У адзінай еўрапейскай культурнай прасторы

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Больш за 30 беларускіх мастакоў аб’яднала французская культура ў выставачным праекце “Сны аб Францыі”, які прадстаўлены ў мастацкай галерэі М. Савіцкага горада Мінска.

/i/content/pi/cult/790/17008/sny-o-francii-161731_opt.jpegБеларусь і Францыя гістарычна развіваліся ў адзінай еўрапейскай культурнай прасторы і маюць глыбокія і шматстайныя ўзаемадзеянні. Уплыў стылістыкі французскай культуры ў выяўленчым мастацтве і архітэктуры Беларусі прасочваецца з XII стагоддзя. Менавіта ў Францыі зарадзіліся тэндэнцыі, якія далі імпульс развіццю сусветнай навуцы, архітэктуры, літаратуры, этыкету і мастацтва. Шэраг помнікаў беларускай архітэктуры, сярод якіх Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы і касцёл XIV стагоддзя ў Ішкалдзі, нясуць у сабе рысы французскай архітэктуры адпаведнага гістарычнага перыяду. Па прынцыпах французскага класіцызму закладваліся паркі ў некаторых беларускіх сядзібах XVII — XVIII стагоддзяў. Жыццёвы шлях многіх ураджэнцаў Беларусі, сярод якіх Тадэвуш Касцюшка, Напалеон Орда, Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Цадкін, Валенцій Ваньковіч, перасякаўся з Парыжам, які пакінул свой след у лёсе і творчасці кожнага з іх.

Праект “Сны аб Францыі” праходзіць ужо другі раз і аб’ядноўвае мастакоў, у творчасці якіх глядач можа ўбачыць “адлюстраванне Францыі”. Гэта і эмацыйныя ўражанні ад краіны, і падзеі з асабістай, сямейнай ці нацыянальнай гісторыі, і асацыяцыі, звязаныя з літаратурай, тэатрам, бытам, модай, і многае іншае. Так, мастак Грэгор Данелян звяртаецца да музычнай спадчыны Клода Дэбюсі (Debussy). Яго працы — гэта візуалізацыя музычнай тэмы і рытму цыкла “Прэлюдыі”. Атмасферу пачуццёвасці французскай паэзіі ў формах тэкстыльнага мастацтва, у сваю чаргу, перадае Хрысціна Высоцкая. З гісторыі і міфалогіі Францыі чэрпаюць крыніцы для натхнення А. Шкарадзёнак, А. Гордан, А. Дзятлава і іншыя. Удумлівай увагі заслугоўвае кераміка, прадстаўленая на выставе. Мастакі — выкладчыкі кафедры ДПМ Беларускай акадэміі мастацтваў — асабіста рэалізуюць усе этапы стварэння твора: ад падрыхтоўкі формы да роспісу гатовага аб’екта.

Мастакі, прадстаўленыя на гэтай выставе, ужо атрымалі прызнанне беларускай публікі. І, мабыць, хто-небудзь з іх ужо ўпісвае сваё імя ў летапіс агульнаеўрапейскага мастацтва.

Алеся Іназемцава, мастацтвазнаўца, куратар выставы.