Пяць адценняў мары Валерыя Рубінчыка

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Да 80-годдзя з дня нараджэння кінарэжысёра
Сінефіл, творца “рэдкай каштоўнасці чалавечай”, Сапфірчык, Фелінчык, эрудыт, аўтар, які “будаваў уласнае творчае жыццё, каб жыць у зоне годнасці”... Усе гэтыя выразы датычацца кінематаграфіста, які адкрыў беларускаму кіно дзверы ў свет выдумкі і ілюзіі. Валерый Давыдавіч Рубінчык — рэжысёр такіх стужак, як “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Вянок санетаў”, “Апошняе лета дзяцінства”, “Культпаход у тэатр”, “Кіно пра кіно”, — аўтар-філосаф і аўтар-паэт. 17 красавіка творцу, які зрабіў неверагодны ўнёсак у беларускае кіно, споўнілася б 80 гадоў. Самае лепшае, чым можна скарыстацца ў знак пашаны да майстра — перагледзець яго стужкі. Такую задачу я і паспрабавала сабе паставіць, абраўшы пяць (не)галоўных стужак Валерыя Рубінчыка.

/i/content/pi/cult/793/17063/03.JPGАдразу шчыра прызнаюся: мая задача з трэскам правалілася. Бо вызначыць негалоўныя стужкі ў Валерыя Давыдавіча аказалася складана. Так, вяршыняй яго творчасці з'яўляюцца “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Вянок санетаў”, але ці можна, скажам, назваць негалоўнымі “Культпаход у тэатр”, ці “Апошняе лета дзяцінства”, ці нават дэбют майстра “Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў”? Таму выбарку фільмаў можна лічыць цалкам умоўнай, хутчэй спробай прасачыць творчую эвалюцыю майстра і яго ўспрыманне свету праз кіно: ад яго ранніх работ — да апошніх.

1. “Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў” (1969)

Гэту дэбютную карціну Валерыя Рубінчыка назаву пачаткам і стрыжнем усяго, — візітоўкай майстра накшталт “400 удараў” Труфо, “Іванава дзяцінства” Таркоўскага, у якой адразу вызначаўся аўтарскі почырк рэжысёра.

У аснове 39-хвіліннай навелы — аповед Усевалада Іванова пра маладога кінамеханіка, чырвонаармейца Трафіма Глушкова, які нясе справу рэвалюцыі ў масы сродкамі кіно. У рэпертуары хлопца, што цікава, два фільмы “буржуазнага кшталту” - “Улада плоці” і “Казкі кахання ракавога”, ды яшчэ — “рэвалюцыйны сюрпрыз”. Вагон, у якім чырвонаармеец паказвае “фільму”, па недарэчнасці адстаў ад цягніка — і хлопец вымушаны прыдумляць, як яму даехаць да патрэбнага пункту.

Тое, што аўтар навелы абагаўляе кіно — бачна, лічыце, з першага кадра, калі “вока” кінаапарата “глядзіць” прама на гледача, дэманструючы кінахроніку часоў Грамадзянскай вайны. Кіно ў кіно — адзін з любімых стылістычных прыёмаў рэжысёра — з’яўляецца ўжо тут (хоць нават і ў ранейшых кароткаметражках): Трафім падчас падарожжа паказвае нямые карціны сваёй спадарожніцы — медсястры Каці, — у кадры з’яўляюцца інтэрцітры, якія пазней, як элемент кінамовы, будуць выкарыстаны і ў іншых стужках. Заяўляе пра сваю моц у дэбюце і хроніка: менавіта яна першай “стрэліць” у белагвардзейцаў, — белыя адчуюць у выступленнях экранных бальшавікоў пагрозу, і пачнуць страляць у адказ — у кінапалатно.

Важна адзначыць, што з гэтай стужкі рэжысёр распачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Яўгенам Глебавым, якое працягнецца на доўгія гады.

2. “Магіла льва” (1972)

/i/content/pi/cult/793/17063/04.JPG

Здаецца, гэты фільм ужо дакладна можна лічыць у майстра не галоўным — так цяжка ён яму даўся, але не ўсё так проста. Знятая па матывах паэмы Янкі Купалы, карціна ўражвае працай мастака-пастаноўшчыка Яўгена Ігнацьева і спробай “раскачаць” беларускую тэму. У “Магіле льва” з’яўляецца сцэна паганскай замовы ад хваробы, больш экзатычную, нават “барочную” версію якой глядач атрымае ў “Дзікім паляванні караля Стаха”. Гаворка пра славуты эпізод у пакоі з пер’ем, калі старая жанчына замаўляе шаптаннямі Надзею Яноўскую, гаспадыню Балотных Ялін. У “Магіле льва” — у больш стрыманай манеры — Машэка зернем і шэптам загаворвае бацьку, які пры смерці. Валерый Рубінчык, вядома, знаходзіўся ў “пракруставым ложы” савецкіх ідэалагічных установак, і не мог вывесці на першы план нацыянальны дух паэмы Купалы, але ён імкнуўся знайсці сваю інтанацыю ў адлюстраванні свету крывічоў і радзімічаў. Рэжысёр праводзіць гэтую лінію пункцірам — праз стварэнне адпаведнага асяродку, асобных абрадавых сцэн, візуальных метафар.

У карціне ролю Любавы, каханай Машэкі, выконвае Валянціна Шэндрыкава, жонка рэжысёра, але, у першую чаргу, актрыса, якая ўжо моцна прагучала ў “Карале Ліры” Рыгора Козінцава. Незабыўнай застаецца сцэна, калі Любава ў палатах князя Усяслава ва ўбранні княгіні, пераўтвараецца, лічы, у ляльку. Артыстка застанецца галоўнай музай рэжысёра, сыграўшы ўва многіх яго карцінах.

“Магіла льва” таксама каштоўная супрацоўніцтвам з кампазітарам і арганістам Андрэем Валконскім, музыка якога прэтэндуе на асаблівую сэнсавую дамінанту.

Важна абавязкова ўзгадаць і канцоўку фільма. Іх, па сведчаннях кінематаграфістаў, існуе некалькі. Аднак сёння ў сетцы можна знайсці той варыянт, дзе Машэка на кані ўзнікае разам са сваімі паплечнікамі пасля звесткі пра яго смерць. Адважуся зрабіць здагадку, што гэта “паўстанне з мёртвых” з’яўляцца свайго кшталту прадвеснікам дзікага палявання караля Стаха — толькі вершнікі Машэкі нясуць помсту і смерць за прыгнечаны народ.

3. “Апошняе лета дзяцінства” (1974)

Фільм, які прынёс Валерыю Рубінчыку ўсесаюзную славу, быў яму даручаны ў сувязі з сумнымі абставінамі. Мікалай Калінін, які экранізаваў першыя дзве часткі прыгодніцкай трылогіі Анатоля Рыбакова - “Корцік” і “Бронзавая птушка”, пайшоў з жыцця. Трэцяя частка — засталася без рэжысёра, і тагачасны дырэктар “Тэлефільма” Ізольда Кавелашвілі вылучыла кандыдатуру Валерыя Рубінчыка на вольную пасаду. Рэжысёр здолеў атрымаць для кінаўвасаблення прыгодніцкую гісторыю, што адбываецца ў часы НЭПа.

Сёння, калі глядзіш гэты дынамічны тэлефільм у трох частках, атрымліваеш сапраўднае задавальненне ад аўтарскіх знаходак і ўжо знаёмых “рубінчыкавых” прыёмаў. Памятаеце інтэрцітры з “Чырвонага агітатара...”? Тут яны — ужо частка карціны, а не толькі момант дэманстрацыі нямога кіно. Далей, выкарыстанне кінахронікі — трэцяя серыя распачынаецца з хранікальных кадраў палётаў дырыжабляў. Героі карціны глядзяць на цэпеліны ў небе, і абмяркоўваюць забойства інжынера Зіміна ды невінаватасць Віцькі Бурага. Кадры зманціраваны так дасціпна і арганічна, што эфект прысутнасці пры запуску лётных апаратаў узнікае сам па сабе.

У цэлым, што ўражвае пры пераглядзе — тое, як вынаходліва, пры тым амаль з анічога, зроблены тэлефільм. Калі гэта рэпрэзентацыя школы, дык тут — і абмеркаванне любоўных вершаў на фоне “Кутка бязбожніка”, і інсцэніроўка жывой сатырычнай газеты “Сіняя блуза” напярэдадні камсамольскага сходу. Калі рэстаран — не абыйдзецца без камічных куплетаў, танцаў ды антуражу ў стылі мадэрн. У стужцы героі ходзяць на фільмы з удзелам акцёра-коміка нямога кіно Макса Ліндэра ў кінатэатр “Арбатскі Арс”. Не забудземся і на іпадром, які выяўлены зноў-такі з дапамогай кінахронікі. Словам, эпоха НЭПа ў “Апошнім леце дзяцінства” паўстае жыва, яўна і сімпатычна. (Як тут не ўзгадаць, што бацька Валерыя Рубічынка працаваў дырэктарам джазавага аркестра Эдзі Рознера).

Немалаважны ўнёсак у агульны настрой і пераканаўчасць карціны зроблены і акцёрамі: Яўгенам Еўсцігнеевым, Вячаславам Малаковым, Уладзімірам Антонікам; Генадзь Аўсяннікаў тут грае нядобрасумленнага начальніка збыту... Гісторыя пра вядомых хлопчыкаў з “Бронзавай птушкі” і “Корціка” атрымоўвае ў новай тэлестужцы цалкам нечаканы працяг і сапраўдны прасторава-часавы “аб’ём”. Ды стаць глядацкім хітом кіно дапамагае музыка Яўгена Глебава.

4. “Культпаход у тэатр” (1982)

/i/content/pi/cult/793/17063/05.JPGА зараз прапусцім два галоўных, вытанчаных па форме і змесце, фільма Валерыя Давыдавіча - “Вянок санетаў” і “Дзікае паляванне караля Стаха”, каб апынуцца ўжо ў васьмідзясятых. Рэжысёр здымае “Культпаход у тэатр” — карціну, якая развівае яго галоўную тэму — узаемаўплыў мастацтва і жыцця. Дзеянне стужкі распачынаецца з дыялогу настаўніка і вучня: першы ўгаворвае другога пайсці вучыцца далей — у юнака талент у матыматыцы. Аднак у адоранага хлопца — “абставіны”: яго дзяўчына цяжарная, і ён вымушаны забыцца пакуль на далейшую кар’еру. Камера адсоўваецца — і мы бачым, што перад намі яшчэ не кіно, а тэатральная пастаноўка ў ім, якая далей штурхае персанажаў кінафільма дзейнічаць у іх “рэальным” жыцці. Прыём, што адразу чапляе гледача.

Вечны канфлікт і драма паміж высокімі памкненнямі і патрабаваннямі жыцця ў “Культпаходзе ў тэатр” адлюстроўваецца з гумарам і лірызмам. Асноўнае месца дзеяння ў кіно — вёска Белыя Азёры ў атачэнні вады. Механік Ціхаміраў запрашае пажыць у сябе пісьменніка Скарабагатага, каб той убачыў жыццё ў правінцыі ўласнымі вачыма і напісаў пра яго п’есу. Асаблівых сацыяльных праблем у Азёрах няма — жыццё сяльчан добра наладжана, а вось жарсці кіпяць з перахлёстам на “асабістым фронце”. Як і ў “Белых Росах” Ігара Дабралюбава, узгадаем таксама яшчэ адну вядомую стужку “Беларусьфільма” перыяду застою, герояў клапоціць асабістае шчасце, а не несправядлівасць свету.

Тым не менш, штодзённыя і амурныя справы Валерый Рубінчык трактуе менавіта ў рэчышчы асабістага, а не калектыўнага выбару. Што чалавеку кахаць не загадаеш. Што судзіць яго за гэта нельга. Аднак быць цалкам вольным ад грамадства не атрымаецца — муж, які закахаўся ў сімпатычную мадыстку, вернецца да жонкі. А пісьменнік, які прагнуў незалежнага творчага існавання, закахаецца ў дачку механізатара і ўжо свайго сябра — пры такім раскладзе сорамна займацца выключна творчасцю і не прыносіць грошы ў дом. У гэтай па-сутнасці паўсядзённай меладраме рэжысёр далучае мару, каханне да асабістай прасторы, якая неабходна чалавеку, каб дыхаць — у самыя розныя часы. Белыя Азёры апынуцца творчым і жыццёвым прычалам для маладога пісьменніка. Толькі дэльтапланерыст, які намагаецца ўзляцець сярод азёр, чамусьці так і не падымецца ў паветра.

У карціне выбітныя ролі сыгралі Яўген Сцяблоў, Юрый Ступакоў, стварыўшы дакладныя псіхалагічныя партрэты герояў свайго часу.

5. “Адступнік” (1987)

І зусім нечаканая работа Валерыя Рубінчыка. Стужка, зробленая ў кааперацыі са “Студыё Гамбург” (ФРГ) і “Клінкарт фільм” (Аўстрыя), — прыклад ужо перабудоўчага кіно, змрочнага і замкнёнага, далёкага, здавалася б, ад “барочнай” стылістыкі рэжысёра. У аснове карціны — навукова-фантастычны раман Паўла Баграка “Пяць прэзідэнтаў”. Гэты матэрыял становіцца ідэальным для персанальнага выказвання кінематаграфіста пра час і грамадства.

Гаворка ў літаратурным творы і фільме ідзе пра клонаў — цалкам актуальная тэма для творцаў і сёння. Аднак у трактоўцы Рубінчыка кланіраванне разглядаецца не як абстрактная пагроза чалавецтву, а як крушэнне гуманістычных ідэалаў савецкага чалавека. У Рубінчыка клон таленавітага прафесара Мілера (які і прыдумаў прыбор, здольны капіраваць жывыя арганізмы) — гэта канфарміст, што шукае здзелкі з уладай. Дубліката асабліва не турбуе будучыня свету, у адрозненне ад свайго творцы — сапраўднага вучонага — ён хоча прадаць за мільён долараў напрацоўкі і добра жыць на востраве з каханай жанчынай.

Метафара крушэння (ідэалаў, свету) у карціне мае і візуальнае ўвасабленне — горад будучага, у якім адбываецца дзеянне, увесь час руйнуецца пад уздзеяннем прыродных стыхій. Генерал Доран катаецца на машыне па бязлюдных вуліцах, пераследуючы прыгожых жанчын. Навокал пустэча і распад. Хуткасныя цягнікі суседнічаюць з коннымі возікамі. Але прагрэс не раўняецца свабодзе і шчасліваму жыццю.

Валерый Рубінчык у “Адступніку” прадказаў крах савецкай сістэмы і духоўную паразу інтэлігенцыі. А дакладней тое, што месца пры ўладзе занялі адно толькі яе не лепшыя клоны. Такім чынам, сапраўдны прафесар Мілер паспрабуе знішчыць сваё вынаходніцтва, але будзе ўжо позна.

Дзіўная рэч, але праніклівы погляд фантазёра і эстэта Валерыя Рубінчыка дакладна заўважаў павевы часу і здолеў іх адлюстраваць. “Адступнік” — гэта фільм-антыўтопія, што выкрывае супрацьлеглы бок утапічных фантазій.

Калі занурыцца ў разнастайную спадчыну Валерыя Рубінчыка, немагчыма супрацьстаяць гэтай ідэі мары, што хвалявала кінамастака. Ракавы ілюзіён, якім з’яўляецца кіно ў “Чырвоным агітатары...”; ілюзія свабоды і справядлівасці, якой прытрымліваецца Машэка; свет юнацкіх памкненняў і мрояў, што супрацьстаіць жаху вайны ў “Вянку санетаў”; насланнё дзікага палявання караля Стаха — як калектыўны міраж, што сілкуе людскія страхі... Ды мастацтва і мара, як унутраны сад, уцёкі, опіумные сны, надзея і выратаванне... Ды, вядома, наша жыццё, як самая вялікая ілюзія — я назвала толькі пяць адценняў мар Валерыя Рубінчыка, але іх бясконцае мноства.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"