“Мудрагеліста тасуецца калода...

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
18 мая 1778 года Сямён Зорыч быў выкліканы ў Зімовы палац на аўдыенцыю да імператрыцы. Толькі ўчора яна прыбыла са сваёй летняй рэзідэнцыі ў Царскім Сяле, дзе пару тыдняў цешылася маладому вясноваму сонейку. Асабісты пакой Яе Вялікасці быў абстаўлены даволі сціпла: просценькія кітайскія шпалеры, карціны італьянскіх мастакоў, шмат кніг. Зорыч ужо здагадваўся, што бачыць яго ў апошні раз.

/i/content/pi/cult/795/17108/019.JPGАдстаўка

Канец сваёй імклівай кар’еры ён прадчуваў. “Я разумею, што вылечу адсюль, але бачыць Бог, адлупцую таго, хто зойме маё месца”, — абяцаў ён напярэдадні новаму амбасадару Англіі Джэймсу Ховарду Харысу. Эпатажныя паводзіны гусара ў апошнія тры — чатыры месяцы яго знаходжання ў “залатой клетцы” фаварыта, пастаянная прага адрэналіну, гулянкі і карты, канфлікты з “таемным мужам” імператрыцы Рыгорам Пацёмкіным — усё гэта рана ці позна павінна было кепска скончыцца.

“Матухна” і так доўга трывала, хвалюючыся, што Зорыч утворыць “нешта гэткае”, кінуўшы цень на яе рэпутацыю імператрыцы і жанчыны. Нездарма зласліўцы называлі гэтага гусара чалавекам “малаадукаваным”, “пустым, ветраным фатам”. Праўда, іншыя — асабліва жанчыны — характарызавалі яго іначай: “Адоніс”, “незвычайны храбрэц”, “пісаны прыгажун”, “вочы прыгожыя, а манеры вытанчаныя”...

Што тут казаць, пры двары Кацярыны II Зорыч сапраўды атрымаў, так бы мовіць, ключы ад усіх дзвярэй. У 32 гады стаць генерал-маёрам — прычым абмінуўшы чын брыгадзіра — гэта вам не жартачкі! Сама Кацярына бачыла ў “Сёму” (так яна яго ласкава называла) “цудоўную галаву” і цаніла тое, што іншыя не заўважалі: непадробную адданасць ёй (якую ён захавае да канца яе жыцця), а магчыма, і шчырае каханне да яе проста як да жанчыны. Плюс абсалютнае няўменне плесці інтрыгі, кагосьці сутыкаць ілбамі, хлусіць і здраджваць — а гэтыя якасці былі вельмі характэрнымі для тагачаснага бамонду. Ну а што да картачнай гульні — дык ёй тады ўсе захапляліся, у тым ліку і сама імператрыца. Хаця Зорыч тут яўна меў перагіны...

Размова з Кацярынай была нядоўгай. Сямён Гаўрылавіч даведаўся, што ўказ аб яго адстаўцы ўжо падпісаны. Але хвалявацца сур’ёзных падстаў не было: “матухна” падсалодзіла пігулку, падараваўшы яму за былыя ваенныя заслугі беларускі горад Шклоў. Шэсць гадоў таму ён адышоў да Расійскай імперыі ў выніку Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, імператрыца не пашкадавала свайму былому каханку i шмат іншых “знакаў літасці”, уключаючы алмазную табакерку, пояс, абсыпаны дыяментамі, буйную суму грошай і сотні прыгонных душ.

Вось так, нечакана-неспадзявана, бедны гусар стаў абшарнікам-арыстакратам! Што яшчэ трэба для поўнага шчасця 33-гадоваму генералу? Але і гэтага багацця Зорычу падалося мала! Карыстаючыся нагодай, ён спрабаваў выклапатаць у “матухны” нейкія іншыя бонусы. Тая мякка адмовіла. А праз пару месяцаў паведаміла ў лісце Пацёмкіну, што затаіла на Зорыча крыўду, бо той спрабаваў з ёй гандлявацца. “Хай бы нічога яму не дала, дык і прэтэнзіі б не было, а падоранаму каню ў зубы не глядзяць...” — абуралася Кацярына.

“Я гатовы, матухна!”

/i/content/pi/cult/795/17108/020.JPGІ ўсё ж, аўдыенцыя скончылася для Зорыча нечакана. Перад тым як выправіць былога фаварыта ў беларускую глыбінку, Кацярына даручыла яму справу дзяржаўнай важнасці. “Я гатовы, матухна!” — цвёрда прамовіў Зорыч. Камандзіроўка для яго была вельмі дарэчы: гэта давала магчымасць на час забыцца пра сваё фіяска і адцягнуць ад’езд у незнаёмы правінцыйны Шклоў.

“Матухна” даручыла даставіць важны дакумент свайму стрыечнаму брату — імператару Швецыі Густаву III. На той час адносіны паміж імі зусім разладзіліся. Брацік пачаў рыхтавацца да вайны, пагражаючы захапіць Карэлію і частку Фінляндыі, а калі атрымаецца, і сам Пецярбург.

Крыніц, якія апісваюць падарожжа Зорыча ў Швецыю, я не знайшоў. Вядома толькі, што ён і расійскі пасол Іван Сімолін сустрэліся з Густавам III у каралеўскім замку Дротнінгхольм ля Стакгольма. Пра ход перамоваў мне таксама невядома. Хіба паведамлю, што нягледзячы на ўсе намаганні Кацярыны, у жніўні 1788 года Густаў III вайну з Расіяй усё ж пачаў.

Пра тое, дзе Зорыч правёў наступныя месяцы, звестак няма. Магчыма, з дазволу “матухны” заставаўся ў Стакгольме, аглядаючы мясцовыя турадметнасці і займаючыся разведвальнай дзейнасцю, як тады гэта было прынята. Магчыма, наведаў Данію — тагачасную саюзніцу Расіі — а потым Берлін і Варшаву. І там цалкам мог недзе перастрэцца з былым уладальнікам Шклоўскага графства Адамам Казімірам Чартарыйскім. Князь катэгарычна не прыняў расійскую акупацыю ўсходніх беларускіх земляў — і праз гэта пацярпеў.

Чаму б не дапусціць, што насуперак усяму яны здолелі паразумецца — ведаючы шырокую камунікабельнасць ды авантурную натуру Сямёна Гаўрылавіча? Зорыч мог бы пацікавіцца ў Чартарыйскага, чым адметны гарадок Шклоў, і наколькі ён падыходзіць для жыцця адстаўнога фаварыта.

Ці сустракаўся з імператрыцай Зорыч пасля вяртання з-за мяжы? Такіх звестак я не знайшоў. Па логіцы рэчаў, ён павінен быў зрабіць ёй справаздачу пра стакгольмскую камандзіроўку. Але, магчыма, “матухна” яго бачыць не пажадала. Балазе, “Сёму” замяніў новы малады фаварыт — прапаршчык лейб-гвардыі Праабражэнскага палка Іван Рымскі-Корсакаў.

Насуперак абяцанню, гусар яго так і не адлупцаваў. І сапраўды — у чым віна гэтага юнака? Да таго ж, ягоны фаварыцкі лёс таксама апынуўся кароткім: праз які год ён здрадзіў сваёй дабрадзейніцы з яе фрэйлінай і сяброўкай графіняй Праскоўяй Брус. Наступствам было вокамгненнае выдаленне гвардзейца з алькова “матухны”.

Доўгая дарога ў Шклоў

У сярэдзіне жніўня 1778 года Сямён Зорыч выправіўся ў доўгі шлях з Пецярбурга ў Шклоў. Ехаў ён з камфортам і пашанай — у вялікай зашклёнай спальнай карэце-дармезе на рэсорах, запрэжанай цугам шасцёркай коней, з вазніцам-фарэйтарам, які сядзеў верхам на правым пярэднім кані, і двума выязнымі гайдукамі на запятках — спецыяльнай падножцы ззаду кузава. Вёз нямала багажу на даху і ў задняй частцы карэты. Да ўсяго, Зорыча суправаджалі некалькі гвардзейцаў-гусар, з дазволу Кацярыны выдзеленых са складу ўласнага канвою Яе Вялікасці. Сямён Гаўрылавіч, згодна з традыцыямі свайго Ахтырскага гусарскага палка, апрануў іх паводле ўласнага разумення — у каляровыя аднабортныя курткі-даламаны (па тыпу венгерак) з мянцікамі, накінутымі на левае плячо, чачкіры-рэйтузы і футраныя шапкі з султанам. Сам жа ён быў у мундзіры афіцэра лейб-гусарскага эскадрона. Яго стройную высокую постаць упрыгожвалі шабля са сталёвым эфесам у чорных похвах, зялёны менцік з галунамі, собалевая шапка з чырвоным верхам і чырвоныя ж суконныя штаны. За год знаходжання пры двары імператрыцы Зорыч выдатна навучыўся заўсёды і ўсюды быць у форме. Нават у запале картачнай гульні ён ніколі не дазваляў сабе расслабіцца і, напрыклад, скінуць з сябе любімы светла-сіні каптан з чорнымі аксамітнымі адваротамі і абшлагамі.

Шлях у Шклоў быў няблізкі — амаль 760 вёрст. Ехалі з раніцы да вечара з дзвюхгадзінным прыпынкам на абед. Часам даводзілася пераадольваць невыносную гразь і з цяжкасцю ўручную выцягваючы карэту, ісці пешшу, каб спыніцца ў найбліжэйшым горадзе на начлег у карчме. У Віцебску за адпаведную плату замянілі стомленых коней на свежых.

Апошні прыпынак — станцыя Стараселле, адтуль да Шклова рукой падаць, усяго 18 вёрст. На ўездзе ў горад кавалькаду сустракалі загадзя папярэджаныя дэпешай з Пецярбурга капітан-спраўнік ды іншыя прадстаўнікі новай расійскай адміністрацыі, каталіцкія святары і адзін праваслаўны, а таксама рабіны з ешыботу.

Зорыч яшчэ не ведаў, што ў Шклове пражывае амаль дзве тысячы габрэяў — амаль палова ад усяго насельніцтва горада. Але ўжо неўзабаве асабістым фінансістам у яго стане Натан-Нота бен Хаім, вядомы рускай публіцы як Нота Хаімавіч Ноткін — адзін з найбуйнейшых ліхвяроў і камерсантаў таго часу.

Праз гадзіну пасля з’яўлення ў горадзе Зорыч са сваёй камандай ужо адпачываў у пакоях палаца, які праз клопаты Кацярыны за мінулыя месяцы паспелі прывесці да ладу для новага гаспадара.

Замак у Шклове пабудавалі браты Ян і Геранім Хадкевічы яшчэ ў 60-я гады XVI стагоддзя. Пазней на яго месцы з’явіўся невялікі, але раскошны палац: прыгожы каменны фасад, багата ўпрыгожаная бальная зала, гасцёўня з шырокімі канапамі, зала для прыёмаў з высокімі шклянымі дзвярыма і маляўнічы фруктовы сад. Спадабаўся Зорычу і напаўзакінуты флігель — з яго, як адразу адзначыў Сямён Гаўрылавіч, пасля касметычнага рамонту можа атрымацца толк.

А ўжо на наступны дзень наваяўлены гаспадар шклоўскага маёнтка прыступіў да справаў. Цяжка сказаць, адкуль у Зорыча — чалавека, які з дзяцінства і ўсё жыццё быў вайскоўцам — раптам з’явіліся невядомыя раней выбітныя таленты арганізатара, мецэната, будаўніка-прараба… Урэшце, аўтара выдатных культурных і адукацыйных праектаў, здатных перамяніць правінцыйны гарадок Шклоў. Дарэчы, царскія ўлады перавялі яго ў статус мястэчка, пазбавіўшы магдэбургскага права. Зрэшты, атрыманае яно было толькі ў 1762 годзе (праўда, некаторыя гісторыкі цвердзяць, што насамрэч гэта было значна раней).

Пры Рэчы Паспалітай Шклоў быў даволі бойкім месцам. Некалькі разоў на год там праходзілі шумныя кірмашы, куды наязджалі купцы з розных краёў. За царом жыццё горада пацішэла. Выкупіўшы (ці адабраўшы?) Шклоў у мінулага гаспадара Чартарыйскага, Кацярына тут жа падаравала яго “свайму чалавеку”. Ёсць версія, што першым новым яго ўласнікам стаў сам Пацёмкін - у студзені 1773-га г. Аднак князь затрымаўся там ненадоўга. Паспеўшы закласці на беразе Дняпра гадзіннікавы завод, назаўжды пакінуў горад і перабраўся ў свой новы маёнтак у Крычаве.

Як мы бачым, імператрыца праводзіла планамерную палітыку насаджэння на акупаваных землях расійскага землеўладання, і таму шляхецкія маёнткі ВКЛ перадаваліся направа і налева ва ўласнасць царскім набліжаным. Аднак часам гэта ішло на карысць…

Цікава, ці ведаў Зорыч пра багатую гісторыю таго края? Але пра яе - ужо наступным разам.

Барыс КРЭПАК