Новае аблічча Оршы: ад барока да хай-тэка

№ 38 (856) 20.09.2008 - 26.09.2008 г

Сёння, калі дагледжаная Орша напоўнілася святочнай віхурай, грандыёзныя падрыхтоўчыя клопаты сталі ўжо гісторыяй — слаўнай і бадай лёсавызначальнай старонкай у летапісе горада. Але на пачатку тыдня, калі журналісты рэспубліканскіх СМІ наведалі Оршу для ўдзелу ў выязной прэс-канферэнцыі Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы, гэтая старонка яшчэ дапісвалася — у камені і літаральна на вачах.

 /i/content/pi/cult/175/1706/Orsha1.jpg
Езуіцкі калегіум у новым абліччы.
Набліжэнне да эпіцэнтра свята
адчувалася ўжо на пад’ездзе да Оршы. З узбочыны шашы раз-пораз паглядалі снапы, ператвораныя ў смешных лялек, а на дарожных указальніках, побач з назвамі населеных пунктаў, раптам мільгаў надпіс: “Дажынкі”. Сапраўды, асацыяцыі паміж горадам і святам у апошні час сталі настолькі трывалымі, што ніхто з кіроўцаў, далібог, нічога не пераблытаў.
“Напярэдадні свята вуліцы горада сталі шырэйшыя”... Гэты збіты штамп, абсмяяны яшчэ класікамі савецкай сатыры, прыгадваўся ў дадзеным выпадку цалкам да месца: некаторыя магістралі Оршы сапраўды выраслі ўшыркі ажно ўдвая — на радасць аўтамабілістам і пасажырам. Ды самае галоўнае, што цяпер жыхарам горада ўжо не давядзецца наракаць на паўсядзённую шэрасць: ён набыў уласнае аблічча ў светлай колеравай гаме, здатнае надаваць аптымізму нават у восеньскую непагадзь.
Некасметычнае пераўвасабленне Оршы
Казаць пра тое, што падрыхтоўка да свята адбывалася ў аўральных тэмпах, не выпадае. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Івана Хурбасава, усур’ёз распачалася яна ўжо ў 2006 годзе. Але і за лічаныя дні да ўрачыстасцей горад нагадваў суцэльную будаўнічую пляцоўку, напоўненую дзесяткамі падобных на міфічных пачвар пад’ёмных кранаў. Галоўная таму прычына не ў якіхсьці накладках ды недаробках падрадчыкаў, якія ім спехам даводзілася выпраўляць, — хаця было і такое. Прычына перадусім — у аб’ёме будаўнічых работ.
Пра яго лепш за ўсё сведчаць сухія лічбы. План мерапрыемстваў па падрыхтоўцы горада да свята ўключаў 704 аб’екты, а агульны бюджэт гэтай ініцыятывы склаў 327 мільярдаў рублёў (і гэта без уліку сродкаў, якія выдаткавалі прадпрыемствы Оршы на добраўпарадкаванне сваёй тэрыторыі). 100 тысяч кв. метраў тратуарнай пліткі, 120 тысяч тон асфальтабетонных сумесяў, якія ўвасобіліся ў раўнюткія дарогі... У свядомасці “простага смяротнага” гэтыя паказчыкі неяк не ўкладаюцца.
Па словах Івана Хурбасава, выдаткаваная на добраўпарадкаванне сума прыкладна ўдвая большая за сродкі, якія былі асвоены летась на “пераддажынкавае” пераўвасабленне Рэчыцы. І прычын тут, прынамсі, дзве. Па-першае,аб’ёмы працы істотна адрозніваліся, як і памеры гарадоў. А па-другое... Усё ж і само свята павінна буйнець у маштабах!
Прычым, як запэўніў Іван Хурбасаў, стварэннем знешняга “лоску” ў цэнтры горада справа зусім не абышлася: работы мелі папраўдзе капітальны характар. Каб не быць галаслоўным, намеснік аршанскага мэра прадэманстраваў журналістам карту, на якой былі пазначаны кіламетры заасфальтаваных вуліц, у тым ліку і на самых ускраінах, распавёў пра вырашэнне многіх праблем мікрараёнаў, датычных, скажам, цеплазабеспячэння.
Дызайн-праект горада
Чалавек, які не быў у Оршы хаця б год, многія мясціны цяпер не пазнае настолькі тут усё перамянілася!
— Ды мы і самі часам свой горад не пазнаём! — жартуюць яго жыхары. — Ідзеш сабе па знаёмай вуліцы і думаеш: куды гэта я трапіў? У які еўрапейскі горад?
У якасці прыкладаў прыводзяць плошчу каля гарвыканкама, якую аршанцы ўжо ахрысцілі “Арбатам”.
 /i/content/pi/cult/175/1706/Orsha3.jpg/i/content/pi/cult/175/1706/Orsha3.jpg
Аршанскі “Арбат”.

Выкладзеная плітачкай, падсветленая дыхтоўнымі ліхтарамі і ўпрыгожаная шматлікімі кветнікамі, яна і сапраўды ідэальна пасуе для вечаровых праменадаў. А яшчэ зусім нядаўна вялікай пешаходнай зоны ў цэнтры горада, па сутнасці, не было, а на месцы цяперашніх клумбаў шчыльнай плынню рухаўся транспарт.
Падобным чынам пераўвасобіліся і дзіцячы парк, забяспечаны самымі сучаснымі атракцыёнамі, і стадыён, на якім цяпер можна праводзіць міжнародныя чэмпіянаты, і плошча Леніна, ды і наогул гарадскія вуліцы, дзе шэрыя колісь будынкі набылі куды больш аптымістычныя колеры... Прычым у новым абліччы Оршы не праглядаецца пампезнай і безгустоўнай эклектыкі: для гэтага быў распрацаваны дызайн-праект горада, які няўхільна вытрымліваўся. Таму сучасныя (або кардынальна абсучасненыя) гмахі ў стылі хай-тэк добра ўпісваюцца ў панараму горада.
Кірмаш рамёстваў ля барочных муроў
Але, мусіць, найбольш дзівоснае пераўвасабленне спазналі будынкі колішняга езуіцкага калегіума ды іх атачэнне. Адгэтуль Орша займее новы сімвал, і ў свядомасці многіх гэты горад будзе асацыіравацца з барочнымі абрысамі і “ратушнай” вежай. Таму і нядзіўна, што менавіта на плошчы каля калегіума адбудуцца галоўныя ўрачыстасці сёлетніх “Дажынак”. Без сумневу, гэтае месца стане для аршанцаў адным з улюбёных, хаця яшчэ зусім нядаўна яно было нібы выключана з гарадской прасторы.
Гісторыя гэтых старых камяніц на дзіва пакручастая. Яшчэ за царскім часам цэнтр асветы і культуры быў ператвораны... у гарадскую турму. Зразумела, што гэтая новая, не ўласцівая для яго функцыя змяніла знешняе аблічча комплексу не ў лепшы бок. На фотаздымках, зробленых ужо ў нашым стагоддзі, ён выглядае панура ды непрывабна— зусім не так, як цяпер.
На плошчы ўжо ідзе мантаж святочнай сцэны, а рабочыя ўсё яшчэ выпраўляюць апошнія хібы пабелкі будынка. Але начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, якога давялося (не)выпадкова сустрэць каля калегіума, уздыхае з палёгкай і канстатуе, што грунтоўныя і складаныя работы паспяхова завершаны. Пасля чарговага піруэту ў лёсе гістарычных будынкаў, спалучанага з іх грунтоўнай рэканструкцыяй (тая самая вежа з гадзіннікам паўстала, лічы, з нічога), ім вернутая першасная функцыя — цэнтра культуры, праўда, цяпер ужо свецкай.
На першым паверсе будзе дзіцячая бібліятэка імя У.Караткевіча,на другім — карцінная галерэя народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі, а старадаўнія сутарэнні з часам плануецца прыстасаваць пад рамантычную кавярню.
Дзякуючы рэканструкцыі другога будынка комплексу — былой бурсы — свае ўлазіны справіў і Дом рамёстваў. Цяпер гэтая ўстанова можа істотна пашырыць сваю дзейнасць — не толькі на ўласных плошчах, якія істотна павялічыліся, але і знадворку.
— Паглядзіце, якое цікавае і прывабнае месца! — Мікалай Пашынскі звяртае маю ўвагу на ўтульны дворык паміж калегіумам і бурсай. — Чаму б не ладзіць тут святы рамёстваў, іншыя цікавыя імпрэзы? Падумваем мы і пра тое, каб зрабіць вулічны кірмаш пастаянным — прынамсі, у цёплую пару года ды на выхадных. Каб і жыхары горада, і турысты ведалі, дзе яны заўсёды могуць набыць сувеніры, зробленыя рукамі нашых майстроў.
А ў дзіцячай школе мастацтваў № 1, якую таксама не абмінула гэтая паўсюдная хваля добраўпарадкавання, будзе размешчаны фестывальны прэс-цэнтр. Але, дадамо, капітальны рамонт бібліятэкі імя А.Пушкіна прадоўжыцца і пасля свята: ад мінулага будынка засталіся адны муры.
Гатэлі на колах
Нягледзячы на тое, што ля гатэля “Орша” яшчэ за пару дзён да свята шчыравалі пад’ёмныя краны, сумневаў у тым, што яго дзверы гасцінна расчыняцца перад удзельнікамі свята, ні ў кога з аршанцаў не было: пасля рэканструкцыі гатэль атрымаўся сучасны і звонку, і паводле інтэр’ераў ды асартыменту паслуг і цяпер можа прэтэндаваць на “зоркавую” катэгорыю.
 /i/content/pi/cult/175/1706/Orsha2.jpg
Гатэль “Орша” рыхтуецца да прыёму гасцей.

Але ж праблему рассялення ўдзельнікаў і гасцей “Дажынак” гэты гатэль кардынальна вырашыць не здатны, бо іх лік мае перавысіць 5 тысяч чалавек — без уліку тых, хто прыедзе на свята самахоць. Толькі народных майстроў і артыстаў збярэцца на свяце больш за паўтары тысячы! Вядома ж, гарадскія інтэрнаты ў дні свята бітма набітыя, а некаторым калектывам нават давядзецца заначаваць у недалёкім ад Оршы Дуброўне. Ды і гэтага замала, каб сабраць за ўяўным святочным сталом усіх гасцей ды забяспечыць іх усім неабходным.
На дапамогу Оршы прыйшоў яе статус аднаго з найбуйнейшых чыгуначных вузлоў Беларусі. І многія з гасцей атрымалі магчымасць адчуць гэты імідж горада заначаваўшы ў адным з 40 “гатэльчыкаў на колах”, у якія на час свята будуць ператвораны чыгуначныя вагоны. Па словах Івана Хурбасава, пастаяльцы будуць забяспечаны ўсімі тымі выгодамі, што маюць пасажыры купэ, уключна з увагай праваднікоў, якім даводзіцца выконваць нязвыклую для сябе ролю парцье.

* * *
Тэма чыгункі, якая выклікае асацыяцыі з радасцю падарожжаў і новых сустрэч, прысутнічае і ў рэжысуры гала-канцэрта. Гэтая імпрэза, якую ўбачаць мільёны беларусаў на сваіх тэлеэкранах, стане культурнай дамінантай свята — але, вядома, далёка не адзінай падзеяй “Дажынак”. Толькі ў Оршы будзе працаваць 12 сцэн, раскіданых па ўсіх канцах горада, які падзелены на некалькі святочных зон. Плюс яшчэ з дзесятак — у раёне...
Па словах Мікалая Пашынскага, у імпрэзах “Дажынак” возьмуць удзел ці не ўсе знакавыя калектывы вобласці, усе 25 дамоў рамёстваў Віцебшчыны, а таксама каля сотні майстроў з іншых рэгіёнаў. Выбарам аматарскіх калектываў займаўся Абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці, а вось паразуменне з зоркамі эстрады шукалі сапраўдныя прафесіяналы. Балазе, на Віцебшчыне іх не бракуе, і таму ўпраўленне культуры палічыла мэтазгодным звярнуцца па дапамогу да генеральнай дырэкцыі “Славянскага базару ў Віцебску”.
Адпаведна, для культуры Віцебшчыны такое буйнамаштабнае свята становіцца вялікай адказнасцю, але, у той самы час, і магчымасцю сябе паказаць. І яе стваральнікі гэтай магчымасцю скарыстаюцца.

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Орша — Мінск
Фота аўтара