Мара “Х” і небяспечны паркур

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Пра колішнюю сядзібу Хмараў у вёсцы Сёмкава, што зусім блізка ад МКАД, мне даводзілася пісаць ужо двойчы. Першы раз з аптымізмам — тады маёнтак, ад велічы якога засталіся адно ўспаміны, займеў дбайнага гаспадара ды пачаў адраджацца. Другі з трывогай — калі той гаспадар па незалежных ад тэмы аховы спадчыны прычынах быў вымушаны пакінуць аб’ект, і ён ізноў стаў “нічыйным”. Але кожнага разу мой артыкул вянчала абнадзейваючае шматкроп’е. Пабываў там надоечы. Што ж змянілася за прамінулы час? Ды асабліва нічога. Ну, хіба яшчэ пару соцень цаглін выпала і з без таго ўжо павышчарбленых муроў, збудаваных колісь знакамітым у нас архітэктарам Карла Спампані. Лёс сядзібы дасюль няпэўны нават у перспектыве. А вось комплекс мер “першай медыцынскай дапамогі”, які дазволіць лядашчым руінам дажыць да “светлай пары адраджэння”, спакваля (хай і не адразу) выпрацоўваецца. Што прыемна, робіцца гэта сумеснымі намаганнямі мясцовых уладаў і тых простых жыхароў Сёмкава, якім хацелася б выходзіць на вечаровы шпацыр па “беларускім Версалі”, а не па грамадскім сметніку.

/i/content/pi/cult/794/17081/02.JPGКаб не хадзіць між парканамі

Дадамо на пачатку каліўца містыкі — зразумела, чыста дзеля чытацкай увагі. Гадоў восем таму падчас земляных працаў мінулыя гаспадары сядзібы выпадкова знайшлі “прывітанне” наўпрост ад апошняга мінскага ваяводы Адама Хмары — мемарыяльную шыльду з тэкстам на лаціне. І выявілася, што ён даволі песімістычны. Састарэлы шляхціч у танальнасці Эклезіяста папярэджваў: і людзей, і іх справы “захоплівае імклівы вір знікнення”.

Ёсць над чым паразважаць. Але верыць у сляпую волю лёсу — гэта не па-хрысціянску. Таму да справы. Пра слаўнае і багатае на драматычныя падзеі мінулае сядзібы можна пачытаць у нашых папярэдніх публікацыях — і не толькі ў іх. Зараз жа спусцімся на зямлю.

Што можна ўбачыць у Сёмкава? Вартыя жалю руіны палаца, закінутыя флігелі, болей за дзесяць гектар занядбаных паркаў і, у даважак, з паўтузіна размаітых пабудоваў ужо савецкіх часоў  — таксама ў запусценні. У тым ліку, і даволі вялікіх: колішняя спецшкола, інтэрнат… Культурнай каштоўнасці яны не ўяўляюць, але пакуль іх тэхнічны стан напаверку здаецца памысным. На сённяшні час гэтыя будынкі вісяць на балансе ЖКГ Мінскага раёна. Пра тое, што там адбываецца, пісалі мясцовыя жыхары ў сваёй петыцыі да рэспубліканскіх і муніцыпальных уладаў: “Тэрыторыя адкрытая для наведвальнікаў, не ахоўваецца. Летам 2018 года дзеці на даху 3-павярховых будынкаў займаліся паркурам. За вясну — лета 2019 г. тэрыторыя ні аднаго разу не была абкошаная. Альтанка, узламаныя будынкі служаць месцам рэгулярных сходаў аматараў гарачых напояў і шумнага баўлення часу”.

Адпаведна, сядзіба — гэта цэлы комплекс. Што, з аднаго боку, дрэнна, паколькі для яго вяртання да жыцця патрэбныя шалёныя інвестыцыі. З другога — наадварот добра, бо інвестару будзе дзе разгарнуцца. І каб стварыць патрэбную інфраструктуру (гатэль, рэстаран і гэтак далей), яму не спатрэбіцца будаваць на тэрыторыі помніка навадзелы, як гэта часта здараецца ў падобных выпадках. Можна прыхарошыць ды выкарыстоўваць тое, што ўжо набудавана.

Чаму я адразу пра інвестара? На сённяшні дзень гістарычная частка гэтага комплексу знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінрайвыканкама. На жаль, падазраю, што такі статус кво часовы. Бо варыянт пераўтварэння руін у нейкі прывабны культурны аб’ект выглядае сёння прыгожымі фантазіямі.

/i/content/pi/cult/794/17081/03.JPG

— Як грамадзянка і патрыётка сваёй краіны, я падтрымліваю такі сцэнарый абедзвюма рукамі, — кажа намеснік старшыні райвыканкама Ірына Ціхонка. — Але… будзьма рэалістамі! Цяжка паверыць, што ў цяперашні няпросты век знойдуцца сродкі для ажыццяўлення гэтых дарагіх мараў.

Пэўна, нічога не застаецца, як знайсці сядзібе сур’ёзнага гаспадара з ліку прыватнікаў. Па словах Ірыны Ціхонка, такія захады ўжо робяцца — хаця выстаўляць маёнтак на аўкцыён чамусьці пакуль не плануюць.

І тут, як падаецца, вельмі важна, каб гэты комплекс — пры ўсёй сваёй неаднароднасці — у выніку займеў аднаго ўласніка і выкарыстоўваўся як адзінае цэлае. Будзе вельмі дрэнна, калі ад згаданага кангламерату пачнуць адшчыкваць па кавалачку, перадаючы асобныя будынкі рознапрофільным арганізацыям — скажам, у адным з іх адродзіцца інтэрнат, а ў другім з’явіцца склад, і кожны паставіць сваю агароджу. Гэта дасць тактычныя выйгрышы, але прывядзе да стратэгічнай паразы. Пра “беларускі Версаль”, здатны ў перспектыве прывабліваць тысячы турыстаў, можна будзе паспяхова забыць. Каму ахвота хадзіць між парканамі?

А ў тым, што перспектыва знайсці інвестара далёка не прывідная, я лішні раз пераканаўся, едучы роварам у Сёмкава. Ваколіцы Мінскага мора ўсё болей абрастаюць разнастайнымі забаўляльна-рэкрэацыйнымі аб’ектамі. Прычым будуюцца яны “ў чыстым полі”, а не на такіх глыбокіх гістарычных падмурках. Але ніякі вонкавы шык іх не заменіць — у тым ліку, і ў плане прыцягнення прыдзірлівых наведвальнікаў.

/i/content/pi/cult/794/17081/04.JPG

“Болей за ўсіх трэба”

Сродкі ў выканкама пакуль знаходзяцца хіба на самае неабходнае. Павесілі ахоўную дошку — прычым так высока, каб ніхто не скраў. Увялі дзве стаўкі вартаўнікоў, якія аберагаюць помнік ад паляўнічых на дармовыя будматэрыялы — крок, як я ўжо неаднойчы пераконваўся, вельмі слушны. Тым болей, вартаўнікі маюць таксама і абавязак падтрымліваць там парадак. Менавіта іх высілкамі пакошаная тэрыторыя ля палаца, а руіны па перыметры абнесеныя стужкай — гэткай сімвалічнай агароджай. А ў бліжэйшы час плануецца і кансервацыя той самай пліты з запаветам Хмары — вядома, ужо высілкамі спецыялістаў больш вузкага профілю.

— Нас запэўнівалі, што тэндар па вызначэнні выканаўцы работ будзе праведзены ў найбліжэйшым часе, — кажа мясцовая жыхарка Таццяна Хамянкова. — На жаль, пакуль тут ёсць затрымкі, але спадзяемся, што хутка ўсё вырашыцца. Бо пліта ад пачатку не была прызначаная для захоўвання на адкрытым паветры, і ўжо цяпер на пясчаніку мы можам бачыць згубныя сляды. Таму ратаваць яе трэба неадкладна.

Нават нягледзячы на тэкст: бо над чым тады разважаць нашчадкам? Спадарыня Таццяна жыве ў Сёмкава ўсяго трэці год. Патрапіўшы на сядзібу, убачыла там густыя зарасці. Разам з іншымі неабыякавымі “тубыльцамі” ўзяліся касіць — бо нельга ж, каб самае важнае месца твайго паселішча нагадвала джунглі. Кажа, тады нават косы ламаліся…

Лічу, з ёй спадчыне Хмараў дужа пашчасціла. Шматпакутны помнік — як і многія (але далёка не ўсе) падобныя — займеў свайго “анёла-апекуна”. Таго, каму “болей за ўсіх трэба”. Разам з іншымі жыхарамі Сёмкава, мінулай восенню спадарыня Таццяна склала згаданую вышэй петыцыю, падрабязна і па пунктах акрэсліўшы самыя злабадзённыя і праблемныя моманты ў справе захавання сядзібы. І словы пра “малую радзіму” не выглядаюць у ёй фальшывымі.

Варта адзначыць, што рэакцыя на зварот была вельмі аператыўнай. Прыязджала камісія, нешта падстрыгалі, прыбіралі… Прынялі далейшую “праграму дзеянняў” — і вельмі, дарэчы, слушную. Цяпер толькі важна яе выконваць. І ёсць каму “на месцы” за гэтым прасачыць.

Рай, які стаў звалкай

Не зважаючы на грозныя таблічкі, што паведамлялі, быццам тэрыторыя ахоўваецца сабакамі, я са сваім роварам бесперашкодна здолеў туды пранікнуць. Кажуць, у вартаўнікоў на той час ужо проста скончылася змена — справа была пад вечар. Сустрэў затое маладую сям’ю з дзіцём, якія з цікаўнасцю ўсё аглядалі. Што ні кажы, нават несамавіты стан гэтых мясцінаў не можа адпалохаць турыстаў! Вядома, гэта радуе, але ў дадзеным выпадку — не заўсёды.

— Агароджа адкрытая, таму паўз палац праязджаюць машыны, квадрацыклы, коні з бліжэйшай аграсядзібы, — распавядае Таццяна Хамянкова. — Ёсць небяспека, што гэта спараджае згубныя для руін вібрацыі. Бо вы ж самі бачыце, наколькі яны хісткія. Вунь ладны кавалак літаральна за гэтую зіму адваліўся.

Пры былым гаспадары з дапамогай валанцёраў руіны былі збольшага пакрытыя часовымі дошкамі, якія засцерагалі ад вільгаці. Але прайшлі гады, і цяпер тыя меры прэвентыўнай кансервацыі трэба аднаўляць. Як запэўніла Ірына Ціхонка, Мінскі райвыканкам ужо шукае для гэтага патрэбныя сродкі.

А мясцовыя рупліўцы спадзяюцца, што ў гэтым сезоне выкошвацца будзе і тая расліннасць, якая з’яўляецца непасрэдна ля сцен палаца (або нават на іх). Бо яна спрыяе руйнаванню.

Рушым са спадарыняй Таццянай маршрутам Адама Хмары. Новыя будынкі абмінаем увагай, хаця любоў да іх з боку экстрэмальна настроенай моладзі становіцца зразумелай з першага погляду. Хто ж не хоча адчуць сябе сталкерам…

У колішнім англійскім парку, разбітым сярод пакінутых ледавіком маляўнічых пагоркаў, вясновым надвячоркам на ўсе галасы спяваюць птушкі. Таццяна Хамянкова кажа, што гэтыя мясціны пярнатыя ўпадабалі асабліва, і для бэрдуотчараў тут сапраўдны рай. Аднак рамантычныя пошчакі слаба суадносяцца з вялізнымі грудамі смецця, раскіданымі па парку. Відавочна, сёй-той з мясцовага люду выкарыстоўвае гэтую тэрыторыю як зручную для сябе звалку. Прычым рэгулярна. Засмечаная і маляўнічая рачулка Чарняўка — нехта выкінуў у яе з моста старыя крэслы.

— Раней я нават не магла ўявіць, што на свеце так багата людзей, якія смеццяць там, дзе жывуць, — прызнаецца спадарыня Таццяна. — Гэта ж брак не толькі духоўнасці, але і элементарнай чалавечай культуры! Заўсёды лічыла, што прыбіраць за сабой — клопат не толькі пра прыроду, але і пра сябе самога.

У другім парку — французскім, дзе сярод бязладных зарасцяў яшчэ праглядаюцца рэшткі былой планіроўкі — спадарыня Таццяна заўважае свежы спіл. І задаецца пытаннем: ці сама павалілалася тая старая ліпа, або ёй дапамаглі? У кожным разе, такая драўніна — каштоўная. Таму частку ствала нехта адразу ж прысабечыў ды вывез.

— Пільнага нагляду за паркамі пакуль няма, — кажа яна. — У мяне наогул складаецца ўражаннне, нібы вартаўнікі не надта ўсведамляюць, што гэта іх сфера адказнасці.

Дзяліць сферы адказнасці — гэта ўлюбёнае хобі многіх. Але спадарыня Таццяна тут жа прапаноўвае свае спосабы далучыцца да справы: ад банальнай талакі — з граблямі і гумовымі пальчаткамі — да моднага цяпер краўдфандынгу.

Фэст на фоне руін

І праўда, не варта вешаць на вартаўнікоў усе бочкі. Зразумела, што адным толькі ўзмацненнем кантролю праблему тут не вырашыш. І таму Таццяна Хамянкова надае асаблівую ўвагу менавіта асветніцкаму складніку. Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, яна вядзе ў мясцовай школе краязнаўчы гурток, апя куецца музеем, куды часова “пераехалі” экспанаты з музея сёмкаўскага — ён ужо, лічы, быў створаны, але пасля сыходу мінулага гаспадара ледзь не стаў ахвярай дробных рабаўнікоў. Плануе тэатралізаваныя экскурсіі — не толькі для турыстаў, але і для мясцовых. Вось і на фэст экскурсаводаў мелася быць цэлая праграма — каб не тая зараза…

— Уся дзейнасць і нават стыль жыцця нашай сям’і накіраваныя на тое, каб у людзей, чые дамы з намі побач, з’явілася хаця б магчымасць задумацца, што ёсць мноства цікавостак і па-за межамі супермаркетаў, — кажа суразмоўца. — А вялікія скарбы сусветнай культуры могуць быць на суседняй вуліцы, і іх лёс залежыць не толькі ад чыноўнікаў, але і ад кожнага з нас.

Апагеем гэтай дзейнасці мае стаць фэст на тле руін. Ягоная праграма ўжо падрабязна распрацаваная — будзе і класіка, і фальклор, і лекцыі, і кулінарныя майстар-класы… Ёсць і назва — “Х-мара”. Гульня слоў зразумелая, калі ўлічыць, што першая літара — “ікс”.

— Наша мэта — пошук супольнай ідэнтычнасці сёмкаўцаў і памкненне аб’яднаць іх вакол гэтага месца,  — кажа спадарыня Таццяна. — Як сталых жыхароў, так і прыезджых, як звычайных вяскоўцаў, так і тых, хто жыве сваім асобным жыццём у дарагіх катэджах. Трэба, каб кожны падумаў, што значыць гэтае месца для нашай супольнасці, як мы можам яго палепшыць, каб яно служыла нашым інтарэсам.

Праграму фэсту “неабыякавыя” абяцаюць забяспечыць самі, а вось у плане тэхнічнага забеспячэння просяць дапамагчы мясцовыя ўлады. Патрэбная ж сякая-такая апаратура, лавы для сядзення, апека міліцыі і “хуткай дапамогі”…

І вельмі ўзрадавала, што намесніца старшыні Мінскага райвыканкама Ірына Ціхонка мяне запэўніла: да супрацоўніцтва з грамадскімі рупліўцамі яна заўсёды адкрытая. Сапраўды, ім адзін без аднаго — ну проста ніяк!

…Можа, калі давядзецца пісаць пра Сёмкава ўжо ў чацвёрты раз, танальнасць будзе больш жыццесцвярджальнай?