“Паўлінка” як стварэнне свету

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

27 сакавіка ўся культурная грамадскасць адзначыла Міжнародны дзень тэатра. Якое ж свята без узнагарод? Вось і сёлета — Беларускі саюз тэатральных дзеячаў паводле традыцыі размеркаваў свае прызы і прэміі. І хаця ўрачыстае ўзнагароджанне па вядомых прычынах перанесена на май, імёны пераможцаў ужо могуць быць агучаны.

/i/content/pi/cult/791/17042/unnamed_opt.jpeg“Крыштальная Паўлінка” будзе ўручана народнаму артысту нашай краіны, славутаму купалаўцу Віктару Манаеву — за адданасць беларускаму нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчую працу.

Яшчэ адной актрысе таго ж Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — Зоі Белахвосцік — была прысуджана стыпендыя “Тэатральная дынастыя — Глебаў, Белахвосцікі, Гарцуевы”, а разам з ёй — прыз “Агмень”. Не забыліся і на тэатр лялек. “Крыштальным анёлкам” будзе ўзнагароджаны Аляксей Ляляўскі — галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Сярод пераможцаў аказаліся адразу дзве актрысы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Алена Уладамірская (Пастрэвіч) атрымае “Крыштальную Зорку”. А яе малодшая калега Вольга Здзярская — “Крыштальную кветку”, якой традыцыйна адзначаецца “яркі таленавіты дэбют”.

— Пасяджэнне рады, — падзяліўся старшыня БСТД, вядомы драматург і грамадскі дзеяч, народны артыст Беларусі Аляксей Дудараў, — праходзіла за некалькі дзён да свята. Рашэнне па кожнаму з прызоў выносілася тайным галасаваннем, толькі стыпендыя вызначалася адкрытым. Але ўсё гэта — хіба працоўныя моманты, бо галоўнае ў іншым. Мы вельмі ўдзячны вітражнай майстэрні Свята-Елісавецінскага манастыра: менавіта тут былі распрацаваны і выраблены сёлетнія крыштальныя прызы. Такое супрацоўніцтва ў нас узнікла ўпершыню, і трэба спадзявацца, што яно будзе працягнута. Вырабы гэтай майстэрні — самыя разнастайныя, але заўжды вельмі прыгожыя, азораныя духоўным святлом і асаблівай энергетыкай. Я адчуў гэта адразу, ледзь толькі ўбачыў статуэткі. Нам вельмі шкада, што ўрачыстасці адкладзены, што адмяняюцца фестывалі, пераносяцца спектаклі, іншыя імпрэзы. Але гэта жыццё, якое і ёсць тэатр. Упэўнены, мы ўсё адолеем. І ніводны з нашых уладальнікаў прызоў не будзе схільны да таго творчага “каранавіруса”, які ўзнікае, ледзь толькі артыст адчувае “карону на галаве”.

Свае падарункі да свята падрыхтавалі і самі тэатры. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры акурат учора адбылася прэм’ера — іскрамётны “Труфальдзіна з Бергама” Аляксандра Колкера. Напярэдадні чарговая прэм’ера выйшла ў Тэатры-студыі кінаакцёра — камедыя становішчаў “Ох, уж эта Анна!” Купалаўцы ў Міжнародны дзень тэатра парадавалі ўсіх, хто мае доступ у інтэрнэт, спектаклем “Паўлінка”. Яшчэ адну прамую трансляцыю падрыхтавалі ўчора Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр і тэлеканал “Беларусь-3”, паказаўшы на экранах і ў інтэрнэт-прасторы балет “Стварэнне свету”. А наш Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі цягам дзесяці дзён, пачынаючы з учарашняга вечару, будзе трансляваць на сваім Youtube-канале запісы з архіўнага фонду.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"