Канцэрты на Вялікі пост

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Гэтым тыднем пачаўся ІV фестываль “Велікапосныя канцэрты”, які працягнецца да 23 сакавіка. Выступленні царкоўных і свецкіх харавых калектываў спалучаюцца з найлепшай камернай класікай у выкананні найлепшых маладых музыкантаў — лаўрэатаў і дыпламатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Сёлета фестывальная праграма атрымалася як ніколі багатай, ахапіла больш, чым калі-небудзь раней, канцэртных пляцовак. Паводле традыцыі, большасць выступленняў ладзіцца ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: сёлета іх пройдзе тут шэсць. У сённяшнім — прагучыць камерная музыка ў выкананні творчых калектываў Акадэміі. Заўтрашні — “Музыкі цудоўныя імгненні” — прысвечаны 550-годдзю Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзю з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Учора ж удзячныя слухачы сабраліся ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. А закрыццё фестывалю і ўвогуле пераедзе на сцэну Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, гэта адзіны платны канцэрт (уваход на астатнія — вольны, па атрыманых папярэдне запрашальніках), але выручаныя грошы будуць скіраваны на дабрачынныя мэты.

Канцэртныя праграмы дапоўнены сённяшняй адкрытай спеўкай у Мінскай духоўнай семінарыі. Правядзе гэты своеасаблівы “майстар-клас” манахіня Іўліянія Дзянісава — рэгент Святочнага хору Свята-Елісавецінскага манастыра, аўтар шматлікіх твораў царкоўнай музыкі і адзін з галоўных ініцыятараў самога фестывалю.

Традыцыя правядзення падобных канцэртаў існавала ў Санкт-Пецярбургу ў ХІХ стагоддзі, потым была адноўлена і пачала пашырацца, распаўсюдзіўшыся і ў нас. Невыпадкова ўсе чатыры гады “Велікапосныя канцэрты” праходзяць пад дэвізам: “Адраджаем культурныя традыцыі”. Да сталіцы далучаюцца і рэгіёны. Сярод сёлетніх удзельнікаў фестывалю — не толькі шматлікія харавыя калектывы з Мінска, студэнты Акадэміі музыкі і навучэнцы каледжа пры ёй, але і, да прыкладу, Народны акадэмічны хор “Белая вежа” Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Ірыны Ангалюк. А ў праграмах, акрамя духоўных песняспеваў і свецкай класікі мінуўшчыны, гучыць таксама сучасная беларуская музыка.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"