Кодавае слова дзеля скіраванасці ў вышыні

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

17 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры адбылася прэм’ера спектакля паводле абсурдысцкай п’есы Эжэна Іанеска “Смага і голад”. Яго паставіў запрошаны літоўскі рэжысёр Саўлюс ВАРНАС, імя якога добра вядома беларускім тэатралам: на пасадзе галоўнага рэжысёра ён аддаў пяць гадоў Магілёўскаму драмтэатру, а летась стаў “вольным мастаком”, працягваючы ўвасабляць свае творчыя задумы.

/i/content/pi/cult/790/17024/021.JPG— Саўлюс, чаму менавіта гэтая п’еса? Вы звярталіся да яе і ў Магілёве.

— Вядома, тут іншая версія. Проста гэта адна з лепшых — на мой погляд, увогуле лепшая п’еса ХХ стагоддзя. Яе можна ставіць безліч разоў і зусім па-рознаму: філасофскі тэкст, выказаны яркімі вобразамі і заснаваны на архетыпах, літаральна правакуе выбудоўваць асацыятыўныя сувязі, спасылкі да многіх герояў іншых твораў. Галоўнае — адарваць гледача ад побыту і скіраваць у касмічныя вышыні.

— Вось яно, ваша “кодавае” слова — космас, якім можна ахарактарызаваць бадай усе спектаклі, што вы ставілі.

— Мы ўсе — частка космасу, таму павінны ўзаемадзейнічаць адзін з адным, дапамагаць, узаемадапаўняць. Гэта тычыцца ўсіх узаемаадносін: паміж мужчынам і жанчынай, між Захадам і Усходам. Задача тэатра — ствараць такую мадэль свету, дзе ўсё будзе ўзаемазвязана і гарманічна. І ствараць яе не толькі на сцэне, а галоўнае — у галовах гледачоў. А для гэтага — натхняць іх на роздум, на актыўную ўнутраную работу па выбудоўванні свайго ўласнага космасу. У тэатры важна кожнаму пабыць крыху дзіцяцем, каб атрымліваць радасць жыцця. Ідзеш па Мінску — усё прыгожа, у людзей усё ёсць, а радасці на тварах — няма.

— А ў артыстаў Маладзёжнага, з якімі вы ставіце спектакль?

— Яны ўсе добрыя прафесіяналы, і мая задача — навучыць іх таксама атрымліваць радасць ад таго, што яны робяць. Тады і гледачы змогуць паглядзець на свет іншымі вачыма, а не чакаць ад тэатра толькі прыемнага адпачынку. Сёння ўсе нашы тэатры занепакоены грашовымі пытаннямі і ставяць найперш тое, што лягчэй “прадаць”. Але “тупыя” забаўлялаўкі, лічу, падобны да атруты, якую грамадства рэгулярна спажывае замест карыснага харчавання. Паглядзіце, які парадокс: мы старанна змагаемся за здаровы лад жыцця — і пры гэтым у духоўнай сферы робім усё з дакладнасцю наадварот. Бо танны “прадукт” у мастацтве — гэта той жа наркотык, які ўздзейнічае на чалавека яшчэ больш шырока за звычайныя. Ён загубляе чалавека не толькі на фізіялагічным узроўні, прыводзячы да заўчаснай смерці, ён нясе смерць духоўную. У поўным сэнсе слова забівае чалавека, бо пазбаўляе яго галоўнай чалавечай функцыі — думаць, мысліць, разважаць. Мысленне спыняецца — чалавек ператвараецца ў істоту, здольную спажываць, а не вырабляць. Гэта становіцца масавай з’явай, перадаючыся ў грамадстве ад чалавека да чалавека, ад бацькоў да дзяцей. Штосьці накшталт эпідэміі!

Радавацца таму, што гэта добра купляецца, нельга — тут хутчэй плакаць трэба. Бо гэта тое ж самае, што добра радавацца продажам павольнай атруты: выручка — імгненная, ды насамрэч — неверагодныя страты, якія немагчыма ацаніць хуткім рублём. Пагаджуся, выхоўваць гледача не так і проста. Але гэта трэба рабіць! Магчыма, праводзіць нейкія творчыя сустрэчы, знаёміць з добрай літаратурай, драматургіяй, весці нейкую папярэднюю падрыхтоўку, абмеркаванні з гледачом пасля прагледжанага спектакля — у многіх тэатрах гэта робіцца і прыносіць свой плён. Дык давайце пашыраць такія традыцыі, пры якіх быць культурным, мастацкі адукаваным, мець добры густ — вельмі прэстыжна.

— Вы працавалі ў розных краінах. Там усё іначай?

— Не, праблема тычыцца многіх, і ў свеце гэтым занепакоены. Навукоўцы Нарвегіі, Даніі, Швецыі, іншых краін рабілі даследаванні, ці можна змяніць псіхалогію сучаснага чалавека са спажывецкай на стваральную. І прыйшлі да высновы, што зрабіць гэта можа толькі мастацтва — менавіта тэатр, які акумулюе, сінтэзуе дасягненні іншых відаў мастацтва. І пачалі больш інтэнсіўна скіроўваць туды дзяржаўныя капіталаўкладанні. Бо ўсё ўзаемазвязана: чым складаней чалавек думае, тым больш складаныя рэчы ён можа ствараць — не важна, у якой галіне: машынабудаўніцтве ці лёгкай прамысловасці. У выніку мы атрымаем добра выхаванае, высока адукаванае грамадства, у якім не павінна быць агрэсіі. Я месяц жыў у Мюнхене — вядома, звярнуў увагу на афішы. Там ідуць шматлікія антычныя творы, багата прадстаўлена ХХ стагоддзе і сучаснасць — творамі Аўгуста Бебеля, Франца Кафкі, бо гэта яшчэ і нямецкая нацыянальная літаратура і філасофія. Але ж якія гэта найскладаныя тэксты! І нічога — прывучылі публіку. Прычым без аніякіх “дадатковых эфектаў”, узяўшы шлях на так званы “літаратурны тэатр”. А неяк мяне запрасілі на Міжнародную навуковую канферэнцыю ў Кітаі, прысвечаную развіццю тэатральнага мастацтва. Патлумачылі, што ім вельмі важна ведаць сусветныя тэндэнцыі, каб рухацца ў найбольш перспектыўным кірунку. Я быў здзіўлены, што на пасяджэннях прысутнічаў міністр і ўся каманда яго намеснікаў, яны ўважліва слухалі ўсе даклады, звярталіся з дадатковымі пытаннямі, прапрацоўвалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва. Было зразумела, што ім неабыякавы тыя праблемы, што ўзнімаліся. Гэта немагчыма ўявіць нават у такой маленькай краіне, як Літва.

— А тая канферэнцыя суправаджалася нейкімі канцэртна-тэатральнымі імпрэзамі? У нас гэта стала нормай.

— Мне ўдалося пабачыць кітайскую оперу — не традыцыйную, а сучасную, створаную на еўрапейскі манер, і перанос на іх сцэну аднаго англійскага мюзікла. Так, там было да чаго “прычапіцца”, але пры такім падыходзе і тэмпах далучэння да сусветных трэндаў я разумеў, што літаральна праз некалькі гадоў яны могуць выйсці на лідзіруючыя пазіцыі.

— Можа, вы таксама атрымалі запрашэнне штосьці там паставіць?

— Так, толькі не там, а тут — у любым тэатры Беларусі, Літвы, але з далейшымі гастролямі ў Кітаі. Мне прапанавалі паставіць “Півонявую альтанку” — гэта іх традыцыйная п’еса канца ХVI стагоддзя, яны ўвасабляюць гэты сюжэт у розных жанрах і стылях, неяк адзін з аднайменных спектакляў прывозілі да нас, паказвалі ў тэатрах Гродна, Магілёва, у Кітайскім культурным цэнтры Мінска. Цяпер з-за каронавіруса многае адклалася — і гэтая мая пастаноўка таксама. Што ж, значыць, трэба пакуль заняцца чымсьці іншым.

— Вы заўсёды займаліся і займаецеся Творчасцю — з вялікай літары. Бачыце ў гэтым сваю місію?

— Творчы пачатак трэба абуджаць ва ўсіх людзях — гэта тая стваральная Боская энергія, якая не дазваляе запускаць механізмы знішчэння. У кожным з нас жыве туга па дасканаласці. Але ва ўсіх яна выяўляецца па-рознаму: хтосьці прагне візуальнай прыгажосці, хтосьці адгукаецца найперш на музычныя вібрацыі. Таму тэатральнае мастацтва, якое з’ядноўвае самыя розныя кірункі і адгалінаванні і прапаноўвае сінтэз жанраў і стыляў, знойдзе водгук у найбольшай колькасці гледачоў. І менавіта такое мастацтва, скіраванае на выхаванне грамадства, павінна падтрымліваць дзяржава. Усё, што для гэтага патрабуецца, — палітычная воля і грошы.

Трэба ствараць творчым людзям хаця б мінімальныя ўмовы, у якіх яны змогуць займацца сваёй прафесіяй, а не шукаць падпрацоўкі. Бо што сёння атрымліваецца? Часцяком тыя падпрацоўкі патрэбны, каб мець магчымасць выконваць сваё сапраўднае прызначэнне, на якое ў такіх умовах можа не заставацца ні сіл, ні часу. Ці ж гэта правільна? Мастацтва не можа існаваць на самаакупнасці, бо тады можна страціць усё, уключаючы саму прафесію. І гэта ўжо сёння бачна па многіх артыстах і суцэльных калектывах. Прызвычаіўшыся іграць толькі ў забаўляльных камедыях ці серыялах, разлічаных на незапатрабавальнага гледача, артысты з вялікай цяжкасцю пераключаюцца на сур’ёзную працу, увесь час збіваюцца на штампы. А яны маглі б даць грамадству вельмі многа! І на іх падрыхтоўку былі выдаткаваны вялікія сродкі. Дык ці варта так распараджацца творчым патэнцыялам? Тым больш што для падтрымання мастацтва патрабуюцца не такія ўжо празмерныя грошы. А даць гэта можа вельмі і вельмі многа. Культура — адзін з самых доўгатэрміновых, але і самых надзейных сродкаў капіталаўкладанняў. Бо прыбытак для ўсяго грамадства тут куды большы, чым капейкі хуткага заробку на “культурных” мерапрыемствах. Выхаванне чалавека павінна ажыццяўляцца ў бок ускладнення яго мыслення, усведамлення свайго месца на гэтай зямлі. Тэатр павінен правакаваць на сур’ёзныя роздумы пра сутнасць быцця. І рабіць гэта не адно праз лагічнае мысленне і гэткія “кухонныя размовы”, якія ў 1960-я сталі сімвалам новай эпохі з куды большай, як тады ўяўлялася, свабодай. Асаблівасць тэатра ў тым, што ён можа паглыбляць чалавека ў іншыя мастацкія сусветы — бы ў нейкі космас, у дзівосны сон. Прачнуўшыся, чалавек будзе тады асэнсоўваць тое, што ўбачыў і што яго так моцна ўразіла.

Мы жывем у пераломны момант, калі многае змяняецца — пачынаючы з прыроды і тых жа кліматычных умоў. Жанчыны сёння ўсё больш выходзяць на першы план, часта нават дамінуюць, і гэта наступства не толькі іх сацыяльнай актыўнасці, але і касмічных працэсаў, калі менавіта жанчыны ўсё больш акумулююць энергію сонца і становяцца лідарамі. Добра гэта ці дрэнна? Кожны трактуе па-свойму. Але будзем шчырымі: жанчыны больш працавітыя, бо ў іх больш стараннасці і ўседлівасці. Больш мудрыя, бо лепей валодаюць інтуіцыяй. І ў іх ёсць моцная энергія, што ідзе ад Сонца і Месяца. Жанчына ў якасці лідара і кіраўніка часцей за ўсё імкнецца стварыць добрую атмасферу ў калектыве, прасцей і хутчэй вырашае многія праблемы. Дый сярод творчых прафесій — паглядзіце, колькі там з’явілася адораных дзяўчат, якія і сапраўды “робяць надвор’е” ў сваёй сферы. Я ўпэўнены, што дзякуючы і жанчынам у тым ліку, мы выйдзем нарэшце з сітуацыі “вечнай барацьбы” і прыйдзем да гармоніі творчых узаемаадносін, будзем больш супрацоўнічаць, шукаць і знаходзіць аднадумцаў для дасягнення сваіх мастацкіх мэтаў. Супрацоўніцтва як спосаб існавання чалавека закладзена самой прыродай.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"