Покліч сумлення

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Нацыянальная акадэмія навук выступіла ініцыятарам Усебеларускай акцыі па стварэнні “Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны”. 13 сакавіка ў Інстытуце гісторыі НАН адбыўся круглы стол, прысвечаны прэзентацыі гэтай акцыі. Якім будзе народны летапіс вайны, хто і як мусіць яго ствараць і напаўняць зместам? На гэтыя пытанні адказвалі вядучыя ваенныя гісторыкі Беларусі, а таксама прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў, архіваў ды музеяў краіны, якія спецыялізуюцца на тэме Вялікай Айчыннай.

/i/content/pi/cult/790/17012/04.JPGАрганізатары адзначаюць: увекавечанне і захаванне памяці аб апошняй вайне ў нашай краіне ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі. Як нагадаў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя, за пасляваенныя гады створана больш за 12 тысяч навуковых прац па тэме гісторыі вайны. У Беларусі больш за 8,5 тысяч помнікаў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай, і 180 рукатворных Курганаў Славы. У нашай краіне, адзінай на постсавецкай прасторы, у школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах вывучаўся курс “Вялікая Айчынная вайна (у кантэксце Другой сусветнай вайны”).

Такім чынам, гісторыя апошняй вайны для моладзі не чужая ці незнаёмая. Магчыма, нехта чуў пра вайну не толькі на лекцыях, але і ад сведкаў тых падзей — аднак бег часу няўмольны, і іх, на жаль, з кожным днём застаецца ўсё меней. Калі ў 2004 годзе ў Беларусі было 110 тысяч удзельнікаў вайны, то сёння іх жыве ўжо менш за тры тысячы. Даследчыкі з жалем адзначаюць пэўны парадокс: чым менш застаецца з намі сведкаў Вялікай Айчыннай, тым большай робіцца цікаўнасць спецыялістаў і ўсяго грамадства да тых падзей, тым большае значэнне набывае справа захавання памяці пакалення пераможцаў. Даследчыкі бачаць таксама выйсце у тым, каб звярнуць увагу на ўспаміны дзяцей вайны, памяць якіх захоўвае многія трагічныя і яскравыя эпізоды і рэаліі тых часоў.

Як прыняць удзел?

У рамках акцыі кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук арганізоўвае збор матэрыялаў, звязаных з тымі трагічнымі падзеямі, і звяртаецца да ўсіх зацікаўленых з прапановай перадаваць успаміны сведкаў, дакументы і фотаздымкі, датычныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у Інстытут гісторыі НАН — прыносячы арыгіналы, якія будуць адсканаваныя, альбо дасылаючы дакументы ў лічбавым выглядзе. Тут на базе аддзела ваеннай гісторыі будзе арганізаваны сектар, які зоймецца стварэннем электроннай базы такіх сведчанняў эпохі, што захоўваюцца ў многіх сем’ях Беларусі, але яшчэ мусяць быць сістэматызаваныя і прааналізаваныя. Да гэтай працы будуць падключаныя таксама навучальныя, музейныя і архіўныя ўстановы, грамадскія арганізацыі і краязнаўцы. Інстытут гісторыі НАН будзе выступаць у гэтай справе каардынуючым і метадалагічным цэнтрам.

Вялікая ўвага мусіць надавацца збору інфармацыі ў рэгіёнах, у тым ліку — удакладненню звестак аб падзеях вайны, што змешчаныя ў кнігах “Памяць”. 146 тамоў гэтай серыі, якія з’явіліся цягам апошніх трыццаці гадоў, уяўляюць з сябе сапраўды маштабную крыніцу ведаў аб мінуўшчыне ўсіх куткоў Беларусі. Але, на жаль, за доўгія гады стварэння серыі, над якой працавала вялізная колькасць даследчыкаў, часам і ў гэтай інфармацыі былі дапушчаныя пэўныя памылкі ці недакладнасці. Усе звесткі мусяць збірацца і спраўджвацца, перадусім, на мясцовым узроўні — без гэтага праца па стварэнні поўнай базы будзе немагчымая. Пасля выпраўлення ўсіх памылак плануецца стварэнне электроннай версіі кніг “Памяць”.

Сузор’е герояў

У рамках круглага стала таксама былі прэзентаваныя найноўшыя навуковыя выданні, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівую ўвагу звяртае на сябе кніга “Сузор’е герояў зямлі беларускай”, якая выйшла ў свет на мінулым тыдні. Гэта збор інфармацыі аб Героях Савецкага Саюза, якія былі ўзнагароджаныя за подзвігі, здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі, а таксама аб ураджэнцах нашай краіны, удастоеных гэтага ганаровага звання.

Унікальнасць кнігі ў тым, што ўпершыню спіс Герояў Савецкага Саюза, звязаных з Беларуссю, прааналізаваны і сістэматызаваны ў адпаведнасці з родамі войск, якія яны прадстаўлялі, воінскімі званнямі альбо пасадамі, якія яны займалі, а таксама па мясцовасці надання звання Героя. Каб спраўдзіць інфармацыю для кнігі, адзін з яе ўкладальнікаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Даўгатовіч, звярнуўся з лістамі ў тысячы ваенкаматаў на постсавецкай прасторы. Такім чынам была ўдакладненая колькасць узнагароджаных за подзвігі, здзейсненыя на тэрыторыі Беларусі.

Ініцыятыва — за моладдзю

Як заахвоціць інтарэс і ўсур’ёз зацікавіць гісторыяй вайны пакаленні, што выраслі праз дзесяцігоддзі пасля Перамогі? На гэтае пытанне падчас круглага стала спрабавалі знайсці адказ загадчыкі і дацэнты профільных кафедр вышэйшых навучальных устаноў з усёй краіны. Выкладчыкі сышліся ў меркаванні, што да працы над народным летапісам вайны неабходна найперш прыцягнуць моладзь, а для гэтага варта было б выкарыстаць магчымасці новых тэхналогій і стварыць інтэрнэт-партал, прысвечаны гісторыі Вялікай Айчыннай, дзе змяшчаліся б дакументы з каментарыямі спецыялістаў.

Загадчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алеся Корсак звярнула ўвагу на беларускую спецыфіку стаўлення да ўшанавання месцаў памяці аб трагедыях Вялікай Айчыннай вайны і асаблівую ўвагу, якая надаецца такім мясцінам у нашай дзяржаве.

Абапіраючыся на свой досвед працы з навучэнцамі, даследчыца таксама звярнула ўвагу на неабходнасць цэнтралізацыі і сістэматызацыі дакументаў, якія былі сабраныя і захоўваюцца ў школьных музеях рэгіёнаў, дзе-нідзе — яшчэ з 1970—1980-х гадоў. Таксама, на думку Алесі Корсак, варта было б стварыць базу дадзеных, што будзе ўтрымліваць інфармацыю з надмагільных помнікаў ахвяр вайны і воінскіх пахаванняў, размешчаных у населеных пунктах, якія, на жаль, зніклі з карты краіны ў пасляваенны час у працэсе ўрбанізацыі.

Дацэнт кафедры крыніцазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Кузьма Козак звярнуў увагу на патрэбу высвятлення імёнаў і лёсаў нашых землякоў, якія загінулі за межамі Беларусі, у нацысцкіх лагерах смерці на тэрыторыі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, а таксама на ўдакладненне лічбаў ахвяр такіх месцаў зняволення. Пра неабходнасць высвятлення імёнаў і лёсаў удзельнікаў пасляваеннага размініравання тэрыторыі рэспублікі і асобаў, узнагароджаных медалём “За самаадданую працу ў гады ВАВ”, якія таксама зрабілі немалы ўнёсак у справу перамогі, нагадаў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта Анатоль Вялікі.

Збіраць імёны

Падключацца да акцыі таксама архіўныя і музейныя ўстановы. Дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк распавёў аб досведзе стварэння і напаўнення сайта “Партызаны Беларусі” (partizany.by), прэзентаванага ў ліпені мінулага года. Гэты сумесны праект Нацыянальнага архіва і выдавецкага дома “Беларусь сегодня” ўжо змяшчае звесткі аб 82 тысячах партызан і падпольшчыкаў Беларусі. Яшчэ каля 450 тысяч дакументаў з фонду Беларускага штабу партызанскага руху, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве, мяркуюць апублікаваць на сайце праекта бліжэйшым часам. Прытым кожны ахвочы можа дапамагчы стваральнікам партала і самастойна дадаць на сайт інфармацыю аб сваіх продках-партызанах і дакументы з сямейных архіваў.

Пра яшчэ адну электронную пляцоўку па зборы дадзеных аб удзельніках вайны нагадаў дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння Аляксандр Госцеў. Дзесяць гадоў таму адбылося адкрыццё крыпты мінскага Храма-помніка ў гонар усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны. Сёння тут захоўваецца прах невядомых салдат, а таксама зямля з месцаў баёў і масавых пахаванняў воінаў-беларусаў. Збор зямлі з брацкіх магіл усіх раёнаў Беларусі адбываецца ў межах акцыі “У славу агульнай перамогі”. Сёлета пры храме мусіць адкрыцца музей, а таксама ствараецца інтэрактыўны электронны архіў са спісамі тых салдат, якія загінулі ў мясцінах, адкуль была перанесеная зямля.

Сучасная культура памяці немагчымая без вяртання канкрэтных імёнаў герояў і ахвяр. Сабраць і зберагчы звесткі аб іх — справа гонару не толькі для навукоўцаў і даследчыкаў, але і для кожнага грамадзяніна.