Таямніцы Манюшкаў

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Частка ІIІ. Моцарт і Сальеры па-віленску
Калі верыць метрычнаму запісу аб хросце, датаванаму 21 чэрвеня 1818 года, будучая жонка Станіслава Манюшкі Аляксандра ўсё ж нарадзілася 13 сакавіка таго ж 1818 года — а не ў 1820-м або 1821-м, як цягам палутара стагоддзяў сцвярджалі даследчкі. Ці ведаў аб гэтым кампазітар, калі браў з ёй шлюб? Ці верыў ён жонцы на слова, што яна была на год за яго маладзейшая? Пытанняў шмат, і адназначнага адказу на іх няма. Таму да з’яўлення новых звестак гэты аркуш справы мы перагарнем. І распачнем новую главу “манюшкініяны”.

/i/content/pi/cult/792/17045/01.JPG(Працяг. Пачатак у №№ 12, 13.)

Падвойная ўрачыстасць

Жыццё вялікіх людзей — гэта ня толькі гісторыя трыумфальных шэсцяў, святло рампы ды гучныя авацыі. Заўсёды поруч і самае звычайнае жыццё, у якім досыць побытавых праблем, канфліктаў ды ўвогуле рознай “чарнухі”. Часам самыя дробныя рэчы ў аддаленай перспектыве аказваюцца каталізатарамі тэктанічных зрухаў. Напрыклад, калі б не знаёмства з “шаснаццацігадовай” дзяўчынай і не ўмова маці Аляксандры Мюлер — перад шлюбам ейны зяць павінен атрымаць нейкае рамяство, каб утрымліваць сям’ю — не паехаў бы Станіслаў у Берлін вучыцца ў спеўную акадэмію. І тады, па ўсёй верагоднасці, месца бацькі беларускай і польскай оперы заняў бы нехта іншы.

Але калі б не яшчэ адна гісторыя, якая ў “манюшказнаўстве” праходзіць неяк амаль незаўважна”, цалкам верагодна, што “віленскі перыяд” кампазітара не быў бы такім пакутлівым, не адняў бы столькі здароў’я, нерваў і сіл. І, зноў такі, невядома, ці з’ехаў бы канчаткова Манюшка з Бацькаўшчыны на чужыну. Што ж гэта за гісторыя? Звязаная яна з варшаўскім музыкантам Каралем Штурмам, які ў 1846 годзе апынуўся ў Вільні. Але пачалося ўсё задоўга да таго.

21 чэрвеня 1818 года ў касцёле святога Яна адбылася падвойная ўрачыстасць. Адразу пасля хросту Аляксандры, да купелі паднеслі яе стрыечную сястру. Дзяўчыне, народжанай 14 мая 1818 года, далі імя Сафія. Хросным бацькам дачкі капітана расійскага войска Станіслава Мюлера і Альжбэты з Закрэўскіх сталі старэйшы брат Станіслава, ротмістр расійскага войска Ксаверый (бацька ахрышчанай за гадзіну да таго Аляксандры) і Марыя Закрэўская (бабка Сафіі).

Афіцэр у таварыстве “нягоднікаў”

Я ўжо казаў, што Станіслаў Мюлер — самы вядомы прадстаўнік гэтай старой віленскай сям’і. Ні ягоны бацька віленскі бургамістр Ян, ні брат Ксаверый і блізу не атрымалі той пасмяротнай славы, якой удзячныя суайчыннікі ўзнагародзілі Станіслава. Сведчаннем таму, напрыклад, можа стаць ягоны некралог, які выйшаў у “Tygodniku Petersburskim” і быў напісаны сябрам спачылага, літаратарам Ігнатам Ходзькам. Уласна, ён і тлумачыць, чым жа быў вядомы Станіслаў.

Нарадзіўся ён у Вільні, у сям’і Яна і Альжбэты з Краўзаў. Быў ахрышчаны, падобна, 17 мая (хаця сцвярджаецца, што 17 чэрвеня) 1786 года. У метрычным запісе гаворыцца, што ягоным хростным бацькам стаў яснавяльможны Ігнат Рымша, абозны гарадзенскі, а адным са сведкаў — Фларыян Вайніловіч, харужы ВКЛ і будучы генерал польскага войска. Усё гэта сведчыць, што сям’я Мюлера на той момант мела даволі высокі статус у Вільні.

Адвучыўшыся ў Варшаве, хлопец вярнуўся на Радзіму і 6 верасня 1800 года паступіў на службу ў 3 полк пешай артылерыі імператарскай арміі. Ад таго часу і да моманту адстаўкі па “раненні” Станіслаў мужна біўся з ворагамі Расійскай імперыі на ўсіх франтах (па-за межамі гэтай імперыі). За гераізм атрымліваў і чыны, і ўзнагароды. Уласна, такі шлях у тыя часы абралі многіе дзеці са шляхецкіх сем’яў — ВКЛ і Польшча перасталі існаваць, і трэба было неяк прыстасоўвацца. Але гэта не перашкаджала ім і іх нашчадкам пры кожным зручным выпадку паварочваць зброю супраць тых, каго яны лічылі акупантамі роднай зямлі.

Дэмабілізаваўшыся з войска і атрымаўшы пажыццёвую пенсію, Станіслаў вяртаецца ў Вільню ды застае сямейныя справы ў страшэнным заняпадзе. Так-сяк іх выправіўшы, 21 студзеня 1811 года ў касцёле святога Яна капітан Мюлер бярэ шлюб са старэйшай дачкой Станіслава Закрэўскага, таксама капітана, але польскіх войск.

Маючы добрую адукацыю, любячы навуку, выдатна валодаючы французкай і нямецкай мовамі, Станіслаў Мюлер намагаўся прыкласці свае сілы для ўдасканалення “мясцовых звычаяў”. Таму не дзіва, што яго імя сустракаецца сярод чальцоў розных масонскіх ложаў — у тым ліку і “Дасканалая еднасць”, куды, сярод іншых, уваходзілі такія вядомыя асобы, як Дамінік Манюшка, Ян і Ігнат Ходзькі, Юзаф Струміла, Людвік Плятэр, пляменнік Тадэвуша Рэйтана Дамінік, а таксама граф Міхал Валіцкі, які заслугоўвае асобнага артыкула…

Не ўсе чальцы гэтай і іншых ложаў адзначыліся годнымі ўчынкамі. Аднак шмат хто — а сярод такіх былі і дзядзькі кампазітара Станіслава Манюшкі — не толькі дэклараваў прагу мяняць свет у лепшы бок, але і рабіў гэта сваімі рукамі.

Многія з гэтых асобаў належылі і да асветніцкага літаратурна-грамадскага таварыства “шубраўцаў” — або “нягоднікаў”. Назва, між іншым, паходзіць з часоў Старажытнага Рыма — за ракой Равай было багата банд, якія рабавалі караваны на бурштынавым шляху.

Але гэтае таварыства да крымінальнага свету ніякіх адносін не мела. Створанае ў 1817 годзе, яно аб’яднала вальнадумцаў і перадавую моладзь свайго часу. Пра яго варта было б распавесці асобна — тым больш, што да “шубраўцаў” належыў і дзядзька кампазітара Аляксандр Манюшка.

Дадам толькі, што менавіта на кватэры Станіслава Мюлера на Нямецкай вуліцы за кубкам гарбаты (да напояў мацнейшых “шубраўцы” ставіліся адмоўна) выспявала сама думка стварэння таварыства, віравалі ідэі яго “катэхізіса”, адтуль разносіліся заклікі далучацца да гэтага кола. Ды і газета таварыства “Wiadomosci brukowу” (літаральна — “Навіны з бруку”) у значнай ступені абавязаная сваім з’яўленнем менавіта Мюлеру. Для аўтараў гэтай унікальнай газеты не было “агульнапрызнаных аўтарытэтаў” і “святых кароваў”. Нечым да яе былі падобныя “Навінкі”, якія выдаваліся ў Мінску ўжо на пачатку нашага стагоддзя. Недарэмна ж таварыства назвалася “Нягоднікі”!

Станіслаў Мюлер з’яўляецца аўтарам ня толькі “бруковых артыкулаў”. Ён аўтар такіх прац, як Słownik Francuzko-Polski, ze zbiorem wyrazów naukowych i technicznych (1826 год, 2 тамы, 829 старонак), Słownik Polsko-Rossyjski 1829 (3 тамы, 1639 старонак) і, урэшце, самая вялікая “цагліна” -- Pan-Lexicon, czyli Słownik powszechny francuzko-polski (4 тамы, 4154 старонкі!). Ён застаўся ў рукапісе, хоць і быў ухвалены да друку цэнзарам і навукоўцам Лявонам Бароўскім.

З’яўленне Сальеры

Змагаючыся з нейкай хваробай, Станіслаў Мюлер здзейсніў вандроўку па Еўропе. Але здаравейшы клімат не дапамог. Памёр ён 15 чэрвеня 1847 года ў дзве гадзіны дня. На руках жонкі, дачкі Сафіі і зяця, якім на той момант стаў ужо заданы Караль Штурм. Пахаваны, калі верыць дакументам, на віленскіх Бернардынскіх могілках. Але яго магілу мне знайсці пакуль не ўдалося.

Вось ягоная біяграфія, апісаная ў традыцыйным, “кананічным” ключы. Але гэта яшчэ не ўсё. Захаваліся таксама і ўспаміны пра Станіслава зусім іншага кшталту. Сямейны лекар Мюлераў Станіслаў Мараўскі надаў гэтай постаці ў сваіх мемуарах вельмі шмат увагі, і на тое былі прычыны амурныя. Ён быў закаханы ў жонку Ксаверыя Мюлера Марыю (маці Аляксандры). І адначасова ў яго была закаханая жонка Станіслава Мюлера Альжбэта (маці Сафіі). Для нас гэтыя ўспаміны архіважныя, бо іх аўтар падае гісторыю сям’і як бы знутры, дасканала ведаючы ўсё яе таямніцы.

Сафія, па словах Мараўскага, у дзяцінстве была вельмі прыгожая. Але, калі падрасла, моцна змянілася да горшага (“byla bardzo nieladna”). Ад маці яна пераняла звычку лічыць, што калі нейкі хлопец ці спадар сказаў ёй пару прыемных слоў або паглядзеў на яе з цікавасцю, гэта значыла толькі адно — закахаўся. Калі ж рэакцыя спадара не мела працягу, то пачыналіся крыўды, кпіны і гэтак далей. Таму, можа, і не дзіва, што Сафіі лёс наканаваў чакаць мужа амаль 28 гадоў. І якога мужа…

Вось тут мы ўсутыч падышлі да асноўнай тэмы. Тэмы, дзе галоўную партыю згуляе наш Сальеры — Караль Штурм. І перад тым, як чытач даведаецца, якімі музычнымі інструментамі ён валодаў і чым уславіў свой род, распавядзем пра ягоных продкаў.

Берлінскі “афіцыяліста” з Уроцлава

Караль быў трэццім сынам свайго бацькі. Акрамя Фердынанда, Ігната-Юзафа, Караля, іх бацькі мелі яшчэ і дачку Апалонію-Юлію-Караліну. Самым вядомым з братоў стаў Ігнат-Юзаф. Завершыўшы варшаўскую драматычную школу, ён дэбютаваў у тамтэйшым тэатры, а пазьней працаваў у кракаўскім, львоўскім, чарнавіцкім, плоцкім. Неблагі акцёр з выдатнымі знешнімі дадзенымі, Юзаф, аднак, не стаў знакамітым. Сцэну пакінуў пасля 1861 года. Быў жанаты на кракаўскай актрысе Анэлі Піко. Памёр у Варшаве і пахаваны на паванзкоўскіх могілках.

Іх бацька, Вінгельм-Фердынанд Штурм (1794 — 1832) быў даволі заможным гандляром каланіяльнымі таварамі і вінамі. Меў неабмежаваны крэдыт па-за межамі імперыі. З павагі да такой значнай асобы (ці яго капіталу), на першай і другой старонках “Варшаўскага кур’ера” ў 1832 годзе быў надрукаваны кароткі некралог. Магчыма, яго жонка Апалонія была родам з Вільні: прозвішча Напяркоўскія там сустракаецца. Пахавалі Вінгельма на Паванзках, толькі на евангеліецка-аўгсбургскай частцы.

Што да “пратапласты” (заснавальніка) варшаўскай галіны роду, то ім быў Караль Штурм з Уроцлава. Былы берлінскі афіцыяліст гандляр, жанаты на Ёгане Крысціне з Гейслераў з Вартэнбергу (памёр у 1832). Як мы бачым, сям’я была традыцыйна-мяшчанская, купецкая.

І вось, Караль, названы ў гонар дзеда, мяняе родную Варшаву і перабіраецца ў Вільню. Праз нейкі час Станіславу Манюшку давядзецца зрабіць адваротнае. А ў яго лістах гэты калега і нават ужо сваяк (муж стрыечнай сястры жонкі) будзе згадвацца адно самымі чорнымі словамі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар