“Мяне ў Беларусь прывёў Бог…”

№ 15 (1454) 11.04.2020 - 17.04.2020 г

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі
У юбілейны год Вялікай Перамогі Мінск упрыгожыцца яшчэ адным знакам памяці. Адкрыецца помнік Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу. Ён паўстане на вуліцы імя героя. Па нацыянальнасці Іон Солтыс малдаванін. Браў удзел у руху супраціву акупантам, а потым як баец у Чырвонай Арміі вызваляў ад нацыстаў Еўропу. Загінуў паўтарыўшы подзвіг Аляксандра Матросава — закрыўшы сабой амбразуру варожага ДОТа. Над помнікам герою працуе беларускі скульптар Хізры Асадулаеў. Перш чым распачаць з ім гаворку пра творчую работу, наш карэспандэнт запытаўся пра жыццёвыя абставіны, якія прывялі дагестанца ў Беларусь.

/i/content/pi/cult/793/17062/sb-1S.jpg— Спадар Хізры, вы трапілі ў наш край, таму што тады Дагестан і Беларусь былі часткамі адной вялікай краіны, і размеркаванне пасля заканчэння ВНУ ці сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы магло быць куды заўгодна?

— У мяне быў свабодны дыплом, бо вучыўся без чацвёрак. Так што я меў магчымасць працаўладкоўвацца самастойна. І апынуўся тут таму, што так склаліся сямейныя абставіны. Пасля заканчэння вучобы я вярнуўся на радзіму, дзе мяне чакала нявеста, ажаніўся. А нявеста мая ў папярэдні год, дарэчы — год алімпійскі — 1980, паступала ў Наргас у Мінску і не прайшла па балах. І вось яна вырашыла паспрабаваць паступіць яшчэ раз. Дзеля гэтага наша сям’я і прыехала ў сталіцу Беларусі. Для мяне гэта было, як крочыць у туман, бо тут я ніколі не быў, нікога не ведаў і мусіў пачынаць з абсалютнага нуля.

Зразумела, пачатак шляху быў нялёгкі. Але ж вось неяк упісаўся. Трэба аддаць належнае беларусам, што пры ўсім іхнім мясцовым патрыятызме, натуральным жаданні жыць сваёй грамадой, пры духу спаборніцтва і канкурэнцыі, уласцівым мастакоўскаму асяроддзю, мяне прынялі. Прынялі… Мы прыехалі сюды ўвосень 81-га, а ўжо з 82-га я ўдзельнічаў у рэспубліканскіх выставах. І пайшло, паняслося.

— Як я разумею, у вас даволі лёгка прайшла адаптацыя ў Беларусі?

— Так. Абсалютна. Гэта атрымалася яшчэ і таму, што я быў настроены на тое, каб сумленна працаваць паўсюль, куды б мяне лёс не закінуў, і разлічваць найперш на ўласныя сілы. Я ж з шаснаццаці гадоў ад бацькоў адарваўся, з гор спусціўся, як кажуць, за соллю.

— За соллю?

— Ёсць такі выраз “спусціўся з гор за соллю”. Адкуль жа ў гарах солі быць? Яна на раўніне. Пад соллю ў пераносным сэнсэ маецца на ўвазе і мудрасць, і канцэнтрацыя ведаў, навыкаў. Зараз я жартую, што мех сабраў, а ніяк у горы назад не дабяруся. Справа ў меня тут пайшла таму, што прывык жыць самастойна з юначых гадоў. Папярэдні досвед кантактаў з людзьмі, які меў на момант прыезду ў Беларусь, дазволіў увайсці ў новы для мяне вобраз, у новае асяроддзе. Увогуле мне ў жыцці шчасціла на добрых людзей. Нібыта Бог вёў мяне за руку на сустрэчу з імі. І тут так атрымалася, і ў Арле, дзе я вучыўся, і ў Маскве, дзе я служыў, і ў іншых мясцінах было тое ж самае.

Ну, галоўная задача была — працаваць, ствараць. Тут, менавіта ў Мінску, я сфармаваўся як мастак, як скульптар. І абсалютна не задумваючыся аб настальгіі па радзіме пачаў пісаць вершы на роднай карацінскай мове. У шуфляду стала пісаў. Але так склалася, што я цёпла сябраваў з Расулам Гамзатавым, і ён мяне звёў з Дзядзькам Рыгорам, з Барадуліным, а той настаяў, каб я даў яму падрадкоўны пераклад сваіх вершаў. І такім чынам выйшаў зборнік на беларускай і карацінскай мовах.

Зноў жа абсалютна нечакана аказалася, што я стаў заснавальнікам сучаснай карацінскай літаратуры. Не думаў пра гэта, а вось атрымалася. У анталогію народаў Расіі , што выйшла ў Маскве, увайшлі мае вершы як карацінскага паэта. А яшчэ зноў для сябе сачыныў песні, музыку… І вось прапанавалі ўступіць у Саюз музыкальных дзеячаў Беларусі, і я з задавальненнем гэта запрашэнне прыняў. Такім жа чынам апынуўся і ў Саюзе пісьменнікаў, ну а ў Саюзе мастакоў — само сабой.

/i/content/pi/cult/793/17062/02.JPG— Атрымліваецца, не выпадкова ў Беларусь патрапілі…

— Насамрэч мяне Бог сюды прывёў. А адаптацыя прайшла лёгка, бо я заўжды меў цягу да моў. Да розных моў. І праз гэта мог бы прызвычаіцца да жыцця і працы і на Усходзе, і на Захадзе. Жыццёвыя варункі я прымаю як дадзенасць, але ніколі не забываю, хто я і адкуль. Гэта ўнутры мяне.

Калі мне кажуць, што мы з жонкай даўно з’ехалі з Дагестана і мабыць многае забылі… Я кажу, не. Наадварот, усё, што было, памятаю: як бацькі выхоўвалі, якія былі парадкі, звычаі майго дзяцінства, юнацтва. І сёння ў Дагестане, можна сказаць, мала засталося з таго, што было. Усё змянілася там, як, дарэчы, і паўсюль. А у маім разуменні, унутры мяне, усё засталося, як было. Калі мы прыязджаем з жонкай і пачынаем рабіць так, як раней было — над намі пасмейваюцца, маўляў, адсталі…

Я пачаў вывучаць беларускую мову, унікаць у беларускую культуру, таму што я тут вырашыў жыць і маю павагу да беларускага народу. А калі ты з павагай ставішся да іншых, дык, натуральна, і да цябе такое ж стаўленне. Як агукнецца, так і адгукнецца. Магчыма, мне цяжэй было б увайсці ў свет Кітая. Магчыма, увогуле не здолеў бы прыняць краіну кшталту Філіпін — ёсць у мяне прыяцель філіпінец. Мы гадоў трыццаць знаёмыя, дагэтуль кантактуем. У маладыя гады, калі лёгкі на пад’ём, прасцей мяняць месца жыхарства, а зараз што Амерыка, што Аўстралія — нават як турыста туды не цягне. А Беларусь мне стала роднай і цёплай.

— Вы народны мастак дзвюх расійскіх рэспублік — Чачні і Дагестану, сябра Каардынацыйнай рады кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў расіян у Беларусі. Старшыня праўлення Міжнароднага аб’яднання дагестанцаў. Можна сказаць, што вы прадстаўляеце ў Беларусі Расію…

— Гэта гучна сказана.

— Але факт, што паводле паходжання вы расіянін, а па грамадзянству беларус. Як вам бачыцца перспектыва стасункаў нашых краін?

— Сяброўства, супрацоўніцтва. Пры гэтым трэба браць да ўвагі, што Расія зусім іншая краіна ў параўнанні з той, якой яна была ў савецкі час. Па вялікім рахунку Расія і Беларусь — розныя. Розныя сістэмы, розны дзяржаўны лад. Зразумела, кожная з краін мае свой пункт гледжання на эканамічныя пытанні. Вернае рашэнне Прэзідэнта Беларусі пра рознавектарную палітыку. З розных краін — сыравіну, у розныя краіны — гатовую прадукцыю. Каб была альтэрнатыва, каб не быць залежным ад таго ці іншага манапаліста. І эканамічныя пытанні вырашаюцца на дзяржаўным узроўні.

— Вам даводзілася раней звяртацца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны?

— Так. У Дагестане, у раённым цэнтры Ботліх стаіць помнік маёй работы тым, хто бараніў Радзіму ў Вялікую Айчынную, у пазнейшы час выконваў інтэрнацыянальны абавязак за межамі краіны, супрацьстастаяў тэрарыстам у часе адносна нядаўнім. На адкрыццё помніка прылятаў Уладзімір Пуцін, ускладаў да яго кветкі. Адбылася сустрэча, дыялог, гаварылі пра помнік, пра рознае. Там быў зроблены і гэты фотаздымак, што цяпер на маёй візітоўцы. Канешне ж, мне было прыемна, што лідар велізарнай краіны знайшоў магчымым пагаварыць з аўтарам, выказаў сваё меркаванне пра ягоную працу. Дарэчы, меркаванне даволі ўхвальнае... Для творцы ацэнка знакавых асоб заўжды важная. Для мяне вялікай радасцю была б і сустрэча з нашым Прэзідэнтам.

— Вас прафесія корміць? Не прыходзіла думка заняцца іншай справай?

— Канешне, прыходзіла. Правільна, калі прафесія цябе не корміць — змяняй прафесію. Але калі ўсё жыццё займаешся адной справай, да таго ж любімай, гэта будзе вельмі цяжкім рашэннем. Такое не многія здолеюць вытрымаць. Я сябе лічу даволі моцным па духу чалавекам, і тым не менш кажу, што гэта было б архіцяжка. Мастак свет бачыць іначай, чым звычайны чалавек. Калі было б інакш, ён бы нічога не здолеў бы стварыць.

Я, жартуючы, кажу, што ў асноўным жыву за аблокамі і перыядычна па неабходнасці спускаюся на зямлю. Наступаю на цвік і зноў узлятаю. Ніколі не ведаешь, дзе гэты цвік.

— Раскажыце пра сваю апошюю работу?

— Адбыўся конкурс на помнік Герою Савецкага Саюза малдаваніну Іону Солтысу. Мне пашчасціла — журы аддало перавагу майму праекту. Плануецца да Дня Перамогі помнік адкрыць.

— Традыцыйна Героям Савецкага Саюза ставілі помнікі-бюсты. А сёння якая тэндэнцыя?

— Рэч у тым, што з прадстаўленых на конкурс чатырнаццаці праектаў большасць якраз і адпавядалі згаданай вамі традыцыі. Бюсты, як у савецкі час. Я бачыў гэта інакш, і помнік Солтысу будзе іншым. Гэта выява героя ў момант здзяйснення подзвіга, калі ён кідаецца на амбразуру ДОТа. Паўфігура ў экспрэсіі. Трэба бачыць. Будзе нестандартна.

 — Вашу сям’ю закранула Вялікая Айчынная?

— Дзед мой ў 37-м годзе быў рэпрэсаваны. І па некаторых звестках, якія цяжка праверыць, яго таксама адправілі на фронт. Дзядзька мой, старэйшы брат майго бацькі, ваяваў і прапаў без звестак. Дзядуля маёй жонкі загінуў у баях за Крым. У нашай вёсцы ёсць таксама Герой Савецкага Саюза.

— Вы гаворыце пра аднавяскоўца, як пра сваяка. Я чуў, што ў гарах, ва ўмовах пэўнай ізаляванасці ад вялікага свету, у вёсках усе ў той ці іншай ступені сваякі? Гэта так?

— Так. У нас даволі вялікая вёска. Каля шасці тысяч чалавек. Райцэнтр. Там шмат родавых ветак. У нас яны называюцца тухумы. Асобны род. З кімсьці шчыльныя родавыя сувязі, з кімсьці ніякіх. Але ў гарах у нас большая чым у даліне згуртаванасць. Гэта прадыктавана законам прыроды, законам выжывання. Суворы клімат, суворыя месцы. Хаця наша вёска найцудоўнейшае месца на зямлі. І рака, і лес сасновы. І ёсць зямельныя ўчасткі тэрасныя.

— А ваша жонка ўрэшце рэшт паступіла ў мінскі Наргас?

— Не. Яна вырашыла, што ёй лепей засяродзіцца на сям’і, быць добрай жонкай і добрай маці. Што ў яе атрымалася нават на пяць з плюсам.

— У вас яшчэ нейкі праект рэалізуецца ў Маскве?

— Летась у вялікім праекце ляпіў партрэт Героя Расіі генерала Уладзіміра Лагошына. І літаральна днямі скончыў партрэт касманаўта Генадзя Манакова. Мне прыемна, што давяраюць сур’ёзныя работы.

— Вы ў Беларусі з 1981 года, а з кім з беларускіх скульптараў адразу сышліся, і хто з нашых карыфеяў на вас нейкі ўплыў зрабіў? У нас у той час грымелі Гумілеўскі, Анікейчык.

— З Анікейчыкам сутыкаўся, сустракаліся. Былі некалькі сустрэч з Андрэем Бембелем, з Азгурам. Увогуле першы чалавек, з якім я пазнаёміўся, быў Валянцін Паўлавіч Занковіч. Гэта першы чалавек са свету мастацтва Беларусі, з якім мяне Бог звёў. Потым гады два працаваў у майстэрні Стаховіча Алега Аляксандравіча, архітэктара, аднаго з аўтараў Кургана Славы і Зоркі на ўваходзе ў Брэсцкую крэпасць. Працаваў з Юрыем Паляковым. Вельмі таленавіты быў скульптар. Я нават здзіўляўся, як ён прыдумляў гэтыя кампазіцыі. Потым знаёмства з многімі скульптарамі, архітэктарамі. Працаваў з двойчы лаўрэтам Дзяржаўнай прэміі Віктарам Крамарэнкам. Запрасіў мяне ляпіць рэльеф на помніку Скарыне Алесь Дранец. Я рабіў від горада Падуі. І на надпіс “Францыск Скарына» пайшоў прапанаваны мной шрыфт. Арнаменты ў рамах для сувязі — таксама мая ідэя. Я шчыра ўдзячны сваім калегам за такое цёплае стаўленне да мяне. Я да іх стаўлюся гэтак жа.

— Да якой тэмы звярнуліся б, да якой пластыкі, калі мелі б магчымасць выбіраць?

— Я ніколі не ганяўся за модай і заўжды ікнуўся рабіць тое, што даспадобы менавіта мне.У мяне даволі многа работ у дробнай пластыцы. Калегі адгукаюцца пра іх ухвальна-добра. Кажуць, лёгка ўспрымаюцца, лёгка запамінаюцца. У сваёй творчасці, у выбары тэм і стылістыкі я чалавек вольны. За выключэннем, зразумела, конкурсных работ, там канкрэтыка прапісана ўжо ў праектным заданні. А яшчэ я прапанававаў бы па ўсёй Беларусі ставіць скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя літаратурным героям беларускіх класікаў. Пазнавальна і выхаваўча.

— Што я ў вас не запытаў? Якое пытанне вы задалі б самому сабе?

— Што я мог у сябе запытаць? Ды, бадай, нічога. Я ўсё сказаў сваімі скульптурамі. Пажадаць жа магу, каб людзі Беларусі, якая стала маёй другой радзімай, захавалі свае лепшыя рысы — працавітасць і цярплівасць, якая сутнасна з’яўляецца праявай мужнасці і мудрасці. Духоўнай моцы і фізічнага здароўя!

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"