Добраўпарадкаванне па метадзе Герастрата

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Пытанне, што рабіць з занядбанымі ды незапатрабаванымі помнікамі спадчыны, даўно муляе мозг людзям неабыякавым. Кіраўнік адной з гаспадарак на Мёршчыне прапанаваў просты адказ — узяў ды зруйнаваў неагатычную стайню 1907 года, якая вісела ў яго на балансе. Няма стайні — няма і праблемы! І стаў героем: пра ягоны ўчынак напісана ўжо з добры тузін выданняў. Праўда, у каментарыях гэтага кіраўніка зазвычай параўноўвалі з Герастратам. Зрэшты, той акурат хацеў патрапіць у аналы гісторыі — і ў яго атрымалася…

Можа, стайня — гэта і не храм Артэміды. Але ў вёсцы Камянполле яна была самай вялікай адметнасцю, нагадваючы сваімі эфектнымі абрысамі замак. Амаль упэўнены, што мясцовыя жыхары менавіта так яе і называлі, прычым з гонарам: маўляў, у нас свой замак ёсць! Гадоў …наццаць таму камяніца яшчэ мела дах, але ўрэшце ад яе застаўся толькі фасадны мур. Нядаўна і яго пераўтварылі ў друз. Матывацыя забіла мяне напавал: дзеля навядзення парадку!

На жаль, падобны выпадак ужо не першы. Скажам, на Брэстчыне гадоў дзесяць таму руплівая старшыня сельвыканкаму ініцыявала ўключэнне размешчанай на “яе” тэрыторыі сядзібы ў Дзяржспіс. А кіраўнік мясцовай гаспадаркі, дачуўшыся пра гэта, хуценька зруйнаваў парэшткі стайні — пакуль рашэнне ў Мінску яшчэ не было прынятае… Каб спіхнуць са свайго балансу гэтае ламачча і пазбегнуць галаўнога болю.

Такая порсткасць не можа не здзіўляць — асабліва калі ўлічыць, што дзеля захавання помнікаў у падобных уласнікаў почасту не знаходзіцца нават найменшых высілкаў і сродкаў. А вось для іх знішчэння — калі ласка!

Што да юрыдычныга становішча стайні ў Камянполлі… У сваіх каментарыях для СМІ прадстаўнікі мясцовых уладаў сцвярджалі, што статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці яна не мела — у адрозненне ад сядзібнага дома. У сваю чаргу, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч перакананы ў адваротным — і таму ён ужо накіраваў ад імя сваёй арганізацыі зварот у кампетэнтныя органы Рэспублікі Беларусь з прапановай прыцягнуць вінаватых у знішчэнні помніка да крымінальнай адказнасці.

Хто ж мае рацыю ў дадзеным выпадку? Адкрыўшы апошнюю версію Дзяржспіса на афіцыйным партале Міністэрства культуры, чытаем: “Былая сядзіба”. Без удакладненняў. Зразумела, сядзіба — гэта не адна пабудова, а цэлы комплекс, і стайня ў яго ўваходзіць. Але цалкам магчыма, што ў Камянполлі пра тое проста не задумаліся. Таму не пазбаўлена мэтазгоднасці дэталёва прапісваць у артыкулах Дзяржспіса, што ж уключана ў склад помніка — як зроблена, скажам, у выпадку з суседняй сядзібай у Лявонпалі, стан якой, на жаль, таксама далёкі ад памыснага.

Але закон законам, а матывацыя — матывацыяй. Многія “гаспадарнікі” пытаюцца: што ж можна рабіць з лядашчымі руінамі пры адсутнасці грошай на аднаўленне? Якая з іх можа быць карысць? І якія тут магчымыя варыянты, апрача зносу?

З інтанацыяй Панікоўскага ім можна адказаць: паязджайце ў сталічны Лошыцкі парк — і ў выхадны пагодны дзень вы сустрэнеце ля руінаў тамтэйшага млына процьму народу. Аб’ект не тое каб надта каштоўны, выкарыстоўваць яго ніхто не плануе, але казаць, што ён гібее без справы, ніяк не выпадае. Ён патрэбны для прыгажосці! Месца папулярнае, ахвотныя ля яго “пафоткацца” літаральна становяцца ў чэргі. Бо пашчэрбленыя муры выглядаюць крутым фонам для здымкаў. Ды і наогул — усё, што звязана з гісторыяй, людзей нашых вабіць. Хаця б таму, што мясцінаў такіх у нас зусім вобмаль засталося.

Разваліны даўно ўжо выкарыстоўваюцца ў якасці элемента ландшафтнага дызайну. Часам архітэктары нават прыдумлялі ўсялякія стылізацыі, ствараючы руіны адмыслова — як, напрыклад, у цяпершнім парку Паўлава, дзе на пагорку красуюцца парэшткі няіснага “замка”.

Што трэба для таго, каб пераўтварыць развалюху ў рамантычныя разваліны? Ды ўсяго нічога! Прыбраць гніллё і друз, высекчы хмыззё і баршчэўнік (кажуць, у камянпольскай стайні ён быў густы), пракласці сцяжынку, паставіць інфармацыйны шчыт, які б распавядаў пра гэтую адметнасць і турыстам, і мясцовым — ім будзе куды хадзіць на шпацыр… Пажаданыя, вядома, і хаця б самыя простыя захады па кансервацыі.

Чамусьці мне заўсёды здавалася, што менавіта гэтыя немудрагелістыя справы і належыць называць навядзеннем парадку на зямлі.