І ніхто не пытае “Шанэль” Гогаля

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Вясёлая акцыя пад хэштэгам #сумны флэшмоб
Заўсёды, нават у самыя змрочныя ці сумныя часы, у любой чалавечай душы знойдзецца месца радасным імгненням, месца ўсмешцы, месца для весялосці. Асабліва, дадам яшчэ ад сябе, калі гэтая чалавечая душа шчыльна звязана са сферай культуры, у якой працуюць крэатыўныя, здольныя на імправізацыі і паўсядзённую творчасць, людзі.

/i/content/pi/cult/795/17097/04.JPGСмех ці сум?

Вось і сёння, у часы неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча, калі многія ўстановы культуры Беларусі або зачыніліся, або адчуваюць значнае (да 90 працэнтаў) скарачэнне колькасці наведвальнікаў, культработнікі не сумуюць у адзіноце, а спрабуюць прыцягнуць увагу да сваіх устаноў з дапамогай сацыяльных сетак, сайтаў і анлайн-парталаў.

Напрыклад, днямі на сайце Літаратурнага музея Янкі Купалы пад хэштэгам #сумны флэшмоб з’явіўся цэлы шэраг фотаздымкаў, на якіх музейшчыкі паказваюць, як цяпер у іх установе сумуюць без наведвальнікаў. Так, паводле фота, ніхто цяпер “не скардзіцца на цяжкія дзверы” ў доме Песняра, ніхто, праходзячы побач са скульптурай паэта, “не мацае Купалу за нос” або не просіць “налепку для сябра”, убачыўшы фота класіка беларускай літаратуры, ды і ўвогуле, самі скульптуры ў музеі цяпер “чытаюць у самаізаляцыі” і пытаюць пры гэтым: “А што робіце вы?”

— Гэты флэшмоб прыдумалі не мы, а, здаецца, нашы калегі з расійскага Краснаярскага краязнаўчага музея, — патлумачыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. — Сёння па хэштэгу #сумны флэшмоб у інтэрнэце можна знайсці дзясяткі падобных фота ад розных устаноў культуры Расіі. Мы такім чынам вырашылі падтрымаць замежных калег і далучыліся да гэтай цікавай акцыі.

І сапраўды, варта толькі набраць у любым пошукавіку #сумны флэшмоб ці #грустный флешмоб, — і кожны можа ўбачыць, як цяпер і ў Расіі, і ў Беларусі змагаюцца з сумам, выкліканым вымушанай адсутнасцю наведвальнікаў. Напрыклад, расійскія музейшчыкі фатаграфуюцца каля сваіх самотных экспанатаў, трымаючы ў руках лісты паперы са словамі “Ніхто не гладзіць гэтага аленя”, “Ніхто не просіць прымераць скафандр”, “Ніхто не называе лебедзя гуссю” ды з іншымі, не менш цікавымі і прыцягальнымі.

Свой #сумны флэшмоб зладзілі таксама і рэгіянальныя беларускія музейшчыкі: напрыклад, у Instagram Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея пад гэтым хэштэгам можна пабачыць фота біўня маманта з надпісам “Ніхто не называем мяне паленам :)”, а музейшчыкі з Ашмянскага краязнаўчага музея паскардзіліся, што “Ніхто не чытае маю дудку”, размясціўшы гэтыя словы каля экзэмпляра “Дудкі беларускай” Мацея Бурачка (Францішка Багушэвіча). Такія ж цікавыя і адначасова прыцягальныя надпісы ў Instagram можна пабачыць і ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Нацыянальнага гістарычнага музея нашай краіны, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь ды іншых устаноў культуры.

Сярод рэгіянальных “кніжніц” мне хацелася б найбольш адзначыць Гомельскую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя А. І. Герцэна, чые супрацоўнікі таксама прынялі ўдзел у гэтай акцыі і бавіліся падчас яе правядзення, што называецца, ад усёй душы. Скажам, як жартуюць на сваіх фота бібліятэкары, цяпер у іх установе “Ніхто не пытае “Шанэль” Гогаля”, не просіць зрабіць раздрукоўку на ксераксе і не пытае “А на бібліятэкара вучыцца трэба”? А яшчэ “ніхто не просіць паглядзець аўтограф Саладухі” ў Музеі аўтографа, пра які “К” ужо, да слова, пісала. Нагадаю, што сярод іншага, у згаданым музеі можна ўбачыць аўтографы Юрыя Гагарына, Сямёна Будзёнага, Кшыштафа Занусі, Уладзіміра Мулявіна, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Максіма Танка, Аляксандра Салжаніцына, Яўгена Еўтушэнкі, Святланы Алексіевіч — карацей, на любы густ.

— Мы такім чынам вырашылі падтрымаць расійскіх і беларускіх калег ды прыцягнуць увагу да сваёй установы, — адзначыла “К” дырэктар бібліятэкі і адначасова кіраўнік Сеткі публічных бібліятэк Гомеля Таццяна Уласава. — І ўвогуле, сёння мы вельмі актыўнічаем анлайн: ладзім сумесна з газетай “Гомельскія ведамасці” віртуальную краязнаўчую віктарыну, прапануем чытачам скарыстацца бясплатнымі анлайн-рэсурсамі, дзе можна пачытаць тую ці іншую літаратуру, працягваем тэрмін карыстання кнігамі, узятымі ў бібліятэцы, з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу “Кабінет чытача”. Акрамя таго, у рамках праекта “Жыве Перамога ў пакаленнях”, прысвечанага 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у нас праходзіць акцыя бясплатнага сканавання фатаграфій, лістоў і дакументаў ваенных гадоў, адбываецца знаёмства чытачоў з ваеннай паэзіяй пад хэштэгам #рыфмывайны ды ладзяцца іншыя анлайн-мерапрыемствы.

Вось такі вясёлы і смешны крэатыў ад культработнікаў падчас вымушанага існавання без чытачоў, гледачоў і наведвальнікаў. Крэатыў, які яшчэ раз даказвае, што іронія ды гумар — вельмі важныя якасці, неабходныя ў паўсядзённай працы айчынных музейшчыкаў, бібліятэкараў ды клубнікаў.

Які твой першы экспанат?

Не варта і казаць, што названы адметны маркетынгавы ход айчынных устаноў культуры ўжо ацанілі пастаянныя наведвальнікі і нават тыя, хто не надта цікавіцца жыццём бібліятэк ці музеяў. Таму ўстановы культуры Беларусі не спыніліся ў сваёй анлайн-творчасці і ўдзельнічаюць цяпер у іншых флэшмобах ды плануюць працягваць гэтую традыцыю і надалей.

— Так, напрыклад, 21 красавіка мы паўдзельнічалі ў флэшмобе, які зладзіў Гомельскі палаца-паркавы ансамбль пад хэштэгам #першыКП, — расказала “К” навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Карына Рагачэўская. — КП — гэта скарачэнне ад слоў “Кніга паступленняў”, а 1 — нумар у названай кнізе, дзе запісваюцца музейныя прадметы.

Такім чынам, КП пад нумарам 1 — гэта, фактычна, той першы прадмет, з якога і пачалася калекцыя таго ці іншага музея Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы ды і любой музейнай установы кожнай краіны свету. Натуральна, ён, гэты прадмет, вельмі цэніцца музейшчыкамі, бо з яго можна нават пачынаць расказваць гісторыю сваёй музейнай установы.

Так, у Гомельскім палаца-паркавым ансамблі музейным прадметам у кнізе паступленняў пад лічбай 1 запісаны партрэт Героя Савецкага Саюза Емяльяна Ігнатавіча Барыкіна. Названая карціна была намалявавана мастаком Канстанцінам Лебедзевым, а паступіла яна ў музейныя фонды 25 красавіка 1944 года.

У “купалаўцаў” пад нумарам першым таксама знаходзіцца вельмі каштоўны музейны прадмет.

— У нашай кнізе паступленняў першым змяшчаецца рукапіс верша Янкі Купалы “Мая доля”, — кажа Карына Рагачэўская. — Зразумела, гэты рукапіс для нас вельмі важны, каштоўны, знакавы. І менавіта яго мы і прадэманстравалі ў інтэрнэце пад хэштэгам #першыКП, падтрымаўшы акцыю, зладжаную музейшчыкамі Гомеля.

Як бачна, сёння сталічныя супрацоўнікі сферы культуры не толькі ўдзельнічаюць у флэшмобах расійскіх калег, але і падтрымліваюць тыя акцыі і ініцыятывы, якія сыходзяць ад музейных супрацоўнікаў з іншых рэгіёнаў Беларусі. Мяркую, у далейшым падобная флэшмобная “дзялянка” будзе пашырацца, выклікаючы цікавасць не адно ў пастаянных наведвальнікаў музеяў, але і ў тых людзей, якія музейныя экспанаты даўно не толькі не гладзілі, але і не бачылі — можа, яшчэ са школьных часоў.

#Сто сініх ніцяў

Каб завяршыць тэму флэшмобаў, раскажу пра яшчэ адзін, у якім таксама збіраюцца паўдзельнічаць “купалаўцы”. Гэта дабрачынны флэшмоб пад хэштэгам #сто сініх ніцей. Акцыя праходзіць у Беларусі з 15 красавіка па 15 мая, прымеркавана да Сусветнага дня інфармавання па праблеме аўтызму і скіравана на падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з аўтызмам у складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, выкліканай каранавірусам.

Дадам, што сіні колер у свеце ўжо традыцыйна прынята лічыць колерам аўтызму, сіняя нітка ў акцыі — сімвал дабрачыннай сувязі кожнага без выключэння беларуса, а 100 сініх нітак нагадваюць вядомую прыказку пра 100 сяброў, якія ніколі не застаюцца ў баку ў цяжкую хвіліну.

— Да канца тыдня ў нас з’явіцца відэа ў падтрымку гэтай акцыі, — кажа Карына Рагачэўская. — Справа ў тым, што наш музей вельмі шчыльна працуе з дзецьмі з аўтызмам, і мы хочам падтрымаць гэты праект як толькі можам.

Як вядома, на сёння ў музеі распрацаваны цыкл заняткаў для дзяцей з аўтызмам. Падобныя музейныя заняткі дазваляюць маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам вывучаць прадметы даўніны, гісторыі, звязаныя з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры, у лёгкай, не змушанай, гульнёвай форме. Не варта і казаць, што падобныя мерапрыемствы сталі сапраўднай “музейнай тэрапіяй” для такіх дзетак і своеасаблівай крэатыўнай “фішкай” Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Што ж, як бачна, сённяшняя праца музейшчыкаў, бібліятэкараў, клубнікаў — гэта не проста сядзенне ў чатырох сценах з піццём гарачага чаю, як мог бы хтосьці падумаць. Гэта паўсядзённая праца, скіраваная да прыцягнення ўвагі сваіх чытачоў і наведвальнікаў, вымушаных па тых або іншых прычынах заставацца дома. Цяпер, калі рэальнае і віртуальнае жыццё аказаліся вельмі шчыльна павязаны ў адно, падобныя анлайн-знаходкі айчынных культработнікаў спрыяюць значнай цікаўнасці да музеяў, бібліятэк, клубаў Беларусі. Цікава, якую яшчэ адметную інтэрнэт-акцыю зладзяць бліжэйшым часам супрацоўнікі сферы культуры? Мяркую, што даведаемся мы пра гэта даволі хутка.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"