Давайце думаць ужо зараз!

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Чатыры высновы з наведвання EFM
У той час, калі профільныя часопісы працягваюць друкаваць разгорнутыя рэцэнзіі на фільмы Берлінскага кінафестывалю, прапануем вярнуцца на пляцоўку міжнароднага кінафоруму, дзе таксама панавалі не жартоўныя жарсці. Гаворка — пра Еўрапейскі кінарынак Берлінале, (не) удзел у якім Беларусі так шумна абмяркоўваўся ў сацыяльных сетках пэўны час таму. Як выглядае кінарынак у першым набліжэнні? Ці сапраўды на ім не было беларусаў? Здзейснім невялікі “камбэк”, каб паразважаць над тым, якім можа быць у далейшым удзел нашай краіны ў падобных падзеях.

/i/content/pi/cult/791/17038/015.JPGEPM — што гэта такое?

Еўрапейскі кінарынак Берлінскага кінафестывалю (EFM) — адзін з буйных у Еўропе, калі не ў свеце. Па словах яго арганізатараў, ён уваходзіць у тройку топавых месцаў для сустрэч прадстаўнікоў кіна- і медыяіндустрый, і лічыцца своеасаблівым “компасам, барометрам і завадатарам новага кінагода”. “Новыя вытворчасці і распрацоўкі, перспектыўныя бізнес-мадэлі, кантакты і кантракты. Усё пачынаецца тут”. — Еўрапейскі кінарынак звяртае ўвагу таксама на заахвочванне інавацый і зменаў у кінавытворчасці.

Сёлета ў ЕFM прыняло ўдзел больш за 11 тысяч удзельнікаў (11 423) — гэта рэкорд у параўнанні з іншымі гадамі. Адмысловыя платформы — Каапрадукцыйная (Berlinale Co-Production Market), Канферэнцыя і кінарынак серыялаў (Berlinale Series Market & Conference), Салон дакументальнага кіно (DocSalon), Далягляд (EFM Horizon) — з акцэнтам на лічбавую культуру і новыя тэхналогіі ў кіно. Хаб для прадзюсараў (EFM Producers Hub), ды, напрыклад, новая платформа Арыенцір (EFM Landmark), уласна арыентаваная на працу так званых кінакамісій, што займаюцца прасоўваннем кіно, а таксама надае ўвагу такому кірунку, як месца кіназдымак — як з мясцовых лакацый можна зрабіць брэнд. Яшчэ адна з асаблівасцяў Берлінале — дапамагаць тым індустрыям, што развіваюцца. Сёлета на Еўрапейскім кінарынку асаблівым госцем стала краіна Чылі, ды нават кінаіндустрыя асобнага кантынента — Афрыкі і яе кінематаграфічныя перспектывы. Афрыканскія праекты ў распрацоўцы, прэзентацыі, дыскусіі — шэраг мерапрыемстваў на адмысловай платформе Berlinale Africa Hub сталі падмуркам для развіцця далейшых дзелавых сувязяў паміж афрыканскімі і еўрапейскімі кінематаграфістамі. Словам, EFM дае прыстойную колькасць магчымасцяў самым розным адмыслоўцам укласціся ў развіццё свайго кінабізнесу, знайсці партнёраў, абмеркаваць праблемы ці парадак дня, ды, вядома, прасунуць і прадаць свой прадукт.

Кінарынак зблізку

Калі трапляеш на EPM непасрэдна, ад багацця прапаноў проста пачынае кружыцца галава — тут трэба ўмець арыентавацца і расстаўляць прыярытэты. Так, несумненна, патрапіць на публічныя дыскусіі і абмеркаванні цалкам магчыма, але калі мы кажам пра сур’ёзных ігракоў кінаіндустрыі і завязванне доўгатэрміновых кантактаў, тут важна парупіцца пра сустрэчы загадзя. Звычайна графік ключавых фігур і інстытуцый складаецца яшчэ напярэдадні працы кінарынку, і ўшчыльніцца ў гэты расклад непасрэдна “на месцы” ўжо праблематычна.

Шпацыр па адной з пляцовак EPM — Марыят гатэлі — пакідае даволі моцнае ўражанне. Павільёны самых розных краін і рэгіёнаў свету — Іспанія, Турцыя, Харватыя, Італія, Мексіка, Паўднёвая Карэя... Цалкам натуральна ўзнікае жаданне ўбачыць стэнд Беларусі на гэтым вялікім форуме. Важна адзначыць, што ў пазіцыяніраванні індустрый акцэнт часам робіцца на нацыянальныя кінафонды, аднак усё ж больш менавіта на краіну, як сукупнасць магчысмацяў.

“Запрашаем вас здымаць у Тайланд”, — звяртаецца да мяне сімпатычная дзяўчына, як можна здагадацца, з павільёна краіны, што не можа паскардзіцца на дэфіцыт турыстаў. Прамоўтар працягвае мне буклет, надрукаваны, дарэчы, Міністэрствам турызму і спорту Тайланда, і дорыць розныя прамацыйныя матэрыялы. Бачна, што прадстаўніца зацікаўлена ў далейшай размове, але я заглыбляюся ў прапанаваную прадукцыю. Усё ж цікава разабрацца, як пазіцыянуе сябе краіна лазурных мораў.

“Захапляльныя кіналакацыі ў Тайландзе” (такая назва буклета), у прыватнасці, мае некалькі раздзелаў: “10 натуральных лакацый” — тут размешчаны фатаграфіі пляжаў, пячор, палёў, вадаспадаў, мораў, самых маляўнічых пейзажаў, “32 лакацыі з будынкамі, зробленымі чалавекам” — у гэтым раздзеле зафіксаваны масты, дарогі, архітэктура, фермы, паркі, храмы, дамбы, стадыёны, гарадскі асяродак, і “58 відаў культуры і ладу жыцця” — тут вока радуюць яскравыя відарысы мясцовых фестываляў, традыцый, рамёстваў, кірмашоў ды нават страваў нацыянальнай кухні... Толькі перадапошні раздзел дэманструе патэнцыял тайландскай здымачнай каманды: тэхнічныя магчымасці, трукі каскадзёраў, майстэрства грымёраў... Гэта прыклад вельмі карысны. Усё “раскладзена на палічках” і анічога не пакідаецца па-за дужкамі — бо ўсё патэнцыйна можа стаць прадуктам, і можа прыўнесці грошы ў эканоміку — не толькі прафесійныя ўменні, а ўласна візуальныя абліччы, што мае краіна. Фотаздымкі несамавітых, але каларытных дамкоў, дзе сушыцца бялізна, ці ўсмешлівыя зборшчыцы ўраджаю, апранутыя цалкам у рабочую вопратку, усміхаюцца на камеру — гэта ўсё патэнцыйныя лакацыі для кінапраектаў. Кіно — гэта спажыва для вока, і бачна, што ў Тайландзе гэта разумеюць, як, прынамсі, і шматлікія краіны, што афармляюць свае стэнды фразамі кшталту: “Уражвальныя лакацыі. Мы — ваш новы здымачны пункт прызначэння”. Першы ўрок кінарынку — прадаюцца нават пейзажы.

Новыя імёны і кінафонды

Але іду далей і спрабую даведацца пра кінаіндустрыі бліжэйшых да нас арэалаў. Павільён Грузіі сустракае вялікім партрэтам новай і, напэўна, не толькі грузінскай, але еўрапейскай кіназоркі — Левана Гелбахіані, выканаўцы галоўнай ролі ў міжнародным праекце мінулага года “А потым мы танцавалі” (Грузія, Швецыя, Францыя). Прынамсі, Леван быў адзначаны на апошнім “Лістападзе” за лепшую мужчынскую ролю. Вось прыклад пазіцыянавання краіны праз новыя імёны. Таксама раблю пазнаку ва ўмоўным блакноце.

Вялізны стэнд Літвы. Рушу да яго і спрабую распытаць прадстаўніцу літоўскай кінаіндустрыі пра бягучыя кінапраекты. Яна, трошкі збянтэжыўшыся, працягвае мне паштоўку з назвай фільма “Замак” і кажа, што фільмаў у запуску, насамрэч, шмат. Дазнаўшыся трошкі болей пра мой інтарэс да прамоцыі кінематаграфіі, яна ахвотна распавядае: “Па-сутнасці, тое, што мы тут, на Берлінале — пра гэта і кажа. Я прадстаўляю Літоўскі кінацэнтр, і мы паказваем, што нам важна ўкладвацца ў кінаіндустрыю, яна ў нас працуе і мы зацікаўлены ў далейшым міжнародным бізнесе”. Дзяўчына працягвае мне буклет і паказвае суму дзяржаўных фінансавых укладанняў у літоўскі кінематограф за 2019 год — 6 431 000 еўра. За гэты тэрмін на экраны выйшла 17 поўнаметражных ігравых стужак, 7 анімацыйных і 16 дакументальных. Цікава, што лідарам у мясцовым пракаце за той жа 2019 год з’яўляецца менавіта літоўская стужка — “Штучны міліянер”, якая абыйшла па наведвальнасці “Джокера”. “Але ёсць і свежыя рэлізы, зробленыя ў каапрадукцыі, — дадае мая суразмоўца, — тая ж стужка “У прыцемках” Шарунаса Бартаса — гэта сумесная вытворчасць Літвы, Латвіі, Францыі, Чэхіі і Сербіі, “Парфенон” Мантаса Кведаравічуса — Літва, Францыя, Україна”.

У буклеце дзяўчына ўказвае і на дадзеныя па суседніх з Літвой балтыйскіх краін. Лідарам па падтрымцы сваёй кінаіндустрыі ў рэгіёне з’яўляецца Эстонія: больш за дзесяць мільёнаў еўра супраць больш за шэсць мільёнаў дзяржаўных фінансавых укладанняў у Латвіі. І што сімптаматычна — таксама самымі папулярнымі ў мясцовым пракаце карцінамі 2019 года сталі стужкі сваіх аўтараў: у Эстоніі — “Праўда і справядлівасць” Танела Тоома, у Латвіі — “Завея душ” Дзінтарса Дрэйбергса. Заўважаю і яшчэ адзін важны момант: калі ў Літве сродкі на кіно вылучаюцца з Літоўскага кінацэнтра, у той жа Эстоніі фінансаванне паступае з трох інстытуцый: Міністэрства культуры краіны, Эстонскага кінаінстытута і Культурнага фонду. Калі зрабіць параўнанне з Беларуссю — відавочна, што адмысловых арганізацый (за выключэннем Міністэрства культуры), скіраваных на падтрымку кіно, у нас няма. І гэта трэці ўрок кінарынку.

Парад кэш рыбэйтаў

Кульмінцыяй майго візіту ў Marriott Hotel становіцца наведванне ўкраінскага павільёна. Ён вялікі — Украіна падрыхтвалася да EPM — і тут можна даведацца не толькі пра фільмы ў вытворчасці, у якія можна ўкласціся, але і пра змены ў кінаіндустрыі нашых суседзяў.

Па-першае, Украіна рэкламуе з’яўленне новага рэсурсу — DzygaMDB, своеасаблівай базы дадзеных па ўкраінскаму кіно кшталту вядомай платфомы IMDb. Па-другое, яна актыўна запрашае здымаць на сваёй тэрыторыі праз cash rebate — вяртанне пэўнага працэнту ўкладзеных у кінавытворчасць сродкаў. 25 працэнтаў + 5 працэнтаў — такая лічба прапаноўваецца міжнароднай кінасупольнасці. На працягу першага года кэш рыбэйты забяспечваюцца Міністэрствам культуры, моладзі і спорту краіны і Украінскім дзяржаўным кінаагенцтвам, наступны год кінапраекты інвестараў падтрымліваюцца сістэмай рэгіянальных кінакамісій разам з адзначаным вышэй Украінскім дзяржаўным кінаагенцтвам. Гэта, па сутнасці, ужо наступны крок пасля з’яўлення адпаведных кінаінстытуцый — стварэнне пэўнага фінансавага клімату, добразычлівага асяродку для замежных інвестараў. Апошнія — як сазлучаныя сасуды ўжо дапамагаюць рухаць і сілкуюць айчынную кінаіндустрыю.

— Вы яшчэ не забудзьцеся пра 4,5 працэнтаў і 10 працэнтаў, што плацяць ва Украіне за замежныя таленты, — дадае прадстаўніца ўкраінскага павільёну.

Гэта інфармацыю я “пераварыць” ужо не ў стане. Ды ўсё ж пасля наведвання стэнда ўкраінцаў, пачынаю звяртаць увагу на падобныя маркіроўкі-прапановы па ўсім кінарынку. Тайланд — 15 — 20 працэнтаў cash rebate, Польшча — 30 працэнтаў, Казахстан — 30 працэнтаў (цікава, што адначасова са зніжкамі краіна рэкламуе і новы закон аб кінематаграфіі), 30 працэнтаў — Эстонія, 30 працэнтаў — Партугалія, 33 працэнта — Славакія, 40 працэнтаў — Мальта... Канкурэнцыя выбудоўвацца такая, што патэнцыйным інвестарам толькі хадзі ды выбірай, дзе ўмовы палагадней і зніжкі паболей. Пры такіх магчымасцях, пытанне аб тым, а што можа прапанаваць наша краіна — нараджаецца з болем. Чым Беларусь здольная прывабіць? На якіх умовах? Ды, увогуле, ці бачыць наша краіна кіно, як вялікую эканамічную перспектыву, не забываючыся на мастацкі складнік? У нашым выпадку пачынаць трэба нават з такіх, базавых пытанняў. Можна сказаць, што беларуская кінаіндустрыя, як міжнародны кінапраект, пакуль яшчэ не нарадзілася. Гэта чацвёрты ўрок EPM.

Ды ўсё ж трэба з чагосьці пачынаць.

Прыемная неспадзяванка

Вуаля, праходзячы міма аднаго са стэндаў, бачу знаёмы кадр са стужкі — “Возера радасці” Аляксея Палуяна. Прыемная неспадзяванка — фільм беларускага рэжысёра прадстаўлены на EFM на платформе Hessen Talents. Прычым карціну прасоўваюць мясцовыя ўлады — зямля Хэсэн: Аляксей Палуян быў вылучаны рэгіёнам, як адзін з таленавітых кінематаграфістаў, што працуе ў Германіі. Такі цікавы момант — вось вам і беларусы на кінарынку.

— Я тут не толькі з гэтым праектам, але працую над пошукам дыстрыб’ютара для новай дакументальнай стужкі. Шукаю партнёраў, — дзеліцца Аляксей ужо непасрэдна падчас сустрэчы.

Рэжысёр, фільм якога быў вылучаны на Еўрапейскую кінапрэмію — 2020, пачынае пералічаць кампаніі, з прадстаўнікамі якіх яму ўдалося сустрэцца. Я іх не ведаю, але Аляксей дадае больш інфармацыі, дэманструючы нядрэнны “паслужны спіс” згаданых “ігракоў” міжнароднага кінаполя. Заўважна, што наш беларускі кінематаграфіст ужо ведае правілы гульні, і разумее, як яму дзейнічаць. І тым не менш, калі размова заходзіць пра тыя магчымасці, якія маюць на міжнародных кінарынках беларускія кінематаграфісты, Аляксей канстатуе, што прабівацца без падтрымкі сваёй краіны, яе хоць невялікіх першых укладанняў у праект, вельмі складана.

— У мяне ёсць “Возера радасці” — стужка, якую я зняў, дзякуючы частковай падтрымцы кінафонду Хэсэна, федеральнай зямлі, дзе я навучаўся, — кажа Аляксей. — Мне ёсць, што паказаць, прад’явіць патэнцыйным прадзюсарам, агентам, кінафондам, дыстрыб’ютарам. А калі б гэтай стужкі ў мяне не было? Што і казаць, мы не ў зайздросным стане.

Пра неабходнасць “першых грошаў” для кінапраектаў у запуску гаворыць мне і яшчэ адна ўдзельніца Еўрапейскага кінарынку ад нашай краіны — Дар’я Юркевіч. Рэжысёрка, пра дакументальную стужку якой — “Невядомы рай” — “К” пісала літаральна некалькі тыдняў таму, прыехала шукаць сродкі на свой новы — ужо ігравы — праект.

— Гэта будзе поўнаметражная карціна па вядомай п’есе Мікалая Рудкоўскага “Дажыць да прэм’еры”, — ахвотна дзеліцца Даша. — Толькі новая версія знаёмага твора — мы з Мікалаем сцэнарый амаль увесь перапісалі.

Рэжысёрка зазначае, што прадзюсарамі яе праекту выступаюць Валерый Дзмітрычэнка і Дар’я Жук, асобы ў беларускім ды еўрапейскім кіно небезвядомыя, асабліва аўтарка “Крышталю”.

— Аднак наша з Мікалаем Рудкоўскім гісторыя мае сваю спецыфіку, і яе, прызнацца, складана “прадаць” замежнаму гледачу, — удакладняе рэжысёрка вядомай кароткаметражнай стужкі “Баба, Ваня і каза”. — Карціна больш разлічана на беларускую аўдыторыю, з яе асаблівымі культурнымі кодамі.

Ды тым не менш, выпускніца французскай школы Le Fresnoy спрабуе розныя варыянты прасоваўння ўласнага праекта. Даша называе французскі і нарвежскі фонды, у якія плануе падавацца за фінансавай падтрымкай.

— Было б у мяне хоць 30 працэнтаў ад бюджэту, — партнёраў знайшла б нашмат лягчэй, — прызнаецца яна.

Дар’я Юркевіч і Аляксей Палуян сваім прыкладам дэманструюць, што нават у індывідуальным парадку без нацыянальнага павільёна можна дзейнічаць у прапанаваных абставінах. Але важна зазначыць, што за плячыма ў аўтараў вучоба ў такіх замежных кінаінстытуцыях, як Школа Le Fresnoy французскага эксперыментатара Алена Флешэра, Касельская мастацкая акадэмія. Стужкі Дар’і Юркевіч і Аляксея Палуяна ўжо былі заўважаны і адзначаны на кінафестывалях, маладыя кінематаграфісты ведаюць, як працуе міжнародны кінарынак. А што рабіць, калі ў цябе няма падобнага досведу? Адукацыі? Іншым айчынным аўтарам застаецца варыцца ва ўласным соку? Ды ўвогуле, ці ёсць гарантыя таго, што тыя ж Дар’я і Аляксей знойдуць фінансаванне на свае праекты?

Прызнацца, напрошваюцца невясёлыя высновы.

Толькі разам

Кірунак дзейнасці майго наступнага субяседніка — намесніка дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно Канстанціна Вараб’я — акурат запаўняюць прагалы ў кінаадукацыі. Мы сустракаемся з кінапрадзюсарам ужо ў Мінску, бо шчыльны графік сустрэч на Берлінале не дазволіў перасекчыся. Косця распавядае пра вынік паездкі на кінарынак і прызнаецца, што яму ўдалося дамовіцца з французскай, шведскай, нямецкай і галандскай кінаінстытуцыямі наконт далейшага супрацоўніцтва і патэнцыйных абменаў у сферы кінаадукацыі.

— Паездку можна лічыць удалай, — зазначае ён. — Хоць на ЕFM — і першы раз. Былі раней на маскоўскім кінарынку, але размах берлінскага — непараўнальны. Назіраючы за гэтым вірам, дзе здзяйсняюцца столькі здзелак, разумееш, што беларуская кінематаграфія ўсяго толькі кропка на карце. Гэта відавочна, што наша мадэль моцна адстае, і важна тэрмінова мяняць гэту сітуацыю.

Прадзюсар называе лічбу ў больш як 80 мільёнаў еўра, якую зарабіла Літва за апошнія пяць гадоў за кошт уліванняў ва ўласны кінематограф.

— Літоўцы вярнулі інвестарам 16 мільёнаў — той самы cash rebate, але ўсё роўна засталіся ў вялікім плюсе, — зазначае кіраўнік Майстэрні сацыяльнага кіно. — А гэтыя сродкі — нішто іншае, як заробак мясцовых кінематаграфістаў, развіццё сектара, гэта і падаткі. Упэўнены, што на стварэнне ўмоў для кааперацыі і павінна быць скіравана рэформа ў нашай кінаіндустрыі.

Я пытаюся ў Канстанціна Вараб’я наконт таго, якім ён бачыць ідэальны беларускі павільён. Прадзюсар мякка адказвае, што працаваць над яго візуальным выглядам ды начыненнем мусіць уся кінасупольнасць, не толькі дзяржаўныя інстытуты.

— Я казаў пра кропку на карце, — гаворыць мой візаві. — Каб стаць заўважнымі ў гэтай плыні, вялікім працэсе, усе прадстаўнікі нашай кінаіндустрыі мусяць аб’яднацца. Толькі так мы можам прасунуць беларускую кінаіндустрыю на міжнародным кінарынку. Але гэты працэс павінен быць празрыстым, — падкрэслівае Канстанцін.

Я гляджу на каляндар бліжэйшых кінападзей. Пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы ў расклад буйных кінафорумаў і кінарынкаў, але і дала больш часу папрацаваць над тым, што мы хочам убачыць на нашым нацыянальным кінапавільёне. Прыгожы лес — як знакавы беларускі пейзаж, у якім могуць адбывацца падзеі невядомай нам пакуль карціны? Палі? Азёры? Горад? Калі архітэктура, то якога рэгіёна? Чым адметная наша тэрыторыя? Наколькі высокія ў нас кошты? Наколькі развітая інфраструктура? Якія кінапляцоўкі і кінакампаніі маем? І ў чым ёсць пэўныя прэферэнцыі, якіх няма ў суседніх краінах?

Што мы можам прапанаваць кінасвету ў першым набліжэнні? Давайце думаць ужо зараз.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"