Навошта Кірыл Гуд гэта робіць?

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Здаецца, яшчэ нядаўна гэты ўсмешлівы хлопчык быў зоркай нашай дзіцячай музыкі — яскравы, абаяльны, энергічны. І ўжо тады ён пісаў песні, якія ў колах юных выканаўцаў дагэтуль лічацца хітамі. КІРЫЛ ЕРМАКОЎ падрос, змяніў прозвішча на Гуд, і літаральна за некалькі гадоў стаў паспяховым аўтарам і музычным прадзюсарам, чые кампазіцыі выконваюць такія папулярныя артысты, як Zivert, Мот, Валерыя… Але і артыст КІРЫЛ ГУД нікуды не знік — наадварот, у яго вялікія планы…

/i/content/pi/cult/794/17086/014.JPGЗанадта малады

— Як пра артыста апошнім часам мы пра вас не часта чуем — усё больш як пра аўтара музыкі. Ды й тое працуеце вы ў асноўным для расійскай сцэны, а ў нас далёка не ўсе ведаюць пра вашы цяперашнія справы…

— Мне здаецца, кар’ерай артыста па-сур’ёзнаму я яшчэ не займаўся. Якраз на гэты год запланаваны нейкія падзеі, многа новых песень. Проста апошнія гады тры—чатыры я ў асноўным рабіў музыку для іншых. А цяпер, маючы вопыт, ужо і да сябе магу падыходзіць як прадзюсар, саўндпрадзюсар, менеджар. Канешне, у любым выпадку я стараюся пісаць такі матэрыял, за які мне ніколі не будзе сорамна, але, магчыма, ужо больш хітовы, больш паспяховы з камерцыйнага пункту гледжання: разлічваю дасягнуць кансэнсусу паміж музычным густам і камерцыйнасцю. Хіба што для сябе пісаць больш складана, бо ў артыста Кірыла Гуда занадта высокія патрабаванні. (смех)

— У вашыя 23 гэта так гучыць — “апошнія гады чатыры…”! Атрымліваецца, у 19 гадоў вы на некаторы час кінулі ўласную кар’еру, заняліся прадзюсіраваннем музыкі, і практычна адразу вашы песні заспявалі такія зоркі, як Валерыя, Zivert, Мот.

— Так, я заўсёды быў нейкі занадта малады, да мяне і ставіліся адпаведна. (смех) Вось калі пайшла ўжо сур’ёзная праца ў Расіі, тады і ў Беларусі многае змянілася. А то ўсё было на ўзроўні — ну малайчына, хлопчык, старайся і далей! У Беларусі я папрацаваў ужо з вельмі многімі: і з мэтрамі, і з пачаткоўцамі. Хаця як у пяць гадоў вырашыў стаць артыстам, так ніколі вектар і не змяняў. Проста адхіліўся на некаторы час на прадзюсіраванне, бо прыйшоў час больш сур’ёзна паставіцца да жыцця, зарабіць нейкі капітал, закласці базу на будучыню — ужо ж не хлопчык і сям’ю трэба карміць. Але і гэтым займацца мне вельмі цікава, бо ўсё гэта музыка, усё гэта творчасць.

Прадзюсар з нуля да канца

— Вы пішаце песні — і музыку, і словы, але вы больш, чым проста аўтар. Як раней былі аранжыроўшчыкі, гукарэжысёры і многія іншыя спецыялісты, а цяпер усё гэта адзін чалавек — прадзюсар музыкі. Гэта ж пра вас?

— Так, прадзюсар — гэта той чалавек, які стварае песню з нуля і да канца, які адсочвае ўвесь працэс вырабу трэка ад першай ноты да фінальнага гучання. Калі ёсць патрэба ў іншых аўтарах ці яшчэ якіх спецыялістах, ён дае ім указанні, прадумвае канцэпцыю, вобраз і ўсё астатняе. Вось як мы літаральна днямі працавалі над новай песняй для Zivert — у яе ёсць прадзюсар Багдан Леановіч, і мы па скайпе — ён у Маскве, а я ў Мінску — прыдумвалі мелодыю для новай кампазіцыі: па радку, на нотцы, па фразе, пакуль у нас не намалявалася выразная музычная ідэя. А потым я ўжо саджуся ў сваёй студыі — я дома сабраў сабе студыю — і раблю ўсё астатняе.

— А як у вас увогуле атрымалася трапіць у гэтае кола, вось так адразу — і ў вышэйшы эшалон расійскай папулярнай музыкі?

 — Гады тры таму мне напісаў Сяргей Slem з Масквы — саўндпрадзюсар, кампазітар, рэпер, які акрамя ўсяго займаецца і музычным менеджментам. Якраз праз яго ў мяне з’явіліся першыя прапановы. З Сяргеем мы дагэтуль супрацоўнічаем, і за гэты час для каго я ўжо толькі ні пісаў! Яшчэ ў 2017 годзе ў спявачкі Валерыі выйшла пяць маіх песень. Ад самага пачатку я працую са спявачкай Zivert, адна з яе першых кампазіцый “Анестезия” — майго аўтарства: ды й практычна ўвесь альбом Zivert я рабіў, як аўтар ці сааўтар. Даўно супрацоўнічаю з Мотам, хутка з’явіцца яшчэ некалькі песень: з артыстамі лэйбла Black star у нас увогуле многа трэкаў — і з Клавай Кока, і з Доні — напрыклад, яго нядаўні дуэт з Артурам Піражковым. Працаваў я і з Mband, і са Стасам Міхайлавым, са Слэмам шчыльна займаемся праектам Shena — Ганны Шульгіной, дачкі Валерыі. І гэтак далей.

— А я ўсё думаю, як ў 20 гадоў малады стыльны чалавек, які вырас на зусім іншай музыцы, змог напісаць песні для Валерыі? Нават тэксты. Мне здавалася, што вы з ёй на нейкіх розных музычных палюсах.

— Трэба ўмець аддзяляць сваю музыку, якую выконваеш сам, ад той, якую робіш для кагосьці. Я лічу, гэта абсалютна нармальна. Перад аўтарам і прадзюсарам стаіць задача стварыць тое, што супадзе з артыстам. Як мне удалося супасці з Валерыяй? Нават не ведаю. (смех) Хаця мне заўсёды цікава была і расійская музыка, я ж чуў яе з дзяцінства, і з таго, што было ў эфірах на пачатку 2000-х, мне многае, дарэчы, падабаецца. Але найперш, канешне, амерыканская музыка паўплывала на мой светапогляд, мой самы любімы час — гэта першае дзесяцігоддзе новага веку, ўсё гэтае ар-н-бі. Цімбалэнда я лічу практычна геніяльным чалавекам.

Любы аўтар убірае ў сябе стылістычныя моманты з усяго свету і з ўсіх часоў, і такім чынам ведае, дзе тыя кручкі, якія зачэпяць публіку таго ці іншага выканаўцы. А я ж з музыкай не на “Вы” і шэптам — мы з ёй на “ты”. Акрамя густу і нейкіх тэхнічных ведаў, у мяне ёсць і класічная адукацыя, я разумею, як музыка ствараецца, адкуль у ёй што бярэцца.

Упартасць непахісная

— Вы скончылі гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі, а потым і Інстытут сучасных ведаў па спецыяльнасці “камп’ютарная музыка”. Ці дала вам што-небудзь адукацыя?

 — Мая сярэдняя музычная адукацыя — гэта, мабыць, самае важнае, што са мной адбылося. Таму што менавіта ў каледжы я атрымаў многа карыснага для сябе - таго, чым карыстаюся і па сённяшні дзень: дагэтуль не стамляюся паўтараць, наколькі я ўдзячны. Там я апынуўся ў правільнай атмасферы, у правільным калектыве — калі прыйшоў у каледж, проста зразумеў, што цяпер я на сваім месцы, у сваёй талерцы, і што вакол мяне гэткія ж творчыя вар’яты, як і я. І што на бязрадасную школу можна ўжо і забыцца.

— Вам у дзяцінстве давялося нацярпецца з-за хваробы, але вось тое, што і ў школе з-за гэтага ў вас потым былі праблемы — зусім неяк сумна.

— Ну, было і прайшло: і хвароба, і адсутнасць сяброў, пакуль тры гады ляжаў у ложку, і спробы ізноў навучыцца хадзіць, і насмешкі потым, што я, маўляў, інвалід — булінг у дзіцячых калектывах не рэдкасць. Як на цяперашні розум, можа, варта было падчас хваробы і больш шукаць стасункаў з равеснікамі, старацца неяк спасцігаць свет за сценамі кватэры. А так, канешне, было і балюча, і крыўдна, і некамфортна. У каледжы я сустрэўся з зусім іншым стаўленнем да сябе —
з нармальным! Я вырваўся з той дзіўнай атмасферы, у якой існаваў у школе і якая абсалютна не рэзаніравала са мной, і трапіў туды, дзе быў на сваім месцы. І ўсё пайшло як след.

— Гэта ж проста сюжэт з кіно: вы сталі папулярным музыкантам, а тыя, хто вас крыўдзіў, хутчэй за ўсё, нікім. Мабыць, тая сітуацыя навучыла вас упартасці і трываласці. Вы ўсім даказалі!

— Я не зацыкліваюся на мінулым, нават пачаў ужо перапісвацца з некаторымі хлопцамі са школы. Але, канешне, на мяне гэта паўплывала — і ў добрым сэнсе, і ў благім. Пра дрэнныя моманты не будзем, а вось пра ўпартасць вы правільна сказалі — яна ў мяне цяпер непахісная, іду проста напралом. Не па галавах, крый Божа, гэта ўвогуле не пра мяне — каб не рабіць нікому нічога дрэннага і не атрымліваць ніякіх мінусаў у карму — а проста мэтанакіравана. Жаданне штосьці камусьці даказаць, магчыма, і было тады ў дзяцінстве, цяпер жа ў мяне на першым месцы — скажу прама — каб у сям’і ўсё было добра, каб мама больш не перажывала і не пакутвала з-за той сітуацыі і маёй хваробы, каб проста сцерла гэта ўсё са сваёй памяці./i/content/pi/cult/794/17086/015.JPG

Рызыкоўная справа

— Вы заўсёды вызначаліся тым, што імкнуліся выконваць сучасную рытмічную музыку — ніякага нафталіну, так бы мовіць. Але навокал да гэтага ставіліся крыху насцярожана, як мне падаецца. Нават калі меркаваць па тым, што вы тройчы ўдзельнічалі ў адборах на “Дзіцячае Еўрабачанне”, двойчы на дарослае — і не прайшлі. Хаця два гады таму з песняй “Deja Vu”, як на мой густ, былі цалкам вартыя фіналу.

 — Сапраўды, не так даўно ў Беларусі сучаснай стыльнай поп-музыкі было зусім няшмат, а калі яна і была, то не надта ўспрымалася, яе хутка гасілі. І я неаднойчы чуў пытанне: “Ну навошта ты робіш гэта? Можна ж і прасцей”. Я
разумеў, што займаюся нейкай рызыкоўнай справай, але заўсёды ведаў, што ўсё раблю правільна, і калі-небудзь плён будзе. Што тычыцца “Еўрабачання” — так, мяне не выбіралі, так — бывала і крыўдна. Калі ўжо шчыра — чаму і навошта ў нас у 2018-м з’явіўся Alekseev? Абсалютна незразумела. Сёлета мне практычна ўвесь беларускі шоу-бізнес казаў, каб я падаваўся, што ў мяне стопрацэнтныя шанцы — але я вырашыў, што пайду на конкурс толькі тады, калі буду мець максімальна крутую песню, здольную рэальна прэтэндаваць на званне пераможцы “Еўрабачання”.

 — А калі вы з Ермакова ператварыліся ў Гуда?

— Пра тое, што па пашпарце я Ермакоў, памятаюць хіба што ў Беларусі. А ў Расіі мяне ўсе ведаюць толькі як Кірыла Гуда. Гадоў у 16 я вырашыў узяць псеўданім. І ён, дарэчы, не ад англійскага слова good — хаця і такое значэнне можа быць. У мяне ёсць стрыечны дзед Пётр Адамавіч Гуд — ён паходзіць з Заходняй Беларусі, і гэтае прозвішча мне проста падабаецца — гучнае і кароткае.

— Якой песняй вы найбольш задаволены, найбольш ганарыцеся як аўтар?

 — У Zivert ёсць класная — “Бродяга-дождь”, мне вельмі падабаецца, як там мелодыя атрымалася. А яшчэ “Паруса” i “Fly”. І сама Юля вельмі любіць іх выконваць на канцэртах. Увогуле, ганаруся ўсім, што рабіў для яе. Для Мота мы зараз зрабілі некалькі трэкаў — яны хутка выйдуць — імі я таксама вельмі задаволены. І, канешне ж, з таго, што зараз рыхтую для сябе, ёсць як мінімум тры кампазіцыі, якія мне максімальна падабаюцца. Будзем іх неўзабаве выпускаць, правядзем нейкую прома-кампанію — у Расіі мне дапамагае лэйбл “Первое музыкальное издательство”. На беларускіх радыёстанцыях, канешне, яны ўсе па-любому загучаць… Карацей, нешта павінна адбыцца, і Кірыл Гуд выйдзе, так бы мовіць, са студыйнага ценю ў цэнтр да мікрафона.