“Дзеці Чарнобыля” — усе мы?

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Падарожжа па фотакнізе “Больш, чым Я”
Мне не хацелася б, каб гэтую фотакнігу ўспрымалі выключна як пра чарнобыльскіх дзяцей. Бо яна — амаль пра кожнага з нас, хто аднойчы сутыкнуўся са светам, нашмат большым за наваколле. Тым не менш, у аснове фотавыдання “Больш, чым Я” фатографа і фотакрытыка Вольгі Бубіч — рэальныя гісторыі дзяцей з забруджаных радыяцыяй тэрыторый. У 1990 - 2000-я гады ў рамках адмысловых праграм хлопчыкі і дзяўчынкі з пацярпелых рэгіёнаў атрымалі магчымасць выехаць на аздараўленне за мяжу. Вольга Бубіч, будучы валанцёркай адной з падобных праграм, суправаджала групы чарнобыльскіх дзяцей у Італію, Бельгію, Галандыю і Канаду, і на ўласныя вочы бачыла, як яны раслі і змяняліся, адпачываючы за мяжой на працягу многіх гадоў. У сваёй фотакнізе аўтарка зафіксавала тыя назіранні, выкарыстоўваючы самыя розныя сродкі. І як чытач гэтага фотаальбома магу сказаць толькі наступнае: больш чалавечнага і далікатнага, але, разам з тым, канцэптуальнага, візуальнага выказвання пра сталенне мне не даводзілася бачыць.

/i/content/pi/cult/795/17100/090.jpg

Вокладка фотакнігі аздоблена картамі

Першая наша сустрэча. Мы перасякаемся з Вольгай у невялічкай кавярні, дзе прадаюць нядрэнную выпечку. Вядомая ў фотаколах аўтарка і выкладчыца дысцыплін, звязаных з візуальнай культурай, паказвае мне даволі аб’ёмную, фарматам з аркуш А4, фотакнігу, вокладку якой атачае сапраўдная карта, акуратна загорнутая па краях. На рознакаляровай глянцавай паверхні паперы — дзіцячыя налепкі, што пазначаюць гарады: Мазыр, Буда-Кашалёва, Чачэрск, Рэчыца, Чэрыкаў... Калі разгарнуць карту (так, яна здымаецца з вокладкі), можна ўбачыць пазначаныя на ёй чырвонай лініяй пацярпелыя ад радыяцыі тэрыторыі. З сумам адзначаю, што плошча іх унушальная, і менавіта малюнак карты дапамагае мне гэта зноў асэнсаваць. А дзіцячыя налепачкі пазначаюць месцы, адкуль дзеці, пра якіх Вольга і зрабіла кнігу.

— Карты — гэта адна з канцэптуальных зборак майго праекта, — распавядае пра незвычайны складнік фотаальбома Вольга. — Мне падаецца, што яны незаслужана забытыя ў рэпрэзентацыі інфармацыі. У візуальным плане карта — недзе паміж малюнкам і фатаграфіяй — і імкнецца праіграць рэальнасць сваёй дзіўнай мовай. Яна прапануе і паразважаць над тым, што такое маштаб: ігра з малым і вялікім набліжэннем. Ды карта таксама — метафара шляху жыцця: і мы ўсе пракладваем пэўную дарожку, як і тыя дзеці, што патрапілі ў іншы свет.

/i/content/pi/cult/795/17100/0100.jpg

Святлана Панцюшкова і Марыя Кільчэўская, удзельніцы праграмы БДГА "У будучыню з надзеяй"

Менавіта так распачынаецца маё знаёмства з выданнем, і натуральным чынам працягваецца, калі, гартаючы кнігу, я зноў сустракаю расчэрчаную выяву. На адной са старонак — калаж карты і “фотаздымак на пашпарт” невядомай мне дзяўчынкі. Я пазнаю па назвах вуліц, што гэта — карта Прагі, сталіцы Чэхіі, але, насамрэч, месца тут зусім не мае значэння. Закладзеная метафара адразу “схопліваецца” — маленькая дзяўчынка ў невядомым для яе чужым горадзе. ...Праз пэўны пералік выяў заўважаю карту на фатаграфіі ўжо ў руках іншага дзіця, як тую рэч, з якой ён асвойваецца. І далей — маштаб незнаёмага свету пачынае змяншацца — на чарцяжах павялічаных карт размяшчаюцца фотаздымкі ўжо пасталеўшых дзяўчат, якія на свае фотаапараты фіксуюць маляўнічыя краявіды. Ужо толькі ідучы за ідэяй маштабіраванай выявы, я, як чытач, здзяйсняю падарожжа разам з героямі кніжкі — дзецьмі, якія ў першы раз прыехалі ў невядомую краіну.

/i/content/pi/cult/795/17100/091.jpg

Святлана Панцюшкова і Дзіяна Дударэвіч бавяць час у Італіі

Ужо гэта назіранне кажа пра тое, што перад намі не традыцыйны альбом з наборам партрэтных здымкаў у інтэр’ерах. Вольга Бубіч стварыла сапраўдны праект, у якім знаходзіцца месца і картам, і малюнкам, ды, вядома, фатаграфіям: аўтарства як самой Вольгі, так і яе падапечных, якія, пасталеўшы, здымалі самі сябе ў падарожжы.

Але трошкі зазірнем у гісторыю.

— Я пачала ездзіць валанцёрам з дзецьмі, калі мне было 19 гадоў, — вяртаемся да часу далучэння Вольгі да дабрачынных праектаў. — Гэта была праграма мінскай дабрачыннай арганізацыі “У будучыню з надзеяй”, — і ў тых паездках я стала і выхавальніцай, і перакладчыцай, і вучыцелькай. Групы, якімі апекавалася, выязджалі на летнія і зімовыя канікулы ў розныя краіны — Італія, Бельгія, Галандыя. Вядома, напачатку, калі толькі ўключылася ў валанцёрскую дзейнасць, ідэя праекта нават не лунала ў паветры. Але паездкі ладзіліся рэгулярна — на працягу дзесяці гадоў, і дзеці на маіх вачах раслі, змяняліся. Цалкам натуральным чынам мне захацелася гэта зафіксаваць. Але ў які момант стала зразумелым, што гэта будзе не проста серыя фота, — зараз не ўзнаўлю.

/i/content/pi/cult/795/17100/092.jpg

Дзіяна Малахава з вёскі Шарыбаўка ўпершыню бачыць мора. Галандыя

Паўтаруся: фатаграфіі, карты, ды нават малюнкі. Вольга Бубіч выкарыстоўвае самыя розныя магчымасці наблізіць да чытача свет дзіця, якое сутыкнулася з іншым асяродкам. У прыватнасці, вось на адным з разваротаў альбома малюнак Уладзіміра Кондрыкава: хлопчык падпісвае часткі свайго роднага наваколля - “дом”, “забор”, “облако”, “солнце”, “бяроза”... А вось ужо на іншым лісце аўтар алоўкам намаляваў двух чалавек: “Владимир” і “Нікола”. Мы разумеем, што гэта насамрэч — Нікаля, хтосьці новы, але ўжо блізкі чалавек у жыцці хлопчыка.

Увогуле, фотакніга мае сваю драматургічную структуру. Яна пачынаецца з вялізных партрэтаў (яны таксама тут ёсць) — фатаграфій дзяцей на дакументы. Вольга Бубіч, як візуальная даследчыца і чулая да дэталяў аўтарка, наўмысна захоўвае, не рэтушуе ўвесь пыл, што застаўся на фотакартках 1990 — 2000 гадоў: адбіткі неаднаразова перакладваліся з кішэні ў кішэню. Умоўная першая частка фотальбома — гэта свет Беларусі. Мы бачым асяродак — інтэр’еры і экстэр’еры, у якіх выраслі героі кнігі. Другая частка — ужо знаёмства з іншым светам і ладам жыцця: падлеткі ў новым для іх атачэнні. Аднак фотаздымкі ў замежных гарадах суседнічаюць з роднымі краявідамі, бо пасля падарожжа... мусіць быць вяртанне.

— Назіраючы за тым, як за час паездак змяняліся дзеці, неаднаразова вярталася да пытання: а што яны адчувалі, калі ехалі за мяжу ў першы раз? — вылучае фатограф тое, што з’яўляецца ключавым у стварэнні праекта.

Адказы на яго ды іншыя ёсць у кнізе. Напрыканцы візуальнай часткі альбома амаль асобнай брашурай да яго прыкладаецца зборнік з фрагментамі інтэрв’ю з удзельнікамі праграм. Гэты крок аўтарка зрабіла асэнсавана: у першую чаргу яна хацела, каб чытач паглядзеў выявы, потым, прачытаўшы тэкст, даведаўся яшчэ больш пра пачуцці і ўражанні дзяцей. Вольга занатавала звыш дваццаці гутарак, але пакінула ў кнізе толькі самыя нешараговыя з іх.

“Мне было тогда 7 лет и я понятия не имела о поездках за границу, так как семья ни разу не ездила. И когда узнали родные, вообще обрадовались, только мама потом начала переживать за меня. Как доехать, как долететь, а что там, и ты маленькая и языка не знаешь... А у меня тогда была гордость и радость”, — чытаю я ўражанні пра першае падарожжа дзяўчынкі Алены.

“Для меня первая поездка было очень страшной, так как я еще была очень маленькой и не совсем все понимала. Попрощавшись с родителями в аэропорту, я начала много плакать. Впервые в свои 6 лет я увидела настоящий самолет”, — прызнаецца Даша.

Ці, да пракладу, Каціны ўспаміны: “Мои знания по итальянскому языку ограничивались двумя словами: ciao и patata. Сидя в самолете, я поняла, что мне страшно. Страшно было, потому что я не знала языка. Ведь до момента отъезда в Италию всегда бегала за маминой юбкой, никуда от нее отойти не могла”.

Прычым, вытрымкі з інтэрв’ю надрукаваны не на звычайнай паперы, а на кальке. Я чытаю пра досвед “чарнобыльскіх дзяцей”, “прадзіраючыся” праз адбіткі літар на адваротным баку ліста.

— Гэта зроблена наўмысна. Я хацела зымітаваць сітуацыю, калі дзеці знаходзіліся ў сітуацыі дзвюхмоўя, — дае тлумачэнне канцэптуальнаму прыёму мая візаві. — Чытаць не павінна быць лёгка.

Вольга Бубіч усё болей раскрывае мне ідэю свайго альбома.

— Гэтыя змены, калі я назірала за дзецьмі, не абмяжоўваліся выключна пытаннямі аздараўленчага кшталту, — падкрэслівае аўтарка, за плячыма якой удзел амаль у дваццаці беларускіх і еўрапейскіх выставах. — Нашмат больш было культуралагічных, псіхалагічных і экзістэнцыйных момантаў — і гэта мне важна паказаць у кніжцы. Як казала мне адно дзіця, словы якога і далі назву альбому: я ўбачыў свет большы, чым я. Яго фраза стала ключавой кропкай для ўваходу ў праект. Ён пра тое, што адбываецца з кожным, калі чалавек трапляе ў іншы свет.

Дык ці ёсць тады феномен “чарнобыльскіх дзяцей”? Адказ мне прыходзіць з цалкам нечаканага боку.

/i/content/pi/cult/795/17100/0101.jpg

Вёска Буда-Люшэўская: дзеці з гэтага раёна часта бяруць удзел у праграмах аздараўлення

Наша другая сустрэча з Вольгай. Гэта ўжо публічная прэзентацыя фотакнігі ў галерэі "Ў". На ёй прысутнічаюць героі “Больш, чым Я” — дзяўчаты, што ездзілі ў Італію ў рамках дабрачыннай праграмы: я пазнаю іх па фотаздымках у кнізе. Дарослыя і самастойныя, яны ахвотна адказваюць на пытанні аўдыторыі.

— Я не адчувала ў Італіі, што мы — дзеці Чарнобыля, нейкія асобныя ад цывілізацыі людзі, — светлавалосая Насця, якую ў паўднёвай краіне называлі не іначай як bella, без ценю збянтэжанасці дае адказ на маё пытанне. — Мы нашай групай, якая складалася з дзяцей розных узростаў, так, розных сацыяльных палажэнняў, былі адной маленькай сям’ёй. Мы спасцігалі адзін аднога і вучыліся. Кожны з нас штосьці ўзяў у гэтых паездках.

Калі пачынаеш стасавацца з дзяўчатамі, не можаш не адзначыць іх хараства. Уражвае ўсё: іх знешнасць, адкрытасць, розум, прыязнасць. Маша, Света і Насця ахвотна распавядаюць пра свой досвед жыцця ў Італіі, кім для іх была Вольга (лепшай сяброўкай і нават мамай), якімі былі іх першыя ўражанні, у якіх сем’ях яны жылі. Дзяўчаты ўголас кажуць пра тое, што досвед новай краіны змяніў іх карэнным чынам. І гэтаму верыш, назіраючы за тым, як размаўляюць, трымаюцца, ды нават смяюцца юныя ледзі.

Я пачынаю сумнявацца, што паняцце “чарнобыльскіх дзяцей” існуе. Незалежна ад таго, які шлях далей абяруць сабе дзяўчаты, нескладана зразумець, што перада мной людзі, ужо здольныя выбіраць.

 — Мяркую, што ў выніку адмысловых паездак, якія доўжыліся дзесяцігоддзямі, сфарміравалася цэлае пакаленне маладых людзей з асаблівай сістэмай каштоўнасцяў, — падсумоўвае свой досвед і назіранні Вольга Бубіч.

Напэўна, фотакніга “Больш, чым Я” самым далікатным чынам паказвае нам гэта. Такім чынам, “Дзеці Чарнобыля” — усе мы?

Фота прадастаўлены Вольгай БУБІЧ

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"