Ментальны аўтапартрэт у атачэнні загадкавага

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Вяртанне думкамі у маладосць — рызыкоўнае падарожжа. Чакаеш зноў адчуць станоўчыя эмоцыі, зноў перажыць шчаслівыя імгненні, а высветляецца, што і ты іншы, і свет змяніўся. Жыццёвы досвед змяніў ракурс бачання, і многае з таго, што было калісьці ў тваіх вачах надзвычай каштоўным, сёння ўвогуле не стасуецца з тваімі густамі, не ўпісваецца ў прыярытэтны шэраг. І формула прыгажосці ў цябе сёння іншая. З такімі развагамі я выправіўся на выставу памяці Мікалая Селешчука.

/i/content/pi/cult/787/16980/07.JPGВыстава, якая напачатку тыдня адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі, мае немудрагелістую назву “Успаміны”. Акрамя жывапісных і графічных твораў мастака на ёй прадстаўлены фотаздымкі, з якіх відаць, што не заўжды Мікалай быў заканадаўцам моды ў сваім сегменце мастацтва, “іконай стылю” для сяброў ды, бадай, і для ўсіх, хто з ім хоць эпізадычна сутыкаўся. Было ў яго вясковае дзяцінства, служба ў Савецкай Арміі, першыя крокі ў мастацтва. Пачынаў, як многія, зыходна нічым асаблівым не вылучаўся, а стаў адзіным, унікальным, загадкавым…

Так, загадкавым. Бо цяжка зразумець, чаму сёння, калі публіка “разбэшчана” прапановамі на які заўгодна густ, калі ў параўнанні з тым часам, у які жыў і працаваў Селяшчук, мастакі значна разбагацелі на інструментарый, праз Сеціва маюць лёгкі доступ да інфармацыі любога кшталту, без праблем вандруюць па свеце і нават забылі слова “цэнзура”, творчасць Мікалая для інтэлектуалаў застаецца ўвасабленнем свабоды, узорам канцэптуальнай цэласнасці і падкрэсленай самасці. Апошні чыннік надзвычай важны ва ўмовах паўзучага глабалізму.

Мастак пайшоў з жыцця ў 1996 годзе. Цяжка сказаць, якім быў ён сёння, якія б меў прыярытэты, на якую публіку арыентаваўся б. Можа занурыўся б у беспрадметнае мастацтва, а мо як Эндрю Уайес засяродзіўся б на свядома абмежаванай прасторы ўспамінаў і шчыльным коле дарагой сэрцу рэчаіснасці.

На выставе я не адчуў роспачы, падобнай да той, якуя маеш, гартаючы сямейны альбом з фатаграфіямі людзей, якіх ужо няма. Я зноў парадаваўся за творцу, які на тле суму і тугі, што лічыліся ці ні галоўнымі і адвечнымі адзнакамі беларускасці, скарыстаў свой талент на тое, каб быць шчаслівым і распавесці іншым, што жыццё — ужо само па сабе падарунак.

Паколькі станаўленне Селешчука як творцы прыпадае на маю маладосць, я бачу ў ягоных карцінах і графічных аркушах шмат таго, што адышло ў нябыт альбо з тае пары вонкава амаль непазнавальна змянілася. Але пры вонкавых зменах матэрыяльнага асяроддзя ментальная сфера трансфармацыі амаль не паддаецца. Таму і сёння мы маем патрэбу ў творцах, якія маючы ўнутраны суверэнітэт, пашыраюць прастору свабоды для грамады.

/i/content/pi/cult/787/16980/08.JPG

/i/content/pi/cult/787/16980/09.JPGНа гэтай выставе ёсць і мая любімая карціна селешчуковага аўтарства - “Канец сезона туманоў”. Жанчына, чый тып прыгажосці я назваў урбаністыстым, на тле някідкага краявіду, пазбаўленага цывілізацыйных адзнак ды ўвогуле якой-небудзь выразнай адметнасці. Але менавіта гэтыя нявызначанасць, неакрэсленасць прыцягвае вока, прымушае прыглядацца, шукаць за спінай жанчыны штосьці схаванае ў тумане. Незразумела, што тая гараджанка, дзіця асфальту, робіць у гэтай пустэльні.

Дарэчы, нагадаю, што “У канцы сезона туманоў” — гэта кніга паўднёва-афрыканскага пісьменніка Алекса Ла Гумы. Да беларускіх рэалій — ніякага дачынення… Мне чамусьці думаецца, што згаданая карціна — ментальны аўтапартрэт самога Мікалая Селешчука. Калісьці ён сам з краю дрыгвы і туманоў прыйшоў у сталіцу, у вялікі свет. З намерам заняць у новай прасторы годнае месца. Але “сезон туманоў” доўжыўся ў ягонай душы, бадай, да скону. Як наканаванне, якому ён супрацьпаставіў яркую палітру — у жыцці і творчасці. Зрэшты, звычайная чалавечая гісторыя. Адно, што расказаная мастаком.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"