Крыжык за крыжыкам

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Чароўныя ніткі Зоф’і Войтка
Любімая справа павінна прыносіць не толькі душэўную радасць, але і матэрыяльнае задавальненне. Знайсці іх — як іголку ў стозе сена. Вышывальшчыца Зоф’я Войтка, майстар народнай творчасці Рэспублікі Беларусь, сваю іголку знайшла. Разам з ніткамі і ўсім наборам для вышывання.

/i/content/pi/cult/792/17048/06.JPGРучнік — адкрытая кніга

Крыжык за крыжыкам — і на палатне рассыпаюцца спрадвечныя сімвалы Радзімы і сувязі з продкамі, знакі моцнай сям’і і нараджэння дзіцяці, шчаслівай долі, здароўя і дабрабыту. Для майстрыхі Зофіі Войтка ручнік — як адкрытая кніга.

Вышываннем яна займаецца больш за трыццаць гадоў. Яшчэ з часоў вучобы ў Смаргонскай школе-інтэрнаце. Зоф’іна настаўніца па працы Марыя Ільінічна Радзішэўская была цудоўнай рукадзельніцай, кабінет працоўнага навучання ператварыла ў сапраўдны музей народнай творчасці. І дзяўчынку вышываннем “заразіла”: кожную вольную хвіліну малая Зоф’я аддавала свайму любімаму занятку. Здаралася, нават угаворвала нянечку, каб тая дазваляла ёй вышываць ноччу.

У восьмым класе Зоф’я ўпершыню трапіла ў Маскву на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі. Там дзяўчынцы давялося трымаць нечаканы іспыт. Прыпыніўшыся ля стэнда з работамі Зоф’і, салідныя жанчыны паміж сабой абмяркоўвалі: “Ды не дзеці гэта вышывалі… Вядома, бацькі”.

Дзяўчынку гэтыя словы пакрыўдзілі: “Усе інтэрнатаўскія дзеці і рады былі б атрымаць дапамогу ад сваіх матуль, але ж большасць не бачыла іх гадамі, іншыя — не ведалі ўвогуле”.

Каб паказаць, на што здатная яе вучаніца, Марыя Ільінічна пасадзіла дзяўчынку пасярод залы, дала ёй у рукі іголку з ніткай і шматок мешкавіны, прапанавала вышыць які-небудзь карунак па памяці. Зоф’я згадзілася — і з галавой акунулася ў работу. “Ачуняла” ад апладысментаў гледачоў. На яе палатне літаральна “расцвіў” чырвоны мак. А настаўніца ўпершыню заўважыла, што яе выхаванка — ляўша. З Масквы смаргонцы прывезлі важкую ўзнагароду — крыштальную вазу і некалькі дыпломаў.

Левай рукой

Пасля восьмага класа Зоф’я пайшла вучыцца на цырульніка. Марыя Радзішэўская, якая бачыла ў дзяўчыне сваю пераемніцу, расцаніла гэта як здрадніцтва. Пасля вучобы Зоф’я па спецыяльнасці працаваць не змагла - падвяло здароўе: з’явілася астма.

Тры гады дзяўчына не брала ў рукі пяльцы і адчула… творчы голад. Зоф’я зноў пайшла да настаўніцы. З пакаяннем. Марыя Ільінічна дала ёй каля паўсотні незакончаных дзіцячых работ, якія трэба было дарабіць.

“Я ўзяла іх і стала вышываць. Часам плакала, абуралася, але не здавалася, — успамінае мая суразмоўца. — Нарэшце, даказала Марыі Ільінічне, што буду вартай прадаўжальніцай яе справы. Нават у апошнія хвіліны яе жыцця паабяцала, што не кіну вышываць.

Мае работы — памяць і любоў да чалавека, які пастаянна верыў у мяне і падтрымліваў. Апантана з той пары вышываю...

Памятаю, калі нарадзіла другую дачку, надта стала фінансава цяжка. Часам не хапала грошай нават на хлеб. Тады вышыўка “выратавала” маю сям’ю. Я пачала рабіць ручнікі на заказ. За іх мне нядрэнна плацілі: хто — грашыма, хто — прадуктамі”.

А пасля Зоф’я зноў вярнулася ў школу-інтэрнат — у якасці кіраўніка гуртка па вышыванні і адраджальніцы музея Марыі Радзішэўскай. На працягу шасці гадоў у гурток прыходзілі хлопчыкі не з самай лепшай рэпутацыяй. Многія дзівіліся: хуліганы — а як вышываюць!

“Кожнага з іх старалася падтрымаць, вучыла верыць у свае сілы. Я іх вельмі разумела… — зазначае Зоф’я. — Хлопцы старанна асвойвалі сакрэты майстэрства. На першай жа выставе прадалі ўсе свае вырабы. Так яны вучыліся сумленна зарабляць грошы і правільна імі распараджацца”.

Кажуць, калі ў жыцці чалавека адны дзверы зачыняюцца, адчыняюцца іншыя. Калі інтэрнат ліквідавалі, у Залессі адкрылі раённы дом рамёстваў, і Зоф’ю запрасілі туды на работу. Падчас працы яна шмат вышывала, прайшла курсы па ткацтве паясоў. У 2008 годзе стала прызёрам свята-конкурсу вышыўкі і карункапляцення “Чароўная нітка” на “Славянскім базары ў Віцебску” (намінацыя — “Адражэнне беларускага ручніка”). Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута, які ўзначальваў журы конкурсу, пра творчасць нашай вышывальшчыцы гаварыў: “Высокі ўзровень выканання работ народнай майстрыхі нельга не заўважыць. Зоф’я выдатна ведае традыцыі вышывання Панямоння, у аснове якіх — пераважна арнамент чырвонага колеру, размешчаны нешырокай паласой па краях ручніка. А вось тое, што яна стварае свае работы левай рукой, ніхто з журы не заўважыў. Хаця гэты факт, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, бо гэта вельмі рэдкая з’ява”.

Арнамент, як працяг душы

“Я прытрымліваюся беларускага стылю, — тлумачыць рукадзельніца. — Ад украінскага і рускага ён адрозніваецца, у першую чаргу, колерамі. На ўкраінскіх ручніках — яркая палітра колераў. Расійскія ручнікі адрозніваюцца не толькі колерам, але і памерам крыжыка, у рускіх ён вельмі дробны, а ў беларускіх — сярэдні. На нашых ручніках пераважаюць чырвоны (колер жыцця, свята, радасці) і чорны (колер зямлі, гора, болю, смутку). Радзей з’яўляліся сінія, зялёныя, жоўтыя элементы. Калі раней жанчына садзілася за працу, яна не брала ў рукі схему вышыўкі, а пераносіла свой настрой на палатно — стварала такі арнамент, які адпавядае яе душэўнаму стану.

Выгляд кожнага ручніка — са сваім значэннем. На адных — сімвалы хлеба, ураджайнасці. На другіх — дажджу… Перад пачаткам работы кожная майстрыха вызначала, для чаго прызначаны ручнік. Недастаткова быць проста прыгожым. Важна, каб значэнне яго элементаў не супярэчыла адно аднаму.

Цяпер Зоф’я вышывае па канве і льне. Тканіну набывае на Аршанскім ільнокамбінаце: яе выбар залежыць ад адмысловага пляцення ніці.

“Я не люблю, каб мае вырабы пыліліся ў шафе, — усміхаецца майстрыха. — Яны не страцяць сваю каштоўнасць, але я хачу, каб вышыўку бачылі людзі. Часта дару свае работы, бо ўпэўнена: не грошы маюць значэнне, а магчымасць зрабіць прыемнае людзям. Замест матэрыяльнага я назапашваю ўнутраную гармонію і веды”.

Калі вышыўка патрабуе ад Зоф’і нямалых фізічных укладанняў, то вязанне шкарпэтак для майстрыхі — своеасаблівы рэлакс. Вяжа, а пасля дорыць. Нядаўна “абула” ў свае шкарпэткі ўсіх пастаяльцаў (26 чалавек) аддзялення сястрынскага догляду бальніцы. І гэта не адзінкавы яе жэст дабрачыннасці.

Фрэйд не памыліўся б

“Пасля сарака гадоў жыццё толькі пачынаецца”, — Зоф’я гэта дакладна ведае. Пасля сарака яна зноў выйшла замуж, нарадзіла чацвёртае дзіця. Здаровенькую, прыгожанькую дзяўчынку. Старэйшыя дачушкі ўжо замужам, і сын таксама дарослы.

У яе прафесійным жыцці адбыліся змены: яна стала рамеснікам, напісала бізнес-план, атрымала ад дзяржавы субсідыю для адкрыцця сваёй справы.

Некалі Зоф’я дала абяцанне стаць лепшай мамай для сваіх дзяцей. “Яны — маё самае цудоўнае ўкладанне, працяг мяне, у тым ліку і мае пераемнікі, — зазначае жанчына. — І старэйшыя дочкі, і сын добра вышываюць. Малодшай толькі чатыры годзікі — спадзяюся, у яе ўсё наперадзе… Асноўны матыў у маіх ручніках — сімвал маці. Думаеце, выпадкова?”

“Невыпадкова”, — адказаў бы Зігмунд Фрэйд, нават калі б не ведаў жыццёвай гісторыі нашай гераіні.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара і з сямейнага архіва Зоф’і Войтка