Апошняя вясна Віктара Дашкевіча

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

У ноч на 31 сакавіка перастала біцца сэрца заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, уладальніка медаля Францыска Скарыны, вядучага майстра коласаўскай сцэны Віктара Мікалаевіча Дашкевіча. Пайшоў з жыцця шчыры, сумленны, прынцыповы, вельмі адказны чалавек, па-сапраўднаму адданы сцэнічнаму мастацтву, клапатлівы муж і любячы бацька. Ён валодаў выключным талентам — думаць найперш не пра сябе, а пра тэатр, пра сям’ю, пра родных і блізкіх людзей.

/i/content/pi/cult/792/17054/014.JPGЯго захапленне тэатрам пачалося яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў невялічкім пасёлку Арэхаўск, што на Аршаншчыне. Тут ён атрымліваў першыя ўрокі ад былой маскоўскай актрысы Таццяны Бальшаковай, якую лёс закінуў у беларускую глыбінку. А потым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, курс знакамітага рэжысёра і педагога Веры Паўлаўны Рэдліх. Віктара Мікалаевіча клікалі да сябе розныя тэатры, але ён выбраў коласаўскі і на ўсё жыццё. На працягу многіх гадоў ён спалучаў акцёрскую працу з работай загадчыка трупы, трымаў моцную сувязь паміж адміністрацыяй і артыстамі. Але галоўнае — гэта, вядома, сцэна. Назавем толькі вобразы, створаныя Віктарам Мікалаевічам у апошнія дзесяцігоддзі. Гэта Мамаеў у “Мудрацах” Аляксандра Астроўскага, Рэджы ў “Квартэце” Рональда Харвуда, Радзівон Мікалаевіч у “Старамоднай камедыі” Аляксея Арбузава, Дубатоўк у “Дзікім паляванні караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча, Місэна ў “Дурнічцы” Лопэ дэ Вега, прафесар Райсэр у “Доктары філасофіі” Браніслава Нушыча, дзед Севярын у “Яшчэ раз пра каханне” Васілія Шукшына.

А са спектаклем “Пазычанае шчасце” ён неаднаразова аб’ехаў многія абласныя сцэны. Коласавец гарманічна адчуваў сябе і ў многіх дзіцячых спектаклях.

Віктара Мікалаевіча заўсёды шчыра прымалі гледачы, не шкадавалі апладысментаў і кветак... Ягоныя акцёрскія здабыткі неаднаразова былі адзначаны высокімі ўзнагародамі: медаль Францыска Скарыны, нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі“, Ганаровая грамата Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровая грамата Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дыплом Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

Зусім нядаўна, 3 студзеня 2020 года, Віктар Мікалаевіч Дашкевіч адзначыў 75-годдзе. І вось за акном набірае сілы віцебская вясна, а шчыры коласавец ужо не з намі... Ён сышоў у вечнасць, каб адтуль, з нябёсаў, назіраць, як маецца яго родны тэатр, ахоўваць яго, верыць у лепшае.

Бывайце, шаноўны, дарагі Віктар Мікалаевіч! Памяць пра Вас назаўсёды застанецца ў сэрцах коласаўцаў і ўсяго Віцебска.

Коласаўцы