Што такое ярнбомбінг?

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Адзін дзень з жыцця Залескага Дома рамёстваў
Унікальнае месца з асаблівай атмасферай. Пераступаеш парог раённага Дома рамёстваў, што ў Залессі, на Смаргоншчыне, — і адразу трапляеш у свет, дзе ціха і спакойна. І гэта нядзіўна: музы не церпяць мітусні, прыгажосць не ствараецца з наскоку. Спачатку яна перажываецца ў душы, а пасля нараджаецца ў руках.

/i/content/pi/cult/795/17105/015.JPGДарэчы, памяшканне Дома рамёстваў было пабудавана напачатку ХХ стагоддзя. Да вайны ў ім жыў фармацэўт і аптэкар па прозвішчы Блусь. У савецкі час тут размяшчаўся дзіцячы садок, пасля — бібліятэка. На працягу апошніх 15 гадоў — Дом рамёстваў.

Знешні выгляд памяшкання адразу прыцягвае ўвагу тых, хто ўпершыню ў Залессі. А калі трапляеш унутр — здаецца, час спыняецца…

Адзіны хлопец…

Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна Зяновіч праводзіць невялікую экскурсію. На этнаграфічнай экспазіцыі “Адкуль нашы карані” — унікальныя старадаўнія рэчы, сабраныя не толькі па Смаргоншчыне, але і па іншых кутках Беларусі. Вышываныя набожнікі, тканыя дываны, вышываныя ручнікі і абрусы, адзенне, ходнікі, разнастайныя прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі… Побач — ткацкі станок, праўда, выглядае па-сучаснаму - не “ад бабуль”, стылізаваны, на якім майстрыхі Дома рамёстваў ткуць паясы і ручнікі. “Наш хлопец” — не, нават не з гумарам, а неяк ганарова называюць станок між сабой майстрыхі.

Таццяна Зяновіч вядзе гурток “Вытокі” (па ткацтве паясоў), Ніна Кянько — гурток “Кросенцы”, які наведваюць нават хлопчыкі. Спачатку, пакуль не было кроснаў, тут ткалі паясы на рамках. У марах загадчыцы Дома рамёстваў — прыдбаць настольныя станочкі, мабільныя. Таццяна Вікенцьеўна кіруе таксама аматарскім аб’яднаннем “Спадчына”, ладзіць сустрэчы з творчымі людзьмі Смаргоншчыны, якія праводзяць майстар-класы па розных відах народнай творчасці.

Галоўнакамандуючая арміі дамавікоў

Майстрыха Ніна Кянько асвоіла не толькі бранае ткацтва. За восем гадоў работы ў Доме рамёстваў чаго толькі не “натварыла”. Яна вяжа кручком вельмі цікавыя рэчы, напрыклад, дамскія штучкі: парасоны ад сонца, вееры, капялюшыкі. Аздабляе карункамі ручнікі і абрусы. Стварае розныя дзіцячыя цацкі. Я вельмі здзівілася, калі сярод іх багатай разнастайнасці знайшла бразготкі для малых. Вялікім попытам у турыстаў карыстаецца яе аўтарская работа “Смаргонскі мядзведзь” (з абаранкамі на шыі, з бубнам ці дудачкай у руках). Цяпер на абласны конкурс “Гарадзенскі сувенір” майстрыха рыхтуе свайго самага лепшага “Мішку”. Работы Ніны Кянько карыстаюцца попытам не толькі ў беларускіх модніц. Расія, Германія, ЗША, Ізраіль — і гэта далёка не ўвесь пералік краін, куды паехалі яе рукатворныя шэдэўры.

За плячыма ў Марыі Зянкевіч (майстра па вязанні) трыццаць гадоў работы з дзецьмі: яна была выхавацелем і настаўніцай. “Вязаць люблю неймаверна. “Абвязваю” ўсю сям’ю. На ніткі грошы ніколі не шкадую. Усё жыццё гэты занятак быў хобі, а цяпер ператварыўся ў работу. Раней на творчасць часу не хапала, а цяпер — атрымліваю задавальненне”, — усміхаецца Марыя Віктараўна. На гурток па вязанні да майстрыхі з задавальненнем ходзяць вучні Залескай школы, пачынаючы ад другога класа.

Марыя Віктараўна займаецца і ярнбомбінгам (вязанае графіці — малады накірунак у вулічным мастацтве). Вакол Дома рамёстваў аздобіла агароджу і дрэва, на чарзе — калодзеж.

/i/content/pi/cult/795/17105/016.JPGА яшчэ Марыя Зянкевіч… не, не гуляе ў лялькі, а стварае іх. Лялькі-мотанкі, з рознымі травянымі напаўняльнікамі, лялькі на заварнік, тэкстыльныя лялькі… “Дамавікі Кузькі”, зробленыя на аснове мешкавіны і аздобленыя саломкай, таксама прыцягваюць увагу пакупнікоў. “Калі рабіла, думала, людзі не надта браць будуць. Памылялася. Куплялі актыўна. Цяпер у мяне цэлая армія “дамавічкоў”, — зазначае “галоўнакамандуючая”.

Здавалася б, простая салома…

Метадыст Дома рамёстваў Наталля Логач саломапляценню прысвяціла ледзь не палову свайго жыцця. Гэта адзін з самых старажытных відаў народнага мастацтва. З саломкі выраблялі рэчы, якія выкарыстоўваліся як у гаспадарчых мэтах, так і ў абрадава-рытуальных. З цягам часу на першы план выйшла дэкаратыўнае прызначэнне саломкі: для аздаблення інтэр’ера ці як пераканаўчага сувеніра з беларускай зямлі.

Сучасныя майстры па саломапляценні ствараюць высокамастацкія творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю. Наталля Віктараўна дэманструе свае работы: шкатулкі, лялькі, вяночак — а я не стрымліваю захаплення ад фантазіі і майстэрства жанчыны. Яе работы былі не раз адзначаны на конкурсах “Беларуская лялька”, “Беларускі сувенір” і іншых. На заняткі да Наталлі Логач прыязджаюць нават людзі з райцэнтра. Нікому не адмаўляе, усіх запрашае.

Энергетыка, якая сілкуе

Не хацелася з’язджаць з Залесся. Хацелася затрымацца ў часе. Каб яшчэ больш падсілкавацца “народнай энергетыкай”, адчуць прыліў сіл і бадзёрасці. А хто яшчэ не быў у раённым Доме рамёстваў, раю туды з’ездзіць, пазнаёміцца з людзьмі, якія ашчадна захоўваюць народныя традыцыі і перадаюць іх наступным пакаленням.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

Фота аўтара