Эфектна і пераканаўча

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Мастаку Віктару Мікіце спаўняецца 65 гадоў. Пад гэту дату ён падрыхтаваў персанальную выставу, дзе прадстаўлены ўвесь ягоны шлях ад першых работ, у якіх толькі-толькі вымалёўваецца характэрны почырк, да твораў, дзе адчуваецца ўпэўненая рука майстра і выразна акрэсленыя творчыя прыярытэты. Выстава працуе ў Галерэі Міхаіла Савіцкага.

/i/content/pi/cult/791/17035/011.JPGМастак вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, які скончыў у 1979 годзе. Праз сваю прафесію Віктар Мікіта парадніўся з Мінскам. Тут ён жыве і працуе. Але, як калісь слушна было сказана, усе мы родам з дзяцінства. І менавіта ў дзяцінстве закладваюцца асновы характару і светапогляду. Нарадзіўся ж спадар Віктар у Гродне, што для асобы творча адоранай безумоўна з’яўляецца бонусам, бо сталая творчасць пры наяўнасці багатага жыццёвага досведу ўсё адно эмацыйна сілкуецца ўспамінамі пра дзяцінства і юнацтва.

Гродна для Беларусі — горад унікальны. Знаходжанне ў ім станоўча ўплывае на свядомасць, выхоўвае густ, а для мастака яшчэ і задае высокі стандарт прафесіяналізму. У ім захавалася тое, што з розных прычын было страчана ў Мінску, Віцебску, Магілёве — гістарычная аўтэнтыка, шэдэўры сярэднявечнага дойлідства, непадобны дух даўніны. І хоць Гродна часоў дзяцінства Віктара не мела сённяшняй рэспектабельнасці, горад і тады ў пэўным сэнсе мог даць фору нават нашай сталіцы. Хоць рэальны статус горада быў правінцыйны, гарадзенцы памяталі, што калісьці Гародня была фактычнай сталіцай Рэчы Паспалітай. І з гэтай прычыны глядзелі на Мінск так, як збяднелы, але горды сваім радаводам шляхцюк мог бы глядзець на немаведама адкуль прышлую буржуазію, што заняла ў сацыяльнай іерархіі ягонае, нібыта “законнае” месца.

/i/content/pi/cult/791/17035/012.JPGВіктар Мікіта, мяркуючы па ягонай творчасці, фанабэрыяй ніколі не хварэў, але заўжды меў уласцівую гарадзенцам годнасць і пачуццё ўкаранёнасці ў сваю зямлю. Найбольш удала ён малюе і піша менавіта гістарычныя краявіды — замкі, палацы, храмы, якіх у заходняй частцы нашай краіны захавалася значна болей, чым на ўсходзе. І робіць гэта так эфектна і пераканаўча, што помнікі даўніны, выявы якіх растыражаваныя ў даведніках, энцыклапедыях і турыстычных выданнях, глядач бачыць нібыта ўпершыню. Атрымліваюцца ў мастака і нацюрморты з гістарычнымі артэфактамі, якія для яго не антыкварыят, а знакі быцця і атрыбуты шляхетнасці. Вельмі характэрнай з’яўляецца ў гэтым сэнсе карціна з картай нашай сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага ў атачэнні розных версій герба “Пагоня”, халоднай зброі і шалома вершніка, іншых сімвалічных рэчаў. Бадай, адзіная недарэчнасць на карціне — гэта тлумачальны надпіс “Вялікае Княства Літоўскае — беларуска-літоўскае гаспадарства”, бо сёння ў асяроддзі навукоўцаў разуменні “Літва” і “Беларусь” трактуюцца як тоесныя, як сінонімы. Гэта дзве назвы адной і той жа зямлі, адной і той жа этнічнай і гістарычна-культурнай супольнасці ў розныя эпохі. Так што правільней было б “ВКЛ — беларускае (літоўскае) гаспадарства”.

На выставе прадстаўлены ўзоры рознай тэматыкі, фрагменты розных цыклаў. Уласна кажучы, кожны такі цыкл, калі яго паказаць у поўным аб’ёме, пацягнуў бы на асобную выставу. Запоўніць экспазіцыйную прастору, адведзеную для гэтай персаналіі, аўтар мог бы аднымі толькі згаданымі вышэй гістарычнымі краявідамі альбо ілюстрацыямі да кніг — дзіцячых і разлічаных на сталага чытача, партрэтамі і нацюрмортамі ці выявамі экзатычных для беларускага вока істот, сюжэтнымі творамі патрыятычнага зместу альбо цікавымі эпізодамі жыцця мегаполіса.

Пры тым, што многія мастакі па сутнасці асобы эгацэнтрычныя, і гэта можна лічыць цалкам натуральным, беручы да ўвагі спецыфіку творчасці, Віктар Мікіта мае рэдкі талент адчуваць і асэнсоўваць вобразны лад іншых творцаў. Для прыкладу згадаю ягоныя цудоўныя ілюстрацыі да паэзіі Уладзіміра Караткевіча, што створаны яшчэ на пачатку 80-х, але глядзяцца вельмі сучасна, і цыкл, прысвечаны Язэпу Драздовічу. Да вобраза “Вечнага вандроўніка” ягонай мастацкай і літаратурнай спадчыны звярталіся многія інтэрпрэтатары — хто больш, хто менш пераканаўча. Мне ж найбольш блізкае бачанне Віктара Мікіты. Падаецца, што ён здолеў сказаць пра Драздовіча так, нібыта сам Драздовіч распавядае пра сябе і бязмежную касмічную прастору паміж рачулкамі Мнютай і Аўтай.

Разглядаючы выставу, я шкадаваў, што яна хутка закрыецца. Хай бы яна экспанавалася доўга-доўга, а потым яшчэ ездзіла па Беларусі. Каб кожны, хто яе наведае, тутэйшы чалавек ці госць, мог адчуць і ўсвядоміць, якая прыгожая краіна Беларусь, якую годную гісторыю яна мае, якая шматаблічная наша рэчаіснасць і дынамічнае наша жыццё.

Бадай, адзіны цыкл, які прадстаўлены на выставе цалкам — гэта жывапісная інтэрпрэтацыя архітэктуры Антоніа Гаўдзі. Мне пашчасціла быць у Барселоне і бачыць некаторыя творы каталонскага генія. Параўноўваючы пабачанае ў Барселоне і тое, як гэта трактуе спадар Віктар, мушу сказаць, што ў мастака атрымалася цудоўная рэч, але гэта толькі вольная асацыяцыя, вельмі далёкая ад арыгінала. У творах Гаўдзі формы цякучыя, пераход адной у другую размыты, акрэсленай мяжы паміж імі няма. А на карцінах нашага мастака архітэктурныя формы рэзка акрэсленыя, больш таго — яны ўспрымаюцца не фрагментамі, вылучанымі з нейкай цэласнай структуры, але як рэчы самадастатковыя. Я гэта да таго, што бачанне Віктара Мікіты, хоць ён і адчувае эстэтычныя запыты грамады, не заўжды і не ва ўсім можа супадаць з досведам гледача.

Ёсць у спадара Віктара рыса, якая часам замінае яму як творцы. Мне падаецца, ён проста не можа зрабіць нешта непрыгожа. Між тым, іншы раз трэба зламаць гэтую завядзёнку і пайсці насуперак звычцы; зрабіць так, каб самому здзівіцца. Калі-нікалі ў ягоных карцінах прысутнічае залішні пафас, які быў бы нармальным на плакаце, але на жывапісным палатне недарэчны.

Гэтыя заўвагі чыста суб’ектыўнага характару. Так бачыцца мне. Я магу і памыляцца. Агульнае ж уражанне ад выставы выдатнае. Як я ўжо казаў, эфектна і пераканаўча. Прыемна і тое, што персанальная выстава Віктара Мікіты — не падвядзенне вынікаў, а задзел на перспектыву. Гэтаму творцы ёсць што сказаць гледачу, і магчымасці ўдасканальвання ягонага выяўленчага ладу яшчэ далёка не вычарпаныя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"