Таямніцы Манюшкаў

№ 13 (1452) 28.03.2020 - 03.04.2020 г

Частка II.

/i/content/pi/cult/791/17028/02.JPGАбсалютна нечаканая, раптоўная смерць Станіслава Манюшкі (1819 — 1872) стала папраўдзе шокам для варшавянаў. Правесці ў апошні шлях бацьку нацыянальнай оперы выйшла блізу 60 000 чалавек (пазней лічбу акруглілі да 100 000). Пахавалі яго на знакамітых могілках Паванзках. Там знайшлі апошні спачын і сваякі кампазітара, а таксама яго дзеці. Так на могілках з’явілася сямейнае пахаванне Манюшкаў, якое захавалася да нашага часу. Але самога Станіслава і Аляксандру ў 1908 годзе намаганнямі Варшаўсканга музычнага таварыства перапахавалі бліжэй да касцёла. На іх магіле ляжыць сціплая надмагільная пліта, на якой напісана адно слова, і слова тое — MONIUSZKO. Суседняя магіла належыць бацькам Фрэдэрыка Шапэна.

/i/content/pi/cult/791/17028/01.JPGСмерць жонкі кампазітара, якая перажыла свайго славутага мужа амаль на дваццаць гадоў, вядома, не выклікала вялікага шуму. Мне ўдалося знайсці некалькі нататак у штодзённіку Kurjer Warszawski, сярод якіх і кароткі некралог, змешчаны ў № 159 ад 30 траўня (11 чэрвеня) 1891 года.

У ім казалася (вольны пераклад мой — З.Ю.), што светлай памяці Аляксандра Манюшка з Мюлераў, удава кампазітара і дырэктара польскай оперы, памерла 10 чэрвеня, пражыўшы семдзесят гадоў. Што жалобнае набажэнства ў касцёле святога Антонія, на вуліцы Сенатарскай, адбудзецца 12 чэрвеня ў дзесяць трыццаць раніцы, а на наступны дзень, а шаснаццатай гадзіне, адбудзецца перанос астанкаў з касцёла на Паванзкоўскія могілкі. На гэтыя смутныя абрады яе сыны, дочкі, зяцья і ўнучкі запрашаюць сваякоў, сяброў і знаёмых. Асобныя запрашэнні рассылацца не будуць.

Каб закрыць сумную старонку, дадаём апошні аргумент за дату “1821”. Ім з’яўляецца метрычны запіс кнігі касцёла святога Антонія, датычны памерлых. У ім ёсць некаторыя дробныя, але цікавыя звесткі. Напрыклад, адрас, па якім пражывала Аляксандра і яе сям’я і дакладны час смерці. Метрыка прыводзіцца на мове арыгінала, то-бок рускай. Як вядома, Польшча ў тыя часы была ў складзе Расійскай імперыі.

“Состоялось в Варшаве в приходе святого Антония тридцатого мая / одиннадцатаго июня / тысяча восемьсот девяносто перваго года в двенадцаць часов полдня явились Бронислав Стыпулковский купеческий прикащик и Эма…Куровицкий служитель, совершеннолетние, жительствующие в Варшаве и объявили, что здесь в Варшаве по улице Обозной под номером восьмым вчерашнего дня в семь часов вечера умерла Александра, урожденная Миллер, Монюшко / Aleksandra z Müllerów Moniuszko/ вдова после Станислава Монюшки, композитора и Директора Польскай Оперы, Пенсионерка, семидесяти лет от роду, родившаяся в Вильне, дочь Ксаверия и Марии, урожденной Закржевской / Ksawerego I Maryi z Zakrzewskich / супругов Миллер. По удостоверении о кончине Александры Монюшко, акт сей прочтен и первым свидетелем подписан, второй свидетель неграмотен” (друкуецца цалкам і ўпершыню — заўв. З.Ю.).

Такім чынам, супраць аднаго дакумента (метрыка шлюбу Станіслава Манюшкі і Аляксандры з Мюлераў 1840 года, дзе сцвярджаецца, што маладым было 21 і 20 гадоў адпаведна), выступае іншы. Не меньш важкі. Які, як маладзільны яблык, чароўным чынам пераўтварае розніцу паміж кампазітарам і ягонай жонкай не ў год, але ў два. То-бок, не шаснаццаць, але пятнаццаць гадоў было ёй на момант знаёмства. Тады цалкам зразумелыя некаторыя складанасці з юрыдычным афармленнем свайго жадання быць “разам і назаўжды”, з якімі сутыкнуліся ў 1836 годзе Стась і Алеся.

Калі б колькасць знойдзеных дакументаў абмяжоўвалася толькі гэтымі двума, то гадаць над “калі ж?” можна было б да бясконцасці. Але, падобна, што ў 180-гадавіну шлюбу “маладых” адказ будзе знойдзены.

Праўда, перад тым, мне б хацелася трошкі пазнаёміць чытача з некаторымі фактамі з жыцця сям’і будучай жонкі кампазітара. Напоўніцу мы раскрыем тыя таямніцы пазней, а пакуль…

Бацькі Аляксандры

З літаратуры, прысвечанай Станіславу Манюшку, якой за мінулыя гады выйшла вельмі вялікая колькасць, вядома, што яе бацькамі былі Ксаверый Мюлер, будучы расійскі афіцэр, і Марыя с Закрэўскіх. Ксаверый быў, можна сказаць, карэнным віленцам, бо нарадзіўся ў Вільні, а ягоны бацька Ян Мюлер (пам. 1801) некаторы час займаў пасаду віленскага бургамістра.

У 1812 годзе, літаральна наконадні “шчаслівага вызвалення” расійскімі войскамі Вільні ад войск Напалеона, і разам з гэтым ад надзеі аднавіць Вялікае Княства Літоўскае, Ксаверый Мюлер вырашыў ажаніцца.

Яго абранніцай стала дачка Станіслава Закрэўскага (аб ім і ягонай сям’і пазней) — Марыя.

Шлюб адбыўся 19 лістапада таго ж года. Прыводзім метрыку шлюбу.

“Я, той, які і вышэй (верагодна, Антон Паўлоўскі — заўв. З.Ю.), на моцы [адпаведнага] дазволу прапусціўшы тры запаведзіны, папярэдне зрабіўшы строгае апытанне ды маючы вольную згоду абоіх і не знайшоўшы ніякай кананічнай перашкоды, злучыў сужэнскім шлюбам і паблаславіў у [парафіяльным] касцёле Найсвяцейшай Тройцы [на Антокалі] шляхетных Ксавэрыя Мюлера, ротмістра Віленскага павету і Мар’яну Закрэўскую, панну, з віленскага касцёла Святога Яна, заручаных, католікаў. Сведкамі былі вяльможныя паны Каетан Касцільскі, войскі, стражнік віленскі, Антоній Фран[кшон] і Станіслаў Мюлер.(друкуецца ўпершыню — заўв. З.Ю.).”

(Пераклад знойдзенага мной метрычнага запісу з лаціны на беларускую мову выкананы спадаром Алесям Жлуткам, за што аўтар выказвае яму шчырую падзяку).

Запіс гэты даволі сціплы, не прыводзяцца ні імёны бацькоў маладых, ні іх ўзрост. Затое згаданы Станіслаў Мюлер, малодшы брат Ксаверыя. І асоба гэта даволі цікавая, магчыма, самая цікавая з усіх Мюлераў, сваякоў Станіслава Манюшкі. Таму, у будучыні, мы крыху падсвецім яго асобу святлом успамінаў.

Пасля шлюбу Ксаверый і Марыя Мюлеры сталі жыць у тым славутым доме на Нямецкай вуліцы, дзе праз пэўны час адбудзецца знаёмства Стася і Алесі.

У адрозненне ад брата Станіслава, якому лёс даў толькі адну дачку, але якая адыграе важную ролю ў жыцці Станіслава Манюшкі (аб чым пазней), Ксаверый і Марыя мелі і сыноў, і дачок. Першанец, Ян-Станіслаў-Ксаверый-Ігнат нарадзіўся ў належны тэрмін, праз год. 17 верасня 1813 года яго ахрысцілі ў касцёле святога Яна, бо Мюлеры ад даўніх часоў былі ягонымі парафіянамі. Не ў апошнюю чаргу, Ян, гэты “светлы ў юнацтве хлопец”, а ў будучыні расійскі жандарскі афіцэр, спрычыніцца да таго, што Станіслаў Манюшка назаўжды пакіне Вільню з цяжкім сэрдцам.

За Янам прыйшла чарга Аляксандра. Хлопец нарадзіўся на свет у зімовую сцюжу 25 студзеня 1815 года. Праз два дні, то-бок 27 студзеня, сын капітана расійскіх войскаў Ксаверыя Мюлера быў ахрышчаны ў касцёле святога Яна. Метрыка згадвае толькі адно імя, якое атрымаў пры хросце Аляксандр.

Часам у шляхецкіх сем’ях паміж нараджэннем першага і другога дзіцяці бывала розніца ў два гады. Нібыта, рабілася гэта адмыслова. Так, напрыклад, згадаем, што паміж Тадэвушам Рэйтанам, які нарадзіўся блізу свята святога Тадэвуша (28 кастрычніка) 1740 года, і ягонай сястрой Марыяй розніца складала два гады. Але ў сям’і дзеда кампазітара, таксама Станіслава Манюшкі, які разам з жонкай “нарадзіў” шаснаццаць дзетак, розніца паміж першым (Ігнат) і другім (Дамінік) складала год. Таму, ці было такое правіла ў паўсюдным ужытку, ці гэта так “склаліся абставіны”, застаецца гадаць.

Акрамя двух сыноў, якіх мы ўжо згадалі, Ксаверый Мюлер меў і дзвюх дачок. І тут мы ўдотык наблізіліся да пытання, калі ж нарадзілася Аляксандра Мюлер.

30 жніўня 1821 года пасля даволі доўгага перапынку, у некалькі гадоў, Марыя Мюлер нарадзіла дзяўчынку. Як толькі немаўля трошкі звыклася з гэтым светам, а маці яе паправілася, 19 верасня адбыліся чарговыя ўрачыстасці ў касцёле святога Яна. Вось толькі арганы і фанфары згулялі не для нас. Бо, імя дзяўчынкі абралі…Марыя.

А што ж Аляксандра? Няўжо яе не было? Была…

Займаючыся даследаваннем радаводаў Станіслава Манюшкі і яго будучай жонкі Аляксандры з Мюлераў (навуковая публікацыя выйдзе сёлета ў Гадавіку Цэнтра Беларускіх Студый пры варшаўскім універсітэце) я і падумаць не мог, што сутыкнуся з фактам, якому і да гэтага часу не магу знайсці ўцямнага тлумачэння.

Мы ўжо ведаем, з публікацый сур’ёзных, дасведчаных манюшказнаўцаў мінулага і сучаснасці, што на момант знаёмства розніца паміж Стасем і Алесяй складала год (прыхільнікі версіі “1820”), ці два (версія “1821”). У кожным разе, Аляксандра выступала ў ролі зусім юнай дзяўчынкі, якая пакахала Станіслава першым і апошнім каханнем. Яна заступалася за яго перад сяброўкамі, якія трошкі насміхаліся над “мядзведзікам”. Гісторыя іх дзіцячага кахання ёсць у любой кніжцы, прысвечанай кампазітару. Аб чым ужо казалася.

І паспрабуйце ўявіць лёгкі шок, які атрымаў даследчык, калі знайшоў метрыку хросту Аляксандры. І метрыка гэта перагортвала ўсё да гары нагамі. Прычым, два разы.

Што ж такога было ў той метрыцы?

“Я, Маціяс Вайткевіч, канонік Берасцейскі, адміністратар парафіяльнага віленскага касцёла святога Яна, ахрысціў Аляксандру, народжаную 13 сакавіка ад законных сужэнцаў бацькі вяльможнага пана Ксавэрыя Мюлера, ротмістра расейскага войска і вяльможнай пані Марыі з дому Закрэўскай. Хросныя: вяльможны пан Леў Рыбікаў [...] [...] з вяльможнай пані Анеляй Бітнэровай. Прысутнічалі вяльможны пан Ксавэрый Котвіч, капітан польскага войска і вяльможная пані Марыя Закрэўская [...].” (пераклад Алеся Жлуткі — заўв. З.Ю.)

Быццам бы, усё як звычайна. Бацькі, хросныя бацькі, асістэнты… сярод якіх, дарэчы, бабуля Аляксандры, жонка Станіслава Закрэўскага, імя якой, як мне падаецца, раней даследчыкамі не згадвалася. Як і гісторыя Мюлераў, так і апавяданне пра Закрэўскіх чакае нас наперадзе. Але вернемся да метрыкі.

Самае важнае ў ёй дата, калі адбыўся хрост. І дата тая — 21 чэрвеня 1818 года (!). Запіс быў правераны і па другой метрычнай кнізе касцёла святога Яна, якія захоўваюцца ў віленскім гістарычным архіве Літвы (LVIA). Дата, як і большая частка зместа, супадаюць.

Іншай Аляксандры, напрыклад Аляксандры ІІ, сярод нашчадкаў Ксаверыя Мюлера заўважана не было, што дае некаторыя падставы меркаваць, што гэта і ёсць тая самая Аляксандра. Народжаная ці то ў “1820”, ці то ў “1821”. Вядома, заўсёды можа знайсціся нейкі невядомы дакумент, які падважыць гэтую тэзу. Тым больш, што гаворка вядзецца пра вельмі “казытлівае” пытанне.

Аб сваіх думках на гэты конт аўтар распавядзе ў наступнай частцы.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар