На хвалях анлайн-прасторы

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

У сённяшніх рэаліях новыя формы сустрэчы з гледачамі засвойваюць беларускія тэатры — выходзяць у інтэрнэт. Адзін за адным нашы лепшыя калектывы прапануюць запісы і прамыя трансляцыі сваіх спектакляў у вольным анлайн- доступе. Што можна пабачыць у бліжэйшы час і як далучыцца да тэатральнага мастацтва, не выходзячы з дому — у нашым аглядзе.

/i/content/pi/cult/792/17059/viber_image_2020-04-03_opt.jpegПа іроніі лёсу і па тэатральнаму эфектна пачатак хвалі анлайн-паказаў супаў з Сусветным днём тэатра 27 сакавіка. Наш самы знакаміты калектыў — тэатр імя Я. Купалы — прамой трансляцыяй легендарнай “Паўлінкі”распачаў акцыю “Тыдзень Купалаўскага анлайн”: да прагляду ў гэты вечар падключыліся каля 20-ці тысяч гледачоў. Як адзначыў генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка, “праект мае мэту стварыць дадатковыя магчымасці для прагляду максімальна шырокай аўдыторыяй (аматарамі беларускага тэатральнага мастацтва, беларускай дыяспарай, грамадзянамі Беларусі, якія па розных абставінах затрымаліся за мяжой, і замежнымі грамадзянамі, якія цікавяцца тэатральным мастацтвам) пастановак галоўнага драматычнага тэатра краіны”. Акрамя “Паўлінкі” гледачы змаглі пабачыць яшчэ тры спектаклі ў запісе — “Школу падаткаплацельшчыкаў”, “Вельтмайстар-акардэон” і “Ураджай” з бягучага рэпертуару, іх паказы збіралі ад 7-мі да 10-ці тысяч гледачоў.

Назіраючы такі поспех, тэатр вырашыў прадоўжыць акцыю, і распрацаваў план на бліжэйшы час. Звярніце ўвагу, што спасылка на спектакль на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках дзейсная менавіта ў прызначаную дату цягам абмежаванага часу. Такім чынам: у нядзелю 5 красавіка можна пабачыць вясёлы “капуснік” “Жарт to you”, які прайшоў у Купалаўскім на Дзень тэатра ў 2016 годзе; 7 красавіка усе змогуць пабываць на творчым вечары заслужанай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, які адбыўся ў лютым; 8 красавіка будзе паказаны спектакль “Офіс” па п’есе Інгрыд Лаўзунд рэжысёра Кацярыны Аверкавай, а 10 красавіка — “Хам” паводле твора Элізы Ажэшка ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева. І “Офіс”, і “Хам” ужо не ідуць на сцэне, тым больш каштоўная магчымасць пабачыць гэтыя творы. Мяркуецца, што падобная акцыя будзе мець працяг — у архіве тэатра многа запісаных пастановак, так што варта сачыць за абвесткамі і заходзіць на сайт.

Вялікі тэатр оперы і балета таксама 27 сакавіка моцна парадаваў усіх балетаманаў прамой трансляцыяй наўпрост са сцэны тэатра легендарнага балета “Сотворение мира” ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева — прэм’ера адноўленай версіі адбылася гэтай зімой. Трансляцыю вёў тэлеканал “Беларусь 3”, далучыцца да яе можна было і ў інтэрнэце. Увогуле, гэты тэлеканал адзняў у добрай якасці цэлы шэраг спектакляў і канцэртаў нашага Вялікага тэатра, і на Youtube-канале “Беларусь 3” у любы момант і абсалютна бясплатна можна паглядзець прэм’еры і пастаноўкі нядаўнага часу: напрыклад, оперу “Князь Ігар”, прэм’ерай якой адкрываўся цяперашні тэатральны сезон, оперы “Кармэн” і “Царская нявеста”, канцэрты з “Каляднага опернага форуму”, што праходзіў у Вялікім тэатры ў снежні мінулага года, у тым ліку і канцэрт зорак сусветнай оперы. І нямала іншага вельмі цікавага. Так што аматары оперы і балета таксама з дапамогай інтэрнэта змогуць задаволіць сваю патрэбу ў мастацтве.

Яшчэ адзін тэатр, які ўваходзіць у спіс самых папулярных і любімых гледачамі ў Беларусі, — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. З 27 сакавіка на працягу дзесяці дзён на Youtube-канале РТБД можна было глядзець разнастайныя спектаклі. Акцыя пачалася фольк-операй “Адвечная песня” ў пастаноўцы рэжысёра Сяргея Кавальчыка, а заканчваецца паказамі 4 красавіка спектакляў “Дажыць да прэм’еры” рэжысёра Паўла Харланчука-Южакова і 5 сакавіка “Любоў людзей” рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага. І Тэатр беларускай драматургіі вырашыў падоўжыць акцыю, увесь наступны тыдзень можна будзе паглядзець і пастаноўкі, якія зараз ідуць на сцэне. Расклад такі: 7.04 — "Мабыць?", 8.04 — "Шчаслівы муж", 9.04 — "Гэта ўсе яна", 10.04 — "Белы анёл з чорнымі крыламі", 11.04 — "А мне не сорамна!.." Гэты тыдзень прысвячаецца памяці Гарыка Вяпшкоўскага, які ў свой час служыў у РТБД: іграў у некалькіх спектаклях, у тым ліку ў спектаклі “Шчаслівы муж”, быў відэааператарам у спектаклі "Гэта ўсе яна", і гэтак далей.

/i/content/pi/cult/792/17059/019.JPGМногія тэатры падключаюцца да падобных акцый згодна са сваімі магчымасцямі і колькасцю адзнятых пастановак, многія, мабыць, яшчэ абвесцяць пра анлайн-паказы. Што вядома зараз — напрыклад, Гродзенскі абласны драматычны тэатр с 27 сакавіка адкрыў анлайн-доступ да некаторых сваіх спектакляў. У любы час на Youtube-канале Thedramagrodno можна паглядзець дзве пастаноўкі 2019 года — “Камедыю пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання” рэжысёра Генадзя Мушперта і п’есу Генрыка Ібсэна “Когда мы, мертвые, пробуждаемся” ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса, а таксама спектакль 1997 года “Панночка”. Юным гледачам прызначана казка “Слоненок и Луна”.

Гродзенскі абласны тэатр лялек яшчэ 21 сакавіка пачаў выкладваць у вольны доступ шэраг сваіх самых папулярных спектакляў. Заходзьце на youtube-канале Grodno Puppet Theatre і глядзіце, што на гэты момант там у анлайн-рэпертуры.

Гэтаксама і Магілёўскі драматычны тэатр і Магілёўскі абласны тэатр лялек падзеляцца ў інтэрнэце сваёй творчасцю: падключайцеся да суполак тэлеканала “Беларусь 4 Магілёў” “Вконтакте” ўсе выхадныя дні ў красавіку. Магілёўскі драматычны тэатр на гэты момант прапануе такі расклад: 5.04 — “Последняя лента Крэппа (бенефіс народнага артыста Беларусі Рыгора Белацаркоўскага), 11.04 — “Крейцерова соната”, 12.04 — “Фрекен Жюли”, 19.04 — “В маленькой усадьбе”, 25.04 — “Скорина”.

Сачыце за навінамі — тэатральны анлайн-рэпертуар будзе абнаўляцца і пашырацца.