Дрэвы-успаміны, дрэвы-мроі

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Мастак-ілюстратар, які стала супрацоўнічаў з беларускімі выдавецтвамі, неяк распавядаў пра такі эпізод. Прыносіць ён да мастацкага рэдактара замоўленую працу і трапляе яму на вока жартаўлівая аб’ява з пералікам выяў, якія мастакам катэгарычна забараняецца маляваць пры ілюстраванні літаратурных твораў. Жарты — жартамі, а гэта сапраўды быў спіс штампаў і банальнасцяў, якімі карыстаюцца мастакі, калі няма ахвоты ўключаць галаву. І першым ў тым спісе быў краявід з дрэвамі.

/i/content/pi/cult/794/17089/020.JPGСапраўды мяжа паміж універсальным і банальным хісткая, амаль незаўважная. І трэба вялікае майстэрства, каб сказаць пра агульнавядомае такімі словамі, да якіх прыслухаюцца, якія пачуюць; намаляваць нешта звыклае, што ўжо і вока паспела намуліць, гэтак, каб глядач са здзіўленнем утаропіўся ў карціну. Не іначай так разважалі мастакі, што прадставілі свае творы на выставе “Дрэвы і вобразы”, якая нядаўна праходзіла ў галерэі “Універсітэт культуры”. Зрэшты, здзівіць гледача — гэта заўсёдная задача творцы. А ў краявідзе пры ўсёй ягонай нейтральнасці як жанру (у параўнанні, скажам, з сюжэтнай кампазіцыяй ці партрэтам, дзе досыць выразна прысутнічае сацыяльнасць) закладзены моцны патэнцыял уздзеяння на гледача. Бо прырода нават для жыхара мегаполіса, які траву бачыць толькі ў асфальтавым абрамленні, была і застаецца люстэркам ягонага псіхалагічнага стану. Людзей абсалютна да прыроды абыякавых я ў жыцці не сустракаў. Не ўпэўнены, што яны ўвогуле ёсць.

Выстава, пра якую ідзе гаворка, падрыхтаваная Арт-студыяй “Аквамір”. Паводле канцэпцыі выставы, якую распрацаваў аўтар праекта Уладзімір Рынкевіч, яна мае адкрыты фармат. Гэта значыць, што у тых, хто меў намер браць удзел, дыплома пра заканчэнне мастацкай ВНУ не пыталіся. Галоўнае, каб крытэрыям прафесіяналізму адпавядала ягоная праца. Але па творах, што прайшлі адбор, відаць, хто, уражаны выяўленчымі магчымасцямі гэтай на першы погляд немудрагелістай тэхнікі, толькі-толькі “захварэў” на акварэль, а хто ўжо не адзін год удасканальвае сваё майстэрства.

Калі параўноўваць творчую дзейнасць са спортам, дзе натхненне таксама рэч не апошняя, дык манументальнае мастацтва будзе падобным на марафон, станковы жывапіс — на стаерскую дыстанцыю, акварэль — спрынт, дзе натхненне сканцэнтраванае ў імгненні. Скажу шчыра, “спрынтарскіх” работ на выставе не шмат, але яны ёсць.

Тэматычна гэта выстава краявідаў. Але справа, як слушна піша ў анатацыі да выставы спадар Уладзімір, не ў саміх дрэвах, а ў вобразным бачанні прыродных аб’ектаў і тых асацыяцыях, якія яны выклікаюць у нашым уяўленні. І тут, зразумела, у кожнага свой эмацыйны досвед. Я, напрыклад, дагэтуль успрымаю як эстэтычную страту знішчэнне дрэў уздоўж берага Свіслачы ў парку Горкага. Гэта бліжэй да праспекта. На тым баку ракі — цырк. Іх зрэзалі, калі ўмацоўвалі бераг бетонам. Было тое яшчэ ў мінулым стагоддзі, а вось дагэтуль памятаю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"