“Дзень” пасля “… Танга”

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Адзін з майскіх вечароў стане днём афіцыйных народзінаў яшчэ аднаго маладога беларускага рэжысёра — Арцёма Пінчука, які добра вядомы як акцёр і спявак. На гэты дакладна неакрэслены час прэм’ера яго першага спектакля “Дзень” на нядаўна адкрытай эксперыментальнай сцэне ў родным для яго Новым драматычным тэатры. У тым, што дэбют абяцае быць удалым, пераканаў перадпрэм’ерны прагляд, што адбыўся яшчэ ў канцы лютага.

/i/content/pi/cult/791/17036/013.JPGСпектакль не быў запланаваны тэатрам, ініцыятыва сыходзіла, што называецца, знізу — ад самога Арцёма Пінчука, які сабраў вакол сябе сваіх калег-аднадумцаў. Невыпадкова той перадпрэм’ерны прагляд ён пачаў словамі падзякі на адрас сваіх педагогаў і кіраўніцтва тэатра, бо такая падтрымка і сапраўды вельмі важная.

Артысты прымерваюць на сябе ролю рэжысёра ў многіх тэатрах, асабліва абласных. Але ставяць пераважна дзіцячыя казкі, лірычныя меладрамы — так званыя акцёрскія спектаклі, дзе ў цэнтры аказваецца не рэжысёрская канцэпцыя, а ўласна ігра артыстаў, якія спраўна агучваюць тэкст п’есы і ў меру свайго таленту ліцадзейнічаюць. А тут — і бліскучыя акцёрскія работы, і дакладна прачэрчаны рэжысёрскі “маршрут”, які вызначае асноўную лінію і ўсё аблічча спектакля, робячы яго стыльным, цалкам вытрыманым па зададзеным параметрам. А галоўнае — зварот да абсурдысцкай драматургіі, якую не надта любяць прадстаўнікі дырэкцыі, матывуючы тым, што глядач не пойдзе. Таму можна толькі вітаць кіраўніцтва Новага драматычнага за гэты крок — дарэчы, не першы.

Гэта ўжо другая пастаўленая тут п’еса польскага класіка абсурду Славаміра Мрожэка. Першай былі “Удовы”, увасобленыя шэсць гадоў таму Венедыктам Рассрыжэнкавым пад назвай “Дамскае танга” (гл. “К” № 20 за 2014 г.) — на жаль, ужо знятае з афішы. Цяпер увага спынілася на п’есе “Летні дзень”. І паміж імі, як і паміж спектаклямі, усталявалася нябачная сувязь. Не толькі таму, што і Арцём Пінчук, і двое з трох занятых у “Дні” артыстаў удзельнічалі ў той пастаноўцы. У абедзвюх п’есах відавочна прасочваецца стыль драматурга, кола хвалюючых яго тэм, выдатна выяўленых у прынцыпова рознай рэжысуры. Калі ў “… Танга” быў фарс, гратэск, дык у “Дні” — стрыманасць “строгага стылю”, што само па сабе нязвыкла ў дачыненні да акцёрскага амплуа маладога пастаноўшчыка.

Арцём Пінчук заўсёды пазіцыянаваўся як гэткі “артыст-свята”, адной сваёй сонечнай усмешкай здольны пасяліць радасць у сэрцах гледачоў. Кароль эпізоду! Яго нават абвінавачвалі ў тым, што ён, маўляў, перацягвае коўдру на сябе, засланяючы галоўных герояў. Прага самарэалізацыі прывяла яго да паралельнага супрацоўніцтва з тэатрам “Тэрыторыя мюзікла”, праектам “МюзікЛэнд”, дзе былі куды больш запатрабаваны яго багатыя спеўныя і пластычныя дадзеныя. З часам яму сталі даручаць і больш складаныя характары — адзін Карандышаў у спектаклі Сяргея Кулікоўскага “Я рэч…” паводле “Беспасажніцы” чаго варты. Так што рэжысёрскі выбар складанага абсурдысцкага тэксту можа лічыцца і нечаканым, і адначасова лагічным працягам развіцця творчай індывідуальнасці Арцёма Пінчука.

Цягам дзеяння Уд, якому ўсё ў жыцці ўдаецца (Аляксей Верашчака), і Неуд (Павел Чарноў), у якога ўсё ідзе насуперак, вядуць размовы між сабой і з чароўнай незнаёмкай — Дамай (Кацярына Каралёва). Здавалася б, што яшчэ тут можа быць, акрамя “гаворачых галоў”? Хіба крыху харэаграфіі, бо Новы драматычны даўно зрабіў яе сваёй “фішкай”, маючы ў штаце такога балетмайстра, як Марына Баранава. На гэты раз пластыку і танец ставіў Дзмітрый Якубовіч — майстар адметных эстрадных па, кіраўнік і харэограф вышэй згаданага тэатра “Тэрыторыя мюзікла”. Ды “цэнтрам прыцягнення” спектакля сталі не рухі, а выкшталцоная праца з тэкстам. Прычым не яго скарачэнні-дапаўненні-перапісванні, а перададзенае праз акцёраў рэжысёрскае прачытанне.

Артысты працуюць без аніякага намёку на праславутую “вампуку” — проста, без манернічання. І даносяць філасофскі тэкст так, што ён выклікае ў зале развагу, жаданне ўступіць у дыялог, каб пацвердзіць, аспрэчыць ці проста працягнуць некаторыя думкі. Пераасэнсаваны і фінал, дзе героі быццам у чарговы раз спраўджваюць зададзенасць свайго лёсу. Рэжысёр выбудоўвае гэткую “рэпрызу наадварот”. Пазбавіўшыся суперніка, Уд раптам пераймае звычкі Неуда. А Дама пачынае ўспрымацца абліччам Смерці, заманліва прывабным у сваёй стомленай будзёнасці. Тым самым працягваюцца нітачкі і да рамантызму з яго персаніфікацыяй абагульненых паняццяў (дастаткова згадаць шматлікія “скокі смерці” Ф.Ліста, М.Мусаргскага, нашага Міхала Ельскага), і да больш позняй п’есы С.Мрожака “Удовы”, дзе ўвасабленнем Смерці аказваецца таямніча бязмоўная Трэцяя ўдава.

Сцэнаграфія Лідзіі Малашэнка мінімалістычна: класічная трыяда колераў (чорны-белы-чырвоны), узвышэнне ў цэнтры сцэнічнай пляцоўкі, удала скарыстаныя асаблівасці “другога ярусу”, рассыпаная па падлозе нейкая белая вобмешка, бы тая “месяцавая дарожка” ў фінале “Майстра і Маргарыты”. Мілы пляжны пясочак потым пачынае сыпацца зверху — як нейкі касмічны пыл, нябеснае пасланне-азарэнне. Ці сімвал няўмольнага часу, адзіноты ў пясчанай пустыні жыцця, нарэшце, магільнага калодзежа з абваленым краем. Параўнанняў безліч — і кожны можа дадаць сваё, бо ўбачанае і пачутае не адпускае, вымушаючы вяртацца да яго зноў ды зноў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"