Калі і хварэць, дык толькі музыкай

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы святкуе сваё 80-годдзе. Прысвечаны гэтай падзеі гала-канцэрт адбыўся акурат учора. Яго дэвізам былі абраны словы аўстрыйскага кампазітара-класіка Густава Малера: “Традыцыя — гэта перадача агню”. Напярэдадні мы пагутарылі з галоўным дырыжорам славутага калектыву Вольгай ЯНУМ.

/i/content/pi/cult/787/16981/010.JPG— Вольга Яўгенаўна, як складалася канцэпцыя юбілейнага канцэрта капэлы? Часам у такіх выпадках робяць звыклую “справаздачу”, а ў вас — нават у рэтраспекцыю закладзены погляд у будучыню.

— Хацелася, каб гэта быў не проста “агляд зробленага”, а нейкая нязвыклая форма, якая, да ўсяго, акрэсліла б узяты капэлай курс на тэатралізацыю. Дый ці можна абыйсціся без прэм’ер, а тым больш — беларускіх кампазітараў? Гісторыя капэлы сыходзіць каранямі ў даваенную Заходнюю Беларусь, у тагачасную дзейнасць Рыгора Шырмы, намаганні якога былі скіраваны на захаванне нацыянальнай спадчыны. Таму першае аддзяленне — гэта пераважна беларускі фальклор и яго стылізацыя: там і колішнія апрацоўкі, і найноўшыя, а таксама аўтарскія кампазіцыі, набліжаныя да народнай песеннасці. Мы звяртаемся да творчасці заснавальніка нашага калектыву Рыгора Шырмы, а таксама Анатоля Багатырова, Андрэя Мдзівані, Аляксандра Рашчынскага. Для нас пішуць маладыя, але ўжо знаныя Вольга Падгайская, Канстанцін Яськоў, Андрэй Саўрыцкі. Спецыяльна да гэтай вечарыны падрыхтавала сваю кампазіцыю Настасся Бяндэрская — нядаўняя выпускніца нашай Акадэміі музыкі, якая цяпер выкладае ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры гэтай ВНУ, а таксама спявае ў Камерным хоры Salutaris. Завяршэнне першага аддзялення песняй “Люблю наш край” Мікалая Равенскага на верш Канстанцыі Буйло — бы сувязь часоў, бо гэта кампазіцыя мае дачыненне і да нашага гістарычнага мінулага, і да сучаснасці, калі былі адноўлены імёны яе стваральнікаў.

— Другое аддзяленне, пэўна, задумвалася як паказ разнастайнай стылёвай палітры, да якой звяртаецца калектыў?

— Так, штосьці накшталт: мы можам усё. Таму першую частку склала духоўная музыка розных канфесій, уключаючы Stabat Mater Канстанціна Яськова. А другую — сучасныя творы розных жанраў і кірункаў. У кожным нумары — свая разыначка. Да “Калыханкі салдацкай маці” вельмі запатрабаванага ў свеце латвійскага кампазітара Эрыка Эшэнвалдса быў зроблены беларускамоўны пераклад. Звярнуліся мы і да сцэны з амерыканскага мюзікла “Аклахома” Рычарда Роджэрса.

/i/content/pi/cult/787/16981/011.JPG— Для вас заўсёды быў важны візуальны складнік выканання — тыя ж сцэнічныя строі.

— Таму да юбілейнай вечарыны былі пашыты новыя — стылізаваныя ў народным духу. Капэла шмат гастралюе, і хочацца, каб наш калектыў адразу асацыяваўся з Беларуссю.

— Для яшчэ большых візуальных эфектаў, тэатралізацыі сваіх выступленняў, ператварэння іх у своеасаблівыя сцэнічныя дзействы і нават спектаклі вы супрацоўнічаеце з рэжысёрам Аленай Медзяковай, Тэатрам танца “Альтана” на чале з Ганнай Корзік, дадаеце сцэнічнае святло, відэа. Гэта таму, што сёння без прывабнай “карцінкі” — ну зусім ужо ніяк?

— Справа не толькі ў стварэнні, як вы сказалі, “карцінкі”. Візуальнае ўспрыняцце — гэта ж не проста нейкі дадатак, яно таксама працуе і на тэатралізацыю, і на скразное дзеянне. Па гэтым шляху сёння рушыць увесь свет. І галоўная задача пры гэтым — не стварыць нейкае шоу дзеля шоу, а адрадзіць цікавасць да харавых спеваў, зламаць стэрэатыпы.

Са словам “хор” у многіх узнікаюць такія ўяўленні: маўляў, стаяць людзі гэткім шчыльным “плотам”, трымаюць ноты ў руках — і штосьці там спяваюць. Ці спяваюць напамяць, але ўсё роўна — стаяць нерухома “на абароне акадэмічнасці”.

— І спяваюць пры гэтым савецкія масавыя песні, на якіх вучылася не адно пакаленне школьнікаў.

— Але ў сучаснай музыцы многае змянілася! З’явіліся новыя спеўныя прыёмы, часта выкарыстоўваецца гукаперайманне, артысты хору актыўна рухаюцца, нават танчаць. І ўвогуле хор — гэта зусім не сумна. Класіка, магчыма, складаная для некаторых слухачоў. Але яе таксама можна і трэба аздабляць. Тая ж духоўная музыка, як паказаў вопыт, цудоўна ўспрымаецца на фоне відэашэрагу з выявамі беларускіх храмаў. Але ніякія візуальныя эфекты не спрацуюць, калі не будзе высокага спеўнага ўзроўню. Слухача трэба заваёўваць майстэрствам, выконваючы сучасныя прыёмы любой складанасці. Таму, прыйшоўшы ў капэлу, я пачала працаваць найперш над прыгажосцю гуку. Бо гэта першае, што чуе наша вуха. І калі гук недасканалы, усё астатняе папросту не мае значэння.

— Вам дапамагае ў гэтым ваша вакальная адукацыя? Вы ж скончылі Акадэмію музыкі двойчы: і як хормайстар, уключаючы магістратуру, і па спецыяльнасці “сольныя спевы”.

— Я вельмі ўдзячна ўсім сваім выкладчыкам. Часта згадваю Людмілу Яфімаву, якая кіравала капэлай да сваёй смерці. Бо менавіта яна паспрыяла выбару маёй прафесіі. Калі я паступала ў музычнае вучылішча, дык збіралася на вакальнае аддзяленне, а Людміла Барысаўна пераканала мяне абраць харавое. У Акадэміі музыкі вучылася ў Ларысы Шымановіч (дарэчы, яна дзевяць гадоў таксама была хормайстрам капэлы імя Шырмы, так што я магу лічыцца пераемніцай іх абедзвюх). Але ўвесь гэты час я адчувала, што мне самой спяваць неяк нязручна, штосьці перашкаджае рабіць гэта лепей. Таму паступіла на сольныя спевы да былой опернай салісткі, заслужанай артысткі Беларусі Надзеі Губскай. Праз гэтыя заняткі я стала разумець, як нараджаецца гук і як дасягнуць яго пэўных якасцяў пры спевах. Гэта вельмі дапамагае ў маёй рабоце з хорам. Бо я ведаю тэхналогію, і замест таго, каб сказаць: “Спявайце прыгожа”, магу паказаць, што і як канкрэтна трэба для гэтага зрабіць. Вакал — гэта штосьці накшталт своеасаблівага “наркотыка”: калі пачынае штосьці атрымлівацца, наступае эйфарыя і такое задавальненне, што дзеля новага такога ж пачуцця можна горы звярнуць. Чалавек у поўнай меры трапляе ў залежнасць — ад свайго ўласнага голасу.

— Але ж нейкія дадатковыя патрабаванні звычайна не надта радуюць працоўны калектыў. Тым больш, калі па ўзросце кіраўнік значна маладзейшы за многіх.

— Некаторае супрацьстаянне, можа, і сыходзіла ад кагосьці з артыстаў. Але я прытрымліваюся слоў Мініна, які ў юнацтве быў для мяне эталонам: не трэба, каб цябе прымалі ўсе сто адсоткаў, галоўнае — захапіць і пераканаць.

— Якія на сёння задачы вы ставіце? Што на цяперашнім этапе для капэлы ў прыярытэце?

— Быў узяты курс на беларускую музыку, актывізацыю работы з айчыннымі кампазітарамі. Бо апошнім часам для нашай капэлы амаль нічога не пісалася. Калі я працавала з хорам радыё, кампазітары самі неслі туды ноты, але не заўсёды гэта былі лепшыя творы еўрапейскага ўзроўню. Здаецца, для дзіцячых, жаночых хароў пішацца больш, чым для такіх магутных змешаных калектываў, як наш.

— Можа, ёсць рацыя арганізаваць харавы конкурс? Сумесна з Беларускім саюзам кампазітараў і з разлікам менавіта на ваш калектыў — тым больш, што падобныя прыклады з іншымі творчымі складамі і салістамі ўжо былі. Ці замаўляць творы тым аўтарам, з якімі вы хацелі б супрацоўнічаць.

— Мы так і робім. А яшчэ імкнемся паказваць лепшыя заходнія творы, каб і публіка і кампазітары бачылі сусветныя тэндэнцыі, а не толькі арыентаваліся “гучна і разам”. Харавое мастацтва насамрэч вельмі глыбокае, тонкае, з неверагоднымі магчымасцямі. Наш калектыў — гэта практычна аркестр, 70 чалавек. Вельмі хачу ўключыць у рэпертуар твор Тома Таліса — англійскага кампазітара эпохі Рэнесансу — для 40 галасоў, дзе ў кожнага — свая асобная партыя.

— Вы неяк плаўна перайшлі да планаў на будучыню. Можа, працягнеце?

— Мара — зрабіць на базе нашага хору фестываль Арва Пярта, падключыць для гэтага Пасольства Эстоніі ў Беларусі. У канцы красавіка запросім знакамітага расійскага дырыжора Уладзіміра Мініна, каб на базе капэлы правесці майстар-класы з запрашэннем студэнтаў Акадэміі музыкі. Яму 91 год, але ён з радасцю пагадзіўся. Да гэтай падзеі будзем рабіць новую праграму — з твораў Рахманінава і Свірыдава, бо Мінін прызнаны адным з іх лепшых інтэрпрэтатараў. У маі — выступленне на ўрачыстасцях з нагоды 550-годдзя атрымання цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Жыровіцкага манастыра. Ужо некалькі гадоў запар наша капэла ўдзельнічае ў оперных пастаноўках Цірольскага фестывалю. А сёлета, акрамя ўдзелу ў спектаклях, там адбудзецца яшчэ сольнік нашага калектыву — a capella. Дарэчы, там прагучыць і беларуская музыка. Увогуле, хацелася б зрабіць вялікі гастрольны тур па Беларусі, каб як мага больш людзей зразумелі, што хор — гэта выдатна! Ну а бліжэйшая падзея — выкананне ў філармоніі “Страсцей па Мацвею” Баха ў рамках Тыдня Германіі ў Беларусі.

— Як усё паспяваеце? Бо вы ж не толькі капэлай кіруеце, а яшчэ і Камерным хорам Salutaris, выкладаеце ў Акадэміі музыкі, больш за 20 гадоў з’яўляецеся рэгентам Святочнага хору Храма ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. І пры ўсім маеце трох сыноў.

— Старэйшы Арцём спявае ў Дзяржаўным камерным хоры Беларусі, Фёдар жыве ў Пецярбургу, а малодшаму Васю — усяго пяць гадоў. Таксама просіцца ў музычную школу. Але вы памыляецеся: я нічога не паспяваю! Не магу нават захварэць, бо хор таксама трэба песціць. Гэтыя два гады, як я ўзначаліся капэлу, былі аддадзены карпатлівай хормайстарскай працы, каб не проста прывіць патрэбныя навыкі, а давесці іх да аўтаматызму, інтуітыўнага выканання. Мала трапляць у ноты, нават і прыгожым гукам. Патрабуецца асэнсаванае інтанаванне, напоўненае энергетыкай. Над гэтым і працуем!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"