Эпоха, што сканцэнтравана ў будучыні

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Летапіс галоўнай плошчы краіны
Адбылася чарговая рэканструкцыя сталічнай плошчы Перамогі. Рэстаўратары папрацавалі над бронзай і гранітам манумента, абнавілі смальту на Ордэне Перамогі, які вянчае абеліск. У лепшы бок змяніўся падземны паверх мемарыяла. Структурай і аздобай ён цяпер нагадвае музейную залу. Зменены камунікацыі, што адпрацавалі свой тэрмін. Яшчэ раней на адлегласці праспекта ад плошчы Незалежнасці акурат да плошчы Перамогі замянілі ліхтарні стандартнай формы на тыя, што больш адпавядаюць стылістыцы сталінскага ампіру, паводле канонаў якога пабудавана гэтая частка праспекта Незалежнасці. У асноўных рысах архітэктурнае аблічча плошчы Перамогі склалася ў канцы 50-х гадоў. Мы так да яго прызвычаіліся, што падаецца нібыта іншым яно і быць не магло. А між тым, ва ўрадавай пастанове 1946 года, дзе абвяшчаліся ўмовы конкурсу на помнік палеглым у Вялікай Айчыннай вайне за вызваленне Беларусі, месца для ягонай пабудовы называлася “Галоўная плошча цэнтральнага ансамбля горада”, якая яшчэ толькі праектавалася. Пазней гэта плошча атрымала назву Цэнтральная, сёння мы яе ведаем як Кастрычніцкую.

/i/content/pi/cult/794/17080/01.JPGАле ў 1948 годзе два архітэктары з ліку тых, што зрабілі вялікі ўнёсак у адбудову разбуранага Мінску, прапанавалі паставіць пасярод “цэнтральнага ансамбля горада” помнік Генералісімусу. Зразумела, што тыя, хто мусіў прымаць рашэнні, нават калі б і мелі на гэты конт іншую думку, адхіліць такую прапанову не адважыліся. Там бронзавы Сталін і паўстаў у 1952 годзе. Прастаяў, праўда, нядоўга: дэмантаваны праз дзевяць гадоў. А для помніка Перамогі ў новых умовах конкурсу, абвешчаных у 1950 годзе, адвялі плошчу (нават не плошчу, а проста разваротнае кола на мяжы цэнтра горада) з непрэтэнцыёзнай назвай Круглая. Такім вось чынам гэтая гісторыя помніка выкладзена ў лёгкадаступных крыніцах.

Цікава, аднак, тое, што архітэктар Георгій Заборскі, паранены ў бітве пад Масквой і знаходзячыся ў шпіталі, яшчэ ў 1942 годзе зрабіў першыя эскізы помніка Перамогі для Мінска менавіта на той плошчы, дзе ўрэшце рэшт абеліск у 1954 годзе і паўстаў.

У часе будаўніцтва адбылася неспадзяванка, якая адбілася на абліччы помніка. Манумент мусіў быць вышынёй сорак пяць метраў. Але патрэбную колькасць граніту не паспявалі даставіць у Мінск у запланаваны тэрмін, і такім чынам узнікла небяспека, што помнік не здолеюць завяршыць да ўрачыстасцяў у гонар дзесяцігоддзя вызвалення Беларусі. Вырашілі: хай будзе на сем метраў ніжэйшы, але час адкрыцця не пераносіць. Сёння ж, калі глядзіш на манумент, дык думаеш, мо і добра, што так атрымалася. Які заўгодна план пры рэалізацыі карэктуецца. Я мяркую, што менавіта праз тую неспадзяванку патрапілі і ў патрэбны памер, і ў прасторавы маштаб.

Паўднёвая частка плошчы пабудавана яшчэ пры жыцці Сталіна, і ў яе аздобе прысутнічаюць характэрныя рысы эстэтыкі тае пары. А вось паўночная трапіла пад “борьбу с излишествами”. Яе аздоба больш сціплая. Ці варта вяртацца да пачатковага праекта — пытанне дыскусійнае. “Борьба с излишествами” таксама частка нашай архітэктурнай гісторыі. Разам з тым у Мінску ёсць удалы прыклад сучаснай рэканструкцыі з прымяненнем класіцысткіх форм. Гэта бульвар на вуліцы Леніна. Такое ўражанне, што будынкі і малыя архэктурныя формы належаць аднаму часу. Але між іх стварэннем адлегласць больш за паўстагоддзя.

Цэнтральная фігура гарэльефа помніка, над якім размешчаны герб Беларускай ССР, воін Чырвонай Арміі са сцягам з партрэтам Леніна. Зыходна ж на сцягу былі Ленін і Сталін, потым — нічога, а цяпер толькі Ільіч.

У 1961 годзе перад абеліскам запалілі Вечны агонь. Да 1984 года плошча сапраўды была круглай, потым стала авальнай, а цэнтральная “выспа”, на якой знаходзіцца помнік, у памерах павялічылася ўдвая і выцягнулася ў бок маста праз Свіслач. Цяпер на ёй больш зручна ладзіць і пратакольныя мерапрыемствы, і масавыя акцыі. Побач з абеліскам з’явіліся сімвалічныя гранітныя надмагіллі, накрытыя бронзавымі сцягамі, і знакі ў гонар гарадоў-герояў. Тады ж з’явіўся ў мемарыяла і падземны паверх. Была добраўпарадкаваная і прылеглая тэрыторыя.

Фактычна з моманту з’яўлення помнік стаў самым вядомым, самым папулярным сімвалам горада ды і ўсёй Беларусі ўвогуле, пасунуўшы такія знакавыя аб’екты, як Дом урада з помнікам правадыру Кастрычніка і дамы-вежы на Прывакзальнай плошчы. Зразумела, знаходзілася шмат ахвочых далучыцца да аздобы плошчы Перамогі сваімі творамі. Прынамсі былі прапановы паставіць непасрэдна на плошчы шэраг помнікаў канкрэтным героям, аздобіць рэльефнымі выявамі Герояў Савецкага Саюза прастору праспекта ад вуліцы Янкі Купалы да абеліска. А ўжо у гады Незалежнасці ўзнікла ідэя ператварыць ніжні паверх мемарыла ў Магілу Невядомага салдата.

Плошча  — гэта не толькі тое, што на ёй пабудавана, але і тое, што ўваходзіць у яе візуальны шэраг. З’яўленне на праспекце на месцы знішчанага помніка прамысловай архітэктуры офісна-гатэльнага гмаху, які ніяк не дабудуюць, разбурыла неакласіцысцкую гармонію гэтага сегмента праспекта і зрабіла амаль ілюзорнай перспектыву ўключэння галоўнай магістралі нашай сталіцы ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Праўда, і на тэрыторыі Маскоўскага крамля пабудаваны Палац з’ездаў, ёсць сучасны аб’ект, і сярод гістарычнай забудовы Ватыкана таксама… Так што і мы будзем спадзявацца на лепшае.

Недзе напачатку 90-х на прафесійным сумоўі мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў культуры я чуў развагі маскоўкага дзеяча, прозвішча якога зараз не прыгадаю, пра перспектывы адаптацыі савецкай культурнай спадчыны да сусветнага культурнага працэсу. Мы ўсе па тым часе моцна камплексавалі з той нагоды, што наша яшчэ ўчора вялікая дзяржава ў культурным сэнсе развівалася нібыта ў перыферыйным, нават тупіковым напрамку, праз што мы апынуліся, зноў такі, нібыта на ўзбочыне цывілізацыі. І нікому ў свеце, уключна і нас саміх, не цікавы ні наша выяўленчае мастацтва, ні літаратура, ні архітэктура. Маскоўскі госць нас супакоіў. Ён ужо паездзіў па свеце, ведаў рэчаіснасць і адчуваў тэндэнцыі. Кажа, пачакайце крыху. Пройдзе пэўны час, суцішацца палітычныя жарсці і высветліцца, што савецкая культурная спадчына ўнікальная. Яна стане нашым брэндам. А датычна канкрэтна Мінска ён сказаў, што мы не ўяўляем, якой каштоўнасцю валодаем. Яшчэ будуць людзі з усяго свету прыязджаць сюды, каб пабачыць “сталінскі ампір” нашага праспекта.

Адвечная беларуская сціпласць не дазваляе мне сцвярджаць, што гэты час ужо надышоў. Аднак паводле нядаўняга інтэрнэт-апытання рускіх турыстаў Мінск заняў трэцяе месца пасля Санкт- Пецярбурга і Парыжа сярод лепшых гарадоў для рамантычных вандровак. Не так даўно я знайшоў у Сеціве цытату з аўтарытэтнай французскай газеты: “Беларусь — спячая прыгажуня Еўропы”. “Вялікім еўрапейскім горадам XX стагоддзя” назваў Мінск брытанскі архітэктар родам з Ганконга, якога творчы лёс звёў з беларускай дыяспарай Лондана і які пасля некалькіх вандровак у наш край закахаўся ў Беларусь. Для аўстралійскага блогера Мінск — “перліна Усходняй Еўропы”.

У Мінску некалькі плошчаў, якія прэтэндуюць на статус галоўнай. Гэта і плошча Незалежнасці з манументальным Домам урада, і Кастрычніцкая з Палацам Рэспублікі, і плошча Дзяржаўнага сцягу, як сімвал аднаўлення паўнавартаснай дзяржаўнасці нашай краіны. Але для мяня, як, мабыць, і многіх іншых мінчукоў і беларусаў увогуле, галоўнай з’яўляецца плошча Перамогі. Яна велічная і ўтульная, у гісторыі яе стварэння адбіўся пакручасты лёс краіны за апошняе стагоддзе. Яна стваралася, каб занатаваць у памяці нацыі брутальны кантэкст і ўвекавечыць драматычныя падзеі, але сёння ў яе абліччы прачытваюцца рамантычныя рысы эпохі, што нібыта адышла ў нябыт, але пры гэтым растварылася ў будучыні. Такой яе бачу я…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"