Абавязковае ўпрыгожванне шляхецкага касцюма

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

У зборах музея “Замкавы комплекс “Мір” знаходзіцца адна з самых вялікіх і разнастайных калекцый гузікаў XVII — XIX стагоддзяў. Іх налічваееца больш за дзве сотні. У свой час залатыя, срэбраныя, пазалочаныя гузы (так называлі большыя па памерах) і гузікі з’яўляліся абавязковым упрыгожваннем адзення магнатаў, шляхты і багатых гараджан. Іх колькасць, форма і дэкаратыўнае аздабленне сведчылі нават аб сацыяльным становішчы ўладальніка.

/i/content/pi/cult/795/17107/018.JPGДля вытворчасці гузікаў выкарыстоўвалі метал: золата, срэбра ці волава; каштоўныя камяні, каралы, слановую косць, шкло. Дадаткова іх маглі аздабляць разьбой, гравіроўкай у выглядзе раслінна-геаметрычных матываў ці пакрываць каляровай эмаллю. Але ж адным з асноўных элементаў з’ўляліся змешчаныя на яго версе жэмчуг, шкельца або каляровы камень. Напрыклад, адзін з уладальнікаў Мірскага замка Караль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку даволі часта апранаў адзенне, якое зашпільвалася на гузікі з рубінамі.

Часцей за ўсё гузікі выраблялі камплектамі, часам нават у двух: да кунтуша (большыя) і асобна да жупана (меншыя). Як вядома, кунтуш — гэта верхняе наплечнае адзенне з адкіднымі рукавамі. Спераду да таліі ён зашпільваўся на каштоўныя гузы і гузікі. Шляхта насіла кунтуш разам з жупаном, які звычайна зашпільвалі на рад шчыльна пасаджаных адзін да аднаго дробных гузікаў ад каўняра да лініі таліі. Вядомы мемуарыст Анджэй Кітовіч адзначаў, што ў ХVIII стагоддзі заможная шляхта “ў будні дзень насіла суконныя пунсовые жупаны, да якіх пад шыяй прышываліся маленькія срэбраныя або пазалочаныя гузічкі з дробнымі рубінамі. Насілі таксама суконныя кунтушы з шасціма вялікімі гузамі ў форме пладоў глогу - велічынёй з арэх”. Як ужо зразумела, гузікі былі вельмі разнастайныя як па памерах, так і па форме. Сярод іх, напрыклад, у зборах Мірскага замка сустракаюцца грушападобныя, у форме шара, жолуда ці шышкі.

Гузікі заставаліся каштоўнымі прадметамі і ў XIX стагоддзі. Пацверджаннем гэтаму служаць архіўныя дакументы, у якіх адзначаецца іх наяўнасць. Так, у спісе рэчаў, якія належалі 14-гадоваму князю Дамініку Гераніму Радзівілу ўзгадваюцца: “Фрак шэра-блакітнага колеру са срэбраным адценнем з гузікамі белымі”, а таксама “Сюртук з вялікімі гузікамі”.

Такім чынам гузікі і сёння маюць гістарычную і культурную каштоўнасць. Гэта цікавыя прадметы і з пункту гледжання калекцыянавання. А лепшыя з іх можна пабачыць у сталай экспазіцыі музея.

Вераніка КРАСОЎСКАЯ, малодшы навуковы супрацоўнік музея
“Замкавы комплекс “Мір”