Вытокі і будучыня айчыннай археалогіі

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

У Нацыянальным гістарычным музеі 6 сакавіка прайшоў навуковы семінар “Вытокі беларускай археалогіі. Паўночны захад: ад палеаліту да Каложы”. Мерапрыемства было прымеркаванае да 205-годдзя з дня нараджэння Яўстаха Тышкевіча і 150-годдзя з дня нараджэння Іосіфа Стаброўскага. Хоць памятныя даты прыпалі на мінулы год, адзначыць іх вырашылі сёлета.

/i/content/pi/cult/789/16996/012.JPGДосвед папярэднікаў

Археолаг і этнограф Яўстах Тышкевіч (1814 — 1873) быў заснавальнікам Віленскага музея старажытнасцяў і Віленскай археалагічнай камісіі, даследаваў курганы племені крывічоў, а таксама гарадзішчы і замчышчы на абшарах ад Крэва і да Слуцка. А краязнаўца Іосіф Стаброўскі (1869 — 1968) займаўся старажытнай гісторыяй Слонімшчыны і вывучаў курганы ў басейне Нёмана — ягоныя археалагічныя знаходкі пакладзены ў аснову Слонімскага краязнаўчага музея, дзе ён працаваў дырэктарам і захавальнікам фондаў.

Таму і семінар, што ўшаноўвае памяць гэтых славутых краязнаўцаў, быў прысвечаны археалогіі рэгіёнаў, якія яны даследавалі — Павілля і Панямоння. Гэты край і сёння прываблівае новыя пакаленні археолагаў, а яго зямля, нягледзячы на даўнюю гісторыю археалагічных раскопак, яшчэ захоўвае багата цікавых артэфактаў, якія чакаюць сваіх першаадкрывальнікаў.

Шэраг дакладаў на секцыі аб гісторыі археалагічнага вывучэння краю прысвячаўся лёсу артэфактаў, якія былі знойдзены ў Беларусі ў ХІХ і ХХ стагоддзях, але апынуліся за межамі краіны. Выяўленне такіх экспанатаў яшчэ чакае свайго часу, але спецыялісты адзначаюць, што праца ў гэтым кірунку неабходная, каб аднавіць пласт ведаў аб беларускай археалогіі, атрыманых у выніку ранейшых даследаванняў. Да таго ж, у выпадку выяўлення такіх прадметаў у замежных калекцыях, можа паўстаць пытанне аб іх рэстытуцыі, што значна ўзбагаціла б культурную спадчыну краіны.

У авангардзе — моладзь

Падчас мерапрыемства абмяркоўвалася не толькі гісторыя археалагічнага вывучэння паўночнага захаду Беларусі, але і вынікі апошніх даследаванняў у гэтым рэгіёне, а таксама прапанаваныя паводле іх новыя навуковыя канцэпцыі. Археолагі ў адзін голас падкрэсліваюць, што іх задача не толькі і не столькі пошук знаходак, але, тым не менш, новыя артэфакты таксама пастаянна з’яўляюцца.

Удзельнік аргкамітэта семінара, магістрант Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Гаршкоў, які пэўны час удзельнічаў у археалагічным наглядзе і даследаваннях падчас рэканструкцыі Старога замка ў Гродне, адзначае, што там апошнім часам было зроблена шмат цікавых знаходак, якія неўзабаве дазволяць праліць святло на гісторыю гэтай гістарычнай мясціны, і дадуць магчымасць зірнуць на яе па-новаму.

Даклады археолагаў на семінары былі прысвечаны не толькі апошнім знаходкам па выніках нядаўніх палявых даследаванняў, але, перадусім, перагляду і новай інтэрпрэтацыі ранейшых артэфактаў у святле новых адкрыццяў. Сучасная сітуацыя такая, што знаходак вельмі шмат, і нават для іх апісання і ўвядзення ў навуковы зварот спатрэбіцца яшчэ багата часу. А новыя інтэрпрэтацыі і канцэпцыі непасрэдна сведчаць аб развіцці навукі. Надаецца ўвага і перагляду ўжо існуючых музейных калекцый археалагічных артэфактаў, што робіцца магчымым па выніках новых палявых даследаванняў у месцы ранейшага выяўлення, і дазваляе аднавіць іх кантэкст, які ў свой час не быў улічаны.

Адметна, што ў секцыі семінара, прысвечанай вынікам апошніх палявых даследаванняў, выступала з дакладамі пераважна моладзь, а гэта таксама сведчыць аб развіцці археалагічнай навукі, захаванні цікавасці да яе, і дае надзею на будучыя поспехі. Маладое пакаленне археолагаў прымяняе класічныя метады працы і найноўшыя веды, атрыманыя ў вышэйшай школе: палявым даследаванням заўжды папярэднічае аналіз пісьмовых і рэчавых крыніц, вывучэнне досведу папярэднікаў.

Перспектывы развіцця

Арганізатары семінара адзначаюць вялікую ролю Нацыянальнага гістарычнага музея і яго аддзела археалогіі, які сёння дае даследчыкам пляцоўку для выказвання і дыскусіі, чаго раней так не ставала для абмену досведам. Такая актыўнасць робіць музей яшчэ адным навуковым археалагічным цэнтрам і дае надзею на з’яўленне новай беларускай школы археалогіі.

Мяркуецца, што адзін з чарговых семінараў можа быць прысвечаны археалогіі зоны адчужэння — то-бок, тых мясцін, якія закрытыя для даследаванняў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але шматлікія ранейшыя знаходкі з таго рэгіёна яшчэ патрабуюць вывучэння.