“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
Упершыню пра яго я пачуў у 1963 годзе з вуснаў майго педагога Сямёна Окуня, які на трэцім курсе гістфака Ленінградскага дзяржуніверсітэта чытаў нам лекцыі па рускай гісторыі XVIII — пачатку XIX стагоддзяў. У адной з іх, прысвечанай службовым і асабістым адносінам Кацярыны II і Рыгора Пацёмкіна, і прагучала імя серба Сямёна Зорыча — як аднаго з самых маладых фаварытаў імператрыцы. Пра яго Окунь казаў з павагай, вылучаючы сярод іншых “птушанят” Кацярыны як адважнага гусара, што адзначыўся ў баях з туркамі-асманамі. Але адначасова і азартнага карцёжніка кшталту легендарнага француза Сэн-Жэрмэна і рускіх паэтаў Дзяржавіна, Пушкіна, Някрасава. Адным словам, чалавекам ён быў далёка “не самых строгіх правіл”. А вось пра беларускі горад Шклоў, які Зорыч у апошнюю траціну свайго жыцця зрабіў вядомым на ўсю цывілізаваную Еўропу, Сямён Бенецыянавіч не сказаў ні слова. Магчыма, пра гэта не ведаў, а магчыма, лічыў, што аповед пра культурна-адукацыйныя пачыны Зорыча выходзіць за рамкі тэмы яго лекцыі. Таму ў пару маёй маладосці я так нічога пра гэта і не даведаўся. Зрэшты, не адзін я: жыццё гэтага чалавека для шырокай грамадскасці нашай краіны шмат дзесяцігоддзяў заставалася як бы ў ценю…

/i/content/pi/cult/793/17078/023.JPGТройка, сямёрка, туз…

Другі раз імя Зорыча я нечакана сустрэў у пушкінскай “Пікавай даме”. Памятаеце? Там Томскі распавядае калегу па зялёным сукне ігральнага стала Герману драматычную гісторыю свайго сваяка Івана Чапліцкага, які калісьці прайграў у карты генерал-маёру Зорычу 300 тысяч рублёў. Грошы па тым часе каласальныя. Графіня пашкадавала яго і раскрыла яму сакрэт трох карт, якія дадуць яму магчымасць цалкам адыграцца. Так яно і адбылося. Герман, пачуўшы гэту гісторыю, паставіў перад сабой мэту любой цаной вывудзіць у старога таямніцу гэтых трох карт: тройкі, сямёркі, туза. Чым справа скончылася, вядома: фінальны пройгрыш, мёртвая графіня і разбітае сэрца ашуканай Германам Лізаветы Іванаўны... Авантурыст з’ехаў з глузду, так і не здолеўшы самасцвердзіцца ў вышэйшым свеце.

А вось рэальнаму Сямёну Гаўрылавічу Зорычу гэта ўдалося ў поўнай меры, хоць шлях быў звілісты і няпросты. Картачная гульня, асабліва так званы “фараон”, у апошняй трэці XVIII і пачатку XIX стагоддзяў зрабілася мадэллю жыцця для рускага дваранства і польска-беларускай шляхты. Гэта была своеасаблівая “свецкая хвароба”, сапраўдная “рана гасцёўняў”, як вобразна выславіўся Уладзімір Адоеўскі. І яна адыграла ў жыцці Зорыча немалую негатыўную ролю. Паспрабаваў прааналізаваць запал да такой гульні і Лермантаў у драме “Маскарад”. Памятаеце адказ Арбеніна на рэпліку абражанага Звездзіча (дарэчы, ці не з’яўляецца Зорыч прататыпам гэтага персанажа?): “Да в вас нет ничего святого, // Вы человек или демон?” — говорит: // “Я — игрок! . . . // Жизнь — банк, рок мечет, я играю, // И правила игры я к людям применяю”.

І тут да месца ўспомніць глыбакадумную заўвагу Воланда з “Майстра і Маргарыты”: “Мудрагеліста тасуецца калода...” Меліся на ўвазе хітраспляценні лёсаў у гісторыі роду чалавечага. Сучасны паэт Уладзімір Бушуеў удакладніў гэтую думку, якая арганічна лягла на біяграфію майго героя: “Причудливо тасуется колода…// Не знаешь где и что найдешь. // Где рабство, где твоя свобода? // Где жизненный свой путь ты обретешь?..”

Зорыч у поўнай меры паспытаў і рабства (ён правёў цэлых пяць гадоў у палоне ў туркаў-асманаў), і свабоду, якую лёс падарыў яму ў беларускім Шклове, што апынуўся пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай пад расійскай акупацыйнай мантыяй. І сваё жыццёвае прызначэнне ўчорашні фаварыт Кацярыны II рэалізаваў менавіта тут, на берагах Дняпра...

Дзякуючы Зорычу гэты гарадок у 70 кіламетрах ад Магілёва ў апошнія два дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя спазнаў свой “залаты век” і стаў шырока вядомым ва ўсёй Еўропе, як унікальны цэнтр тэатральнай культуры, ваеннай адукацыі і эканамічных інавацый. Невыпадкова сюды, у шыкоўны маёнтак Зорыча, на адпачынак або па справах службовых наязджалі высокія госці — Кацярына II, імператар Іосіф II Аўстрыйскі, паэт і сенатар Гаўрыла Дзяржавін, князь Пацёмкін, сербскі мітрапаліт-цудатворца Пётр-Негаш Цацінскі, балетмайстар Іван Вальберх — пры яго садзеянні лепшыя балерыны тэатра Зорыча пасля стануць у Пецярбургу зоркамі еўрапейскай велічыні. Я ўжо не кажу пра шматлікіх еўрапейскіх дыпламатаў, людзей мастацтва, банкіраў і буйных гандляроў, якія несупыннай плынню рушылі ў Шклоў, каб убачыць тамтэйшыя цуды: унікальны тэатр і высакародную вучэльню з шыкоўнай бібліятэкай і арыгіналамі палотнаў мастакоў Адраджэння, жывапісныя кірмашы і сетку першакласных мануфактур, усялякія феерверкі, канцэрты, маскарады, балі ды розныя іншыя дзівосы.

Адзіны партрэт

Паспрабую аб’ектыўна прааналізаваць біяграфію гэтага хвацкага авантурыста са знакам “плюс” у кантэксце яго гуманітарнага ўнёску ў гісторыю Беларусі. Пагатоў, ацэнкі гэтай постаці супярэчлівыя — не толькі з боку яго сучаснікаў, але і сённяшніх гісторыкаў, культуролагаў і журналістаў. Так ці інакш, я перакананы, што пра жыццё і лёс гэтага чалавека, які прайшоў вялікі шлях ад “сына гусарскага палка” да генерал-лейтэнанта, ад фаварыта імператрыцы — да панаўладнага “гаспадара” Шклова, можна здымаць круты кінасерыял.

Разумею, што ацэначныя меркаванні пра чалавека заўсёды суб’ектыўныя. Аднак мяне бянтэжыць, што ў некаторых прысвечаных гэтаму чалавеку публікацыях сустракаюцца сур’ёзныя фактычныя недакладнасці, а часам і проста дылетанцкія здагадкі. Напрыклад, Яўген Анішчанка ў газеце “Секретные исследования” (№ 3, 2014) піша: “гасціннасць Зорыча (маецца на ўвазе Шклоў — Б.К.) дайшла да вушэй самога Вальтэра, які нават склаў оду ў гонар яго мецэнацкіх шчадротаў…” А далей цытуецца сама ода. Не ведаю, каму вялікі філосаф і паэт на самой справе яе прысвяціў, але толькі не Зорычу. Бо Вальтэр памёр 30 мая 1778 года, калі да ад’езду ўчорашняга фаварыта імператрыцы ў “шклоўскую ссылку” яшчэ заставалася чатыры месяцы.

Або пішуць, што Кацярына ў 1772 годзе “выкупіла” Шклоў для падарунка Пацёмкіну ў дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Яна Мікалая Хадкевіча (а не канфіскавала ў Аўгуста Аляксандра Чартарыйскага, як было на самой справе), што Зорыч быў кавалерам Мальтыйскага крыжа… Але гэтую ўзнагароду Павел I увёў незадоўга да скону Сямёна Гаўрылавіча, які на той час ужо трапіў у няміласць і бязвыездна сядзеў у Шклове. Яшчэ заўважу, што Зорыч наогул ніколі не знаходзіўся ў Мальтыйскім ордэне. І гэтак далей…

Зрэшты, да нядаўняга часу мы нават не ведалі, як ён выглядаў. Толькі ў 1997 годзе ў Эрмітажы з’явіўся партрэт Зорыча пэндзля невядомага мастака, набыты ў Парыжы ў сям’і аднаго рускага эмігранта. Гэты вобраз і лёг у аснову скульптурнай выявы, цудоўнага помніка Зорычу, адкрытага ў Дзень беларускага пісьменства 2 верасня 2007 года ў Шклове. Аўтары яго - скульптар Уладзімір Слабодчыкаў (пры ўдзеле Алега Варвашэні), архітэктары Юрый Градаў і Георгій Сіваеў.

Акрамя таго, вядомы яшчэ адзін партрэт — маленькі чорна-белы. Ён ілюструе артыкул пра Зорыча ў “Ваеннай энцыклапедыі” І.Д. Сыціна (Санкт-Пецярбург, 1912 — 1913). Але гэтая выява, як мне здаецца — больш фантазія мастака, чым канкрэтны вобраз. Вось, мабыць, і ўся іканаграфія нашага героя. Магчыма, нешта яшчэ ёсць у Сербіі — але гэта мне невядома...

Са стэпаў Ваяводзіны

Сямён (Сімяон) Зорыч — з беднага сербскага роду Няранчычаў. Ёсць меркаванне, што ён нарадзіўся ў сяле Бачка (цяпер Бачка-Нова-Сяло) на левым беразе Дуная, край Ваяводзіна. Тады гэтая частка спрадвечнай сербскай тэрыторыі ўваходзіла ў склад Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў — у той час як большая частка належала Асманскай імперыі. Дакладная дата нараджэння Сямёна Зорыча невядомая: ці то 1743 год, ці то 1745-ты. Я схіляюся да другога варыянта і лічу, што на свет ён з’явіўся 14 верасня 1745 года, калі сербы традыцыйна адзначалі дзень памяці Святога Сымона Стоўпніка — апекуна земляробаў і жывёлагадоўцаў. Адпаведна, сёлета можна хаця б умоўна адзначыць 275 гадоў з дня нараджэння нашага героя.

Яго бацька Гаўрыла Няранчыч быў земляробам ды меў чараду авечак і некалькіх табуноў коней. Маці Стэфаніда — дачка афіцэра арміі Габсбургаў Ёвана (Фёдара) Зорыча і сястра Максіма Зорыча, таксама афіцэра, але расійскай арміі. Быў у нашага героя і старэйшы брат Давід (Дзмітрый), які захаваў сваё імя ў гісторыі толькі тым, што аднойчы ў Шклове падклаў Сямёну вялікую “свінню”, спрабуючы ўблытаць яго ў рызыкоўную афёру па вытворчасці фальшывых расійскіх асігнацый. Але пра гэта ніжэй.

Такім чынам, ранняе дзяцінства Зорыча праходзіла сярод чарназёмных стэпаў і вінаграднікаў шматмоўнай Ваяводзіны — акрамя сербаў, там жылі венгры, румыны, харваты, цыганы, славакі, русіны. Але ў дзевяцігадовым узросце Сямён перасяліўся ў Расійскую імперыю — разам з сям’ёй свайго дзядзькі, прэм’ер-маёра Максіма Зорыча, які ўсынавіў хлопчыка, атрымаўшы дазвол бацькі перамяніць яго прозвішча Няранчыч на Зорыч.

І так сталася, што гэтая метамарфоза стала для Сямёна вялікім дабрадзействам і вызначыла яго далейшы шлях у самыя вышэйшыя сферы тагачаснага рускага дваранства. Тут трэба аддаць належнае Максіму Зорычу. Даслужыўшыся да генерал-маёра, ён не саромеўся свайго нізкага паходжання, не забываў родную Сербію і спрабаваў прасоўваць сваякоў, дамагаючыся, каб з іх атрымаўся толк.

Па прыбыцці ў Расію разам з дзвюма групамі сербаў-перасяленцаў на чале з палкоўнікам Іванам Шэвчам і падпалкоўнікам Райко Прэрадовічам, Максім Зорыч у маі 1753 года ўладкаваў свайго малалетняга пляменніка ў гусарскі полк, раскватараваны ў так званай Славянасербіі. Гэта была ваенізаваная аўтаномная вобласць, створаная сербскімі гусарамі для абароны паўднёвых межаў Расіі ад туркаў і крымскіх татараў і падпарадкаваная непасрэдна Сенату і Ваеннаму калегіуму Расійскай імперыі. Яна знаходзілася на тэрыторыі паміж рэкамі Бахмут і Лугань, на правым беразе Северскага Данца. Да часу з’яўлення тут нашага героя насельніцтва гэтых абласцей складала больш за 26 тысяч чалавек, у іх ліку было шмат сербскіх генералаў і афіцэраў. У перыяд Сямігадовай вайны, у якой прыняў баявы хрост малады вахмістр Зорыч, чатыры сербскія палкі праявілі сябе гераічна.

…Гісторыя ягонага жыцця падобная да казкі пра Папялушку, толькі яе галоўным героем быў вельмі ўдачлівы мужчына. Папялушак у мужчынскім адзенні, якія трапілі з гразі ў князі, у XVIII часам называлі фаварытамі. Але да гэтага “звання”, якое вырашыла далейшы лёс майго героя, маладому гусару давялося прайсці агонь, ваду і медныя трубы.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"