым рэабілітуе. Праўда, і перахвальваць яго не варта.

“На камяні, які коціцца, мох не вырасце” — так, падаецца, гучыць вядомая прымаўка. У пэўным сэнсе, тычыцца яна і Манюшкі. Бо шукаючы для сваіх твораў і для сябе лепшых умоваў, кампазітар паміж 1842 і 1858 гадамі вымушаны быў чытыры разы здзяйсняць шматмесячныя ваяжы ў Варшаву і Пецярбург, не кажучы ўжо пра малую радзіму, Меншчыну! Вядома, кожны такі выезд меў пэўную мэту. І плён быў. Але не заўсёды такі, які ад яго чакаў кампазітар.

Надзвычай спрытна выкарыстоўваў гэты час Штурм. Пакуль Манюшка стала прысутнічаў у Вільні, ён меў вучняў. А як толькі ён ад’язджаў, Штурм апраўдваў сваё прозвішча, захопліваючы жыццёвую прастору Манюшкі.

Вярнуўшыся ў 1849 годзе з Пецярбурга, кампазітар убачыў, што статак ягоных вучняў цяпер пасецца на падворку ўвішнага прыбыша-варшавяніна. Ад’езд Манюшкі той выкарыстоўваў, каб распускаць чуткі, нібы Станіслаў з’ехаў назаўжды, бо нічога не змог тут дабіцца

Цяжка давалася стварэнне новай кліентуры. Прыводзілі ў скруху і вучні, асабліва паненкі, якія займаліся музыкай так, як быццам пасля завяршэння курса больш ніколі да фартэпіяна не падыйдуць. Але была цэлая абойма тых, хто з цеплынёй узгадваў свайго выкладчыка. Сярод іх даволі вядомыя ў будучыні асобы — Людвіг Навіцкі, граф Ян Тышкевіч, Вільгельм Грабоўскі, Раймунд Манчынскі, Вінцэнт Слядзінскі, француз Цэрар Кюі, Міхал Цехановіч, які пасля Манюшкі стаў арганістам у касцёле святога Яна і многія іншыя.

Гісторыя пакінула нам імя і аднаго вучня Караля Штурма. Дакладней, вучаніцы, Юстыны Махвічоўны (1849 — 1908), якая пазней стала вядомай опернай спявачкай.

На завяршэнне гэтай часткі хочацца ўзгадаць адзін эпізод з вайны канкурэнтаў. Яго прывёў у біяграфіі Манюшкі Аляксандр Валіцкі, прычым ад першай асобы: “Прыгадваю сабе, як у 1848 годзе спадарыня Б., заможная землеўласніца, якая дзеля выхавання двух сыноў пасялілася ў Вільні, прасіла ў мяне парады: каго можна наняць для старэйшага сына, каб вучыць музыцы; ён ужо даволі добра музіцыраваў. Я параіў Манюшку.

— Дык няхай спадар будзе такі ласкавы і прызначыць яму сустрэчу са мной. А колькі ён бярэ за гадзіну? — спыталася.

— Па дзесяць злотых — адказаў я.

— Як так можа быць! Гэта ж дорага! Бо вунь нават сам спадар Штурм бярэ гэткую ж цану.” (пераклад К.і Я. Янушкевічаў — заўв. З.Ю.)

Як мы бачым, рэклама ў “сталічнага госця” была пастаўлена добра. І не паспеўшы атабарыцца ў Вільні, “варшавяк” пачаў зарабляць неблагія грошы. Свайго ж, мясцовага, а ў дадатак яшчэ і “арганіста”, месцічы наймаць за такі ганарар лічылі за “перабольшванне”.

У наступнай частцы чакайце развязкі. Гісторыя, што пачалася як камедыя, ледзь не завяршылася самай сапраўднай трагедыяй. І, што самае прыкрае для нас, менавіта праз гэта Манюшка назаўсёды з’ехаў у Польшчу...

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар