BelarusDocs: лепшае айчыннае ў рэальным часе

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

7 красавіка распачнецца самы што ні на ёсць фестывальны тыдзень аднаго з самых чаканых кінафорумаў вясны — праз тры дні бярэ старт анлайн фестываль дакументальнага кіно BelarusDocs. Ні ў якім разе не заклікаю аматараў кіно кудысьці бегчы: паглядзець яго фільмы вы зможаце, не падымаючыся з канапы.

/i/content/pi/cult/792/17060/020.JPGГэта цудоўная ініцыятыва — глядзець беларускае дакументальнае кіно належыць кінарэжысёру, фатографу і кінаэнтузіясту Алесю Лапо. Літаральна толькі ў пазамінулым нумары “К” пісала пра кароткаметражную карціну маладога кінематаграфіста — “Усе мерапрыемствы згодна з планам”, якая атрымала Гран-пры на Міжнародным кінафестывалі “Нефільтраванае кіно”. І вось зараз прыйшоў час нагадаць пра яшчэ адзін кірунак дзейнасці Алеся — акрамя ўласна рэжысёрскай практыкі, ён ладзіць анлайн фестываль з мэтай папулярызацыі айчыннай дакументалістыкі.

Насамрэч, BelarusDocs ладзіцца ўжо ў трэці раз. Першы анлайн форум адбыўся ў 2016 годзе. За сем дзён на адным з буйных парталаў краіны кінаманы паглядзелі сем фільмаў беларускіх дакументалістаў. Інтэрнэт-аўдыторыя сабралася не толькі з айчынных прыхільнікаў дакументальнага кіно, — праграму фэсту ацаніла і публіка з 36 краін свету. Чатыры з паловай тысячы праглядаў — такім быў вынік першага сезона.

2018 год — тая ж інтэрнэт-пляцоўка, сем новых фільмаў беларускіх аўтараў, і аўдыторыя ўжо з 57 краін свету.

У гэтым годзе арганізатары фэсту вырашылі пайсці далей. Фестываль займеў свой персанальны сайт на дзвюх мовах — беларускай і англійскай — belarusdocs.com. Упершыню абвешчана нефармальная ўзнагарода лепшаму фільму, выбранаму праз галасаванне гледачоў — “Прыз глядацкіх сімпатый”. Прычым, стаць часткай глядацкага журы можа кожны — дастаткова толькі запоўніць адмысловую анкету і паглядзець усе фільмы праграмы.

Па-трэцяе, BealrusDocs адкрылі рахунак на адной з краўдфандынгавых платформ  — менавіта праз датацыі гледачоў фестываль, умовай існавання якога з’яўляецца свая інтэрнэт-платформа, здолее рушыць далей. Словам, можна канстатаваць памкненне кінафоруму стаць самастойнай пляцоўкай, якая прасоўвае менавіта інтарэсы і мастацтва дакументальнага кіно. Годны крок.

Што ж у сёлетняй праграме? Як і навінкі дакументальнага кіно, так і фільмы-удзельнікі фестываляў: “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква), “Лістапад” (Мінск), IDFA (Амстэрдам), Кракаўскага кінафестывалю, “Golden Beggar” (Кошыцэ), ды нават прэтэндэнт на “Оскар-2019” ад Беларусі.

Пачну з таго, што згадаю самую правакацыйную і свежую карціну студыі “Летапіс” — “Фальклор і жыццё” Юрыя Цімафеева. Напачатку года яна была прэзентаваная на адмысловым прэс-паказе на кінастудыі “Беларусьфільм”, — на BelarusDocs адбудзецца, лічы, нацыянальная прэм’ера гэтай дасціпнай і пазнавальнай стужкі пра эратычныя абрады беларусаў. “Гэта найперш паэтычнае выказванне, схільнае не да катэгарызацыі і раскладання па дэфінітыўных палічках, а, наадварот, да інтуітыўнага пошуку цэласнасці, універсуму. Менавіта туга па ім абуджае цягу да традыцыйнай культуры ў спакутаваных праз свае ўнутраныя падзелы жыхароў мегаполіса”, — напісаў у рэцэнзіі да фільма, апублікаванай у “К”, аглядальнік Ілья Свірын. Юрый Цімафееў змешвае ў сваёй стужцы абрадавую аўтэнтыку і аўтарскі погляд на традыцыйную культуру. Ацаніць гэты ход арганізатары фестывалю даюць магчымасць гледачу 12 красавіка.

Урэшце, тое, што дакументальнае кіно можа мець самыя розныя жанравыя фарматы, праграма BelarusDocs-2020 пацвярджае напоўніцу. Тут вам і вясковае драмадзі (драматычная камедыя) — пра жыццё маладога відэаблогера Сямёна на сяле — “Цар гары” Андрэя Куцілы (11 красавіка). Калі ласка, праблемная карэспандэнцыя аб працы хуткай дапамогі ў Светлагорску — “Лебедзі” Галіны Адамовіч (9 красавіка). Лёгкі, але не без пастаноўкі пытанняў пра магчымасці для невідушчых, тэленарыс “Трэнер” Вольгі Абрамчык (7 красавіка). Ці вось, да прыкладу, амаль музычны фільм Вольгі Дашук — “Полацкі вальс” (13 красавіка) — пра работніка культуры Полаччыны Васіля Граноўскага, гэткага бонвівана, які кіруе мясцовым вясковым хорам. Падчас прагляду крыху іранічнае стаўленне да героя змяняецца на спачувальнае ды нават лагоднае. Фільм Вольгі Дашук — гэта гумарыстычны партрэт на фоне сучаснага вясковага жыцця, дзе бавяць свой век адзінокія жанчыны ды каларытныя персанажы. І кампазітар Васіль у гэтым асяродку аказваецца персанажам не такім адназначным — ён не саступае ні навакольнай энтрапіі, ні ўласнай хандры. Яго характар аказваецца тым самым “рухавіком”, што дапамагае гуртаваць вакол сябе людзей.

Цяжкая артылерыя падцягваецца ў выглядзе стужак “Перазімаваць” Евы- Кацярыны Махавай і фільма-прэтэндэнта на “Оскар” ад Беларусі ў 2019 годзе адразу ў дзвюх намінацыях — “Лепшы дакументальны фільм” і “Лепшы фільм на замежнай мове” — “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка.

Стужка Евы-Кацярыны “Перазімаваць” (10 красавіка), знятая метадам назірання за пажылымі людзі падчас зімовага пражывання ў адмысловым сацыльным Доме, — гэта роздум пра стары век і адзіноту. “Паўсядзённасць Дома сезоннага пражывання даволі аднастайная — сняданак, прагляд “Давай ажэнімся”… — дазволю сабе працытаваць радкі ўласнага матэрыялу пра фільм. — Да жанчын прыходзіць урач, без якога ўжо ніяк, але звычайная руціна пастаяльцаў — гэта такі доўгі расцягнуты час, калі нічога не адбываецца, а хвіліны цягнуцца і цягнуцца бы тая гума. Ды адольваюць думкі пра тое, што будзе, калі… І добра яшчэ, што жывы, што ёсць дах над галавой і ежа на стале. Стан, які складана патлумачыць, але доўгія планы маўчання старых, іх такіх “непадзейных” будняў і кажуць пра тое, што ўжо даўно сіл няма тыя падзеі ствараць. Абы “перазімаваць”.

У “Дэбюце” Настассі Мірашнічэнка гаворка ідзе пра жанчын папраўчай калоніі ў Гомелі, што іграюць у турэмным тэатры. Тэма з няпростых, але важных і вартых увагі. І каб зразумець, чаму стужку варта глядзець, я працытую радкі рэцэнзіі кінакрытыка Ірэны Кацяловіч: “Карціна “Дэбют” — сапраўдны дак-арт, гэта значыць відавочна “вырабленая” ў фільме рэальнасць дзеля цэласнага і шматслойнага выказвання, без прыземленых катэгорый, без маралізатарства і крывадушша…”

Нагадаю, што кожная стужка BelarusDocs будзе даступная на сайце фестывалю ў свой дзень прэм’еры на працягу 24 гадзін.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"