Краязнаўчы форум, які мусіць стаць традыцыяй

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

12 — 13 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі ў рамках Года малой радзімы адбыўся I Рэспубліканскі краязнаўчы форум Беларусі, арганізатарамі якога выступіў таксама Беларускі фонд культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Партнёры форуму — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкі дом “Звязда”.

/i/content/pi/cult/789/16990/06.JPGНа адкрыцці форуму выступіла першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская, зачытаўшы прывітальны адрас ад імя міністра культуры Юрыя Бондара, які выказаў спадзяванне, што правядзенне краязнаўчага форуму на рэспубліканскім узроўні зробіцца добрай традыцыяй.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў форуму звярнуўся таксама старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па навуцы, культуры і адукацыі Ігар Марзалюк, які прыгадаў падзеі ўстаноўчага з’езду Беларускага краязнаўчага таварыства, што адбыўся ў 1989 годзе, і імёны даследчыкаў, якія пакінулі нас за гэты час, пажадаўшы прысутным захоўваць любоў да радзімы, якая ляжыць у аснове краязнаўства.

/i/content/pi/cult/789/16990/07.JPGУ форуме прынялі ўдзел каля 230 краязнаўцаў, супрацоўнікаў устаноў культуры, адукацыі, навукі і інфармацыі, студэнтаў і навучэнцаў, наведвальнікаў устаноў дадатковай адукацыі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.

Праца секцый форуму была прысвечаная ролі краязнаўства ў сістэме навукова-даследчай працы і вучэбна-выхаваўчым працэсе ўстаноў адукацыі, экалагічнаму краязнаўству і турызму, пазашкольнаму краязнаўству ў рэгіёнах, а таксама гісторыі біяграфій беларускіх краязнаўцаў.

У межах форуму адбыліся прэзентацыі найбольш цікавых краязнаўчых праектаў і выстава літаратуры па гэтай тэме з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама выданняў краязнаўцаў. 13 сакавіка, калі гэты нумар быў падпісаны ў свет, падводзіліся вынікі конкурсу на найлепшае краязнаўчае выданне за 2017 — 2019 гады, у якім удзельнічалі больш за 200 кніг. Аб выніках форуму і лаўрэатах конкурсу “К” паведаміць у наступным нумары.