Гіпакрат ведаў: “...ars longa”

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Як вучацца ў віртуальнай рэальнасці творцы
Каранавірус — каранавірусам, але вучыцца ўсё адно трэба. Многія вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі сёння адмянілі лекцыйныя і семінарскія заняткі, каб пазбегнуць сітуацый са знаходжаннем вялікай колькасці людзей у адным месцы ў закрытых памяшканнях. Яны таксама актыўна задзейнічаюць новыя формы анлайн-навучання, звязваючыся са студэнтамі пры дапамозе Skype, Viber, Zoom, Moodle і іншых інтэрнэт-платформ, не кажучы ўжо пра звычайныя сацыяльныя сеткі ды мэсэнджары. “К” вырашыла даведацца, што з гэтай нагоды адбываецца ў сталічных ВНУ сферы культуры.

/i/content/pi/cult/794/17083/09.JPG

“Удалёнка” ў alma mater

Дарэчы, гэтая тэма аказалася блізкай мне не толькі з журналісцкага боку — з нядаўняга часу я сам выкладаю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, таму пра пераход студэнтаў і выкладчыкаў на новыя формы работы пры дапамозе інтэрнэта ведаю, што называецца, не з чужых словаў.

Скажам, яшчэ ў мінулы панядзелак у мяне адбылася звычайная рэальная пара ў студэнтаў, якія хоць і былі ў масках — праўда, не ўсе, — але актыўна адказвалі на пытанні, пісалі кантрольны тэст, выступалі перад сваімі калегамі з прэзентацыямі па новых тэмах — карацей, працавалі напоўніцу. І ўсё ішло наладжаным чынам, як і тыдзень, і месяц назад... А ўжо ў аўторак, завітаўшы ў адзін з карпусоў сваёй alma mater, я быў агаломшаны заявай сустрэтага вахцёра, што ўсе заняткі ў студэнтаў адменены: маўляў, недзе ў кагосьці падазраюць каранавірус, таму на 14 дзён усе сышлі на каранцін.

Вось так са звычайных метадаў навучання мне прыйшлося ў хуткім тэмпе перайсці на формы анлайн-работы са студэнтамі. Балазе, і ў аўторак, і ў сераду на сайце БДПУ былі зладжаны вэбінары па арганізацыі ўзаемадзеяння студэнтаў праз сістэму дыстанцыйнага навучання Moodle і вэбінар, дзе расказвалася, як ладзіць анлайн-мерапрыемствы на платформе BigBlueButton. Выкладчыкі ўніверсітэта маглі задаваць удакладняльныя пытанні спікерам у рэальным часе і, натуральна, завальвалі іх сваімі пытаннямі, бо для многіх, як і для мяне, падобныя сістэмы былі яшчэ ў навінку.

/i/content/pi/cult/794/17083/010.JPG

Таму мінулы і гэты тыдзень прайшоў у мяне пад знакам сістэмы Moodle, якую прыйшлося вывучыць, што называецца ад А да Я ў вельмі хуткім тэмпе. Дарэчы, у тым мне вельмі дапамагла жонка (таксама выкладчыца, якая яшчэ колькі гадоў таму пачала працаваць у гэтай сістэме), выказваючы свае неацэнныя парады па арганізацыі анлайн-навучання аўтарытэтна і з веданнем справы.

Карацей кажучы, ужо ў чацвер — усяго праз два дні пасля апошняй рэальнай пары! — мне ўдалося зладзіць сваю першую віртуальную лекцыю для студэнтаў, якія чакалі заняткаў перад камп’ютарамі і ноўтбукамі — хто ў інтэрнаце, хто дома, у сваіх бацькоў. Магчыма, першыя заняткі ў анлайн версіі прайшлі не зусім гладка — як кажуць беларусы, першы блін — сабаку, — але працэс усё ж пайшоў і наступныя пары былі цалкам адпаведныя маёй задуме і склаліся, на мой погляд, досыць паспяхова.

Натуральна, што ўсе гэтыя, пералічаныя мной цяжкасці новых формаў работы, сёння перажываюць і студэнты ды выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў культуры Беларусі. Да таго ж, калі казаць пра Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, там навучанне ў фармаце анлайн не заўсёды можна зладзіць. Але пра ўсе па-парадку.

Экзамены: рэальна ці анлайн?

На галоўнай старонцы інтэрнэт-сайта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў кожнага наведвальніка перш-наперш сустракае інфармацыя пра тое, як засцерагчыся ад каранавіруса: трэба мыць рукі, карыстацца антысептыкамі, пазбягаць кантактаў ды людных месцаў.

Усё тое падаецца сёння абсалютна звычайным: пра гэта гавораць па тэлебачанні, на радыё, пішуць у газетах і на інтэрнэт-парталах. Але, натуральна, у сувязі з падобнымі абмежаваннямі многія масавыя мерапрыемствы, запланаваныя месяц ці два таму, сёння таксама пераносяцца на іншы, больш позні, тэрмін.

Напрыклад, на тым жа сайце БДУКіМ паведамляецца, што сёлетняя XLV выніковая навуковая канферэнцыя студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў “Нацыянальная культура вачыма маладых”, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пераносіцца на травень бягучага года. Канкрэтныя тэрміны і дакладную дату правядзення форуму арганізатары абяцаюць паведаміць пазней.

— Гэта цалкам зразумела, бо сёння ладзіць нейкую маштабную навуковую канферэнцыю наўрад ці мэтазгодна, — патлумачыў “К” першы прарэктар БДУКіМ па навуковай рабоце, кандыдат філасофскіх навук, прафесар Віктар Языковіч. — Таму мы цяпер адмаўляемся ад правядзення падобных мерапрыемстваў, пераносячы іх на больш позні тэрмін.

Як кажа Віктар Робертавіч, аўдыторных заняткаў у студэнтаў на сёння не праводзіцца, арганізавана індывідуальнае навучанне, а таксама навучанне з выкарыстаннем найноўшых інфармацыйных тэхналогій.

Што да размеркавання, дык яно, хутчэй за ўсё, адбудзецца напрыканцы красавіка.

— Ніхто са студэнтаў не застанецца без размеркавання, — запэўніў Віктар Языковіч. — А форму правядзення залікаў і экзаменаў — у рэальнасці яны пройдуць ці праз інтэрнэт, — мы, напэўна, будзем яшчэ абмяркоўваць, зыходзячы, зразумела, з той эпідэміялагічнай сітуацыі, якая будзе складвацца ў Беларусі цягам наступных тыдняў і месяцаў.

Скульптуру робяць у рэале

Падобная сітуацыя і ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Тут таксама на галоўным сайце ўстановы адукацыі вісіць інфармацыя пра тыя захады, што сёння прымаюцца кіраўніцтвам ВНУ: гаворка, у першую чаргу, пра абмежаванне наведвання інтэрнатаў і масавых мерапрыемстваў. Акрамя таго, як паведамляецца на партале БДАМ, менавіта ў мэтах забеспячэння мер па прафілактыцы распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам, XI Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дзяржава і творчая асоба” перанесеная з 10 красавіка на 22 траўня 2020 года.

Па словах рэктара БДАМ, кандыдата мастацтвазнаўства Міхаіла Баразны, з 7 па 30 красавіка ў БДАМ лекцыйныя заняткі, якія праводзяцца ў групах, аб’яднаных у патокі, замяняюцца на самастойную кантраляваную работу. А матэрыялы для самастойнага засваення тэм, прадугледжаных вучэбнымі праграмамі, высылаюцца студэнтам дэканатамі факультэтаў па электроннай пошце. Што да лекцыйных заняткаў для адной групы, дык яны праводзяцца анлайн з выкарыстаннем інфармацыйна-тэхнічных сродкаў.

Праўда, сітуацыя з наведваннем заняткаў тут крыху іншая, чым у БДУКіМ у сувязі са спецыфікай працы ўстановы адукацыі.

— Практычныя заняткі сёння праводзяцца ў нас згодна раскладу, — адзначыў “К” Міхаіл Баразна. — Справа ў тым, што калі семінары па агульнаадукацыйных ці тэарэтычных дысцыплінах накшталт “Гісторыі мастацтваў” мы яшчэ можам зладзіць у анлайн-фармаце, дык усё астатняе прыходзіцца адпрацоўваць з наведваннем майстэрняў, бо ў нас, як вядома, практыка-арыентаванае навучанне. Іншымі словамі, скульптар павінен рабіць скульптуры, а мастак — маляваць карціны ў рэальнасці, а не ў інтэрнэце.

Натуральна, навучальны працэс арганізаваны такім чынам, каб у майстэрнях збіралася невялікая колькасць студэнтаў, усе яны забяспечаны сродкамі аховы і антысептыкамі, а выкладчыкі пачалі больш практыкаваць кансультацыйныя формы навучання.

— Магу ўпэўнена зазначыць, што зніжэння якасці навучання ў нас на сёння не назіраецца, — кажа Міхаіл Баразна. — Мы адзначаем высокі ўзровень падрыхтоўкі нашых студэнтаў, якія працягваюць працаваць над сваімі работамі.

Размеркаванне студэнтаў, па словах рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, адбудзецца згодна з графікам. Прычым, выпускнікі будуць разбіты на невялікія падгрупы і для кожнага з іх прызначыцца асабісты час, у які ён зможа завітаць у камісію па размеркаванні. Такім чынам, можна сказаць, што працэдура размеркавання для студэнтаў будзе арганізавана па індывідуальным графіку.

— Што да абароны сваіх работ выпускнікамі, дык да гэтага яшчэ багата часу, таму сёння студэнты рыхтуюцца, — кажа Міхаіл Баразна. — Іншая справа, што, хутчэй за ўсё, мы абмяжуем прысутнасць людзей на гэтых абаронах: на іх будуць толькі самі студэнты, члены камісіі і выкладчыкі. А работы выпускнікоў па розных спецыяльнасцях пакажам шырокай грамадскасці крыху пазней у нашай выставачнай зале.

Што да рэжыму правядзення летняй экзаменацыйнай сесіі, дык на сёння гэтае пытанне, як і ў БДУКіМ, яшчэ прапрацоўваецца.

І амаль пра тыя ж, падобныя захады, распавяла “К” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава.

— Размеркаванне студэнтаў у нас ужо адбылося 4 красавіка, — зазначыла Кацярына Мікалаеўна. — Як і іншыя ВНУ, сёння мы арганізавалі навучальны працэс у БДАМ з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, але, канечне, па творчых спецыяльнасцях зрабіць гэта вельмі складана, бо заняткі ў аўдыторыях складаюць вельмі мала часу ў нашым практыка-арыентаваным навучанні. Але магу запэўніць, што абарона дыпломных работ пройдзе ў нас у штатным рэжыме.

Як бачна, кожная ВНУ краіны сутыкаецца сёння са сваімі складанасцямі падчас арганізацыі навучальнага працэсу ў перыяд нестабільнага эпідэміялагічнага становішча. Але, нягледзячы на пэўныя нязручнасці, навучальны працэс ідзе сваім парадкам. Акрамя таго, як было нядаўна аб’яўлена, уступныя экзамены ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў пройдуць па плане з 22 па 30 ліпеня. Так што каранавірус — каранавірусам, але вучыцца, як я ўжо казаў напачатку артыкула, усё адно трэба. Бо нават знакаміты грэчаскі ўрач Гіпакрат ведаў: vita brevis, ars longa.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"