Дастаць з-пад зямлі!

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Дазвол на выяўленне артэфактаў і фактаў даюць вучоныя
25 красавіка ў Беларусі праходзіць Рэспубліканскі суботнік, падчас якога рэкамендавана, між іншага, добраўпарадкаваць і прывесці ў належны стан гісторыка-культурныя каштоўнасці краіны. Асаблівая ўвага ў год 75-годдзя Перамогі надаецца воінскім пахаванням, мемарыяльным комплексам, месцам баявой славы.

/i/content/pi/cult/795/17094/01.JPGСродкі, заробленыя падчас суботніка, часткова будуць накіраваныя на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў і памятных мясцін Вялікай Айчыннай вайны. 50 працэнтаў атрыманых грошай пойдуць на правядзенне работ па рэстаўрацыі і прыстасаванні адзінага комплексу будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама - на стварэнне мемарыяла на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.

Пытанням аховы і захавання культурнай спадчыны і добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў была прысвечаная і прэс-канферэнцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, якая прайшла 15 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры з удзелам прадстаўнікоў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Зрабіць даступнымі

Значная ўвага была нададзеная перадусім такому рэзананснаму пытанню, як ахова помнікаў археалогіі. Згодна з закандаўствам, будаўнічыя работы ў мясцовасцях, дзе існуюць археалагічныя помнікі, мусяць абавязкова суправаджацца адпаведнымі даследаваннямі — так, за 2019 год Нацыянальнай акадэміяй навук было выдадзена 220 дазволаў на ажыццяўленне археалагічных даследаванняў супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН і вышэйшых навучальных устаноў краіны. Таксама зроблена 608 заключэнняў аб наяўнасці ці адсутнасці археалагічных аб’ектаў, або неабходнасці прыняцця мер па іх ахове на тэрыторыі земляных, будаўнічых, меліярацыйных ці іншых работ (для параўнання, у 2018 годзе такіх заключэнняў выдадзена 427). Археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі праводзяцца сёлета ў Бялынічах Магілёўскай вобласці, пры добраўпарадкаванні тэрыторыі горада, дзе мусіць адбыцца Дзень беларускага пісьменства, а таксама на тэрыторыі археалагічных помнікаў у вёсках Солы і Кашэўнікі, дзе будуецца новы аўтамбільны мост праз Нёман, пры рэканструкцыі Старога замка ў Гродна, у гістарычным цэнтры Полацка, дзе адбываюцца будаўнічыя работы, і на іншых аб’ектах.

Вялікае значэнне надаецца не толькі захаванню, але і экспанаванню археалагічных знаходак, бо яны з’яўляюцца агульнанацыянальным набыткам і таму мусяць быць даступныя для азнаямлення ўсіх грамадзян і гасцей краіны. Так, напрыклад, шэраг артэфактаў, знойдзеных падчас археалагічных даследаванняў Жаберскага замка, што ў Драгічынскім раёне, ужо перададзеныя ў замкавы комплекс “Мір”, а таксама ў музей, які ствараецца Беларускім культурным цэнтрам духоўнага адраджэння пры мінскім Храме-помніку ў гонар усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны.

Працягваецца праца па стварэнні першага ў Беларусі археалагічнага скансэна — музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы. Будаўніцтва скансэна вядзецца пад навуковым кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзіма Лакізы. У чэрвені мінулага года была адкрыта першая чарга скансэна — гарадзішча жалезнага веку Камянюкі, а ўжо сёлета плануецца адкрыццё другой чаргі, дзе турысты здолеюць пазнаёміцца з выглядам жылых і гаспадарчых пабудоў позняга жалезнага веку. Цяпер у рамках будаўніцтва комплексу ажыццяўляюцца археалагічныя даследаванні стаянак чалавека эпохі мезаліту і неаліту, а таксама буйной вёскі бронзавага веку. Прытым канцэпцыя стварэння скансэну прадугледжвае максімальнае захаванне культурных напластаванняў на тэрыторыі помнікаў археалогіі — даследаванні праводзіліся вельмі асцярожна, толькі ў тых месцах, дзе пазней будзе стварацца інфраструктура скансэна.

Не адно раскопкі

Але археолагі займаюцца не толькі раскопкамі помнікаў, але і іх улікам для вывучэння ў перспектыве. Як адзначаюць адмыслоўцы Інстытута гісторыі НАН, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на пытанні абароны і захавання гісторыка-культурнай спадчыны пры распрацоўцы горадабудаўнічых праектаў. Гістарычная даведка ў такіх выпадках мусіць абавязкова выконвацца адпаведным спецыялістам, з улікам наяўнасці на тэрыторыі горада помнікаў археалогіі ды архітэктуры і межаў іх ахоўных зон. Такія захады дапамагаюць пазбегнуць магчымага разбурэння помнікаў і дазваляюць мінімізаваць выдаткі на ахову культурнай спадчыны падчас будаўніцтва.

Яшчэ адно важнае пытанне — падрыхтоўка і зацвярджэнне праектаў зон аховы помнікаў археалогіі, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Сёння ён налічвае звыш дзвюх тысяч помнікаў такога кшталту, і надзвычай актуальным застаецца пытанне вывучэння іх сучаснага стану, а таксама дакладнай лакалізацыі і нанясення на карту землекарыстання. З мінулага года на курсах павышэння кваліфікацыі супрацоўнікам праектных арганізацый і землеўпарадкавальных службаў чытаюць лекцыі, каб звярнуць увагу гэтых спецыялістаў на археалагічныя аб’екты і навучыць распазнаваць іх на мясцовасці.

Таксама Інстытутам гісторыі вядзецца рэестр помнікаў археалогіі, якія не ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, сёння ў ім налічваецца больш за пяць тысяч аб’ектаў. Але часта яны былі выяўленыя дзесяцігоддзі таму, і з гэтай прычыны звесткі аб іх патрабуюць актуалізацыі для стварэння новай археалагічнай карты Беларусі. Для прыкладу, у суседняй Польшчы такая карта ствараецца ўжо на працягу трыццаці гадоў, і яна дагэтуль не завершаная, але цягам працы над ёй колькасць выяўленых археалагічных помнікаў павялічылася ў дзесяць разоў. Падобны працэс назіраецца і ў Беларусі, калі падчас археалагічнай экспертызы зон новабудоўляў штогод выяўляюцца дзясяткі новых археалагічных аб’ектаў. Яны ўключаюцца ў рэестр ужо з дакладнай прывязкай геаграфічных каардынат і нанясеннем на спадарожнікавыя здымкі і карты землекарыстання.

Ад памяці сям’і...

Для захавання гісторыка-культурнай спадчыны Інстытут гісторыі НАН не толькі прыцягвае спецыялістаў, але імкнецца папулярызаваць помнікі мінуўшчыны сярод шырокіх колаў. Так, ён займаецца арганізацыяй археалагічных летнікаў, якія ладзяцца р азам з мясцовымі аддзеламі адукацыі і па справах моладзі. Дзякуючы такім захадам навучэнцы падчас летніх канікул маюць магчымасць паўдзельнічаць у даследаванні археалагічных помнікаў у сваёй мясцовасці пад кіраўніцтвам спецыялістаў. Таксама Інстытут штогод праводзіць больш за дзясятак рэгіянальных канферэнцый з удзелам мясцовых улад, краязнаўцаў, настаўнікаў і вучнёўскай моладзі. Сярод навучэнцаў напярэдадні гэтых мерапрыемстваў ладзяцца конкурсы краязнаўчых прац, найлепшыя з якіх, як і матэрыялы канферэнцый, публікуюцца ў рамках серыі “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі”, заснаванай сумесна з выдавецтвам “Беларуская навука”.

Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч таксама нагадаў, што месяц таму Нацыянальная акадэмія навук выступіла ініцыятарам усебеларускай акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. Успомнім усіх” (“К” пісала аб гэтым у нумары 12 ад 21 сакавіка гг.). У рамках названай ініцыятывы кожны ахвочы можа даслаць у Інстытут гісторыі дакументы і ўспаміны сваіх родных і блізкіх, якія ўдзельнічалі ў вайне. Гэтыя матэрыялы будуць навукова апрацаваныя і змешчаныя ў электроннай базе, а акрамя таго — выдадзеныя ў выглядзе кніг. Цяпер стала вядома, што першае выданне з гэтай серыі ўжо рыхтуецца, бо на сённяшні дзень у Інстытут гісторыі паступіла больш за сотню зваротаў ад зацікаўленых грамадзян, якія перадалі дакументы такога кшталту са сваіх сямейных архіваў — асабіста, альбо даслаўшы іх на электронную пошту аддзела ваеннай гісторыі.

Аб удзеле прафсаюзных арганізацый у ахове гісторыка-культурнай спадчыны і доглядзе помнікаў, звязаных з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Арцём Ігнаценка. Ён звярнуў увагу на работы, праведзеныя па добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, які знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне — тут былі адрамантаваныя прыступкі і ўсталяваныя сонечныя батарэі, якія забяспечваюць асвятленне манумента. Таксама па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на пляцоўцы ля Кургана Славы, дзе экспануюцца ўзоры баявой тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны, летась быў размешчаны штурмавік Іл-2, а сёлета плануецца ўсталяванне славутага рэактыўнага мінамёта “Кацюша” на базе аўтамабіля ЗІС-6. Мяркуецца, што будзе створаны і віртуальны музей “Кургана Славы”, які распавядзе аб гісторыі аперацыі “Баграціён” і аб’ектах мемарыяльнага комплексу.

Каштоўнасці мінуўшчыны ёсць паўсюль, яны атачаюць нас паўсядзённа — і ў недрах зямлі, і на вуліцах вёсак ды гарадоў, і ў памяці людзей, якія былі сведкамі падзей мінулых дзён. Варта толькі кожнаму больш пільна ставіцца да іх і звяртаць увагу на сляды гісторыі. Будзем жа разам берагчы нашую агульную спадчыну не толькі для сябе, але і з думкай аб новых пакаленнях.