“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
Свой баявы хрост Сямён Зорыч атрымаў напрыканцы Сямігадовай вайны — увосень 1761 года, калі расійская армія ўзяла ў аблогу добра ўмацаваную прускую фартэцыю Кольберг. 16-гадовы вахмістр Сербскага гусарскага палка выдатна валодаў шпагай, умельствам верхавой язды, стральбой з дульназараднага штуцэра і праявіў у баях выключную мужнасць. Атрымаў некалькі лёгкіх раненняў. Незадоўга да ўзяцця крэпасці трапіў у палон да прусакоў. Ды, на шчасце для сябе, праз некалькі месяцаў быў вызвалены ў выніку абмену. У другі раз яму гэтак не пашчасціць.

/i/content/pi/cult/794/17092/022.JPGМалады і гарачы

Пасля Сямігадовай вайны Зорыч накіроўваецца ў фармальна яшчэ незалежную Рэч Паспалітую, каб адстойваць там расійскія інтарэсы ў складзе арміі генерала і дыпламата Мікалая Рэпніна. Прычым на той час малады сербскі гусар ужо меў званне паручніка. Гэта “по табели о рангах” - обер-афіцэрскі чын (своеасаблівы аналаг цяперашняга старшага лейтэнанта), і ўсе, хто яго насіў, аўтаматычна займелі афіцэрскую годнасць.

Паспяховая ваенная кар’ера Зорыча працягнулася ў гады першай руска-турэцкай вайны 1769 — 1770 гадоў — спачатку ў Малдавіі і Валахіі ў корпусе генерал-паручніка Хрыстафора Штофельна, а затым у Першай рускай арміі генерал-аншэфа Пятра Румянцава. Там Зорыч атрымаў чын секунд-маёра і стаў камандаваць перадавымі атрадамі, дэманструючы адвагу і асабістую мужнасць. Так, на пераправе праз раку Прут яго сербскія гусары пацягнулі за сабой значную частку варожага войска, якая затым была разбітая. Але асабліва ён праславіўся 17 чэрвеня 1770 года ў бітве з коннымі атрадамі крымскага хана Каплан-Гірэя ля кургана Рабая Магіла.

Дарэчы, акурат у гэтую гарачую пару ён пазнаёміўся з маладым генерал-маёрам Рыгорам Пацёмкіным, які ўжо паспеў праславіцца ў бітве за крэпасць Хоцін — тады пад ім быў забіты конь, але сам ён не атрымаў ніводнай драпіны. Гэтае знаёмства для лёсу Зорыча, бясспрэчна, стане знакавым, бо ўсё яго далейшае жыццё так ці інакш было звязана з галоўным фаварытам Кацярыны II.

/i/content/pi/cult/794/17092/023.JPG21 ліпеня 1770 года на рацэ Кагул (паўднёвая Малдавія) адбылася адна з ключавых бітваў вайны. Нягледзячы на пяціразовую колькасную перавагу асманаў, яны пацярпелі паразу. Зорыч ваяваў у складзе Сербскага гусарскага палка, які ўваходзіў у корпус таленавітага генерал-кватэрмайстра (вышэйшая штабная пасада ў дзейнай арміі) Фрыдрыха Вільгельма Баўэра, немца па нацыянальнасці і архітэктара паводле паклікання. Перамога пры Кагуле мела стратэгічнае значэнне, бо Асманская імперыя ўжо не змагла аднавіцца ў сваёй былой моцы.

Вязень Сямівежавага замка

Аднак канкрэтна Сямёну Зорычу ў гэтай бітве дужа не пашанцавала. Пры рэкагнасцыроўцы пазіцый невялікая група салдат-сербаў, якую ён узначальваў, трапіла ў засаду. Апынуўшыся ў атачэнні янычараў, яны адмовіліся здацца і, абраўшы гераічную смерць, кінуліся ўрукапашную на ворага. Тройчы паранены пікамі і шаблямі, Зорыч трапіў у палон. Захаваўся аповед відавочцы той драмы Шчаглоўскага: “Адважны секунд-маёр Зорыч быў акружаны туркамі, абараняўся мужна і адважыўся дорага прадаць сваё жыццё. Многія загінулі ад рукі яго; нарэшце, бачачы неабходнасць саступіць ды ўзнятыя над сабой шаблі, ён закрычаў, паказаўшы на грудзі свае: “Я капітан-паша!” Гэтае слова выратавала яму жыццё. Капітан-паша ў туркаў — поўны генерал, таму і адвезлі Зорыча ў Канстанцінопаль, дзе ён быў прадстаўлены султану як рускі генерал”. І султан яму, між іншым, паверыў.

Так ці інакш, менавіта тады пра адважнага серба ўпершыню пачула сама імператрыца. Па словах сучаснікаў, зацікавілася яна ім дзякуючы дакладу Пятра Румянцава, а магчыма і самога Пацёмкіна. Але, на жаль, дапамагчы вязню не здолела нават “матухна Кацярына”. Афіцэр, які паказаў сябе на полі бою сапраўдным рыцарам, правядзе ў турэцкім палоне амаль пяць гадоў.

Знаходзіўся ён у страшным Сямівежавым замку Едзікуле — крэпасці ў Стамбуле, якая лічылася аналагам Бастыліі. Там утрымліваліся палітычныя праціўнікі султана, у ліку якіх было нямала знакамітых асобаў. Вярнуцца ў Расію Зорыч змог толькі ў 1775 годзе, пасля заключэння Кучук-Кайнарджыйскага міру з Асманскай імперыяй. За колішнія баявыя заслугі атрымаў вышэйшую ваенную ўзнагароду — ордэн Святога Георгія чацвёртай ступені, заснаваны Кацярынай II незадоўга да гэтага.

Новы фаварыт

А неўзабаве Сямён Гаўрылавіч сустракаецца ў Пецярбургу з Рыгорам Пацёмкіным — і неспадзявана становіцца яго ад’ютантам. Гэта адкрыла сербу шлях у самыя вярхі расійскага грамадства. На жаль, як часта бывае ў падобных выпадках, імклівы ўзлёт спарадзіў зайздрасць. У свае 30 гадоў сапраўдны герой і дасведчаны ваяр быў не гатовы да выкшталтаваных прыдворных інтрыг. Тым больш, апынуўся ён паміж двух “лагераў”, якія змагаліся за добразычлівасць імператрыцы. З аднаго боку — князь Пацёмкін, які падтрымліваў Зорыча і выкарыстоўваў яго ў сваёй гульні супраць канкурэнтаў. З другога — князь Рыгор Арлоў, генерал-фельдмаршал Кірыл Разумоўскі і Пётр Румянцаў ды статс-сакратар Кацярыны II і дыпламат Аляксандр Безбародка, які, дарэчы, валодаў унікальнай памяццю.

Гэтая магутная чацвёрка хацела скінуць усяўладнага Пацёмкіна, для чаго разлічвала на дапамогу ўкраінскага прыгажуна Пятра Завадоўскага. І ў 1776 годзе ён зменіць Пацёмкіна ў пачэснай ролі фаварыта ды перабярэцца ў спальныя пакоі Кацярыны.

Пацёмкін не здаўся і стаў шукаць спосабы вярнуць прыхільнасць імператрыцы. Перш за ўсё, ён вырашыў прыбраць Завадоўскага падалей з яе апартаментаў і быў згодны нават на тое, каб у гэтых пакоях апынуўся не ён сам, а нехта іншы — але ягоны стаўленнік.

Вось таму прыгажун Сямён Зорыч і стаў ад’ютантам Пацёмкіна. Амаль адразу ён прызначыў серба і камандзірам лейб-гусарскага эскадрона і лейб-казачай каманды — асабістай аховы імператрыцы. А прызначэнню на такую пасаду папярэднічала прадстаўленне смуглявага гусара Кацярыне.

26 мая 1777 года іх позіркі упершыню сустрэліся. Пасля гэтага Кацярына неадкладна адправіла Завадоўскага ў доўгі “адпачынак” падалей ад Пецярбурга, узнагародзіўшы яго папярэдне за “добрую службу”. А Пацёмкін ужо паціраў рукі, думаючы, што дасягнуў мэты.

Зрэшты, пра знаёмства Зорыча з імператрыцай ёсць і іншая, куды больш займальная версія. Казалі, што серб, пасварыўшыся з камандзірам палка, у якім служыў пасля вяртання з палону, паехаў у Ваенную калегію ў Пецярбург прасіць аб пераводзе яго ў іншы полк. Але ў першы ж дзень настолькі прайграўся ў карты, што не меў нават грошай на абед у карчме. На шчасце, ён выпадкова сустрэў на вуліцы колішняга аднапалчаніна. Той накіроўваўся ў Царскае Сяло, дзе пры двары імператрыцы працаваў ягоны прыяцель, і ўзяў Зорыча з сабой. А з нагоды сустрэчы яны, як заведзена, моцна выпілі. Сябра адключыўся, а больш трывалы Зорыч пайшоў прагуляцца ў палацавы сад, сеў на лаву пад ліпай ды заснуў. А тут акурат імператрыца праходзіла міма. Зорыч спадабаўся ёй сваёй прыгажосцю, маладосцю і паставай, і яна загадала камердынеру пасядзець побач з ім, дачакацца, калі гусар прачнецца, і запрасіць да яе на вячэру.

Так ці інакш, у Кацярыны з’явіўся новы фаварыт. Пётр Румянцаў у сваёй аўтабіяграфіі так кажа аб гэтай падзеі: “Вярнуўшыся ў Пецярбург, мы знайшлі Завадоўкага, які страціў фавор, і без таго кароткачасовы. Зорыч займаў ягонае месца. Пашана, узнагароды, багацце пасыпаліся на яго”. Напачатку лета 1777 года Сямён Гаўрылавіч быў прызначаны імператрыцай шэфам Ахтырскага гусарскага палка, якім тады камандаваў яго зямляк палкоўнік Антон Хорват.

Зорыч хутка атрымаў вялікі ўплыў пры двары, але спачатку не злоўжываў ім. Пецярбургскі высокі свет прыняў яго добразычліва. “Генерал Зорыч, — пісаў лавелас Андрэй Разумоўскі свайму бацьку, — вельмі ласкава з усімі абыходзіцца”. Іншы сучаснік казаў пра Зорыча, што ён “быў прыгажун, але вельмі абмежаваны і без усялякага выхавання; зрэшты, ён быў найдабрэйшым са смяротных”. А вось як характарызавала Зорыча сама імператрыца: “Можна сказаць, што дзве душы меў: любіў добрае, але рабіў і благое, быў адважны ў справе з непрыяцелем, але ў асабістых баязлівец”. Незразумела, што яна мела на ўвазе пад “баязлівасцю” чалавека, узнагароджанага баявымі ордэнамі. Ён не баяўся нікога, акрамя “матухны” Кацярыны  — нават усемагутнага свайго дабрадзея Рыгора Пацёмкіна, ад уплыву якога рызыкнуў вызваліцца.

Аднак поспехі пры двары працягваліся меней за год. Пра выдаленне Зорыча ў маі 1778 года сучаснікі распавядаюць наступнае: “Пацёмкін хоць і не баяўся яго, але хацеў паказаць, што нельга беспакарана нават думаць яму пярэчыць, і гэтым прыкладам перасцерагчы ўсялякага, каму прыйшла б у галаву такая думка. Князь прадставіў імператрыцы, што непрыемна і нават зневажальна мець каля сябе чалавека настолькі абмежаваных ведаў, як Зорыч”. І гэта сказаў той, хто даўно ведаў Зорыча як баявога афіцэра і прыклаў столькі намаганняў, каб зрабіць яго фаварытам Кацярыны!

Аднойчы імператрыца абышлася з Зорычам вельмі халодна. Прыпісваючы гэта інтрыгам Пацёмкіна, той, будучы ад прыроды вельмі запальчывым, адразу ж кінуў князю пальчатку. Пацёмкін, па патрабаванні Кацярыны, дуэль адхіліў. Зорыч адправіўся да імператрыцы і з адчаем абвясціў ёй, што шануе ў сваім жыцці толькі ейную прыхільнасць. Пасля гэтага “матухна” зноў была да яго добразычлівая, і, здавалася, усё пайшло па-старому. Але толькі здавалася: яго дні пры двары былі ўжо палічаныя. Наперадзе чакала трохмесячная дыпламатычная камандзіроўка ў Швецыю, а затым — блаславёны беларускі горад Шклоў, якому ён аддаў апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця і дзе знайшоў свой апошні прытулак...

Барыс КРЭПАК