А з пыласоса бубен выпіліў, або Незвычайныя інструменты Блахіна

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Музыкант, майстар народных инструментаў, арганізатар канцэртаў, выкладчык ігры на гітары — Аляксандр Блахін з Ліды “стварае музыку” па-рознаму. У родным горадзе ён чалавек прыкметны — на гарадскіх святах яго можна ўбачыць не толькі на сцэне, але і проста на вуліцы — з мноствам цікавых і дзіўных інструментаў, а яшчэ ён іграе ў дзвюх групах, ладзіць канцэрты і дорыць лідчанам сустрэчы з тымі артыстамі, якіх любіць сам. Такім чынам Аляксандр Блахін робіць культурнае жыццё ў Лідзе больш насычаным і змястоўным. І, мабыць, кожнаму гораду ці гарадку можна пажадаць паболей такіх энтузіястаў. Пра самае рознае, але так атрымліваецца, што найперш пра любоў да музыкі мы гутарым з Аляксандрам Блахіным.

/i/content/pi/cult/793/17077/021.JPG— У нас не вучаць прафесіі майстра народных інструментаў, у кожнага свая гісторыя. Якім быў ваш шлях?

 — Я самавучка, у літаральным сэнсе народны майстар, які на пачатку 90-х пачынаў з рамонту інструментаў — бо ў тыя часы перш чым іграць практычна ўсё трэба было давесці да розуму. У школьным ансамблі ў мяне была бас-гітара, потым я засвоіў іншыя інструменты. А каб адрамантаваць ды наладзіць, неабходна было зразумець самую прыроду гуку, як ён узнікае ў інструменце, што дае рэзананс і тэмбры. Мая група “Нэма” ў свой час выконвала такі акустычны рок у стылі ранняга “Акварыума” ці “Калінава маста”, і там былі ўсе гэтыя дудачкі, флейтачкі. Потым я пазнаёміўся з моцнай гродзенскай суполкай бардаў, цікавіла мяне і этна-музыка.

А такім сапраўдным штуршком, каб пачаць рабіць народныя музычныя інструменты, для мяне стала знаёмства са знакамітым майстрам з Гродна Мар’янам Антонавічам Скрамблевічам. Недзе ў 97-м годзе ён прыязджаў да нас у Ліду на фестываль, і я, калі пабачыў гэты вялізны стол, увесь накрыты рознымі цікавосткамі, моцна натхніўся. Мы пазнаёміліся, я потым ездзіў да яго ў госці — нешта такое Мар’ян Антонавіч ува мне, мабыць, убачыў,
падарыў сапілку беларускую. І я пачаў як мог. На той час ні абсталявання яшчэ не было, ні інтэрнэту, каб знайсці гатовыя інструкцыі. І я прыдумляў сам — мог і з бамбукавых вудачак што зрабіць, і з лыжных палак у мяне атрымліваліся дудкі. З таго часу я палюбіў эксперыменты, палюбіў ствараць з незвычайных рэчаў.

— А якія, напрыклад, самыя адметныя інструменты ў вас?

— У апошнія гады чатыры я захапіўся “сігарбокс-гітарамі” — іх вырабляюць са скрыняў з-пад сігар. Калісьці ж у Амерыцы цемнаскурыя рабы пасля працы на плантацыях рабілі сабе інструменты з усяго, што пад рукой: напрыклад, з палкі і кавалка дроту атрымлівалася нешта падобнае на гітару. Блюз так і нарадзіўся, і толькі праз многа гадоў у ім з’явіліся электрагітары і ўсё астатняе. У нашы дні тэма з сігарбокс-гітарамі ўзнікла недзе гадоў 15 таму як вяртанне да карнявога гучання, да нечага сапраўднага. Рух паступова стаў вельмі моцным, разышоўся па ўсім свеце. І выкарыстоўваць можна не толькі сігарныя скрыні, а што заўгодна — ты маеш поўную творчую свабоду. Я сам раблю менавіта з сігарных скрыняў. Магчыма, яшчэ нехта ў Беларусі робіць сігарбокс-гітары, але я асабіста не сустракаў. Калі я з такой гітарай іграю на якім вулічным фестывалі, то незвычайны выгляд інструментаў нязменна выклікае здзіўленне і пытанні!

У асноўным раблю многа духавых інструментаў — і традыцыйных, канешне, але і незвычайных — напрыклад, усім чамусьці падабалася дудка з трубы ад пыласоса. А я з пыласоса яшчэ і бубен выпіліў — сам на ім іграю ўжо гадоў 20. Вырабляю і танк драмы — іх яшчэ называюць глюкафонамі. Гэта такі незвычайны інструмент з газавага балона, з вельмі дзіўным гукам — адзін мой танк драм паўдзельнічаў у запісе альбома “Цар-агонь” групы “Троіца”. Вабіць мяне японская культура, і я раблю бамбукавыя флейты ў японскім стылі — сякухаці. У групе Dazzling blue іграю ў тым ліку і на сякухаці, у спалучэнні з цымбаламі яны гучаць вельмі арганічна.

/i/content/pi/cult/793/17077/022.JPG— Я ведаю, што вы заўсёдны ўдзельнік “Славянскіх базараў у Віцебску”, вас там можна пабачыць з усімі вашымі вырабамі.

— Так, я часты госць на “Славянскім базары” — спачатку сядзеў з інструментамі на вуліцы майстроў, але потым расцэнкі за месца сталі такімі, што я пачаў ездзіць проста як вулічны музыкант. Там можна сустрэцца з мноствам цікавых людзей, у тым ліку і творцаў. І там, дарэчы, я маю магчымасць пераканацца, што не дарма гэтым займаюся, што мая праца чагосьці вартая. Езджу я і на іншыя фестывалі, у асноўным тэматычныя, этнічнага кшталту — ва Украіну, Польшчу.

— І ўсё ж выраб інструментаў гэта не адзінае, што ёсць у вашым жыцці. Вы і музыкант, і арганізатар канцэртаў, а па адукацыі прафесійны работнік сферы культуры…

— У свой час я скончыў у Гродне каледж мастацтваў як рэжысёр святаў, і па размеркаванні некалькі гадоў працаваў метадыстам у Палацы культуры. Нават арганізоўваў там панкаўскія канцэрты — да нас і “Кальян” з Гродна прыязджаў, і група “ПогостЪ” — дырэктар на мяне кожны раз та-а-а-ак глядзеў, такімі вачыма! (смех) Зараз я працую ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, навучаю ігры на гітары. І сам па-ранейшаму выступаю — калі-нікалі збіраецца праект “Нэма”, з’явіўся і новы калектыў Dazzling blue, у якім мы іграем вакальна-інструментальныя п’есы, шмат у чым заснаваныя на імправізацыі, але досыць меладычныя і нескладаныя для ўспрымання.

— Вы засталіся верным свайму роднаму гораду, нікуды не пераехалі, не сталі развіваць музычную кар’еру. Чаму так?

— Я проста рыба, якая жыве менавіта ў такой вадзе. (смех) У марской, напрыклад, не жыве, а толькі ў рачной — недзе пабыўшы, у Ліду заўсёды вяртаюся, як у сваю стыхію. І па вялікім рахунку, у мяне ніколі не было такой мэты, каб зарабляць грошы музыкай. Магчыма, гэта мяне і выратавала ад расчараванняў ці нечага падобнага. Бо для людзей з вялікімі амбіцыямі Ліда, канешне, не самае спрыяльнае месца. І я бачыў мноства таленавітых музыкантаў, якія па выніку зусім забыліся пра творчасць, пра мастацтва — бо расчараваліся. Ці тады ім трэба было б з’язджаць. А я не раз ужо думаў пра тое, што музыка ж калісьці з’явілася не для таго, каб ёй зараблялі грошы — яна проста павінна цябе радаваць! Пра гэта зараз рэдка гавораць, усё больш пра шоу-бізнес і ганарары. А мне дастаткова, каб музыка была, каб у любы момант магла ў мяне загучаць — і няважна, ёсць публіка ці не. І ўсё жыццё я гэтым займаюся — раблю музыку: і як музыкант, і як майстар інструментаў, і як арганізатар канцэртаў, бо гэтым таксама ж даю музыцы магчымасць гучаць.

— У невялікіх гарадках бывае складана з культурнымі ініцыятывамі, асабліва з тымі, якія ідуць не ад дзяржаўных органаў, Дамоў культуры ці клубаў. А ў Лідзе яны маюцца, і вы якраз з тых энтузіястаў, каму ёсць справа да таго, чым жыве родны горад.

— Сапраўды, я моцна захоплены такім праектам, як “Ga11ery”. Некалькі гадоў таму ў Лідзе склалася таварыства, якое задумала адкрыць выставачную галерэю для самых розных мастакоў, у тым ліку і з асяроддзя андэграўнднага мастацтва. Але з цягам часу галерэя перарасла ў нешта большае, і цяпер там праходзяць і тэатральныя праграмы, і вечары паэзіі, і канцэрты. Дык вось, я ў “Ga11ery” курырую музычныя праекты. Зараз мы перабіраемся ў новае, яшчэ больш прасторнае памяшканне. У нас ужо ёсць сваё пастаяннае кола наведнікаў, і яно з кожным днём расце. Напрыклад, у нашай суполкі “Вконтакте” паўтары тысячы падпісчыкаў, якія ўважліва сочаць за ўсімі падзеямі.

Я вельмі хачу, каб у Лідзе адбывалася нешта цікавае, каб выступалі тыя музыканты, якіх акрамя нас ніхто іншы не запросіць. Ну хіба ж Палац культуры арганізаваў бы канцэрт Леаніда Нарушэвіча і “Князя Мышкіна” ці нешта падобнае? А “Троіца”? Карэнны лідчанін Іван Кірчук ніколі не быў з канцэртам у родным горадзе — гэта ж проста нонсэнс! А ў нас ён быў і з “Троіцай”, і з сольнымі праграмамі. І джазавых музыкантаў запрашаем: вось вельмі хочам убачыць у сябе групу “Яблычны чай”. І блюзавых — быў у нас знакаміты гітарыст з Гомеля Аляксандр Цыганок. Гучыць і аўтарская песня, і этна-музыка, выступалі групы “Ілюжан”, “Дзівасіл”, нават Naviband — тады ў “Ga11ery”не хапіла месца для ўсіх жадаючых. Канешне, даем сцэну і мясцовым артыстам. Такім чынам запаўняем у Лідзе тую нішу, якая пустуе, бо такімі жанрамі ў нашым горадзе больш ніхто не займаецца.

— Вы адчуваеце, што робіце нейкую важную справу, менавіта для людзей?

— Несумненна. У Лідзе няма джаза, няма блюза — калісьці у нас была неблагая рок-сцэна, але і яна адышла ў нябыт. Увогуле, добрай альтэрнатыўнай, неэстраднай музыкі практычна няма. Але ж яна патрэбна, прычым жывая. Калі чалавек ніводнага разу ў жыцці не пабываў на жывым канцэрце, то ён і не зразумее, што інтэрнэтам ці тэлевізарам такое не заменіш. Гэта я быў заўсёды лёгкім — заплечнік на спіну, і паехаў — хоць у Мінск, хоць у Кіеў ці Варшаву. А не ўсе ж такія. І тры гады таму нам у “Ga11ery” многія рэчы здаваліся неверагоднымі. Напрыклад, як мы думалі — Грабеншчыкова з гітарай у Ліду па-любому не прывязем, а вось “Троіцу” было б крута! Але лічылі гэта проста недасяжнай марай, самі не верылі, што калі-небудзь такое здолеем. Прайшло паўтара гады — і ўсё атрымалася! І на канцэртах кожны раз людзей усё болей і болей.

Але ж, прызнаюся шчыра, я гэта і для сябе раблю — бо і сам атрымліваю задавальненне ад канцэртаў, ад знаёмства з таленавітымі творчымі людзьмі. І мне самому гэта трэба.

— А як у вашым жыцці ўзнікла група “Троіца”, з якой у вас цяпер такія шчыльныя стасункі і ў якасці майстра інструментаў, і ў якасці арганізатара іх канцэртаў? Іван Кірчук пры гэтым ваш зямляк.

— Неяк ля сцен Лідскага замка праходзіла свята, і я там сядзеў іграў на чаротцы. Іван Іванавіч падышоў, мы пазнаёміліся. Потым ён спытаў, ці магу я дапамагчы адрамантаваць некаторыя інструменты, потым — ці магу зрабіць тое, што трэба. Я быў шчаслівы дапамагчы. Бо я фанат “Троіцы”, і для мяне камунікаванне з такім чалавекам дае проста каласальны зарад энергіі і натхнення. Мая флейта гучыць і на альбоме групы “Аляксандра і Канстанцін” — я падарыў, выступала ў нас група “Дзівасіл”, і каб аддзячыць за цудоўную музыку, я падарыў ёй нешта падобнае на ірландскі вістл. І гэтак далей.

І ўсе мае інструменты можна пачуць у запісаных песнях, можна пачуць на канцэртах. Вось я сяджу на канцэрце, а музыканты іграюць на маёй флейце ці яшчэ на чым — для мяне гэта шчасце! Бо мае інструменты жывуць і ствараюць выдатную музыку.