Берагчы сябе ды іншых

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Першая смерць ад каранавірусу забрала ў Беларусі артыста Віктара Дашкевіча. Смуткую. І хочацца гаварыць пра тое, каб вы, шаноўныя работнікі культуры, ашчаджалі сябе і іншых. З вялікай цікаўнасцю даведаўся пра новыя формы працы ў дыстанцыйным фармаце, якія прыдумалі гэтымі днямі супрацоўнікі расійскіх дзіцячых бібліятэк. Яны запрасілі чытачоў да тэлефонных кантактаў-дыялогаў. Чытачы адгукнуліся імгненна. У выніку бібліятэкары чытаюць дзятве кніжкі па тэлефоне, паралельна адказваюць на шматлікія пытанні. Па ўсім бачна, што вялікае задавальненне атрымліваюць абодва бакі. Не сумняваюся, што і нашы работнікі культуры ў раёнах вызначацца не меншай вынаходлівасцю. А пакуль пра тое, што ёсць.

/i/content/pi/cult/792/17050/08.JPG20 сакавіка ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пачала працаваць абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Велікодны падарунак”. У мерапрыемстве бяруць удзел каля 80 майстроў народнай творчасці з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Сярод творцаў — носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь: майстар па традыцыйным роспісе велікодных яек Ларыса Касіцкая з гарадскога пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна, майстар па вырабе велікодных вербаў Дамініка Кавалёнак з Гродна. Усяго экспазіцыя налічвае больш за 300 выкананых у розных тэхніках экспанатаў: салома- і лазапляценне, вышыўка, выцінанка, батык, кераміка, карункапляценне, лапікавае шыццё, ткацтва, пісанка, роспіс па дрэве… А конкурсныя намінацыі лепшых велікодных калекцый наступныя: “Яйкі”, “Паштоўкі”, “Кошыкі”, “Пано”, “Вербы”. Вынікі выставы конкурсу будуць падведзены 3 красавіка.

26 сакавіка Віцебскі абласны краязнаўчы музей прэзентаваў выставу, прысвечаную народнай артыстцы Рэспублікі Беларусь Святлане Акружной. Ганаруся, што ведаю Святлану Арцёмаўну асабіста. Яна не проста сонечная жанчына-прыгажуня, а яшчэ таленавітая актрыса тэатра і кіно, вядучы майстар сцэны, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, уладальніца медаля і ордэна Францыска Скарыны, прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Крыштальная Паўлінка”. Менавіта Акружная стала ініцыятарам стварэння ў Віцебску Музея гісторыі тэатра. Не сумняваюся, што неўзабаве ў гэтым музеі з’явіцца і экспазіцыя, прысвечаная акцёру тэатра імя Якуба Коласа, заслужанаму артысту Беларусі Віктару Дашкевічу.

Загадчык Жалудоцкай (Шчучынскі раён) гарпасялковай бібліятэкі Галіна Бекіш піша: “26 сакавіка ў рамках гуманітарнай праграмы “Месца сустрэчы — дыялог” германскага федэральнага фонду “Памяць, адказнасць і будучыня” наша ўстанова падвяла вынікі праекта “Павышэнне якасці жыцця сталых людзей Жалудоцкага сельсавета”. Гаворка ішла пра навучальныя модульныя курсы, пра дзейнасць гурткоў кветкаводства і рукадзелля”.

“65 фарбаў на палітры майго жыцця”. Пад такой прыгожай назвай 25 сакавіка ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў адбыліся творчы вечар і адкрыццё выставы мастака Віктара Залаціліна. “65 гадоў — шлях сур’ёзны, — піша дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская. — Падчас мерапрыемства Віктар Мікалаевіч дзяліўся ўспамінамі, згадаў, як пакінуў сталіцу і назаўжды вярнуўся на малую радзіму ў вёску Купіск, дзе і заняўся сур’ёзна жывапісам. Мастак жыве ў бацькоўскім доме ля сінявокага Нёмана, а на ягоных палотнах — родная прырода. Кожны пейзаж уражвае лірычна-драматычным гучаннем. На рахунку творцы — 450 карцін. Першая персанальная выстава прайшла ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў 2005 годзе. З таго моманту было арганізавана 33 персанальныя выставы ў Гродне, Мінску, на Навагрудчыне. 20 палотнаў мастак падараваў Навагрудку. Яны ўпрыгожваюць фае другога паверха Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. З юбілеем Віктара Залаціліна павіншавалі майстры народнага калектыву “Каляровая альтанка”, сябрам якога мастак з’яўляецца”.

Шэраг навін з Ашмянскага раёна прысвечаны штогадовай міжнароднай акцыі Сусветнага фонду дзікай прыроды “Гадзіна Зямлі”, накіраванай на фарміраванне адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя. На Беларусі акцыя прайшла ў 12-ты раз.

Цягам гадзіны ў аграгарадку Кракоўка мясцовыя работнікі культуры вялі гаворку з жыхарамі пра ашчаднае і адказнае стаўленне да прыроды і рэсурсаў планеты. Правялі з гэтай нагоды гульнявую праграму і інфармацыйную выставу.

У вёсцы Гродзі падчас маладзёжнай дыскатэкі зладзілі агітацыйную акцыю “Землекарыстанне”. А ўвечары дзеля эканоміі на адну гадзіну адключылі ў вёсцы электрычнасць.

Праблему кліматычных змен абмеркавалі і ў сельскім клубе аграгарадка Каменны Лог. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі мясцовыя школьнікі, неабыякавыя да будучыні нашай планеты.

І апошняя на сёння экалагічная навіна — з аграгарадка Мураваная Ашмянка. Праект для дзяцей называўся “Веласветлячкі”. Пры яго рэалізацыі гурткоўцы мясцовага сельскага клуба наведалі на роварах гістарычныя цікавосткі наваколля.

Чарговая выстава. Гэтым разам — у Музеі “Лошыцкая сядзіба”. Да 19 красавіка тут дзейнічае экспазіцыя “Нальшанскія сустрэчы”. Яна створана па выніках леташняга мастацка-літаратурнага пленэра ўздоўж Віліі. Натуральна, мерапрыемства прысвячаецца Году малой радзімы. “Нальшанскія сустрэчы” — гэта расповед мастакоў, паэтаў і бардаў ля старога млына на аграсядзібе “Вялес” над Віліяй. Пленэр адбыўся пры падтрымцы дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” ды аматараў культуры Францішка Жылкі і Алега Мізулы. Сярод аўтараў “Нальшанскіх сустрэч” заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктар Барабанцаў і Віктар Нямцоў, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алесь Суша і мастакі Анатоль Бяляўскі, Віктар Мікіта, Галіна Беганская, Кастусь Качан, Таццяна Ласка, Эдуард Мацюшонак. Віктар Мікіта прысвяціў шэраг аркушаў вяскоўцам, а Віктар Барабанцаў стварыў партрэт Вацлава Гражулі, адзінага цяпер ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Жодзішак.

Патэлефанавала добрая знаёмая Таццяна Зяновіч — кіраўнік дома рамёстваў, што месціцца ў вёсцы Залессе Смаргонскага раёна. Паведаміла, што ўсё ў іх нармальна, ёсць і маскі, і антысептыкі. Колькасць наведвальнікаў хоць і зменшылася, але хоць некалькі ў дзень ды завітаюць. Прычына такой пастаяннай цікаўнасці — выстава “Адкуль нашы карані”. Тут экспануецца ўсё, што вырабляюць тры майстры ўстановы разам са сваімі гурткоўцамі. А гэта і саломкапляценне, і тэкстыльная лялька, і бранае ткацтва… Сама Таццяна Вікенцьеўна займаецца вырабам тканых паясоў. У яе гуртку — шэсць чацвёртакласнікаў, два з іх — хлопцы. Таццяна Зяновіч кажа, што яны нават дзяўчынак абганяюць у старанні ды ўседлівасці. Дай ім усім Бог здароўя.

Ліст з метадычнага аддзела Ашмянскага раённага цэнтра культуры распавядае пра Тыдзень дзіцячай кнігі з экскурсамі ў гісторыю пытання. У свой час пісьменнік Леў Касіль трапна назваў гэтую падзею “Кніжкіны іменіны”. А першы такі тыдзень прайшоў у Маскве ў 1944 годзе, падчас Вялікай Айчыннай вайны. 2 красавіка, у дзень нараджэння казачніка Ганса Андэрсана, адзначаецца Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. Напярэдадні падзеі, 27 сакавіка, сельскія бібліятэка і клуб аграгарадка Станцыя Ашмяны запрасіў дзяцей на тэатралізаваную дзею “Як на Кніжчыны імяніны…” І ажыло тады царства кніг. Героі літаратурных твораў прыйшлі да сваіх шаноўных чытачоў. І тыя літаральна расхапілі кніжныя навінкі з бібліятэчнай выставы.

Сустрэнемся праз тыдзень. Беражыце сябе і сваіх наведвальнікаў!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"