Прыярытэтная формула каштоўнасці

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Які клопат маюць сёння музейныя рэстаўратары?
Частка сродкаў, заробленых на Рэспубліканскім суботніку, пойдзе на патрэбы нашай культурнай скарбніцы — Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Захоўваць матэрыяльныя культурныя каштоўнасці краіны для наступных пакаленняў — гэта, бадай, галоўная функцыя музеяў. Асабліва тых, што маюць у назве гордае слова “Нацыянальны”. А гэта накладае асаблівую адказнасць на спецыялістаў рэстаўрацыйнай справы. Вось і вырашылі мы з гэтай нагоды пагутарыць з кіраўніком рэстаўрацыйнай службы Нацыянальнага мастацкага музея Сяргеем Уладзіміравічам Вечарам.

/i/content/pi/cult/795/17095/02.JPG— Спадар Сяргей, якія работы супрацоўнікаў аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея апошняга часу вы лічыце найбольш значнымі, знакавымі? Чаго раней не было, а зараз маем? І наколькі мы ўжо прасунуліся ў сваім прафесіяналізме, ці можам мы сёння гаварыць, што працуем не горш за тых жа літоўцаў ці палякаў ?

— Пытанне цікавае. Параўноўваць з летувісамі, палякамі можна канешне. Хаця цяжка. Але мы расцем і рухаемся наперад. Дастаткова прыгадаць, што гадоў дзесяць таму нас, рэстаўратараў, у музеі было ў два разы меней. І гэта не фармальная прыкмета прагрэсу. Маўляў, чым болей работнікаў, тым лепей. Але разам з тым павялічваецца і колькасць спецыялізацый, якімі займаюцца рэстаўратары. На сённяшні дзень такіх спецыялізацый дзевяць. У нас ёсць такія спецыялізацыі, якія не прысутнічаюць болей нідзе сярод музеяў падпарадкавання Міністэрства культуры. У сістэме дзяржаўных устаноў,вядома, ёсць рэстаўратары, але, да прыкладу, у адзінкавай асобе — наш рэстаўратар па рамах. Рам у нас вялікая колькасць. У тым ліку і гістарычных рам — дзевятнаццатае і нават васямнаццатае стагоддзі. Яны маюць самадастатковую каштоўнасць, і, канешне ж, трэба захоўваць іх у належным стане, а пры патрэбе даводзіць да ладу. Ёсць у нас рэстаўратар старадрукаванай кнігі. Таксама афіцыйна ні ў адным музеі, акрамя нашага, спецыяліста, які займаўся б такой справай, рэстаўраваў у тым ліку фаліянты нашага першадрукара Францыска Скарыны, няма.

Нідзе ў Беларусі, акрамя нашага музея, няма рэстаўратара паліхромнай драўлянай скульптуры. Гэта даволі карпатлівая праца, але і вельмі цікавая. У свой час, у 60 — 70-я гады, музей папоўніўся вялікай колькасцю касцельнай скульптуры. Наспеў час даводзіць яе да ладу, таму што не ўсе артэфакты былі, скажам так, у экспазіцыйным стане. Плённа працаваў наш рэстаўратар Зміцер Жалевіч. Зараз у экспазіцыі выстаўлена ягоная работа — адрэстаўраваная скульптура Святога Станіслава. Скульптура даволі вялікая, і работа над ёй была каласальная. Цяпер яна экспануецца, і гэта вельмі важная падзея для нас. Зрэшты, пра кожнага нашага спецыяліста можна шмат чаго добрага сказаць.

Нагадаю, што на сённяшні дзень наш аддзел навукова-рэстаўрацыйных майстэрань складаецца з чатырох сектараў. Самы вялікі — дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, куды ўваходзяць спецыялісты паліхроміі, па рамах і гэтак далей. Па тканінах таксама. Сёння ў нас элементаў тканін, якія патрабуюць рэстаўрацыі, звыш паўтары тысячы адзінак. І гэта работа вельмі складаная, бо трэба сцяжок за сцяжком аднаўляць страчанае ці тое, што прыйшло ў нягоднасць. Быў у нас калісьці адзін рэстаўратар па тканінах, цяпер іх трое. І займаюцца яны як тканай атрыбутыкай шляхты, так і народнымі ўзорамі ткацтва. Будзем паступова аднаўляць усю калекцыю, усе прадметы, якія вымагаюць рэстаўрацыйнага ці кансерватыўнага ўздзеяння.

 — Вы па-ранейшаму супрацоўнічаеце з замежнымі калегамі ці ўжо можаце абысціся без іх досведу?

 — Не, абысціся без замежных калег мы не можам. Нават калі б у нас быў супервысокі ўзровень, яго ўсё адно трэба параўноўваць, суадносіць з суседзямі. Мы найбольш шчыльна кантактуем менавіта з суседнімі краінамі.

 — Гэта з тае прычыны, што ў нас адзіная культурная прастора і досыць блізкая культурная гісторыя ?

 — Так. Я думаю, гэта якраз адзін з важных чыннікаў. Бо і менталітэт у блізкіх народаў падобны, а калі казаць пра постсавецкую прастору, дык на ёй, у плане рэстаўрацыі музейных прадметаў, праблемы аднолькавыя. Але ўсё ж у навакольным свеце да рэстаўрацыі розныя падыходы. Свая рэстаўрацыйная школа ў палякаў, свая — ва ўкраінцаў. Варта параўноўваць методыкі, якія напрацаваныя ў гэтых краінах, з нашымі. Да прыкладу, мы заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным мастацкім музеем і Нацыянальным навукова-даследчым рэстаўрацыйным цэнтрам Украіны ў Кіеве. Гэтаму цэнтру ўжо восемьдзясят гадоў. Ён уключае ў сябе ўсе лепшыя сілы рэстаўратараў Украіны і мае філіялы ў буйных гарадах  — Адэсе, Львове і Харкаве. І, канешне, для нас досвед супрацы з такім цэнтрам вельмі і вельмі важны. Ім прапрацавана вельмі шмат, а нам часцяком не стае нейкіх арганізацыйных падыходаў. Каштоўны досвед Украіны ў плане навучання і сталення рэстаўратараў. Той жа ўкраінскі цэнтр перадаў нам шмат цікавай літаратуры, якая ў іх выдаецца на рэгулярнай аснове.

Мы кантактуем з Літоўскім цэнтрам імя Пранаса Гудзінаса ў Вільнюсе, які працуе на правах аўтаноміі ў складзе Нацыянальнага мастацкага музея Літвы. І гэтая форма нам больш падабаецца чыста структурна. На сённяшні дзень стварыць такі рэстаўрацыйны цэнтр як юрыдычную асобу не так проста. А як зроблена ў Літве? У складзе іх Нацыянальнага мастацкага існуе моцнае ядро рэстаўратараў, якія аказваюць прафесійныя паслугі многім іншым музеям краіны ды прыватным асобам, не забываючыся на галаўную ўстанову. Відавочна, што і нам такім шляхам трэба рухацца, і мы гэткім жа чынам будзем рабіць. Вядома ж, падтрымліваем мы і пастаянныя кантакты з расійскімі ды польскімі калегамі.

— А якія ў вас стасункі з Музеем старажытнабеларускай культуры?

— З Барысам Андрэевічам Лазукам, кіраўніком музея, у нас паразуменне па многіх пытаннях. Не так даўно, можа з месяц таму, мы сустракаліся, і я пачуў з ягоных вуснаў вельмі прыемную навіну. У Акадэміі навук зразумелі важнасць рэстаўрацыйнага працэсу для падтрымання ў належным стане скарбаў, што знаходзяцца ў акадэмічным музеі. У выніку прынята рашэнне аб вылучэнні асобнага будынка для таго, каб там стварыць па-сучаснаму ўкамплектаваныя рэстаўрацыйныя майстэрні. Ён запрашаў мяне нават пад’ехаць паглядзець, што гэта за будынак. Добрая навіна, бо і нам самім важна, каб развіваліся і іншыя рэстаўрацыйныя службы ў Беларусі.

— Якія канкрэтна веды вашы рэстаўратары набываюць за мяжой?

— Мы заўжды імкнемся да таго, каб нашы рэстаўратары, асабліва маладыя спецыялісты, маглі выехаць за межы Беларусі, атрымаць іншы досвед і ўжо ва ўласнай творчай лабараторыі яго скарыстоўваць. Раней яны выязджалі ў Літву, Францыю, Польшчу. У Польшчу  — найчасцей. Паводле адмысловай праграмы рэстаўратары з суседніх з Польшчай краін стажыруюцца цягам паўгода. Летась стажыроўка нашых рэстаўратараў праходзіла ў Кракаве. Праз гэта мы найперш напрацоўваем новыя тэхналогіі, а, па-другое, суадносім уласны досвед і кваліфікацыю з тым, што выкарыстоўваецца за мяжой. І прыемна адзначаць: мы ва ўсіх адносінах не горшыя за сваіх замежных калег. Недзе нават фору можам даць.

У рэстаўрацыі важным чыннікам з’яўляюцца так званыя расходныя матэрыялы. У розных краінах яны розныя. Калі коратка, іх можна падзяліць на натуральныя і сінтэтычныя. Калі раней перавага аддавалася натуральным рэагентам, дык зараз у той жа Польшчы часцей карыстаюцца найноўшымі распрацоўкамі сінтэтычных матэрыялаў. Добры гэта ці не  — жыццё пакажа, але трэба вывучаць розны вопыт. У нас на складзе ёсць запас, накшталт НЗ, гэта натуральны асятровы клей. Ён вельмі дорага каштуе. У свой час быў для музея закуплены. Яго нам хопіць яшчэ на некалькі гадоў. І ідзе ён на рэстаўрацыю найбольш каштоўных твораў мастацтва.

 — Чаго вы чакаеце ў бліжэйшы час у сэнсе пашырэння вытворчых плошчаў і набыцця неабходнага абсталявання ?

— Нашы чаканні маюць два кірункі. Першы  — нарэшце займець прыстойную матэрыяльна-тэхнічную базу тады, як толькі будзе здадзены будынак па вуліцы Кірава і прыбудова да яго. Будаўнікі называюць той аб’ект “Устаўка № 14”, — праўда, гэтая «ўстаўка» па плошчы перавышае сам будынак на Кірава, у гэтым комплексе цэлыя два паверхі адведзены для рэстаўрацыйнай службы музея. На сёння гатовая праектная дакументацыя, у якой падрабязна распісана — што і дзе павінна быць: якая мэбля, якое абсталяванне, якія станкі і гэтак далей.

І калі ўжо матэрыяльная база будзе падрыхтавана да выкарыстання, дык, канешне, гэта стане сапраўды вельмі важным дасягненнем. З’явіцца магчымасць весці працу на новым тэхнічным узроўні. Прывяду такі прыклад. Сёння ў нас няма рэстаўрацыйнай майстэрні для буйнафарматных мастацкіх твораў. Для таго каб давесці іх да ладу, патрабуюцца дубліровачны стол, майстэрня адпаведных габарытаў. Рабіць жа гэта на падлозе ды падручнымі сродкамі — самі разумееце, справа няўдзячная.

— Ёсць рашэнне, каб частка грошай, заробленых на рэспубліканскім суботніку, была перададзена Нацыянальнаму мастацкаму музею. На якую суму вы разлічваеце?

— Мы будзем радыя любой суме. І любая сума будзе нам на карысць, бо яна наблізіць наша перасяленне ў будынак на вуліцу Кірава. Зараз няпросты час, у тым ліку і ў плане эканамічным, але разлічваем на тое, што пры любых абставінах ёсць прыярытэты ў сферы культуры, і справа развіцця айчыннай музейнай рэстаўрацыі  — адна з такіх прыярытэтных задач.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"