Вібрацыі, якія адчуваем паўсюль

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Філасофія празрыстасці Вольгі Сазыкінай
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працуе выстава Вольгі Сазыкінай, якая мае назву “Пра шкло”. Тут можна яшчэ дадаць: “пра прыроду мастацтва”, “сваю прастору”, “спосаб разумення сябе і свету”. Аўтар графічных і жывапісных твораў, цікавых і значных праектаў з ручной паперай, інсталяцыяй, відэаартам Вольга Сазыкіна менавіта шкло называе “матчынай мовай” у перадачы сваіх ідэй. Роднай мовай, як вядома, валодаюць дасканала, на ёй дзеляцца самым важным і патаемным.

/i/content/pi/cult/789/16987/04.JPGНа першым паверсе музея ў шкляных вітрынах дэманструюцца серыі работ, зробленых падчас творчых семінараў на шклозаводзе “Нёман”, у кафэ — празрыстае шкло як карціна і прыдатная аснова для пясчаных знакаў ды малюнкаў. Пра апошнія праекты, галоўнае ў творчасці і ўласцівасці любімага матэрыялу распавяла Вольга Сазыкіна.

— Ці ёсць для вас у творчасці нешта больш важнае за астатняе?

— Самае важнае для мяне — гэта ідэя, якая натхняе, маё асабістае пасланне, скіраванае да свету. Для яго ўжо падбіраецца матэрыял, які можа быць абсалютна любым. Так, вельмі лёгкі, красамоўны і візуальна-ёмісты — відэаарт. І вельмі цяжкі, не толькі па сваёй фізічнай якасці, але і па даступнасці. Так, гэта — шкло, а для працы з ім патрэбны заводы і печы. Але шкло для мяне, як матчына мова. У першую чаргу таму, што я скончыла аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па спецыяльнасці “шкло” Беларускай акадэміі мастацтваў, потым дзесяць гадоў працавала на шклозаводзе “Нёман”. І нават калі адтуль сышла, атрымлівалася час ад часу вяртацца, каб рэалізоўваць свае ідэі. Нямала адпрацавала і на Камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Саюза мастакоў Беларусі, рабіла вітражы і невялікія скульптуры са шкла.

Мастацтва для вытворчасці

— Шкло — адзін з самых прыгожых матэрыялаў, але з-за сваёй распаўсюджанасці ў побытавым жыцці, ён часта ўспрымаецца вельмі ўтылітарна. І на шклозаводзе вам трэба было працаваць на вытворчасць, распрацоўваць посуд. Як такая прыкладная задача ўплывала на творчасць?

— На нашай спецыяльнасці рыхтуюць мастакоў па шклу менавіта для вытворчасці. Выпускнікі акадэміі ідуць працаваць на шклозаводы, і, як дызайнеры, распрацоўваюць заводскую прадукцыю, гатункавы посуд. У мой час была такая пітная лінейка: 50, 75 і 125 кубкаў, селядцоўня, ваза для садавіны і печыва, попельніца. Нам, мастакам, трэба было зрабіць 30 узораў посуду за месяц. Пры гэтым, магчымасці вытворчасці былі вельмі сціплымі, і ўносіць змены ў паток было вельмі складана. Прымалі і выраблялі на прадпрыемстве адну — дзве рэчы, астатняе мы рабілі “ў стол”. Па гэтай прычыне ў нашых шклозаводаў такі лёс, хаця працавалі на іх магутныя дынастыі, ад прадзедаў майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне.

— За час працы на шклозаводзе “Нёман” вы распрацавалі некалькі ўласных тэхналогій.

—Так, у той час мы, мастакі, мелі творчы дзень, на працягу якога, акрамя заводскай прадукцыі, маглі рабіць мастацкія творы, з якімі потым удзельнічалі ў выставах і ўступалі ў Саюз мастакоў. Такія нашы дэкаратыўныя выказванні ўжо можна было назваць мастацтвам. Прыдумлялі мы і новыя тэхналогіі для ўпрыгожвання шкла. Я распрацавала тэхналогію “шклотканіна” і “прыродныя матэрыялы”, для апошняй выкарыстала расліны, якія згаралі пад высокай тэмпературай у шкле, але пакідалі адбітак, падобны да гравіроўкі. Была ў мяне яшчэ распрацоўка з адметным па саставе металам, які даваў бурбалкі. Я нават маю сярэбраны медаль ВДНГ за фактуру на шкле. Асобныя з гэтых вырабаў патрапілі ў музеі ці былі закуплены, але мне заўсёды цікава рабіць нешта новае. У шклоўшчыка такі лёс — калі ён застаецца мастаком, то пачынае шукаць сябе і ў іншых галінах. Натуральна, я звярнулася да графікі, жывапісу, потым мяне зацікавіла актуальнае мастацтва і аб’екты, з’явілася ручная папера, потым было крыху лямцу, на пэўным этапе займалася відэаартам. А зараз зноў вярнулася да шкла. Рэалізаваць свае новыя ідэі атрымалася дзякуючы двум семінарам, якія прайшлі на базе шклозавода “Нёман”. Першы пяць гадоў таму зладзіла Алена Атрашкевіч, а другі скончыўся чатыры месяцы таму, яго рабіла Ірына Кузняцова.

Дыялог матэрыялаў

/i/content/pi/cult/789/16987/05.JPG— Ці адбылося за час працы з іншымі матэрыяламі пераасэнсаванне магчымасцяў шкла і вашага ўласнага бачання гэтага матэрыялу?

— Вядома, зараз я крыху па-іншаму ўяўляю сабе шкло. Так, у мяне з’явіліся праекты з кансервавымі слоікамі. Паколькі фармавой гаспадаркі на “Нёмане” як такой ужо няма, а шкло трэба ў нешта ўдзімаць, каб стварыць форму, бо іначай будзе проста бурбалка, я пачала выкарыстоўваць для гэтага кансервавыя слоікі і будаўнічыя сеткі. Пад сваю задуму я падганяла іх па форме і памеры, выразала патрэбныя дзіркі. Сёння мне ўяўляецца гэта больш актуальным за тое, што мы рабілі раней: прыдумлялі прыгожыя рэчы, стылізавалі іх і інтэрпрэтавалі як сапраўднае дэкаратыўнае мастацтва. Праз матэрыял, які вельмі добра ведаю, сёння я выказваюся. Так у мяне з’явіліся кветачкі-галюцынагены, што растуць з кансервавых слоікаў, дарэчы, вельмі прыгожых, стальнога паленага колеру. Пасля апошняга семінара з’явіўся “Іншаземны дэсант”, які называюць і пацучкамі, і камарамі, як заўгодна.

— Вельмі прыгожыя праекты і з будаўнічай сеткай, якая ўспрымаецца такой своеасаблівай графікай на шкле.

— Так, у мінулы раз на заводзе была зроблена “Партызанская архітэктура” — гэта такія надзьмутыя бутэлькі з выпуклымі бурбалкамі. Чаму менавіта партызанская? У Еўропе існуе цікавая тэндэнцыя ў архітэктуры, калі ўладальнікі дамоў прыдумляюць дадатковыя балконы, прыбудоўваюць да сваіх кватэр мосцікі на суседняе дрэва і робяць там гняздо, ці маленькі домік. Ствараюць такія вось вельмі дзіўныя рэчы.

— Непасрэдна працы на шклозаводзе папярэднічаў і не менш складаны перыяд асэнсавання, абдумвання ідэі?

— У мастацтве — галоўная метафара. Калі ты выношваеш сваю ідэю, вядома, улічваеш уласцівасці матэрыялу, з якім працуеш сам, і з якім ён будзе ўзаемадзейнічаць. Дыялог матэрыялаў для мяне павінны будавацца на кантрасце. На выставе ёсць серыя работ “Забароненае жаданне”, для ўвасаблення метафары ў шкляныя бурбалкі я змясціла камяні. Гэты прыём ішоў ад майго разумення каменя як жывога арганізма, блізкага будысцкай канцэпцыі адухоўленасці свету. Мне здаецца, што ў каменя ёсць душа, я іх збіраю, прывожу адусюль, дзе бываю, — у маёй калекцыі камяні з трох акіянаў і пяці мораў. Апошні прывезла з Ужгарада, берага ракі Уж. Кожны па-рознаму сябе паводзіць у шкле: адны камяні трэскаюцца, іншыя прымаюць гарачыню шкла і зліваюцца з ім арганічна.

— У творах на выставе адкуль камяні?

— Там ёсць чорны камень з белымі крапінкамі, які называецца “карадаг”, з яго, дарэчы, яшчэ робяць прыгожыя пярсцёнкі. Некалькі камянёў з Чорнага мора. Гэты праект я б з задавальненнем паўтарыла, бо толькі пачала яго распрацоўваць, таму нешта атрымалася, а нешта — не. У экспазіцыі ў музеі тое, што паспела зрабіць — сем празрыстых пасудзін, унутры якіх камяні.

Паветра і шкло

— На выставе я захацела паказаць і сваю незаслужана забытую канцэптуальную работу 1980-х гадоў, якая называецца “Уздых”. Каб яе зрабіць, трэба ўдыхнуць і выдыхнуць. Таму яна выглядае як бурбалка, злоўленая на далонь, і мае адбіты край — гэта такі пупочак, як у жывым арганізме. Упершыню я выставіла свой “Уздых” на міжнароднай мастацкай радзе ў Эстоніі. Работа выклікала шмат абмеркаванняў: з аднаго боку, гэта яскравая метафара, а з другога — не ўсе майстры мінулага пакалення гатовыя былі прымаць такое лёгкае выказванне. Яны казалі: “Хто так працуе са шклом? Дзе тут кроў, пот і слёзы? Дзе пескаструменка? Трэба і гэтае дарабіць, і тое”. Але ў той час я ўспрымала сваю работу як акцыю, перформанс. Мінула шмат гадоў, а ідэя жыве — далонь можа быць рукой Бога, а бурбалка — жыццём. Гэтую работу я хачу падарыць музею.

 — Я зараз узгадала некалькі вашых праектаў, якія тым ці іншым чынам звязаны з дыханнем, і, у першую чаргу, графічную серыю “Дзённік дыхання”. І ўсе яны толькі дапаўняюць адзін аднаго.

— Ведаеце, я нарадзілася пад знакам Блізнятаў. Думаю, што момант нараджэння вельмі важны, бо чалавек як мікракосмас звязаны з Сусветам. А для Блізнятаў самае галоўнае — гэта паветра. Я адчуваю сваю прыроду, таму і мае праекты — гэта мая стыхія, а не прыдуманы ход.

Мы працуем з метафарамі, і чым яна больш ёмістая ў сваёй сувязі з матэрыялам, тым больш у яе варыянтаў прачытання, і больш людзей могуць убачыць у ёй нешта сваё. Мне блізкая не толькі псіхалогія, яшчэ філасофія, ізатэрыка, гэта так цікава — перапрацоўваць веды, а потым адлюстроўваць ва ўласным выказванні.

— Пасланне, якое ўтрымлівае ваша серыя шкляных карцін, таксама напоўнена ветрам, а яшчэ зыбкім пяском.

— Гэты праект узнік спантанна. У кафэ музея, дзе я яго дэманструю, звычайна вывешваюць жывапіс і графіку. І мне прыйшла думка, чаму б не зрабіць карціны са шкла. Я пачала эксперыментаваць з рознымі матэрыяламі, і ўсё не атрымлівалася, пакуль не узгадала пра пясок. Дарэчы, з пяску, а яшчэ соды і мелу складаецца і само шкло, у сплаве пры тэмпературы 1500 градусаў яны даюць празрыстасць. Пясок таксама не адразу даваўся, пакуль не знайшоўся прыём — я расчэсвала яго грэбнем, звяртаючыся да асацыятыўнага шэрагу пясчаных дзюнаў і японскіх садоў. На мове фармальнай кампазіцыі гэта рытмы, а ў жыцці тыя вібрацыі, якія мы адчуваем паўсюль, гэта ўдых і выдых, адлівы і прылівы, змена пораў года — такі сусветны сардэчны рытм, я яго яшчэ называю “біццё сэрца планеты”. У гэтай серыі ёсць дзве працы, прысвечаныя кітайскай “Кнізе перамен”. Каб прадказаць будучыню на пяску палачкай ці пальцам людзі малявалі палоскі, кожны варыянт мае сваё тлумачэнне. Падчас працы над праектам я рабіла гэта спантанна, але потым пацікавілася, што ж азначаюць мае малюнкі: адзін быў шчасце, а другі — удача. Вось так з’явіўся ў творчасці пясок. І сёння, калі ў майстэрні я прычэсвала гэты пясок, сыпала яго на шкляную паверхню, змахвала пэндзлікам і зноў сыпала, то адчула, што ўжо знаходжуся ў нейкім паралельным вымярэнні, нават адчула сваю ўнутраную прыроду. У гэтым ёсць пэўная форма постшаманізму — трапятанне перад флорай і фаўнай зямлі, разуменне мовы прыроды і камунікацыя з ёй, прадчуванне таго, што прырода хоча табе сказаць.

Іна Наркевіч, арт-журналіст

Фота Наталлі Овад і Сергея Ждановіча