Беларуская “фішка”, або Як аб’яднаць культуру і агратурызм?

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Турыстычны бізнес у вясковым антуражы — гэта крута, прэстыжна і прыбыткова. Прынамсі, менавіта на гэтых аспектах дзейнасці ўладальнікаў сельскіх аграсядзіб засяроджвалі ўвагу ўдзельнікі круглага стала, што адбыўся днямі ў Доме прэсы. І, натуральна, без культработнікаў развіццё гэтай сферы сёння немагчымае. Але аб усім па парадку.

/i/content/pi/cult/789/16994/09.JPGФакты і лічбы

Не сакрэт, што аграэкатурызм на Беларусі развіваецца даволі паспяхова, а новыя сядзібы растуць, нібы грыбы пасля дажджу. Гэтаму значна паспрыяў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі № 365 “Аб развіцці аграэкатурызму”. Так, па словах намесніка дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталя Грыцэвіча, калі ў 2006 годзе ў краіне было зарэгістравана толькі 34 аграсядзібы, то на 1 студзеня 2020 года іх стала ўжо 2760. Гэта амаль на 12 працэнтаў болей, чым год таму. Па колькасці аграсядзіб у лідарах Мінская вобласць — 891 аграсядзіба, далей Віцебская — 647, Брэсцкая — 423, Гродзенская — 339, Магілёўская — 229 і Гомельская — 171.

— У 2019 годзе беларускія аграсядзібы наведалі парадку 515 тысяч чалавек (на 22 працэнты больш, чым у папярэднім годзе), з якіх 60 тысяч — гэта замежныя грамадзяне з 78 дзяржаў, — адзначыў Віталь Грыцэвіч. — Найбольшая колькасць замежных гасцей прыбыла з Расіі, Польшчы, Узбекістана, Украіны і Латвіі.

Дарэчы, за 2019 год турысты пакінулі у айчынных аграсядзібах 25,5 мільёнаў рублёў, што на 27,5 працэнтаў больш, чым годам раней. У лідарах тут выступае Мінская вобласць — прыезджыя госці аплацілі турыстычныя паслугі на вёсцы на суму амаль у 11 мільёнаў рублёў.

— Можна сказаць, што агратурызм стаў адной з “фішак” Беларусі, дзякуючы якой нашу краіну пазнаюць у свеце, — адзначыў Віталь Грыцэвіч.— Акрамя таго, у Беларусі фарміруюцца турыстычныя кластары са сваёй унікальнай спецыфікай і нацыянальным каларытам.

/i/content/pi/cult/789/16994/010.JPGПраблемы навідавоку?

Словы прадстаўніка Міністэрства спорту і турызму пацвердзіла і старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова.

— Так, нягледзячы на пэўныя негатыўныя эканамічныя з’явы, аграэкатурызм сёння знаходзіцца ў пастаянным прыросце, — сказала Валерыя Кліцунова. — Пры гэтым у згаданай сферы засталося яшчэ шмат задум, якія нашай краіне можна і трэба рэалізаваць, бо для гэтага сёння ёсць усе ўмовы.

Разам з тым, ёсць у развіцці аграэкатурызму і пэўныя праблемныя моманты.

— Указ Прэзідэнта Беларусі сапраўды стаўся вельмі важным для развіцця аграэкатурызму і сельскай мясцовасці, але калі мы ўнеслі змены ў дакумент і прапісалі магчымасць правядзення ў аграсядзібах карпаратываў, банкетаў і ўрачыстых мерапрыемстваў, то адкрылі, хай і маленькую, але скрыню Пандоры, — адзначыў Віталь Грыцэвіч. — Скажам, колькасць скаргаў і зваротаў з гэтай прычыны ў Дэпартамент значна вырасла, і гэта праблема. Таму сёння трэба зрабіць так, каб Указ працаваў на карысць сядзібаў, якія сапраўды развіваюць агратурызм, а не робяць бізнес на правядзенні мерапрыемстваў з выплатай усяго адной базавай. І тут мы хочам параіцца наконт удасканалення згаданага Указа з уладальнікамі сядзіб, мясцовымі ўладамі і МУС, каб працягнуць дзеянне дакумента і пасля 2021 года.

Ініцыятыву аб працягу Указа з дзейснай падатковай стаўкай падтрымала і старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова. Паводле яе слоў, уладальнікі аграсядзіб плацяць мноства ўскосных падаткаў, у тым ліку ПДВ у памеры 20 працэнтаў, а таксама ствараюць новую турыстычную інфраструктуру і працоўныя месцы ў сельскай мясцовасці.

Разам з тым, як кажа Валерыя Кліцунова, за 14 гадоў існавання аграэкатурызму многія прадстаўнікі сферы, на жаль, усё яшчэ не працуюць над новымі нацыянальнымі прадуктамі і кірункамі, якія б прыкметна вылучалі нас на фоне суседзяў. І ў гэтым таксама ёсць пэўная праблема.

— Акрамя таго, мала хто задумваецца, што ў свеце сёння ўпор робіцца не на канкурэнцыю паміж суб’ектамі гаспадарання, а на кааперацыю, — кажа Валерыя Кліцунова. — Таму ўладальнікам аграсядзіб цяпер важна аб’ядноўвацца пад адным брэндам і выпрацоўваць свой унікальны для пэўнага рэгіёна прадукт.

Культура — у прыярытэце

Не варта і казаць, што адным з такіх каларытных і самабытных прадуктаў могуць быць мясцовыя культурныя традыцыі.

— Напрыклад, адна вядомая ткачыха з Маларыты дэкарыруе сваю аграсядзібу і падтрымлівае такім чынам векавыя традыцыі беларускай вёскі, — кажа Валерыя Кліцунова. — Ёсць і яшчэ адзін знакаміты прыклад: аграсядзіба “Стулы”, якую не так даўно адкрыла ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна культработнік Ларыса Быцко. Разам з мужам яны ладзяць на сядзібе традыцыйныя беларускія палескія вяселлі, прапануюць адметную палескую ежу. На падобныя прыклады трэба сёння звяртаць увагу ўсім уладальнікам аграэкасядзіб.

Натуральна, што ўзаемадзеянне паміж аддзеламі культуры і ўласнікамі аграсядзіб — гэта таксама даволі перспектыўны шлях развіцця турыстычнага бізнесу на вёсцы.

— Кожны ўладальнік аграсядзібы жадае, каб людзі прыязджалі да яго не на дзень, а як мінімум на тыдзень, — кажа Валерыя Кліцунова. — Такім чынам, наступны лагічны крок на шляху развіцця аграэкатурызму, як я мяркую, — распрацоўка культурнай праграмы, планаванне вольнага часу турыстаў… А гэта і паказ абрадаў, і аўтэнтычныя спевы і танцы, і прыгатаванне кулінарных вырабаў. Бо духоўная спадчына беларусаў выклікае заўсюдную цікавасць у замежнікаў.

Паводле слоў эксперта, як паказвае практыка, трэба адмаўляцца ад сцэнічных варыянтаў выступленняў, а зрабіць акцэнт на інтэрактыўныя праграмы ды майстар-класы, каб той жа турыст павучыўся спяваць, выканаўшы куплет адной з песень, каб ён не толькі змог паглядзець, як працуе майстар, а і сваімі рукамі зляпіў бы збаночак ці гліняную свісцёлку...

Дарэчы, як адзначыў “К” уладальнік аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец, яго дзейнасць проста немагчымая без супрацоўніцтва з мясцовымі калектывамі з Валожынскага раёна.

— Мы пастаянна ладзім на сваёй аграсядзібе мерапрыемствы з удзелам творчых калектываў сельскіх дамоў культуры, што знаходзяцца непадалёку, — кажа Анатоль Ганец. — Натуральна, аплачваем паслугі культработнікаў, але ўзамен атрымліваем якасны культурны прадукт, з мясцовай аўтэнтыкай і каларытам. Нашы госці заўсёды застаюцца ў захапленні ад мясцовых песень і танцаў, ад таго, што могуць сваімі рукамі змалоць зерне на муку, замясіць цеста і спячы самастойна невялікую булачку ці нават цэлы бохан хлеба...

Беларусь як Італія?

Гастранамічная тэма, да слова, застаецца ў прыярытэце літаральна ва ўсіх уладальнікаў аграэкасядзібаў. Але, паводле Валерыі Кліцуновай, трэба абавязкова рабіць упор на рэгіянальную кухню.

— Зразумела, што можна ўсё купіць у краме, але турыстам цікава пакаштаваць прадукты па месцы іх вытворчасці, — кажа старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”. — Умоўна кажучы, пармезан у Парме, шампанскае — у Шампані, але ў Беларусі таксама ёсць унікальныя месцы, дзе робяць незвычайныя прадукты. Напрыклад, грачаны хлеб у Маларыце, масленага барана — у Віцебскай вобласці, клёцкі з душамі — у Лепельскім раёне.

Усе гэтыя рэцэпты арыгінальных страў, сабраныя культработнікамі, натуральна, павінны быць цікавымі ўладальнікам аграсядзіб у рэгіёнах. Чаму? Па-першае, кажа Валерыя Кліцунова, каля 30 працэнтаў грошай турысты аддаюць падчас сваіх падарожжаў на ежу — гэта сусветная статыстыка. А па-другое, падчас прыёму ежы задзейнічаны ўсе органы пачуццяў і выпрацоўваюцца гармоны шчасця. І значыць, турысты не толькі застануцца задаволены прыёмам у гаспадароў аграсядзібы, але, хутчэй за ўсё, захочуць прыехаць у гэтыя мясціны зноў і зноў.

Дарэчы, па словах Валерыі Кліцуновай, у Еўропе асноўным арыенцірам для сельскага турызму з’яўляецца Італія. Беларусь магла б стаць такой Італіяй славянскага свету. Тым больш, для гэтага ў нас ёсць усе перадумовы: прыродны і экалагічны патэнцыял, унікальныя традыцыі і рамёствы, гастранамічныя цікавосткі ды многае іншае…

Напрыканцы круглага стала Віталь Грыцэвіч зазначыў, што Беларусь сёння становіцца пляцоўкай для правядзення буйных турыстычных мерапрыемстваў: напрыклад, у маі ў нашай краіне будзе ладзіцца міжнародны прадстаўнічы форум па сельскім турызме. Такім чынам, і для сусветнага грамадства Беларусь цяпер з’яўляецца адным з лідараў у развіцці аграэкатурызму. Так што далучацца да агратурыстычнага мэйнстрыму айчынным культработнікам досыць перспектыўна. Ды і пра грашовы складнік супрацоўніцтва не варта забываць: нагадаю, што госці пакінулі летась у аграсядзібах больш за 25 мільёнаў рублёў, а налета сума можа значна павялічыцца. Таму, мяркуючы па ўсім, прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва паміж сферай культуры і агратурбізнесам з кожным годам будзе станавіцца ўсё болей і болей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"